Дрысенскі замак

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Макет замка на галоўнай плошчы ў Верхнядзвінску

Дрысенскі замак — абарончае збудаванне ў мястэчку Дрыса Вялікага Княства Літоўскага (цяпер у г. Верхнядзвінску Віцебскай вобласці). Знаходзіўся на мысе паміж рэкамі Заходняя Дзвіна і Дрыса.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першая згадка пра Дрысенскі замак у «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі» Мацея Стрыйкоўскага адносіцца да 1386 года (першая дакументальная згадка і аб паселішчы Дрыса ўвогуле) і звязана з падзеямі, калі полацкі князь Андрэй Альгердавіч прыйшоў у Дрысу і спаліў там замак, які належаў Ягайлу.[1].

Верагодна, замак быў адноўлены яшчэ ў 1546 годзе полацкім ваяводам Станіславам Давойнам. У 1565 годзе Дрысенскі замак быў ізноў адбудаваны па загадзе караля і вялікага князя Жыгімонта II Аўгуста з мэтай умацавання межаў Вялікага Княства Літоўскага падчас супрацьстаяння з Рускім царствам. У час абвастрэння адносін Вялікага Княства Літоўскага з Лівонскім ордэнам у 1556—1557 гадах у Дрысенскім замку стаяла наёмная рота на чале з ротмістрам Хелмскім. У 1559 годзе быў праведзены рамонт замка. Падчас Лівонскай вайны (1558—1582) рускія войскі неаднаразова, але беспаспяхова, спрабавалі ўзяць штурмам Дрысенскі замак.

Да сярэдзіны XVII стагоддзя замак страціў ваенна-стратэгічнае значэнне і прыйшоў у заняпад. У першай палове XIX стагоддзя вал Дрысенскага замка быў раскапаны, роў засыпаны, мясцовымі жыхарамі рэшткі сцен былі разабраны на будаўнічыя матэрыялы. На месцы Дрысенскага замка ў сярэдзіне XIX стагоддзя быў пабудаваны так званы «яўрэйскі дом», які здаваўся ў наём пад паштовую станцыю аж да пачатку XX стагоддзя.

Зноскі

  1. Мацей Стрыйкоўскі. Хроніка Польская, Літоўская, Жамойцкая і ўсёй Русі (1582).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Брэжго Б. Замкі Віцебшчыны. — Вільня: Друкарня Я. Левіна, 1933. — 38 с.: іл.