Лепельская аперацыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Лепельская аперацыя
Асноўны канфлікт: Вялікая Айчынная вайна
Дата 19—22.10 1943
Праціўнікі
партызанскія злучэнні Віцебскай і Мінскай абласцей нямецка-фашысцкія захопнікі
Камандуючыя
Ф. Ф. Дуброўскі
Сілы бакоў

Лепельская аперацыя — аперацыя партызанскіх злучэнняў Віцебскай вобласці па разгрому буйных фашысцкіх гарнізонаў у тыле нямецкай 3-й танкавай арміі з мэтай дэзарганізаваць кіраванне і абарону праціўніка і адцягнуць частку яго сіл з віцебскага ўчастка Калінінскага фронту (з 20 кастрычніка 1943 — 1-ы Прыбалтыйскі фронт). Праводзілася 19—22 кастрычніка 1943 па загаду начальніка ЦШПР П. К. Панамарэнкі ад 5 кастрычніка 1943 «Аб разгроме гарнізона праціўніка і захопе горада Лепель».

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

Да ўдзелу ў аперацыі прыцягваліся Лепельская партызанская брыгада імя І. В. Сталіна, 2-я Ушацкая партызанская брыгада імя П. К. Панамарэнкі, партызанская брыгада «Аляксея», Сенненская партызанская брыгада, Партызанская брыгада «За Савецкую Беларусь», 1-я партызанская брыгада імя К. С. Заслонава, партызанская брыгада імя В. І. Чапаева, Лёзненская партызанская брыгада, Чашніцкая партызанская брыгада «Дубава» і Смаленскі партызанскі полк. Фактычна ў аперацыі прынялі ўдзел больш за 20 партызанскіх брыгад і палкоў Віцебскай і Мінскай абласцей. Агульнае камандаванне аб’яднанымі партызанскімі фарміраваннямі ажыццяўляў сакратар Чашніцкага падпольнага РК КП(б)Б Ф. Ф. Дуброўскі. У адпаведнасці з указаннямі ЦК КП(б)Б і ЦШПР была пастаўлена задача адначасовым ударам разграміць гарнізоны ў Лепелі, Чашніках, Камені, Бачэйкаве, захапіць і ўтрымліваць гэтыя пункты ў мэтах садзеяння наступленню Чырвонай Арміі. Трэба было таксама паралізаваць камунікацыі, якія звязвалі Лепель з Барысавам, Оршай, Віцебскам, станцыяй Лоўша і поўнасцю ачысціць раён ад акупантаў, папярэдзіць раптоўным ударам чарговую буйную карную аперацыю, якая тут рыхтавалася. Канкрэтны план дзеянняў быў прыняты 16 кастрычніка на нарадзе камандзіраў, камісараў, начальнікаў штабоў злучэнняў у вёсцы Валосавічы. Галоўны ўдар па Лепелі, ключавой апорнай базе нямецкай 3-й танкавай арміі, наносілі брыгады Лепельская імя Сталіна, Чашніцкая «Дубава», 2-я Ушацкая імя Панамарэнкі, Сенненская і імя Чапаева. Скаваць праціўніка ў Чашніках павінны былі Смаленскі партызанскі полк, 1-я Віцебская, 1-я імя Заслонава і Лёзненская партызанскія брыгады. Разгром гарнізонаў у вёсцы Камень і вёсцы Бачэйкава даручаўся брыгадам «Аляксея», «За Савецкую Беларусь», 2-й партызанскай брыгадзе імя К. С. Заслонава. Для кругавога прыкрыцця флангаў і тылоў ударных брыгад да аперацыі былі прыцягнуты 1-я Беларуская партызанская брыгада, 1-я Смаленская партызанская брыгада, партызанская брыгада М. П. Гудкова, партызанская брыгада «Граза» (з боку Барысава, Халопеніч, Талачына), партызанская брыгада імя К. Я. Варашылава і партызанская брыгада імя С. М. Кароткіна (з боку Полацка, Ветрына). З усходу і паўночнага ўсходу ад гарнізонаў Улы, Сянно, Бешанковіч ударную лепельскую групоўку прыкрывалі 16-я Смаленская партызанская брыгада, 2-я Беларуская партызанская брыгада імя П. К. Панамарэнкі, партызанская брыгада імя У. І. Леніна, Багушэўская партызанская брыгада (2-га складу).

Баявыя дзеянні[правіць | правіць зыходнік]

Да 22 кастрычніка партызаны вялі баі з большымі сіламі праціўніка. Лепель двойчы пераходзіў з рук у рукі, за вёску Бачэйкава баі ішлі 4 сутак, у Чашніках ішлі баі амаль 3 сутак. Поўнасцю былі разбіты 9 нямецкіх гарнізонаў (у вёсках Камень, Пачаевічы, Дзямідавічы, Дуброва, Слабодка, Забаенне, Варкі і іншых). 22 кастрычніка брыгады пачалі адыход з раёнаў непасрэднага баявога сутыкнення з праціўнікам і перанеслі галоўны напрамак удараў на камунікацыі праціўніка. У час аперацыі партызаны забілі і паранілі больш за 600 гітлераўцаў, падбілі 5 танкаў, захапілі і знішчылі 37 аўтамашын, спалілі склады са зброяй, боепрыпасамі, абмундзіраваннем і прадуктамі, разбурылі 139 дзотаў, захапілі 39 кулямётаў, 13 мінамётаў, 278 вінтовак і інш. Мясцовыя жыхары капалі процітанкавыя равы, рабілі завалы на дарогах, разбуралі дарогі, па якіх акружаным нямецкім гарнізонам дасылалася падмацаванне.

Наступствы[правіць | правіць зыходнік]

У выніку Лепельскай аперацыі была сарвана буйная нямецкая карная аперацыя, значна пашырана партызанская зона паміж рэкамі Бярэзіна, Заходняя Дзвіна і возерам Лукомскае. Камандаванне 3-й танкавай арміяй было вымушана адвесці з фронту сілы для абароны сваіх камунікацый у раёне Лепеля.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • У. С. Пасэ // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.