Камета

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Камета Хейла-Бопа

Каме́та (ад па-старажытнагрэчаску: κομήτης) — нябеснае цела, якое ўдалечыні ад Сонца мае выгляд абкружанай туманнай абалонкай яркай светлай плямы з вузкай паласой святла ў форме хваста.

За гісторыю чалавецтва ўжо назіралася каля 3500 камет. Зарэгістраваны ў каталогах каля 1000 такіх аб’ектаў і вызначаны элементы іх арбіт. Амаль усе каметы рухаюцца па выцягнутых арбітах з вялікім эксцэнтрысітэтам, блізкім да адзінкі. Каметы падзяляюцца на кароткаперыядычныя (з перыядам абарачэння меншым за 200 гадоў) і доўгаперыядычныя.

Гісторыя даследаванняў[правіць | правіць зыходнік]

Першае пісьмовае ўзгадванне камет датуецца 2296 годам да н.э. Рух каметы назіраўся кітайскімі астраномамі. Па тагачасным у'яўленні кітайцаў, неба ўяўляла сабой вялізную імперыю, у якой каметы выконвалі ролю ганцоў.

Доўгі час людзі лічылі каметы веснікамі войн, мора, катастроф. З каметамі была звязана вялікая колькасць міфаў. Напрыклад, старажытныя грэкі ўяўлялі камету галавой з распушчанымі валасамі — адсюль паходзіць і назва, што ў перакладзе з грэцкай мовы значыць «валасаты».

Першым патлумачыць з'яву паспрабаваў Арыстоцель. Ён сцвярджаў, што каметы — гэта ўспламяняючыеся атмасферныя выпарэнні. Гэтая думка панавала даволі доўгі час, і з-за аўтарытэта Арыстоцеля іншыя версіі амаль не ўспрымаліся сур'езна. Абвергнуць пазіцыю Арыстоцеля атрымалася толькі ў XVI стагоддзі. У гэты перыяд моцна ўзрасла цікавасць да камет. Так нямецкі астраном Пётр Апіян заўважыў, што хвост каметы накіраваны заўжды ў супрацьлеглы бок ад Сонца.

Першую перыядычную камету выявіў англійскі астраном Эдмунд Галей. У канцы XVII — пачатку XVIII cт. ён прааналізаваў звесткі пра каметы, якія назіраліся ў 1531, 1607 і 1682 гг., і прыйшоў да высновы, што гэта адная і тая ж камета, якая з'яўляецца з перыядычнасццю каля 75,5 гадоў. У 1758 годзе, як і прадказваў навуковец, на небасхіле назіралася камета, якая атрымала назву Галея.

Будова[правіць | правіць зыходнік]

У будове каметы вылучаюцца наступныя састаўныя элементы: ядро, галава і хвост.

Ядро каметы — гэта невялікае цвёрдае ледзяное цела, якое ўключае тугаплаўкія часцінкі і арганічныя злучэнні. Да 80 % ядра каметы складаецца з вадзянога лёду, а таксама замерзлага вуглякіслага газу, чаднага газу, метану, аміяку і ўкрапаных у лёд металічных часцінак. Ёсць у каметных ільдах і больш складаныя рэчывы, аж да амінакіслот.

Пры набліжэнні да Сонца, на адлегласць некалькіх астранамічных адзінак, у каметы ўтвараецца галава. Яна ўтвараецца ў выніку нагрэву ядра, выпарэння і выдзялення з яго паверхні газаў і пылу. Бачныя папярочнікі галоў камет з набліжэннем да Сонца дасягаюць памераў 104—106 км.

Пад дзеяннем ціску сонечнага выпраменьвання на газы, якія акружаюць галаву каметы, утвараецца хвост. Хвасты яркіх камет цягнуцца на сотні мільёнаў кіламетраў. Напрыклад, хвост каметы Хіякутакі назіраўся расцягнутым на 300 млн км. Канцэнтрацыя часцінак у хвастах камет вельмі нізкая, яе можна параўнаць з міжпланетным асяроддзем.

У залежнасці ад сваёй формы каметныя хвасты падзяляюцца на некалькі тыпаў:

  • Хвост утвараецца пры паскарэнні сонечным ветрам каметных іонаў і накіраваны ў бок, процілеглы Сонцу.
  • Хвост крыху выгнуты, складаецца з пылінак, якія маюць памеры ад доляў да дзясяткаў мікраметраў.
  • Хвост складаецца з яшчэ больш буйнога пылу, моцна выгнуты пад уздзеяннем магнітнага поля.
  • «Антыхвост» — выкід з галавы каметы накіраваны прама да Сонца.

Тэорыі паходжання[правіць | правіць зыходнік]

Тэорыя Лапласа[правіць | правіць зыходнік]

У 1796 годзе французскі навуковец Лаплас у сваёй кнізе напісаў, што лічыць каметы абрыўкамі міжзорных туманнасцей. Гэта была першая навуковая гіпотэза паходжання камет. Яна была абвергнута з-за неадпаведнасці складу, але некаторыя моманты ў ёй застаюцца цікавымі, у прыватнасці міжзорнае паходжанне, якое тлумачыць блізкія да парабалы арбіты доўгаперыядычных камет. Кароткаперыядычныя каметы Лаплас лічыў выхапленымі ў свой час Юпітэрам і за кошт гравітацыі пераведзеныя на кароткія арбіты.

Воблака Оарта[правіць | правіць зыходнік]

У 50-я годы XX ст. галандскім астраномам Оартам была прапанавана ідэя існавання каметнага воблака на адлегласці 150 000 а. а., якое ўтварылася за кошт выбуха планеты Фаэтон, якая знаходзілася паміж арбітамі Марса і Юпітэра. Час ад часу з-за знешняга ўздзеяння асобныя каметы з яго пачынаюць рухацца ў кірунку Сонца.

Гравітацыйная кандэнсацыя[правіць | правіць зыходнік]

Зараз самай распаўсюджанай тэорыяй паходжання камет з'яўляецца тэорыя агульнага паходжання ўсіх аб'ектаў сонечнай сістэмы з аднаго газа-пылавага воблака.

Вывучэнне ў Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Нараджэнцам Вiцебшчыны быў ксёндз-езуiт Ян Багамолец (1724-95). Ступень магiстра фiласофii ён атрымаў у Вiльнi, далей вывучаў астраномiю ў Празе. Пасля выкладаў у Варшаўскiм калегiуме. Назiраў камету 1769 г. i па вынiках назiранняў апублiкаваў працу, у якой акрамя астранамiчных дадзеных пра камету выклаў i астралагiчнае тлумачэнне яе з'яўлення

У ХХІ ст. назіранні за каметамі ў Беларусі займаецца Віцебская аматарская астранамічная абсерваторыя (напр. C/1996 B2 (Хякутакэ)).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Астраномія: падруч. для 11-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / І. В. Галуза, У. А. Голубеў, А. А. Шымбалёў; пер. з рус. мовы Т. К. Слауты. — Мінск : Адукацыя і выхаванне, 2015. — 224 с. : іл. ISBN 978-985-471-765-4

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]