Людвік Міхал Пац

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Людвік Міхал Пац
фр.: Ludwik Michał Pac
Газдава
Газдава
сенатар Польшчы[d]
з 1825

Нараджэнне 19 мая 1778(1778-05-19)[1]
Смерць 6 жніўня 1835(1835-08-06) (57 гадоў)
Род Пацы
Бацька Міхал Пац[2][1]
Маці Людвіка з Тызенгаўзаў[d][2][1]
Жонка Караліна з Малахоўскіх[d][3][4]
Дзеці Людвіка з Пацаў[d][2][5][…]
Дзейнасць афіцэр
Званне дывізійный генерал[d][6]
Камандаваў 1er régiment de chevau-légers lanciers polonais de la Garde impériale[d]
Бітвы
Узнагароды
камандор ордэна Ганаровага Легіёна ордэн Святога Станіслава камандорскі крыж ордэна Virtuti Militari
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Людвік Міхал Пац (1778 — 1835) — дывізіённы генерал польскай арміі, удзельнік Напалеонаўскіх войн.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Быў сынам Міхала Паца і Людвікі з Тызенгаўзаў. Па сведчанні сучаснікаў, Людвік атрымаў «стараннае выхаванне ў Францыі, Англіі і на радзіме», а ў 1796 годзе стаў студэнтам Віленскай акадэміі. Праз год атрымаў у спадкі ад далёкага сваяка Юзафа Паца вялікую маёмасць: ключы РажанкуМыто) і Гарадзішча на Лідчыне і Наваградчыне, Даўспуду[pl], Рачкі і Мазуркі на Беласточчыне, якая ў той час стала часткай Прусіі, палацы ў Вільні і Гродне і 4 мільёны злотых гатоўкай.

У 1802 г. Людвік па тагачасных законах стаў паўнагадовым і распачаў ваяжы па Еўропе: наведаў парыжскі салоны княгіні Ганны Сапяжанкі, а потым з яе братам Станіславам Замойскім у 1803 г. перабраўся ў Лондан. У Англіі, Шатландыі і Ірландыі ён вывучаў сельскую гаспадарку. У 1808 годзе ў Парыжы са званнем «шэф эскадрона» паступіў у полк лёгкаконнай гвардыі. Ваяваў у Іспаніі, дзе атрымаў раненне багнетам у сцягно. Прыняў удзел у Аўстра-Французскай вайне 1809 г., належаў да эскорту Напалеона, атрымаў ордэн Ганаровага легіёна, пасля чаго сышоў у адстаўку.

Пераехаў у Варшаўскае княства. Адсюль ён займаўся арганізацыяй разведкі на тэрыторыі былога ВКЛ і перад кампаніяй 1812 года атрымаў чын палкоўніка. Напачатку камандаваў 15-м палком уланаў, а ў маі 1812 г. атрымаў 2-гі ўланскі полк. Пасля ўваходу Напалеона ў Вільню, сустракаў яго тут у сваім палацы. 16 ліпеня атрымаў чын брыгаднага генерала і прайшоў з Напалеонам да Масквы праз усе бітвы. У 1814 г. стаў дывізіённым генералам і камандаваў кавалерыйскай брыгадай, якую сам і сфармаваў. Пры канцы вайны камандаваў усёй французскай коннай гвардыяй і недалёка ад Парыжа быў паранены. На баку Напалеона прайшоў чатыры ваенныя кампаніі і пасля адстаўкі, у маі 1814 г. выехаў у Англію, дзе зноў пільна вывучаў сельскую гаспадарку.

Пасля амністыі Людвік Пац вярнуўся дахаты і тут, разам з Адамам Чартарыйскім, прэтэндаваў на руку Ганны Сапяжанкі[pl]. Канкурэнцыя за руку і сэрца дзяўчыны набыла палітычнае адценне, бо Адам Чартарыйскі быў сябрам маладосці цара Аляксандра І і ў 1804—1806 гг. займаў пасаду міністра замежных спраў Расійскай імперыі. Справа даходзіла да дуэляў са шчаслівым канкурэнтам, дарэчы апошняя дуэль паміж імі адбылася, калі абодва ўжо былі жанатыя.

У 1817 г. Людвік Пац бярэ шлюб з Каралінай Малахоўскай, якая прынесла яму 1 мільён злотых пасагу. Але хутка, у 1822 г. ён аўдавеў. Жыў у беластоцкіх маёнтках і быў віцэ-прэзідэнтам мясцовага Аграрнага таварыства. Пабудаваў цікавы палац у стылі англійскай готыкі ў Даўспудзе і перабудаваў куплены ў 1823 г. у Радзівілаў палац па вуліцы Мядовай у Варшаве, пасля рэканструкцыі, тут паўстала «адно з самых арыгінальных прасторавых рашэнняў Варшавы». Палац паступова ператварыўся ў музей, дзе месціліся калекцыі Людвіка Паца, у тым ліку і калекцыя антыкаў, купленая ім асабіста ў Рыме і Пампеях. Тут былі грэчаская, гатычная і маўрытанская залы і калекцыі жывапісу, у тым ліку і партрэты Пацаў розных эпох. Госці з захапленнем разглядалі сервізы са срэбра, крышталю, наборы сеўрскай парцэляны коштам у дзясяткі дукатаў за талерку. Жартавалі, што гэты гмах актуалізаваў даўнюю прымаўку: «Варты Пац палаца». Менавіта ў гэтым палацы і жыў калятар царквы ў Мыто. Перад 1830 г. нерухомасць Паца ў Польскім каралеўстве ацэньвалася ў 3 мільёны, а ў былым ВКЛ — у 1 мільён злотых[9].

Людвік Пац фундаваў у сваім мястэчку Ражанка Петра-Паўлаўскі касцёл. Архітэктарам касцёла быў Генрык Марконі, які пры праектаванні касцёла адмовіўся ад абавязковага ў той час падабенства з антычнасцю, і таму пастаўлены ім у 1827 г. Петра-Паўлаўскі касцёл у мястэчку Ражанка можна лічыць адным з першых неагатычных будынкаў Беларусі.

У Варшаве граф Пац трымаў дыстанцыю ад палітыкі, тым не менш з’яўляўся сенатарам каралеўства. Прыняў удзел у паўстанні 1830—1831 гадоў і ахвяраваў на паўстанне 100000 злотых — больш за ўсіх іншых сенатараў. Пасля паразы паўстання выехаў у Парыж.

Царскі ўрад канфіскаваў усю маёмасць Людвіка Паца, але нейкія капіталы ў яго захаваліся, і таму і за мяжой граф заставаўся багатым чалавекам. У 1834 г. з рознымі даручэннямі кола эмігрантаў Пац выехаў з Парыжа ў Італію — жыў у Генуі, Рыме, Неапалі, дзе, пакінуўшы дачку пад нагляд законніц, усю зіму бавіўся ў арыстакратычным «элегантным свеце». У 1835 г. выехаў у Грэцыю, дзе таксама займаўся палітычнымі справамі. З Афін перабраўся ў старажытны грэчаскі горад Смірна, што ў Малой Азіі, дзе і памёр.

Некаторыя даследчыкі лічаць, што Людвік Пац для Адама Міцкевіча з’яўляўся правобразам Графа ў паэме «Пан Тадэвуш»[9].

Зноскі

  1. а б в г Pacowie : materyjały historyczno-genealogiczne / пад рэд. J. WolffСПб.: 1885. — С. 305. — 377 с.
  2. а б в Lundy D. R. The Peerage
  3. (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
  4. Pacowie : materyjały historyczno-genealogiczne / пад рэд. J. WolffСПб.: 1885. — С. 309–310. — 377 с.
  5. Гісторыя Сапегаў : жыццяпісы, маёнткі, фундацыіМн.: Віктар Хурсік, 2017. — С. 106. — 586 с. — ISBN 978-985-7025-75-6
  6. Pacowie : materyjały historyczno-genealogiczne / пад рэд. J. WolffСПб.: 1885. — С. 309. — 377 с.
  7. Pacowie : materyjały historyczno-genealogiczne / пад рэд. J. WolffСПб.: 1885. — С. 308–309. — 377 с.
  8. Pacowie : materyjały historyczno-genealogiczne / пад рэд. J. WolffСПб.: 1885. — 377 с.
  9. а б Polski Słownik Biograficzny. T. 24. S. 718—720