Глускі замак

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Бернардзінскі касцёл пасярод Глускага бастыённага замка, XVIII

Глускі замак — драўлянае абарончае і адміністрацыйнае збудаванне XVIXVІI ст. на беразе Пцічы, у 2-й палове XVІI ст. перабудаванае ў бастыённы замак.

Драўляны замак[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку XVI ст. князь Юрый Гальшанскі-Дубровіцкі, які сабраў у сваёй уласнасці землі Глускай воласці, пабудаваў драўляны замак. Замак стаў цэнтрам новаўтворанага мястэчка Глуск-Дубровіцкі (цяпер Глуск). Умацаванні былі закладзены на месцы гарадзішча часоў Старажытнай Русі. Сістэма абароны асноўвалася на драўляна-земляных фартыфікацыях -- вакол замак быў абведзены ровам і земляным валам, на якім стаялі сцены-гародні з бланкаваннем. Замак меў дзве драўляныя вежы, вежу-браму, а таксама невялікую фортку ў бок р. Пцічы.

Пасля смерці сына князя Юрыя -- князя Сямёна Юр'евіча, у 1558 годзе, замак да 1626 года быў падзелены паміж нашчадкамі. Урэшце, мястэчка Глуск з замкам цалкам перайшло да князя Канстанціна Аляксандравіча Палубінскага, а пасля 1646 года яго сыну князю Аляксандру Гілярыю. Падчас вайны 1654—1667 гадоў драўляны замак быў у сакавіку 1655 года спалены казакамі.

Бастыённая фартэцыя[правіць | правіць зыходнік]

Фрагмент паліхромнай кафлі з выявай герба князёў Палубінскіх з Глускага замка. XVI - XVII ст.
Паўночна-заходняя курціна фартэцыі, 2008
Рэшткі паўднёвага землянога бастыёна і археалагічныя раскопкі на яго тэрыторыі, 2008

Пасля спалення Глуска казакамі соймам Рэчы Паспалітай яму былі нададзены падатковыя льготы. У сваю чаргу Аляксандр Палубінскі пачаў узвядзенне на месцы былога драўлянага замка магутнай бастыённай фартэцыі. Паводле прывілея 1667 года на тэрыторыі фартэцыі было выдзелена месца для касцёла, кляштару і саду манахаў бернардзінцаў.

Сам бастыённы замак мог быць узведзены паміж 16701675 гадамі. Фартэцыя была збудавана ў традыцыях распаўсюджанай на той час у Рэчы Паспалітай старагаландскай школы фартыфікацыі: пяцігранны па форме ўнутраны двор акольвалі насыпаныя з пяску і гліны курціны і бастыёны. Яны ўзвышаліся на ўзровень 5—7 метраў над дваром і прыкрывалі абаронцаў ад артылерыйскага абстрэлу. З боку мястэчка ў курціне бліжэй да паўднёвага бастыёна была збудавана трохпавярховая мураваная вежа-брама, якая запіралася, акрамя варот з двух абабітых жалезам палотнішчаў, таксама каванымі герсамі і пад'ёмным мастом-узводам. Унутры замка знаходзіліся розныя гаспадарчыя і жылыя памяшканні, а таксама цэйхгаўз збудаваны ў тэхніцы «прускага муру» і комплекс мураваных касцёла і кляштару бернардзінцаў. З боку Пцічы ў фартэцыю можна было патрапіць праз двухпавярховую Водную браму.

У 1690 годзе пасля смерці дачкі Аляксандра Палубінскага Ганны Марыі Глуск і бастыённы замак пераходзяць у валоданне да яе мужа Дамініка з нясвіжскіх Радзівілаў. Яго ўнук Альбрыхт Радзівіл (17171791) адзіны з Радзівілаў абраў Глуск для сталага пражывання. У 1784 годзе ён праз суд спрабаваў аспрэчыць права манахаў-бернардзінцаў на зямлю на тэрыторыі замка.

Пасля XVIII ст. фартыфікацыя прыйшла ў заняпад.

Сучасны стан[правіць | правіць зыходнік]

У 1944 годзе на тэрыторыі замка быў узарваны бернардзінскі касцёл. Значныя пашкоджанні нанеслі будаўнічыя працы 1970-ых гадоў.

Ахоўная шыльдачка

У 1988 на Глускай фартэцыі пачаліся археалагічныя раскопкі пад кіраўніцтвам Г. Сагановіча. У гэты ж час па ініцыятыве мясцовых уладаў на яго тэрыторыі пачалося будаўніцтва спартыўнага комплексу ўключна са стадыёнам і крытым фізкультурна-аздараўленчым комплексам, што прывяло да значнага пашкоджання помніка. Пачынаючы з 1996 г. ініцыятыва ў даследаванні Глускага замка перайшла да археолага І. Ганецкай, якая планамерна займаецца вывучэннем гісторыі Глускага замка да сённяшняга часу.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Міхась Ткачоў. Глускі замак. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 407. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0, С. 303.
  • Ірына Ганецкая. Характарыстыка крыніц па вывучэнні Глускага замка. // Castrum, urbis et bellum. Баранавічы, 2002.
  • Ірына Ганецкая. Вежа-брама Глускага замка па дадзеных археалогіі і пісьмовых крыніц. // Badania archeologiczne w Polsce północno-wschodniej i na zachodniej Białorusi w latach 2000 – 2001. Materiały z konferencji, Białystok 6-7 grudnia 2001 roku. Białystok. 2002
  • Ірына Ганецкая. Глускі замак (гісторыя аднаго помніка ў асобах) // Беларускі гістарычны часопіс № 9, 2006

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]