Касцёл Святога Юрыя (Варняны)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Славутасць
Касцёл Святога Юрыя
St. George's Catholic Church in Varniany.jpg
54°43′38″ пн. ш. 26°00′32″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Месцазнаходжанне
Канфесія каталіцтва
Епархія Гродзенская дыяцэзія

Касцёл Святога Юрыя — каталіцкі храм у в. Варняны Астравецкага раёна. Помнік манументальнай архітэктуры позняга барока і ракако

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

3 касцёлам звязана першае ўпамінанне мястэчка Варняны, калі ўладальніца маёнтка Марына Сангайлава ў 1462 годзе ахвяравала грошы на будаўніцтва драўлянага касцёла Божага Цела і плябаніі. У XVI ст. ўладальнік Варнян ваявода мінскі і смаленскі Ян Абрамовіч забраў храм пад кальвінскі збор. Наступны ўладальнік вёскі староста старадубскі Самуэль Абрамрвіч, які перайшоў у каталіцтва, у 1654 кальвінскі збор закрыў. 3 1743 да 1842 пры касцёле служылі манахі-рахіты.

Новы касцёл пабудаваны ў 1767—69 па фундацыі ўладальніцы мястэчка Марыі Абрамовіч з цэглы на месцы ранейшага храма паводле праекта архітэктара А. Касакоўскага, кансекраваны біскупам віленскім Т. Зянковічам. Касцёл дабудоўваўся ў 1880 і 1909. Да пачатку 1980-х быў у запусценні. Рэстаўрыраваны і перададзены вернікам, асвячоны 11.3.1990.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Як архітэктурная дамінанта касцёл завяршаў рэгулярны горадабудаўнічы ансамбль, арганізаваны вакол выцягнутай прамавугольнай плошчы. Дом аптэкара і плябанія (1770) утвараюць перад касцёлам раскрыты на плошчу курданёр. Першапачаткова храм і пастаўленыя да яго вуглом бакавыя 2-павярховыя плябаніі акаймоўвала аздобленая скульптурнымі кампазіцыямі мураваная агароджа з брамай. Насупраць храма, на заходнім баку плошчы, быў палацава-паркавы комплекс Абрамовічаў, ад якога захаваўся парк і павільён-вежа (палац згарэў напярэдадні 1-й сусветнай вайны). Паўднёвы і паўночны бакі плошчы фарміравалі 2 рады жылой забудовы, у якую ўваходзілі карчма і гандлёвыя рады.

Дынамічная вертыкальная кампазіцыя ствараецца выцягнутымі прапорцыямі 2 вежаў з фігурнымі ківорыямі, 2-ярусным шчытом паміж імі і высокімі арачнымі праёмамі і нішамі. Бакавыя фасады стрымана аздоблены падвойнымі пілястрамі ў прасценках арачных аконных праёмаў. Гарызантальная расшыўка цокальнай часткі падкрэслівае вертыкальны рух увагнута-пукатай фасаднай плоскасці. Яруснасць падкрэслена развітымі тонкапрафіляванымі і крапаванымі карнізнымі паясамі, архітэктурную пластыку ствараюць прафіляваныя цягі, ліштвы, вязкі пілястраў, раскрапоўкі, фігурныя завяршэнні вежаў і франтона.

Шмат'ярусныя чацверыковыя вежы маюць увагнутую паверхню прасценкаў паміж звязкамі вуглавых пілястраў, што стварае тонкую нюансіроўку падаючых і слізгаючых ценяў. Імклівасць вертыкальных ліній супакойвае мяккі малюнак цякучых абрысаў. Неф святыні падзелены сістэмай пілястраў і спараных падпружных арак на дзве часткі, перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. Амаль роўная з нефам па даўжыні прамавугольная апсіда прэсбітэрыя мае аналагічнае скляпенне, але больш інтэнсіўны рытм падпружных арак. Па баках прэсбітэрыя размешчаны нізкія сіметрычныя аб'ёмы сакрыстый. Над нартэксам укампанаваны арганныя хоры з пластычным хвалістым абрысам агароджы. Алтары храма ўпрыгожвалі абразы мастака С. Чаховіча і яго вучняў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
  • Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]