Чачэрскі замак
Чачэрскі замак — абарончае збудаванне ў Чачэрску. Замак існаваў найпазней з 14 ст., у 18 ст. пасля вялікай перапланіроўкі яго ранейшы выгляд быў страчаны. Існуючыя звесткі пра замак паходзяць з дакументаў і вынікаў археалагічных даследаванняў.
Замак быў пабудаваны на дзядзінцы летапіснага горада 10—13 ст., на выступе карэннага берагу ракі Чачоры і спалучаўся з кальцавым абводным земляным валам (відаць, найменш 3,5 м вышыні з напольнага боку[1]).
Пляцоўка замку 14—18 ст. мела падтрыкутную форму і ўзвышалася на поймай Чачоры амаль на 14 м. Верагодна[2], што ў 16—18 ст. вышыня вала дасягала 5—6 м (магчыма, і больш) і яго шырыня ў аснове — 18—20 м, шырыня абводнага рову — 18—20 м. У сяр. 16 ст. над ровам існаваў узвод (падыманы мост)
Сцены замку былі рубленыя драўляныя, абмазаныя да верху глінай[3]. Вежы драўляныя. У 1682 іх было 8, у тым ліку вежа-брама і сасновы падвойны астрог. Гэтыя пабудовы абкружаў абарончы роў.
Павіннасці па будове і рамонце ўмацаванняў былі ўскладзеныя на жыхароў Чачэрска і воласці яшчэ з 16 ст. («Устаўная грамата» Жыгімонтам II, 1554).
Паводле попісу Чачэрска за 1765, існаваў замак з яго брамай Замкавай. Да нашага часу валы Чачэрскага замка не захаваліся. Збярогся толькі замкавы роў, які з паўднёвага усходу дугой агінае замчышча. Там, дзе раней быў мост, цяпер насыпана дамба, што злучае замчышча з горадам
Ваенная гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У замку з 16 ст. стала ўтрымваўся невялікі гарнізон (10—20 казакаў) на чале з ротмістрам, у час войнаў колькасць гарнізону павялічвалася (напр., 100 драбаў і 150 вершнікаў у 1534[4]).
Геаграфічнае становішча Чачэрска каля мяжы з Маскоўскай дзяржавай не раз прыводзіла да аблогаў замку войскамі крымскіх татараў і рускіх вялікіх князёў (1506, 1523, 1562, 1633, 1654 — двойчы, 1659). У 1649 замак быў захоплены паўсталымі сялянамі, у 1654 і 1659 — рускім войскам.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Ткачоў…
- ↑ Паводле думкі М. А. Ткачова.
- ↑ Дзеля абароны, як ад падпальвання, так і ад гніласці.
- ↑ Паводле звестак Ткачова.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- М. А. Ткачоў. Чечерск // Castrum, urbis et bellum: Зборнік навуковых прац, 2002 — 421 с.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — С. 227. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
- Чачэрскі замак // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 758. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.