Павел Іванавіч Пруднікаў
Павел Іванавіч Пруднікаў | |
---|---|
| |
Асабістыя звесткі | |
Імя пры нараджэнні | Павел Іванавіч Пруднікаў |
Псеўданімы |
Паўлюк Буравей (у 1930-я гг.) |
Дата нараджэння | 1 (14) ліпеня 1911 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 16 сакавіка 2000 (88 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | Расійская імперыя, СССР, Рэспубліка Беларусь |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | паэт, празаік |
Гады творчасці | 1930—2000 |
Мова твораў | беларуская |
Дэбют | верш «На вакацыі» (1930) |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Прэміі | |
Узнагароды |
Павел Іванавіч Пруднікаў (14 ліпеня 1911, вёска Стары Дзедзін, Клімавіцкі павет, Магілёўская губерня — 16 сакавіка 2000[1], Мінск) — беларускі пісьменнік. Стрыечны брат паэта Алеся Пруднікава.
Раннія гады і першыя крокі ў літаратурнай творчасці
[правіць | правіць зыходнік]Павел Пруднікаў нарадзіўся ў шматдзетнай сялянскай сям'і. На час яго дзяцінства прыпалі цяжкія падзеі: першая сусветная вайна (1914—1918 гг.), усталяванне новай, савецкай, улады ў краіне і грамадзянская вайна, а таксама Савецка-польская вайна 1919-1921 гг. Дзякуючы геаграфічнаму становішчу вёскі Стары Дзедзін, яна аказалася па-за тэатрамі баявых дзеянняў, але ў 1918—1920 гг. фактычна знаходзілася ў прыфрантавым становішчы. Гэта паўплывала на тое, што навакольныя школы пастаянна закрываліся, і Паўлу прыйшлося доўга чакаць стабільнага месца вучобы. Толькі ў 1930 г. ён скончыў сямігадовую школу ў суседняй вёсцы Мілаславіцы[2].
У 1924 г., пачаўшы вывучаць літаратуру, упершыню праявіў імкненне да літаратурнай творчасці і напісаў верш «Трапінка». Якраз на час вучобы ў школе прыпаў працэс беларусізацыі, што разгарнуўся ў БССР. Гэта паспрыяла таму, што Павел з самага пачатку і надалей пісаў на беларускай мове. З 1926 г. ён і яго стрыечны брат Алесь Пруднікаў пісалі вершы і сталі мясцовымі школьнымі паэтамі. Паралельна быў дзеткорам, юнкорам, селькорам розных газет: «Піянер Беларусі», «Чырвоная змена», «Беларуская вёска», «Комсомольская Правда», «Крестьянская газета», «Беднота», «Ленинские искры»[3]. Так, у прыватнасці, калі быў знойдзены скарб старажытных манет у вёсцы Стары Дзедзін, ён з Алесем напісаў пра гэта рэпартаж у газету «Беларуская вёска»[4].
Жыццё і творчасць у 1930-я гг
[правіць | правіць зыходнік]На пачатку 1930-х гг. яму прыйшлося часта змяняць месцы працы. Пасля заканчэння школы ён адправіўся на Данбас, там працаваў шахцёрам, металургам, але хутка вярнуўся на Беларусь; потым — у Магілёве, на будаўніцтве шаўковай фабрыкі (будоўлі першай пяцігодкі). Разам са стрыечным братам Алесем Пруднікавым жыў у Мінску, а працаваў грузчыкам на чыгуначнай станцыі «Мінск-таварная». Некалькі разоў спрабаваў сябе акцёрам у тэатральнай трупе, аднак кожны раз кідаў. У 1931—1932 гг. працаваў у Беларускім радыёцэнтры, карэспандэнтам газет «Беларуская вёска» і «Савецкая Беларусь», рэпарцёрам у БелТА.
Улетку 1930 г. у рэспубліканскай газеце «Піянер Беларусі» быў надрукаваны верш Паўла Пруднікава «На вакацыі». Гэтую падзею ён і лічыў пачаткам прафесіянальнай літаратурнай дзейнасці[5]. У 1930 г. у газеце «Чырвоная змена» была надрукавана нізка яго вершаў, што стала праз два гады падмуркам першай кнігі «Песні грузчыкаў» (1932 г., у сааўтарстве з Я. Субачом). У 1931 г. напісаў і першую паэму — «Пікет за пікетам». У 1930-я гг. ён друкаваўся пад псеўданімам Паўлюк Буравей (каб не блытацца з Алесем Пруднікавым). Працуючы ў Мінску, пазнаёміўся са шматлікімі тагачаснымі беларускімі паэтамі і празаікамі, у тым ліку з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Міхасём Чаротам, Платонам Галавачом і іншымі. Пазней успаміны пра іх ляглі ў аснову кнігі «Далёкае, але не забытае» (Мн., 1988 г.) і не толькі[6].
У 1932 г. быў прыняты на творчае аддзяленне літфака Мінскага Вышэйшага педагагічнага інстытута, аднак неўзабаве хутка пакінуў яго. У 1932 г. паехаў у Ленінград, дзе паступіў у Ленінградскі інстытут замежных моў, але з 1933 г. стаў студэнтам Ленінградскага педінстытута імя Пакроўскага (Бубнава). У Ленінградзе ўсталяваў стасункі з беларускай секцыяй Ленінградскага аддзялення Саюза савецкіх пісьменнікаў СССР. Па прапанове прафесара педінстытута К. А. Пушкарэвіча (па сумяшчальніцтве — вучонага сакратара Інстытута славяназнаўства Акадэміі навук СССР) пасля заканчэння ВНУ ў 1937 годзе быў пасланы вучыцца ў аспірантуру Акадэміі навук СССР вывучаць славянскія мовы, аднак так і не паспеў прыступіць да вучобы, бо 11 жніўня 1937 г. быў арыштаваны[7].
У ГУЛАГу і першыя гады пасля вызвалення
[правіць | правіць зыходнік]Павел Пруднікаў некалькі месяцаў утрымліваўся ў ленінградскіх «Крыжах». Паводле прыгавору атрымаў восем гадоў ссылкі. Першапачаткова быў этапаваны ў Бурацкую АССР. У зняволенні працаваў на будаўніцтве чыгунак, на будаўніцтве шыннага завода ў Омску і горна-металургічнага камбіната ў Нарыльску, грузчыкам у рачным порце Енісейска (Краснаярскі край)[8].
Пасля заканчэння тэрміну зняволення (жнівень 1945 г.) быў вымушаны пэўны час працаваць токарам вагоннага дэпо Нарыльскай чыгункі, потым загадчыкам бібліятэкі Нарыльскага горна-металургічнага тэхнікума. Па звароце ў родныя мясціны (1946 г.) настаўнічаў у сярэдніх школах Смаленшчыны (г. Рослаў, Рослаўскі і Ершацкі раёны) [9]. Тут пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Ганнай. Каб не быць арыштаваным паўторна, Павел з сям'ёй быў вымушаны пакінуць Смаленшчыну. У гэты час у іх сям'і нарадзіліся дзве дачкі: Вольга і Ніна.
У 1952 г. яны нарэшце спыніліся на Браслаўшчыне ў вёсцы Слабодка. Першы час яны былі бадай што без сродкаў да існавання, чуць ліпелі. Павел уладкаваўся на працу настаўнікам рускай мовы, літаратуры і гісторыі ў мясцовай школе, а яго жонка Ганна — настаўніцай у малодшых класах.
У студзені 1956 г. быў рэабілітаваны[10].
Зноў пачаў друкавацца з 1959 г., вярнуўшыся, такім чынам, да паўнацэннай літаратурнай дзейнасці[11]. Гэтую падзею паэт разглядаў як сваё другое нараджэнне, таму свайму другому зборніку вершаў, які выйшаў у 1968 г., ён даў назву «Час майго нараджэння»:
«Двойчы мне давялося на свет нараджацца,
Захапляцца, любіць і спяваць;
Двойчы мне давялося дрыжэць, хвалявацца —
Па-юнацку жыццё абдымаць»[12].
Творчасць у сталым узросце
[правіць | правіць зыходнік]У 1968—1969 гг. Павел Пруднікаў і яго сям'я пераехалі ў Мінск. У 1968—1971 гг. працаваў старэйшым рэдактарам часопіса «Служба быту Беларусі». З 1971 г. — на пенсіі, што дало яму больш часу займацца літаратурнай дзейнасцю і гэты перыяд стаў найбольш плённым у яго творчасці. З 1971 г. — член Саюза пісьменнікаў Беларусі[13]. У 1970-1980-х гг. ён выпускае шэраг зборнікаў вершаў, сярод якіх найбольш значным з'яўляецца зборнік выбраных твораў «Мая магістраль» (1981 г.). Вершы прасякаюць тэмы роднай Магілёўшчыны, прыгажосці Браслаўшчыны, уражанні ад падарожжаў у Крым, у Чэхаславакію, на Каўказ. Двойчы, у сярэдзіне 1970-х гг. і ў канцы 1980-х гг., Павел Пруднікаў наведваў месцы свайго былога зняволення ў Сібіры, у выніку ў 1975 г. была напісаная нізка вершаў[14], а ў 1989 г. — успамін «Па знаёмых пякучых сцежках»[15]. У 1987 г. выходзіць кніга для дзяцей «Заранка». У 1988 г. выходзіць кніга ўспамінаў «Далёкае, але не забытае», дзе аўтар апісвае асабістыя сустрэчы з многімі беларускімі літаратарамі, пачынаючы аж са Змітра Жылуновіча (Цішкі Гартнага) і канчаючы Іванам Мележам.
Тэма сталінскіх рэпрэсій у творчасці
[правіць | правіць зыходнік]З надыходам перабудовы ў СССР з'явілася магчымасць пісаць і на тэму сталінскіх рэпрэсій. Яшчэ з 1950-х гг., з часоў адлігі, Павел Пруднікаў выношваў задуму напісаць пра страшэнныя падзеі, што адбываліся на яго вачах, і пачаў рабіць першыя нататкі[16]. Але адпаведная магчымасць апублікаваць з'явілася толькі праз трыццаць гадоў. Першым творам такога кшталту стала паэма «Таймыр» (апублікаваная ў часопісе «Полымя» ў 1988 г.).
У 1993 г. выйшла кніга «За калючым дротам», што складалася з двух аповесцяў: «Яжовыя рукавіцы» і «Пекла» — найбольш значных твораў аўтара. Аповесці носяць аўтабіяграфічны характар. Галоўным героем з'яўляецца Міхась Асцёрскі, прататыпам лёсу якога стаў лёс самога аўтара. Першая аповесць апавядае пра яго пакуты ў ленінградскіх «Крыжах»; у другой аповесці справа ідзе пра тое, як Міхась адбываў тэрмін зняволення ў Сібіры.
У 1996 г. у сваім апошнім зборніку вершаў «Пароша» Павел Пруднікаў змясціў паэму «Кожны другі», таксама прысвечаную ахвярам сталінскіх рэпрэсій[17].
Апошнія гады жыцця і неажыццёўленыя планы
[правіць | правіць зыходнік]У апошнія гады жыцця Павел Пруднікаў моцна хварэў, цераз што страціў магчымасць самастойна запісваць новыя творы. Незважаючы на гэта, ён не спыняў творчае дзейнасці да апошняга, дыктуючы новыя вершы пад запіс сваім родным.
У 1998] г. да Паўла Пруднікава звярнуўся беларускі літаратар Леанід Маракоў, які займаецца зборам звестак аб незаконна рэпрэсаваных у гады сталінскага рэжыму. Пісьменнік надыктаваў свае ўспаміны пра дзядзьку Леаніда — Валерыя Маракова, арыштаванага і расстралянага ў 1937 г.[18]
У планах пісьменніка было апублікаваць аповесць «Апала» — працяг аповесцяў «Пекла» і «Яжовыя рукавіцы» — і паэму «Ізгой», дзе расказвалася пра пакуты чалавека, які адбыў тэрмін зняволення, але якога грамадства і тагачасная сістэма не жадалі прымаць як роўнага. Фактычна ў гэтых творах аўтар хацеў расказаць пра свае нягоды другой паловы 1940-х — пачатку 1950-х гг. Але выданне твора так і не было ажыццёўлена. Таксама ён хацеў выдаць кнігу «Незагойныя раны» пра прымусовую калектывізацыю ў беларускай вёсцы. Неапублікаванымі засталіся шмат новых вершаў, паэма, прысвечаная чарнобыльскай трагедыі. Таксама ў планах пісьменніка было выданне зборніка выбраных твораў за ўвесь перыяд сваёй творчасці, якому ён даў назву «Водгулле». Аднак, будучы хворым, ён не змог рэалізаваць гэтай задумы.
Значэнне творчасці
[правіць | правіць зыходнік]Павел Пруднікаў напісаў мноства твораў як у вершаванай, так і ў празаічнай форме: вершы, паэмы, аповесці, успаміны, вершы для дзяцей.
Творы 1930-х гг. пазначаныя прыкметамі таго часу. Асноўны іх лейтматыў — услаўленне ўдарнай працы, працоўнага энтузіязму. Раннім вершам уласціва патэтыка заклікаў, лозунгавасць. Але і ў позні перыяд творчасці паэту карціць тэма руху грамадства да новага. Засяроджванне ўвагі на актыўнасці, жыццёвай энергіі працаўніка было зусім характэрна для чалавека, які змог перажыць жахі сталінскіх турмаў. Але ў сталым узросце значнае месца пачынае займаць роздум пра жыццё, які пераплецены з апяваннем хараства роднае зямлі і асэнсаваннем яе мінулага[19]. Павел Пруднікаў стаў адным з першых паэтаў, хто апеў прыгоства Браслаўскага краю[20][21]. Працоўныя будні савецкіх людзей, гераічнае мінулае краіны, трывога за мір на зямлі — такія асноўныя матывы вершаў Паўла Пруднікава. Яны вызначаюцца традыцыйным рытміка-інтанацыйным ладам, напеўнасцю, у некаторых вершах адчуваецца ўплыў паэтыкі Янкі Купалы[11].
Найбольш значным у творчасці Паўла Пруднікава з'яўляецца шэраг твораў, прысвечаных жаху сталінскіх рэпрэсій. Менавіта яго творы з'яўляюцца аднымі з самых яскравых у беларускай літаратуры на гэту трагічную тэму. Адметнасцю творчасці паэта з'яўляецца тое, што расказ пра гэта ён увасобіў у вершаванай форме (паэмы «Таймыр», «Кожны другі», нізка вершаў «Балючая памяць»[22]). Паэмы і аповесці змяшчаюць апісанне шматлікіх рэальных выпадкаў, што адбыліся на вачах аўтара.
Дзякуючы таму, што Павел Пруднікаў пачаў сваю творчую дзейнасць яшчэ ў міжваенны перыяд, ён меў кантакты з беларускімі літаратарамі бадай ці не ўсіх эпох. Гэты багаты досвед, працягласцю ў паўстагоддзе, быў увасоблены ў зборніку ўспамінаў «Далёкае, але не забытае» (Мн., 1988). Значная частка кнігі адведзеная ўспамінам пра маладых паэтаў і пісьменнікаў 1930-х гг., якія загінулі на вайне ці яшчэ падчас вялікага тэрору ў СССР: Змітро Віталіна, Змітрака Астапенку, Алеся Дудара, Міхася Зарэцкага, Тодара Кляшторнага і іншых.
Творы Паўла Пруднікава адлюстроўваюць складаны жыццёвы лёс аўтара. У яго творчасці перапляліся і ўслаўленне савецкага грамадства і яго дасягненняў, і паказ жудаснага адваротнага боку савецкай сістэмы — рэпрэсій, — і філасофскі роздум аб жыцці, і апяванне хараства прыроды і роднага краю.
На вершы Паўла Пруднікава «Першамайская» і «У паходы» напісаў песні беларускі савецкі кампазітар Юрый Семяняка[11].
Матэрыялы ў архівах і музеях
[правіць | правіць зыходнік]Дакументы, прысвечаныя жыццю і творчасці Паўла Пруднікава, можна знайсці ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (ф. 332)[23]. Экспазіцыі, прысвечаныя пісьменніку, змяшчаюцца ў Клімавіцкім краязнаўчым музеі і Браслаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі[24].
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]3 красавіка 1992 года паводле Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь № 1568-XII удастоены годнасці «Заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь»[25]. У 1995 г. Павел Пруднікаў за кнігу «За калючым дротам» быў узнагароджаны прэміяй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Творы
[правіць | правіць зыходнік]- Песні грузчыкаў: Вершы. — Мн., Белдзяржвыд, 1932. (у сааўтарстве з Я. Субачом)
- Час майго нараджэння. Вершы. — Мн., Беларусь, 1968. — 112 с.
- Далёкае і блізкае // Вытокі песні. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў. Мн., Маст. літ., 1973. — 336 с., іл.
- Прысады: Вершы. — Мн., Маст. літ., 1979. — 80 с., іл.
- Мая магістраль: Выбранае. Вершы, успаміны. — Мн., Маст. літ., 1981. — 239 с., 1 л. партр.
- Заасцёр'е: Вершы, паэма. — Мн., Маст. літ., 1986. — 126 с., іл.
- Заранка: Вершы: Для сярэд. шк. узросту / Маст. М. Д. Рыжы. — Мн., Юнацтва, 1987. — 71 с., іл.
- Далёкае, але не забытае: Успаміны. — Мн., Маст. літ., 1988. — 175 с.
- Познія ягады: Вершы, паэмы. — Мн., Маст. літ., 1990. — 158 с.
- Крыніцы: Выбранае: Вершы і паэмы / Прадм. А. Марціновіча. — Мн., Маст. літ., 1991. — 334 с., іл.
- Па знаёмых пякучых сцежках // Правда истории: память и боль / Сост. Н. М. Жилинский. — Мн., Беларусь, 1991. — 432 с., [4] л., илл.
- За калючым дротам: Аповесці. — Мн., Маст. літ., 1993. — 272 с.
- Пароша: Вершы. Паэма-аповесць. — Мн., Маст. літ., 1996. — 142 с., іл.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ У 13-м томе Беларускай Энцыклапедыі памылкова стаіць дата 16 красавіка
- ↑ Пруднікаў, П. Далёкае і блізкае // Вытокі песні. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў. Мн., Маст. літ., 1973. — С. 228—229, 233
- ↑ Далёкае і блізкае // Вытокі песні… — С. 230—233
- ↑ Клімавіцкі райвыканкам. Афіцыйны сайт. Зямля старажытных скарбаў
- ↑ Пруднікаў, П. Далёкае і блізкае // Вытокі песні… — С. 231
- ↑ Пруднікаў, П. Памяці Паўлюка Труса // Голас вясны далёкай: Паўлюк Трус ва ўспамінах, лістах, артыкулах, вершах / Склад. Н. Б. Ватацы, Я. І. Садоўскі. — Мн., Маст. літ., 1994. — 207 с., [8] л., іл.
- ↑ Далёкае і блізкае // Вытокі песні… С. 236—238
- ↑ Пруднікаў Павел. Біяграфія(недаступная спасылка)
- ↑ Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзінскі; Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн., Маст. літ., 1994. С. 442
- ↑ Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзінскі; Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн., Маст. літ., 1994. — С. 443
- ↑ а б в Літаратурнае жыццё Клімавіцкага раёна. Пруднікаў Павел(недаступная спасылка)
- ↑ Пруднікаў, П. І. Час майго нараджэння. Вершы. — Мн., Беларусь, 1968. — С. 7
- ↑ Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т. Т. 4. Накцюрн — Скальскі/Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — С. 670.
- ↑ Крыніцы. С. 211—224
- ↑ Пруднікаў П. Па знаёмых пякучых сцежках: Былы вязень сталінскіх канцлагераў вяртаецца на месца былых пакут // Беларусь. — 1989. — N 10. — С. 4-5.
- ↑ За калючым дротам. Мн., 1993. С. 271
- ↑ Пароша. — Мн., 1996. — С. 82-140
- ↑ Паэт эмоцый // Маладосць. 1998. № 12. С. 196—209.
- ↑ Пруднікаў, П. І. Час майго нараджэння. С. 39-49
- ↑ Пруднікаў, П. І. Час майго нараджэння. С. 50-58
- ↑ Пруднікаў, П. І. Мая магістраль. С. 118, 126
- ↑ Пруднікаў, П. І. Крыніцы. — С. 211—227
- ↑ Государственные архивы Республики Беларусь (1944—1997). Краткий справочник // Белорусский государственный архив-музей литературы и искусства (БГАМЛИ)
- ↑ Браславский историко-краеведческий музей // Витебская обл. на interfax.by Архівавана 5 кастрычніка 2011.
- ↑ Указ Президиума Верховного Совета Республики Беларусь от 3 апреля 1992 г. № 1568-XII «О присвоении Прудникову П. И. почетного звания „Заслуженный работник культуры Республики Беларусь“»
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 48. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
- Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзінскі; Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн., Маст. літ., 1994. — С. 442—443.
- Кобрын У. Не стукайся, старасць, у дзверы // Мінская праўда. 1981, 15 ліп.
- Маракоў Л. Пад страхам усё жыццё // Голас Радзімы. 1999. 29 снеж.
- Маракоў Л. Праз сорак смерцяў: Апошняе інтэрв'ю з П.Пруднікавым // ЛіМ. — 2000. — 28 красавіка. — С. 14-15.
- Маракоў Л. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія i культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991. Том II. С. 160—161.
- Марціновіч А. Вёрстамі любві i нянавісці // ЛіМ. — 1991. — 19 ліп. — С. 13.
- Марціновіч А. 'Ёсць гусінае возера…:[ Да 90 — годдзя з дня нараджэння Паўла Пруднікава] // Родная ніва. — 2001. — 15 верасня. — С. 2.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Клімавіцк. р-на. — Мн.: Універсітэцкае, 1995. — С. 629—630.
- Снегін В. «Нягучная песня мая…» // Чырвоная змена. 1981, 14 ліп.
- Старавыбарны П. Голас сэрца // Настаўніцкая газета. 1971, 7 ліп.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Літаратурнае жыццё Клімавіцкага раёна. Пруднікаў Павел(недаступная спасылка)
- Павел Пруднікаў. Пекла. Аповесць Архівавана 26 жніўня 2011.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія i культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991. Том II. ПРУДНІКАЎ Павел Іванавіч
- Нарыльлаг — Рэсурсы Інтэрнэт
- Краснаярскае таварыства «Мемарыял». Матэрыялы па тэме «Нарыльлаг» Архівавана 4 ліпеня 2010.
- Нарадзіліся 14 ліпеня
- Нарадзіліся ў 1911 годзе
- Нарадзіліся ў Клімавіцкім павеце
- Памерлі 16 сакавіка
- Памерлі ў 2000 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Члены Саюза пісьменнікаў Беларусі
- Лаўрэаты прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі
- Заслужаныя дзеячы культуры Рэспублікі Беларусь
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Беларускамоўныя паэты
- Рэпрэсаваныя савецкай уладай
- Паэты Беларусі
- Пісьменнікі Беларусі
- Беларускамоўныя пісьменнікі