Нацыянальны музей эсперанта
Нацыянальны музей эсперанта | |
---|---|
Заснаваны | 1977 |
Адкрыты | 1977 |
Месцазнаходжанне | Maison Pour Tous 19, rue Victor Hugo 70100 Gray |
Адкрыты | 1987 |
naciaesperantomuzeo.fr | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нацыянальны музей эсперанта (фр.: Musée national de l'espéranto, эспер.: Nacia Esperanto-Muzeo) — музей у Грэ, Францыя. Быў заснаваны ў 1977 годзе Жоржам Жунье, таксама вядомым як Жэа Жунье. Афіцыйнае адкрыццё музея адбылося ў 1987 годзе ў прысутнасці польскага консула, праз сто гадоў пасля стварэння эсперанта. Музей размешчаны на другім паверсе Дома моладзі і культуры (фр.: Maison Pour Tous), адрэстаўраванага будынка старажытнага каледжа. У музеі знаходзяцца калекцыі разнастайных рэчаў, якія маюць сувязь з эсперанта: кнігі, плакаты, газеты, маркі, публікацыі і гэтак далей. Каля музея Жэа Жунье ўсталяваў аналематычны сонечны гадзіннік, які нагадвае аб праекце Заменгофа па аб’яднанню ўсіх людзей з дапамогай эсперанта.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Жорж Жунье пазнаёміўся з эсперанта ў 1932 годзе[1]. Натхнёны перспектывамі гэтай мовы, ён пачаў збіраць разнастайныя аб’екты, якія маглі б мець адносіны да гэтай мовы[2]. У 1945 годзе Жунье заснаваў «Культурны цэнтр „Эсперанта“ рэгіёна Грэ» (фр.: Centre culturel Espéranto de la Région de Gray), мэта якога — навучаць мове і яе практычнаму прымяненню. Да 1973 года, калі Жунье завяршыў сваю кар’еру чыгуначніка, ужо было сабрана шмат рэчаў, якія адносяцца да эсперанта, а культурны цэнтр актыўна развіваўся; менавіта тады пры падтрымцы французскіх эсперанта-арганізацый было прынята рашэнне заснаваць музей[2][3]. Праекту аказалі падтрымку некалькі муніцыпалітэтаў, дзякуючы дапамозе галоўнага магістрата горада ў 1977 годзе калекцыя была перанесена ў будынак былога каледжа, які выкарыстоўваўся як Дом моладзі і культуры[1][3][4]. Каля дзесяці гадоў Жэа Жунье абсталёўваў музей, і 16 мая 1987 года, роўна праз сто гадоў пасля стварэння эсперанта, адбылося ўрачыстае адкрыццё музея ў прысутнасці генеральнага консула Польшчы Чэслава Тужаньскага[1][3][4].
-
Будынак, на другім паверсе якога размешчаны музей
-
Таблічка каля ўвахода ў музей
Калекцыі
[правіць | правіць зыходнік]Музей складаецца з 10 залаў[5] агульнай плошчай 230 м²[6].
Калекцыя ўключае ў сябе каля 6000 кніг і брашур аб эсперанта ці на эсперанта, 1400 старых і сучасных часопісаў і газет. З цягам часу фонд музея павялічваўся за кошт атрымання ў дар архіваў эсперанта-асацыяцый і асабістых калекцый вядомых эсперантыстаў[7].
У музеі таксама выстаўлены калекцыі розных рэчаў (паштовых марак, паштовак, рэкламных рэчаў, тэхнічных брашур), звязаных з эсперанта[8].
-
Архівы музея
-
Архівы музея
-
Выставачная зала
-
Матэрыялы, якія стваральнік музея Жэа Жунье выкарыстоўваў для папулярызацыі эсперанта
-
Паштоўка са стваральнікам эсперанта Л. Заменгофам
Аналематычны сонечны гадзіннік
[правіць | правіць зыходнік]У пачатку XX стагоддзя астраном і матэматык Луі Жуль Груэ зацікавіўся аналематычнымі сонечнымі гадзіннікамі, у першую чаргу тым, што знаходзіцца ў Дыжоне[9]. Разам са сваім калегам Шарлем Мерэ ён вывучыў гісторыю гэтага гадзінніка і ў 1902 годзе апублікаваў твор пад назвай «Дыжонскі сонечны гадзіннік» (фр.: Le cadran solaire de Dijon, эспер.: La Sunhorloĝo en Dijon)[10]. Груэ і Мерэ былі эсперантыстамі, таму гэты твор быў апублікаваны на французскай мове і эсперанта, што робіць яго адным з першых тэхнічных артыкулаў з выкарыстаннем матэматычных формул, напісаных на штучнай мове (не з’яўляецца выпадковым, што Заменгоф размясціў яго ў сваёй «Фундаментальнай граматыке мовы эсперанта»)[9]. У наступным годзе ў Расіі выйшаў артыкул С. Палянскага, таксама на эсперанта, у якім ён, адштурхоўваючыся ад публікацыі Груэ, прапанаваў свой спосаб стварэння аналематычнага гадзінніка і ў тым ліку выказаў думку аб тым, што гэты гадзіннік мог бы аднойчы стаць помнікам мове эсперанта[9].
Таму ў 1986 годзе, калі ўзнікла пытанне аб добраўпарадкаванні тэрыторыі, якая прылягае да музея, Жэа Жунье прапанаваў размясціць на ёй менавіта аналематычны сонечны гадзіннік[11]. Яго цыферблат прадстаўляе сабой эліпс, які ахоплівае планісферу, што сімвалізуе жаданне Заменгофа аб’яднаць людзей з дапамогай адной мовы. Афіцыйнае адкрыццё сонечнага гадзінніка адбылося 25 верасня 1988 года[11].
-
Аналематычны сонечны гадзіннік
-
Лацінскі надпіс на гадзінніку: NOX MIHI INIMICA
Зноскі
- ↑ а б в Picardat 1987, p. 125.
- ↑ а б Roland Cuenot. Géo JUNIER mortis la 17-an de februaro 2000 (эсп.).(недаступная спасылка)
- ↑ а б в Gray : reflets de son histoire 1991, p. 125.
- ↑ а б Historio EFE 2000 (эсп.). Архівавана з першакрыніцы 15 ліпеня 2021. Праверана 19 верасня 2021.
- ↑ Muzeo (эсп.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 сакавіка 2016. Праверана 19 верасня 2021.
- ↑ La Nacia Esperanto Muzeo (эсп.).
- ↑ Découvrir et se cultiver (фр.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 чэрвеня 2012. Праверана 19 верасня 2021.
- ↑ Destination70 .
- ↑ а б в Massé 2008, p. 34.
- ↑ Gruey 1902.
- ↑ а б Massé 2008, p. 35.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Collectif. Gray : reflets de son histoire (фр.). — Maury, 1991. — ISBN 2-9505448-0-0 и 978-2-9505448-0-3.
- Louis Jules Gruey Le cadran solaire de Dijon ou La Sunhorloĝo en Dijon (fr, eo) // La revue bourguignonne de l'enseignement supérieur. — 1902.
- Yvon Massé Cadran et Espéranto(фр.) // L'Astronomie. — 2008. — Novembre — № 63. — P. 34—35.
- Bernard Picardat L'espéranto a cent ans... et un musée à Gray(фр.) // L'Est républicain. — 1987. — P. 125.