Перайсці да зместу

Любчанскі замак

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Замак
Любчанскі замак
Вежы Любчанскага замка
Вежы Любчанскага замка
53°45′07,31″ пн. ш. 26°04′07,74″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Гарадскі пасёлак Любча
Архітэктурны стыль рэнесанс
Заснавальнік Ян Станіслававіч Кішка
Дата заснавання 1581
Дата пабудовы 1581 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000453шыфр 412Г000453
Стан аднаўляецца
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Любчанскі замак — колішні замак у гарадскім пасёлку Любча Гродзенскай вобласці Беларусі, на беразе ракі Нёман, за 150 км ад Мінска. Помнік палацава-замкавага дойлідства канца XVI — першай паловы XVII стагоддзя.

Пабудаваны ў 1581 годзе, пра што сведчыць знойдзены ў замку флюгер з выбітай датай і гербам Кішак. Ініцыятарам будаўніцтва быў магнат Ян Кішка. У 1588 годзе быў складзены першы інвентар Любчанскага замка. Да 1592 года належаў Яну Станіслававічу Кішку, затым яго брату Станіславу, а потым як пасаг дачкі апошняга Ганны перайшоў да Радзівілаў[1].

У пачатку XVII стагоддзя замак значна перабудаваны новым уладальнікам князем Крыштафам Радзівілам.

Мястэчка і замак у Любчы, XVII ст.

Так, паводле інвентара 1601 года, на замкавым двары стаялі дом вялікі на склепе высокім мураваным, клець, склеп памерамі меншы, хата сталовая з каморамі і святліцамі, дзе меліся печы кафляныя і «каморка патрэбная»[1].

Любча. Ю. Пешка, пачатак XIX ст.
Любчанскі замак з боку Нёмана, пачатак XX ст.

З XVIII стагоддзя замак страціў сваё абарончае прызначэнне. У 1864—1870 гадах на тэрыторыі замка быў пабудаваны палац, які быў часткова разбураны ў гады Першай сусветнай вайны. У 1947—1949 гадах з выкарыстаннем фундаментаў і фрагментаў сцен палаца пабудаваная сярэдняя школа. Да сярэдзіны ХХ стагоддзя ад замка захаваліся толькі дзве вежы[1].

У 1983, 1984 і 1986 гадах на тэрыторыі замка праводзіў археалагічныя даследаванні Ігар Чарняўскі[1].

Першы праект аднаўлення быў распрацаваны ў 1986 годзе ВА «Белрэстаўрацыя» пад кіраўніцтвам архітэктара Л. Баркуна. Распрацаванаму архітэктурнаму праекту і будаўнічаму праекту па Кутняй вежы (першы этап аднаўлення) папярэднічалі археалагічныя даследаванні ў 1983—1985 гадах (І. Чарняўскі), гісторыка-бібліяграфічныя даследаванні (С. Адамовіч), а таксама архітэктурна-археалагічныя абмеры і натурныя вышуканні. У выніку прапанаваны праект прадугледжваў рэстаўрацыю замка як палацава-паркавага комплексу на пачатак XX стагоддзя з некаторымі дадатковымі аднаўленчымі працамі і прыстасаваннем комплекса пад санаторый «Лідсельмаша». У праекце захаваныя падмуркі сцен паміж вежамі павінны былі быць адбудаваныя на 1 м, каб захаваць візуальную сувязь паміж палацам і паркам, і толькі каля вежаў мелі аднаўленне гіпатэтычнага выгляду на ўсю меркаваную вышыню. Брамная і Кутняя вежы ў праекце атрымалі стромкі пірамідальны дах, крыты дахоўкай. Абрамленне аконных праёмаў і гзымсаў на вежах прадугледжвала выкананне сграфіта. Таксама аднаўляліся два драўляныя масты праз замкавы роў. З боку былога фальварка планавалася збудаваць сучасны будынак сталовай. Гэты праект не быў рэалізаваны[2].

У 2003 годзе быў створаны дабрачынны фонд «Любчанскі замак», які ўзначаліў Іван Антонавіч Пячынскі. Намаганнямі прафесарска-выкладчыцкага складу і студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта была ажыццёўлена распрацоўка праектнай дакументацыі для правядзення рэстаўрацыйных работ на Любчанскім замку[1].

Наступны праект паўстаў у 2004 годзе як фрагмент рэстаўрацыі замка ў выглядзе аднаўлення завяршэння Кутняй вежы і абарончай сцяны паміж Кутняй і Брамнай вежамі. Праект распрацаваны УП «МШ прафесара В. Аладава» (навуковы кіраўнік У. Кандратаў, Л. Баркун, А. Кропатаў; архітэктары В. Аладаў (ГАП), А. Шулаеў). Гэты праект прадугледжваў выкананне кансервацыйнага (фактычна часовага) спічастага гатычнага даха, аднаўленне гзымса, сграфіта на гзымсе і ў абрамленні вокнаў, адбудову лесвічнай цагляна-фахверкавай прыбудовы ў гіпатэтычнай форме на пачатак XVII ст., а таксама на той жа час адбудову абарончай сцяны ў гіпатэтычнай форме.

Канцэпцыя 2004 года засведчыла, што выкананне поўнай рэстаўрацыі замка на XVI ст. немагчыма, і было прапанавана дапрацаваць праект 1986 года з улікам новых даследаванняў: выканаць фрагментарную рэстаўрацыю Брамнай і Кутняй вежы, флігеля і бліндажа часоў Першай сусветнай вайны; аднавіць выгляд неагатычнага палаца на пачатак ХХ ст. і падпорнай сцяны ўздоўж Нёмана; аднавіць абарончы мур, палац Радзівілаў і масты з замка ў мястэчка і фальварак; выявіць сродкамі добраўпарадкавання дзве наднёманскія вежы, жылы корпус XVI ст. і іншыя пабудовы[2].

Панарама замка

З 2011 года ТАА «Цэнтр па рэгенерацыі гісторыка-культурных ландшафтаў і тэрыторый» вялася карэкціроўка праекта 2004 г. і распрацоўка новага будаўнічага праекта рэстаўрацыі Брамнай вежы на аснове праведзеных у 2009—2010 гадах натурных даследаванняў Брамнай вежы. Але замест цэласнага будаўнічага праекта рэстаўрацыі Брамнай вежы гэтым праектам была прадугледжана толькі рэканструкцыя купальнага завяршэння. У 2012 годзе ТАА «Цэнтр па рэгенерацыі гісторыка-культурных ландшафтаў і тэрыторый» быў распрацаваны канцэптуальны праект рэстаўрацыі замка, а ў 2013 годзе ААТ «Белрэстаўрацыя» гэты праект быў перапрацаваны і ўзгоднены Міністэрствам культуры. Праектам прадугледжана адбудова ў гіпатэтычнай форме паўночнай наднёманскай вежы замка, будаўніцтва драўлянага палаца на паўночна-ўсходнім баку замка, стварэнне альтанкі, якая нагадвае ўсходнюю вежу, што не захавалася, узвядзенне шкляной устаўкі паміж Брамнай вежай і флігелем замест колішняга драўлянага перахода, а таксама карэкціроўка папярэдніх праектаў з улікам ужо выкананых дэ-факта будаўнічых і аднаўленчых прац на замку, якія не ўвайшлі ў папярэднія праекты[2].

У 2017 годзе прыватным прадпрыемствам «Проектив» быў распрацаваны архітэктурны праект рэканструкцыі замка ў Любчы ў двух варыянтах. Асноўным падыходам захавання замка вызначана матэрыялізацыя адноўленых і новых форм на ўмоўнай паверхні. У адрозненне ад праекта 2013 года ў першым варыянце капітальная адбудова ў гіпатэтычных формах прадугледжана не толькі для паўночнай, але і ўсходняй вежы і часткова для некаторых сцен замка, а ў другім варыянце паўночная і ўсходняя вежы і сцены адбудаваны ў легкіх канструкцыях па тыпу «жалюзі». У той жа час няма аднаўлення драўлянага палаца і маста на паўночна-ўсходнім баку замка[2].

У 2011 годзе ўсходні схіл замчышча раскопвала Ірына Ганецкая, была знойдзена мураваная сцяна, якая ішла ад брамнай да ўсходняй вежы, у бок мястэчка, а таксама рэшткі старога ганка, які знаходзіўся паміж замкавым флігелем і брамнай вежай. У 2012 годзе Андрэем Мяцельскім вывучаўся ўчастак прасла сцяны паміж Брамнай вежай і паўночна-заходняй. У ліпені 2014 года былі праведзены работы па выяўленні паўночна-заходняй вежы, якая стаяла на абрывістым беразе Нёмана. Акрамя падмурка вежы быў знойдзены і рэчавы матэрыял. Гэта ў асноўным кухонны посуд і пячная кафля XVII—XIX стст., керамічная дахоўка — чарапіца, зрэдку трапляецца шкляны посуд XVIII—XIX стст. Таксама плануецца адкрыць рэшткі чацвёртай — паўночна-ўсходняй вежы і рэшткі замкавай забудовы[1].

Адзін з карпусоў замка

Любчанскі замкавы комплекс размешчаны на левым беразе Нёмана на насыпаным пагорку плошчай каля 0,7 га, якое ўзвышаецца на 6—7 метраў над поймай ракі. У плане — прамавугольнік памерамі 64x87 м, чатыры вуглавыя вежы, палац (не збярогся) і крапасныя сцены таўшчынёй 1,3 м утваралі замкнёны ўнутраны двор. Тэрыторыя з трох бакоў абкружана ровам шырынёй каля 30 м і глыбінёй да 7—10 м, а з чацвёртага — ракой. Такая замкнутая прасторавая кампазіцыя была тыповай для большасці палацава-замкавых ансамбляў XVI—XVII стагоддзяў. З чатырох вежаў замка захаваліся дзве. Вежы складзены з цэглы і валуноў[3]. Па свайму стылю замак знаходзіцца на мяжы готыкі і рэнесансу.

Брамная вежа і гаспадарчы корпус да рэстаўрацыі

Галоўная паўднёва-заходняя вежа, т.зв. Брамная, у плане кубічная (прыкладна 10х10 м), прыблізна з паловы вышыні пераходзіць у васьмярык, завершаны рэнесансным купалам з ліхтаром (арх. У. В. Трацэўскі). На сцяне, арыентаванай у бок панадворку, знаходзіўся гадзіннік. Вокны 2—3-га ярусаў былі прыстасаваныя для гарматнага бою, круглыя байніцы ўверсе — для ружэйнага. Астатнія паверхі з выкарыстоўваліся як жылыя і падсобныя памяшканні. Перакрыцце першага яруса — скляпеністае, другога і трэцяга — бэлечнае[3]. У вежы знаходзіцца брама і меўся пад’ёмны драўляны мост[3]. У мінулым толькі праз яе можна было трапіць ва ўнутраны двор замка. Вежу ўпрыгожваў флюгер з гербам Радзівілаў. Па сваёй аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі гэтая вежа вельмі падобная да вежаў Мірскага, Навагрудскага і Віцебскага замкаў[4].

Адноўленая вежа

Квадратная ў плане (8,3х8,3 м) паўднёва-ўсходняя вежа пабудавана ў XVII ст., мае тры ярусы і накрытая шатровым дахам[3]. На першым паверсе мелася чатыры байніцы для стрэльбаў, на другім — чатыры гарматныя, на трэцім — 12 байніц для стрэльбаў. Цокальны паверх вежы ў 1601 годзе займала піўніца з драўлянымі дзвярыма на завесах і жалезнай кратай. Паверх, які знаходзіўся вышэй, тады выконваў ролю склепа і закрываўся абабітымі жалезам дзвярыма. Вокны былі закрытыя жалезнымі кратамі. Вежу ўпрыгожваў флюгер з гербам Радзівілаў[4]. За савецкім часам вежа была закінута і разбуралася, ад яе засталіся толькі падмуркі. У наш час адноўлена.

Выяўленыя ў 2014 годзе падчас раскопак рэшткі паўночна-заходняй вежы залягалі на глыбіні 3,85-5 м ад узроўню сучаснай паверхні і былі заглыблены ў грунт яшчэ на глыбіню 3,5 м. Памеры яе ў аснове складалі прыкладна 11,6х12,6 м. Падмурак вежы быў складзены з велізарных валуноў у два рады на вышыню каля аднаго метра. Затым узводзіліся сцены вежы шырынёй каля метра са знешняга і ўнутранага боку з цэглы-пальчаткі. Прастору паміж сценамі запаўнялі бітай цэглай, вапнай, валунамі і дробнымі камянямі. Кладка рэнесансная (трохслойная) — чаргаванне суцэльных радкоў лажкоў і тычкоў. Акрамя Любчы, яна зафіксавана, напрыклад, пры раскопках умацаванняў Віцебскага замка. Вежа паступова звужалася і набывала выгляд усечанага конуса. На вышыні 3,5 м ад асновы яе памеры былі ўжо 9,4х9,4 м. Шырыня заходняй, усходняй і паўночнай сцяны вежы была 2,2 м, а паўднёвай — 1,2 м. Унутраная прастора вежы займала плошчу каля 30 кв. м. Вежа арыентавана сценамі па баках свету. З паўднёвага боку яна спалучаецца з праслам сцяны, што ідзе да Брамнай вежы[1].

Неагатычны палац, здымак ХІХ ст.

У ХІХ ст. на тэрыторыі замка існаваў мураваны палац з рысамі неаготыкі. Палац меў сіметрычную трохчасткавую кампазіцыю, якую стваралі прамавугольныя ў плане бакавыя аднапавярховыя накрытыя двухсхільнымі дахамі крылы (галоўны двухпавярховы аб’ём з вальмавым дахам). Фасады галоўнага аб’ёма былі вылучаныя рызалітамі: паўночна-ўсходнім, які завяршаўся трохвугольным франтонам, паўднёва-заходнім і цэнтральным, які завяршаўся парапетам. У месцах раскрапоўкі і на вуглах размяшчаліся вежы, аформленыя зубцамі. Сцены тарцоў бакавых крылаў завяршалі ступеньчатыя франтоны з прамавугольнымі праёмамі. Прамавугольныя вокны палаца былі ўпрыгожаныя сандрыкамі. У галоўным аб’ёме размяшчаліся залы і жылыя пакоі, планіроўка — калідорная, у бакавых крылах — гаспадарчыя памяшканні. Інтэр’еры залаў і пакояў мелі багатую лепку, кафляныя печы. Тры лесвіцы, якія вялі з першага на другі паверх, былі ўпрыгожаныя балясінамі[3].

Іншыя пабудовы

[правіць | правіць зыходнік]

Па перыметры замкавага панадворку размяшчаліся гаспадарчыя пабудовы. Ва ўсходняй частцы крапасной сцяны была фортка, якая выходзіла на другі мост[3]. На ўчастку ад паўднёва-ўсходняй вежы і да ўязной брамы стаяў «дом на падклеце», тры «гмахі» і «дварэц», дзе жылі ўраднікі, а побач — замкавы бровар[4]. За таксама землянымі ўмацаваннямі знаходзяцца два двухпавярховыя корпусы, пабудаваныя на месцы старажытных збудаванняў у канцы XVII — першай палове XIX ст.

Зноскі