Геранёнскі замак

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Геранёнскі замак. Н. Орда
Рэшткі замка

Геранёнскі замак — помнік палацава-замкавай архітэктуры канца XV — XVIII ст. каля в. Геранёны ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Замак пабудаваны, верагодна, на мяжы XV—XVI ст., калі Геранёнамі валодаў канцлер ВКЛ і віленскі ваявода Ольбрахт Гаштольд. Геранёны пачынаюць звацца ў дакументах «мураванымі» (murata) не пазней за 1510 год[1]. Да 1542 года замкам валодалі Гаштольды, потым — вялікія князі літоўскія і каралі польскія Жыгімонт Стары і Жыгімонт II Аўгуст, да 1588 — розныя асобы, пазней Сапегі, з 1643 — падскарбі Мікалай Кішка. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-67 замак разбурыла рускае войска, але, верагодна, хутка ён быў адноўлены. 3 1670 замак і в. Геранёны на дзяржаўным утрыманні. У 1708 у замку з атрадам шведскага войска размяшчаўся польскі кароль Станіслаў Ляшчынскі. Пасля Паўночнай вайны 1700-21 замак прыйшоў у заняпад.

У пачатку ХІХ ст. у Геранёнскім замку ўжо не жылі, у сярэдзіне стагоддзя значную частку руін разабралі на ўзвядзенне ў в. Ліпнішкі розных гаспадарчых будынкаў. Напалеон Орда замаляваў у сярэдзіне XIX ст. толькі руіны замка вышынёй да 1-га паверху.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Замак размяшчаўся на штучнай выспе, насыпанай з зямлі, выкінутай з рова, які абкружаў замчышча. Перад ровам быў земляны вал вышынёй 9-10 м, шырынёй каля 15 м і даўжынёй па перыметры больш за 700 м. Вал у плане нагадваў выцягнуты прамавугольнік з закругленымі вугламі. Абарона замка не была разлічана на прыродныя перашкоды і не мела штучнага абваднення. Толькі знешні абарончы роў на асобных участках мог напаўняцца вадой у час веснавога таяння снегу або ўвосень, калі ішлі дажджы. Характар першапачатковых навальных канструкцый Геранёнскага замка не высветлены, але, відаць, гэта былі звычайныя драўляныя сцены. Замак меў выгляд квадрата (27x27 м), на кожным вугле якога стаялі мураваныя цыліндрычныя вежы (дыяметр 8 м).

Даследаванне (1972, М. Ткачоў) уцалелых рэшткаў сцен і вежаў паказала, што яны былі складзены ў традыцыйнай для Беларусі тэхніцы паласатай муроўкі з шырокім выкарыстаннем каменю і цэглы, якая ішла ў асноўным на абліцоўку вежаў. Вапнавы раствор мае нязначны дамешак тоўчанай гліны і вызначаецца трываласцю. Сцены замка таўшчынёй 1,4 м на асобных участках дасягаюць цяпер вышыні 4 м. Першапачаткова яны былі не намнога вышэйшыя за вонкавы абарончы вал, які прызначаўся, магчыма, у першую чаргу для прыкрыцця замка ад прамога абстрэлу. Завяршэнне замкавых сцен было, відаць, цаглянае. Падмуркі вышынёй 1 м зроблены з вялікіх камянёў (70x50 см), пакладзеных на вапне. Прамежкі паміж імі старанна заштукаваны кавалкамі цэглы і раствору.

Двухметровай таўшчыні сцены вежаў складзены з каменю (муроўка лусковая) і звонку абліцаваны цэглай (муроўка гатычная). Таўшчыня вапнавага раствору 2-3,5 см. Цэгла — буйнапамерная, баразнаватая, памерамі 29,5 x 13(14) x 6(8,5) см. Глыбіня залягання падмурка вежаў і сцен каля 1 м. Падмуркі перавязаны, а лініі каменнай і цаглянай муроўкі супадаюць. Аднолькавыя тэхніка муроўкі і памеры цэглы сведчаць пра адначасовасць будавання сцен і вежаў. Паўночна-заходняя вежа мела скляпеністае перакрыцце, якое раздзяляла 2 ніжнія паверхі (захаваўся аконны праём ніжняга паверха вышынёй 1 м і шырынёй 0,6 м з гатычнай аркай).

Апроч самога замка мураванымі былі нарожныя рандэлі і брама на акаляючым замак вонкавым вале. Пазней уздоўж унутранага боку валу была памураваная падпорная сценка.

Да паўднёвай сцяны замка ў канцы XVI ст. прыбудаваны палац (у 1565 палац у Геранёнскім замку быў яшчэ драўляны). Інвентар замка за 1765 паказвае палац як 2-павярховы будынак на 12 акон, у якім на 1-м паверсе размяшчаліся розныя службы, на 2-м — парадныя пакоі. Дах вянчалі па вуглах бляшаныя зоркі, а па цэнтры — флюгер у выглядзе бляшанага бусла. Аднак сцены замка ўжо былі моцна пашкоджаны.

Пры раскопках знойдзена плоская і карытападобная чарапіца, якой накрывалі дахі вежаў, а таксама дахі над баявым ходам сцен і палац.

Фартыфікацыя[правіць | правіць зыходнік]

Геранёнскі замак узводзіўся ў тыя часы, калі значна вырасла роля артылерыі. У сувязі з гэтым асноўны цяжар абароны сталі пераносіць на вонкавыя ўмацаванні — равы і валы. Замак быў адной з першых у ВКЛ спробаў фартыфікаці ва ўмовах прымянення агнястрэльнай зброі, мяркуецца, што замак у лініі абароны меў прататып бастыёну.

Валы рабілі такія высокія, каб яны надзейна закрывалі галоўную частку замкавага будынка, і на значнай адлегласці ад яго. У Геранёнскім замку, напрыклад, валы аднесены на 80 м. Цэнтр абароны тут акцэнтаваны на знешнім вале (цяпер дасягае вышыні 10 м). 3 унутранага боку яго зроблена мураваная сцяна таўшчынёй 1,25 м і вышынёй 4,5 м, якая выконвала ролю падпорнай сценкі і надзейна прадухіляла апаўзанне вала ўнутр замкавага двара. Пад яе заслонай у час аблогі маглі перамяшчацца воіны гарнізона, пра што сведчыць брукаваная дарожка каля самага нізу сцяны. Пасля адной з падсыпак вала будаўнікі вымушаны былі падмацаваць сценку невялікімі контрфорсамі — «бычкамі», узведзенымі амаль праз кожныя 3-3,5 м. Падпорная сцяна і «бычкі» выкананы ў тэхніцы паласатай муроўкі з выкарыстаннем вялізных (каля 1 м) абчасаных камянёў і цэглы, пакладзеных на вапне. Цэгла, як і на замку, баразнаватая. Адрэзкі падпорнай сценкі зыходзіліся ў вуглах вала і пераходзіць у 7-кантовыя вежы-рандэлі (таўшчыня сцен 1,75 м), якія з'яўляліся важнымі агнявымі пунктамі. Можна меркаваць, што яны былі 2-павярховыя, з белечным перакрыццем, ніжні паверх (выш. каля 4,5 м) поўнасцю знаходзіўся ў тоўшчы вала. Тут, напэўна, хавалі ваенныя прыпасы і рыштунак. 2-і паверх пачынаўся ад паверхні вала і нагадваў 7-кантовы мураваны бастыён з перыметрам сцен каля 25 м. Гэта дазваляла размясціць тут некалькі гармат або некалькі дзясяткаў салдат. На 2-і паверх вяла мураваная лесвіца, якая пачыналася каля самага нізу падпорнай сцяны, у стыку яе з рандэлем. Значную агнявую сілу можна было сканцэнтраваць і на самім земляным вале. На асобных участках, асабліва з усходу, дзе быў уезд у замак, шырыня вяршыні вала дасягае цяпер 6-7 м. На такой пляцоўцы можна было размясціць ці традыцыйныя драўляныя сцены вянковай або парканнай канструкцыі ці характэрныя для XVI—XVII ст. земляныя брустверы. Абарончы роў тут дасягае глыбіні 4 м і шырыні 15 м.

Уязная замкавая брама размяшчалася ў ніжнім паверсе паўднёва-заходняга рандэля, сцены якога мелі таўшчыню каля 2,2 м. Да брамы траплялі па перакінутым праз роў лёгкім драўляным мосце. Частка моста перад ёй, магчыма, падымалася на ланцугах. Уезд у замак трымаўся пад абстрэлам з верхняй часткі брамы і з прымыкаючых да яе гародняў. Справа ад брамы існаваў бастыёнападобны выступ, які фланкіраваў агнём мост і бліжэйшыя доступы да брамы. Такі элемент абароны з'яўляецца адным з першых вядомых на Беларусі і датуецца пач. XVI ст. Гэта як бы правобраз тых бастыёнаў і бастыённай сістэмы ўмацаванняў, якія шырока распаўсюдзіліся на Беларусі ў 2-й пал. XVI—XVII ст.

Дадатковай перашкодай на шляху ў замак з'яўляўся і мураваны Геранёнскі Мікалаеўскі касцёл (пабудаваны ў 1519). Абнесены сцяной, ён прымыкаў непасрэдна да абарончага рова перад брамай.

3 ваеннага пункту гледжання Геранёнскі замак у пач. XVI ст. быў магутным збудаваннем. Ён увабраў у сябе амаль усе вядомыя тады элементы фартыфікацыі, якія дазвалялі на працягу доўгага часу процістаяць тагачаснай тактыцы і тэхніцы аблогі.

Зноскі

  1. Брыль А. Ф. Назва «Murata Gyeranony» ў дакументах 1510–1523 гг. і датыроўка геранёнскага замка // Studia Historica Europae Orientalis. – Минск: РИВШ, 2014. -- С. 201-203.



Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.1. – Мн., 2006. ISBN 985-11-0314-4
  • Ткачоў М. А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII — XVIII стст. Мн., 1978.
  • Ткачоў М. А. Геранёнскі замак // ЭГБ у 6 т. Т. 2. Мн., 1994.
  • Страчаная спадчына / Т.В. Габрусь, А.М. Кулагін, Ю.У. Чантурыя і інш. Уклад. Габрусь Т.В. — Мн.: Полымя, 1998. — 351 с.: іл. — ISBN 985-07-0036-Х - С. 17-19.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 407. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0, С. 167-168.