Прыпяцкі (нацыянальны парк)
Нацыянальны парк «Прыпяцкі» | |
---|---|
катэгорыя IUCN: Нацыянальны парк[d] | |
Размяшчэнне | Беларусь |
Плошча | каля 200 тыс. га[1] |
Дата заснавання | 1 ліпеня 1996 года[1] |
Кіруючая арганізацыя | Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь |
Сайт | npp.by |
«Прыпяцкі» — нацыянальны парк на поўдні Беларусі, падпарадкаваны Кіраўніцтву справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Поймавыя і лесабалотныя комплексы складаюць 95 % тэрыторыі.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нацыянальны парк «Прыпяцкі» размешчаны ў Гомельскай вобласці, за 250 км на поўдзень ад Мінска, з поўдня ад шашы М10 Гомель—Кобрын. Плошча нацыянальнага парка складае 188 485 га[1]. Займае частку Палескай нізіны ўздоўж правага берага ракі Прыпяць, у міжрэччы Сцвігі і Убарці. Рэльеф раўнінны, з агульным нахілам на поўнач, ускладнены шматлікімі забалочанымі паніжэннямі і эолавымі ўтварэннямі. Паўднёвая частка прадстаўлена асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыяй плошчай 85 841 га. Адміністрацыя нацыянальнага парку першапачаткова знаходзілася ў Тураве[2], цяпер у Ляскавічах.
Нацыянальны парк размешчаны ў затапляемай пойме басейна Прыпяці на тэрыторыі Жыткавіцкага, Лельчыцкага і Петрыкаўскага раёнаў. У перыяд паводак можа залівацца да 70 % тэрыторыі[3].
На паўднёвы ўсход ад Прыпяцкага нацыянальнага парка размешчаны Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Прыпяцкі дзяржаўны ландшафтна-гідралагічны запаведнік быў арганізаваны 3 чэрвеня 1969 года (Пастанова Савета Міністраў БССР № 200 ад 03.06.1969 года «Аб арганізацыі Прыпяцкага дзяржаўнага ландшафтна-гідралагічнага запаведніка») на плошчы 61,5 га ў складзе Міністэрства лясной гаспадаркі БССР. Пасля ён падпарадкоўваўся Дзяржаўнаму камітэту па экалогіі БССР, Упраўленню справамі Савета Міністраў Беларусі. У жніўні 1994 года запаведнік плошчай 65 050 га быў перададзены Кіраўніцтву справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 1995 годзе пры запаведніку створана Эксперыментальная лесапаляўнічая гаспадарка (ЭЛАГ) «Ляскавічы». У 1996 годзе Прыпяцкі дзяржаўны ланшафтна-гідралагічны запаведнік быў рэарганізаваны ў нацыянальны парк «Прыпяцкі». У 1998 годзе пачаў працаваць музей прыроды[4].
Рэльеф
[правіць | правіць зыходнік]Рэльеф раўнінны з агульным нахілам на поўнач, ускладнены шматлікімі забалочанымі паніжэннямі і эолавымі ўтварэннямі. Вышыня да 140 м над узроўнем мора.
Клімат
[правіць | правіць зыходнік]Клімат цёплы, няўстойліва-вільготны. Вегетацыйны перыяд каля 200 сутак. Ападкаў 550-580 мм за год, найбольш летам. Зімой утвараецца снегавое покрыва.
Гідраграфія
[правіць | правіць зыходнік]Гідралагічная сетка адносна рэдкая. Тэрыторыю перасякаюць рэкі Свінавод, Мутніца, Бялянка, ручаі Крушынны, Лучынец. Налічваецца звыш 40 азёр, найбольшыя Плёса, Карасіна, Серабранка. Мясцовасць характарызуе высокая забалочанасць. Балоты, пераважна вярховыя і пераходныя, займаюць больш за палову тэрыторыі, самыя вялікія Кандаль-Яловец-Вольхава і Мезеч.
Глебы
[правіць | правіць зыходнік]Глебы пераважна тарфяна-балотныя і дзярнова-падзолістыя.
Флора і фаўна
[правіць | правіць зыходнік]Расліннасць належыць да падзоны шыракаліста-хваёвых лясоў. Тут сустракаюцца лясны, лугавы, хмызняковы і водны тыпы расліннасці.
Лясы займаюць 70 % тэрыторыі, уключаюць 25 відаў дрэвавых і 33 кустовых парод. Хвойныя, шыракалістыя, драбналістыя вытворныя, лісцевыя карэнныя балотныя і поймавыя лясы з хвоі (50,3 % ад пакрытай лесам плошчы), бярозы пушыстай (10,7 %), бярозы павіслай (10,6 %), дуба (12,8 %), вольхі чорнай (7,1 %), ясеня (2,1 %), асіны (1,5 %), граба (0,6 %), елкі (астраўныя мікрапапуляцыі і прымесь у мяшаных насаджэннях). Сярэдні узрост лясоў 70 гадоў. У падлеску ляшчына, рабіна, крушына ломкая, свідзіна, чаромха, вярба, парэчкі. Унікальныя поймавыя дубровы (сярэдні ўзрост перавышае 200 гадоў) і зараснікі вярбы (узрост асобных дрэў больш за 100 гадоў).
Пашыраны поймавыя (пераважна дробназлакавыя) лугі, нізінныя, пераходныя і вярховыя балоты (у правабярэжнай частцы парку ляжыць найбуйнейшы масіў балот пераходнага і вярховага тыпаў).
Каля 500 га займае водная паверхня паводкавых азёр. Больш за 500 га займаюць зараснікі журавін[5].
Флора ўключае 929 віды вышэйшых раслін, сярод якіх 22 віды дрэў і 32 віды хмызнякоў, а таксама 196 відамі імхоў, 184 відамі лішайнікаў, 321 відам водарасцей. 44 віды рэдкіх раслін занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Фаўна парку ўключае 51 від сысуноў, 11 відаў земнаводных, 7 відаў паўзуноў, 37 відаў рыб, 246 відаў птушак.
Звычайныя дзік, лось, казуля, бабёр, воўк, звычайны ліс, заяц-русак, куніцы звычайная і каменная, выдра, вавёрка, глушэц, цецярук, перапёлка, курапатка шэрая, вадаплаўныя птушкі і інш. Створаны два вольнажывучыя статкі зуброў (завезены ў 1987 і 2000 з Белавежскай пушчы), у якім налічваецца больш за 40 жывёл.
Зноскі
- ↑ а б в Афіцыйны сайт
- ↑ Пра нацыянальны парк
- ↑ Нацыянальны парк «Прыпяцкі» Архівавана 27 мая 2013.
- ↑ Гісторыя нацыянальнага парку «Прыпяцкі» на афіцыйным сайце парку
- ↑ Прырода Беларусі Архівавана 23 кастрычніка 2012.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Падарожжа з белай чапляй: Нарысы, апавяданні, вершы, казкі / Уклад. В. А. Кастручын; дызайн і ілюстрацыі Н. В. Барай. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2010. — 150 с.: іл. — (Скарбы роднай прыроды). — ISBN 978-985-02-1114-9.
- Бойко А. В., Смольский Н. В., Сидорович Е. А. и др. Экспериментальные исследования ландшафтов Припятского заповедника. — Мн.: Наука и техника, 1976. — 304 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Афіцыйны сайт
- Земоглядчук К. В. Малакофауна дубрав Национального парка Припятский (руск.)
- С. И. Кориняк. Видовое разнообразие анаморфных грибов национального парка «Припятский» Архівавана 25 лістапада 2020. (руск.)