Копыскі замак

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Копыскі замак існаваў у XIV — XVIII ст. у г.п. Копысь Аршанскага раёна. З'яўляіўся ваенна-адміністрацыйным цэнтрам старажытнага горада.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Замак размяшчаўся на ўзвышаным левым беразе Дняпра, на месцы першапачатковага мысавага гарадзішча летапіснай Копысі. Гарадзішча круглаватае ў плане (каля 0,5 га) мела ўваход з усходняга боку.

У ходзе археалагічных даследаванняў зафіксаваны 2 будаўнічыя этапы. Першапачатковы вал быў насыпаны з дробнага пяску з гумусаванымі праслойкамі, што сведчыць пра існаванне раней неўмацаванага паселішча. Старажытны вал вышынёй каля 5 м узведзены ў 2-й пал. ХІ — пач. ХІІ ст. Пазней яго расшырылі і падсыпалі ўверх яшчэ на 2 м. У выніку ваенна-будаўнічых работ структура ўмацаванняў гарадзішча значна змянілася. Перыметр вала склаў 370 м, памеры ўнутранай пляцоўкі — 80 х 60 м. У XVI — XVIII ст. важную ролю ў планіровачнай структуры ўмацаванняў Копысі адыгрывалі невялікія рэкі Страшаўка і Сморкаўка, якія абгіналі замак з 2 бакоў і ўпадалі ў Дняпро. Вусце Сморкаўкі было перагароджана дамбай, а воды абедзвюх рэк, падпертыя плацінай млына, утваралі штучнае вадасховішча. Млын ахоўваў подступы да замка з поўдня, усходу і паўночнага ўсходу. Праезд у замак ішоў па запрудзе млына, якая падводзіла да пад'ёмнага моста перад замкавай брамай.

12 інвентароў Копысі за 1726-73 удакладняюць планіроўку замка і паведамляюць пра элементы яго ўмацаванняў: 4 бастыёны, драўляныя сцены (палісад), якія рэгулярна рамантаваліся. Уязная драўляная вежа-брама мелі двайныя вароты з магутнымі запорамі Яе 2-і паверх займала зала з 4 вокнамі вакол якой была зроблена кругавая галерэя верхняга бою. Памяшканне залы выкарыстоўвалася для захоўвання ручной агаястрэльнай зброі, у якасці лямуса, а таксама бажніцы, дзе спраўляли «святую імшу». Вежа была накрыта гонтам. Яе завяршаў бляшаны флюгер «ветранік» у выглядзе арла.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Копысь у сувязі з размяшчэннем на скрыжаванні важных сухапутнага і воднага шляхоў часта была ў эпіцэнтры ваенных дзеянняў. Замак і горад неаднаразова разбураліся і спальваліся. Рамонтам умацаванняў замка займалася гарадское і навакольнае насельніцтва, у т.л. і новазаснаванага мястэчка Барань. Мяшчане, сяляне, зямяне-шляхта, баяры панцырныя і путныя ў час ваеннай небяспекі павінны былі з'яўляцца для абароны Копысі, а ў мірны час адбываць у замку «старажоўшчыну». У 1597 паводле загаду князя Мікалая Радзівіла была заснавана Бараньская кульня па вытворчасці ядраў і куль для гармат і гакаўніц. Паводде распараджэння адміністратара замка. У 1598 г. 14 бараньскіх «кульнікаў» павінны былі «на кожны рок давать до замку Копыского з кожной волоки куль железных великих... до дел Копыских по 30, до гаковниц Копыских куль по копе». Гістарычныя крыніцы за 1597-99 строга вызначаюць ваенна-будаўнічую павіннасць сялян воласці — «замок Копыский... направовати». Баяры ж, што валодалі, як правіла, надзелам у 5 валок зямлі, мелі абавязкі «...подчас войны и кожной потребы Его Милости Князя на кожную потребу замку Копыского конь 1 по козацку ставити, также з листы ездити и по тыдню в замку Копыским мешкати повинны будут, стерегучи в нем меж собой чергами, водлуг описанья той повинности у инвентаре головным». Акрамя таго, яны павінны былі «работу альбо направу замку, на их приходячую, отправлять». Пра ўмовы землекарыстання і павіннасці копыскіх пушкароў можна меркаваць па прывілеі, дадзеным у 1599 пушкару Сямёну Івановічу. У час правядзення валочнай памеры «при месцы Копысим» яму выдзелілі ў в. Завеі 6 валок зямлі «водлуг порадку разданя инвентару описанного». За гэта пушкар «...верно и цнотливе Его Милости Князю пану свойму в замке Копыском служити мает повинность свою пушкарскую, будучи готовы до каждой потребы пушкарской замковой. К тому армата, якая есть и напотом будет на замку Копыском, за каждой потребой его, поровнавшися з иншими пушкарами замковыми, што на него припадет, хендожыть и направлять тое, што реместву належать будет, до которой направы той арматы врадник копыски железа мает давать. До того ж з волок своих 20 фунтов ручничного и 40 фунтов дельного и гаковничего пороху до эконома Его Милости Князя копыского отдавать мусить на каждый рок часу певного при сведках».

Паводле інвентара Копысі за 1651, у замку былі 2 брамы з «форткамі» — вялікая для ўезду з боку «места» і моцна нахіленая («опавшая») вежападобная, якая стаяла над Дняпром і патрабавала рамонту. Пэўную ролю ў абароне замка выконваў і вялікі 2-павярховы дом, «розным маляваннем помалёванный», і абведзены кругом галерэяй верхняга бою — «бланкованьем». Усе гэтыя пабудовы былі абнесены частаколам.

Да пачатку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-67 замкавыя абарончыя ўмацаванні не былі прыведзены ў належны стан. Мясцовае насельніцтва, распрапагандаванае манахамі і святарамі Куцеінскага манастыра, 13.5.1654 здало дрэнна ўмацаваны горад войску ваяводы Замятні Лявонцьева.

Барон А. Маерберг, праязджаючы ў верасні 1661 праз Копысь, адзначаў, што горад абараняўся драўляным замкам, які стаяў пасярэдзіне высокага пагорка. У 1668 пачаліся вялікія работы па рэканструкцыі замкавых ўмацаванняў і запруды млына, дзякуючы якой замкавы «капец вада наўкола аблівала». Замак умацавалі земляным валам і 4 бастыёнамі — «больверкамі» (у 1668 тры з іх былі ўжо ўзведзены, а будаўніцтва 4-га заканчвалася). Была пакінута толькі адна ўязная брама, перад якой размяшчаліся пад'ёмны мост і вадзяны млын. Істотную ролю ў абароне подступаў да замка адыгрывала вада сажалкі. Аднак вясной 1668 паводка, асабліва воды Страшаўкі, сарвала млынавы «спуст» і яго перанеслі на іншае месца. У цэнтры замкавага двара знаходзілася фудня з пад'ёмным колам і акаваным жалезам вядром. Работы па перабудове ўмацаванняў Копыскага замка працягваліся ў 1670 і 1688. На той час тут меліся 4 гарматы, 22 жалезныя гакаўніцы, 4 мушкеты, запас пораху, волава, ядраў, куль, а таксама харугва-сцяг на малінавым шоўку князя Багуслава Радзівіла.

Паводле інвентара Копысі ад 18.10.1684, замкавыя ўмацаванні былі моцна «надруйнаванымі». У арсенале замка налічваліся 3 цэлыя палявыя гарматы, 17 даўжэйшых і 5 карацейшых гакаўніц, запас ядраў, пораху, волава, кнатоў, рознай амуніцыі. У час Паўночнай вайны 1700-21 рускія войскі, якія адступалі на поўдзень, у 1707 поўнасцю спалілі Копысь, замкавыя ўмацаванні і забралі ўсю зброю з арсенала.

У 1713 сяляне Копыскай воласці не маглі справіцца з ваенна-будаўнічымі работамі ў замку, паколькі быў «галодны час і на хлеб цяжкі». Вадзяны роў вакол замка заплыў пяском, і яго з цяжкасцю ачышчалі. Сярод праведзеных рускімі войскамі ў Паўночную вайну фартыфікацыйных работ у Копысі інвентары згадваюць толькі ўзвядзенне штыкету на земляным вале. Акрамя сялян Копыскай воласці, штыкет ставілі тады і жыхары многіх іншых навакольных валасцей, якія вазілі дрэва з бліжэйшых лясоў.

Пасля 1772 умацаванні Копыскага замка больш не аднаўляліся з цягам часу зніклі.

Археалагічныя даследаванні[правіць | правіць зыходнік]

Археалагічныя даследаванні замка праводзіў у 1972 Э. Загарульскі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ткачоў М. Замкі і людзі. — Мн., 1991.
  • Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя і інш. Уклад. Габрусь Т. В. — Мн.: Полымя, 1998. — 351 с.: іл. — ISBN 985-07-0036-Х — С. 41-44.