Пантэон (Рым)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Пантэон, Рым)
Славутасць
Пантэон
італ.: Pantheon
41°53′55″ пн. ш. 12°28′37″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Канфесія каталіцтва
Епархія Рымская дыяцэзія[d]
Архітэктурны стыль старажытнарымская архітэктура[d]
Архітэктар Апаладор Дамаскі
Дата заснавання каля II стагоддзе
Вышыня 43,3 м
Матэрыял бетон
Сайт pantheonroma.com
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Інтэр’ер Пантэона
Купал Пантэона

Пантэон (па-лацінску: Pantheon ад старажытнагрэчаскага Πάνθεον) — храм у Рыме, выдатны помнік старажытнарымскай архітэктуры.

Храм упершыню пабудаваў Марк Віпсаній Агрыпа пры імператары Актіавіяне Аўгусце. Аднак прыкладна ў 80 годзе н.э. храм быў знішчаны ў час вялікага пажару і зноў адбудаваны імператарам Адрыянам. Храм пабудаваны ў класічным стылі і мае звычайны порцік з калонамі. Даволі арыгінальным элементам архітэктуры Пантэона з’яўляецца купал з адтулінай.

Першапачаткова храм быў прысвечаны ўсім паганскім багам, але ў 609 годзе Рымскі Папа Баніфацый IV ператварыў храм у хрысціянскі і прысвяціў яго ўсім хрысціянскім святым. У часы Рэнесансу храм, які стаў прыкладам для майстроў у час панавання моды на антычнасць, пачаў выкарыстоўвацца як магільня для вядомых людзей.

Храм з’яўляецца класічным прыкладам купальнага будынка. Прапорцыі яго вызначаюцца дасканаласцю: пры вышыні 42,7 м, амаль аднолькавай з дыяметрам купала (43,5 м), пры вышыні сцен, роўнай радыусу асноўнага, круглага ў плане аб’ёму, ва ўнутраную прастору ўпісваецца шар. Купал мае форму паўсферы, якая ляжыць на цыліндрычнай аснове. Пантэон узведзены з традыцыйных матэрыялаў — цэглы і бетону. Ён пакоіцца на падмурку глыбінёй 4,5 м, а таўшчыня сцен храма дасягае 6,3 м. Унутры іх ёсць пустоты, разлічаныя на памяншэнне вагі. Акрамя гэтага для трываласці і раўнамернага размеркавання нагрузкі выкарыстана строга прадуманая сістэма вялікіхі малых цагляных арак, папярочных перамычак. Знадворку круглым сценам проціпастаўлены васьмікалонны порцік карынфскага ордэра. Фактычна гэта адзінае ўпрыгожанне замкнёнага знешняга аб’ёму храма, у якім галоўны мастацкі эфект перанесены на ўнутраную прастору.

Стварэнню ўражання неабсяжнасці, велізарнага аб’ёму садзейнічаюць амаль усе элементы інтэр’ера — ад мармуровай падлогі, інкрустацый сцен, калон карынфскага ордэра, ніш для скульптуры, паясоў, што падкрэсліваюць падзел на ярусы, да кесаніраванага купала з амаль дзевяціметровай у дыяметры адтулінай для асвятлення. Менавіта кесоны ствараюць эфект несапраўднай перспектывы, падкрэсліваючы вышыню будынка.

Храм успрымаўся рымлянамі як увасабленне сусвету, а кожная дэталь яго ўбрання, народжаная геніем архітэктара, напаўнялася ў свядомасці асобы адчуваннем шматзначнасці мастацкага вобраза прасторы. На працягу стагоддзяў многія архітэктары імкнуліся пераўзысці ў сваіх збудаваннях Пантэон. Калі ў памерах гэта некаторым і ўдавалася, то ў адчуванні меры, прапорцый, кампазіцыі храм быў недасягальны.

Зноскі

  1. archINFORM — 1994. Праверана 30 ліпеня 2018.
  2. а б dati.beniculturali.it — 2014.
  3. Indagine sui musei e le istituzioni similari — 2022.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Лазука, Б. Гісторыя сусветнага мастацтва. Ад старажытных часоў па XVI стагоддзе / Б. А. Лазука. — Мн.: Беларусь, 2010. ISBN 978-985-01-0894-4

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]