Касцёл Святога Казіміра (Расна)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каталіцкі храм
Касцёл Святога Казіміра
54°00′42″ пн. ш. 31°11′41″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Расна
Канфесія Каталіцтва
Епархія Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
Мсціслаўскі дэканат
Благачынне Мсціслаўскі дэканат[d]
Ордэнская прыналежнасць Ордэн езуітаў
Тып будынка базіліка
Архітэктурны стыль класіцызм
Заснавальнік Лявон Парчэўскі
Першае згадванне 1744 г.
Будаўніцтва 18121819 гады
Статус ахоўваецца дзяржавай
Стан зруйнаваны
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцё́л Свято́га Казімі́ра — мураваны каталіцкі храм у цэнтры аграгарадка Расны Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці, адзін з яскравых прыкладаў класіцызма XIX стагоддзя на тэрыторыі Беларусі[1], помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Расненская каталіцкая супольнасць упершыню згадваецца ў 1744 годзе, на той час яна адносілася да Аршанскага дэканата Віленскай дыяцэзіі. У 1747 годзе ў мястэчку засноўваецца езуіцкая місія (дзейнічала да 1773 года), якая падпарадкоўвалася Мсціслаўскаму калегіуму. У год заснавання місіі ўладальнік Расны, рагачоўскі староста граф Міхаіл Пацей перадаў езуітам 10 чвэрцяў ячменю, 4 – грэчкі, 3 – пшаніцы, 1 – аўса, 5 – канапель і гароху, 1 дзіка і 1 бочку солі. Праз чатыры гады пры падтрымцы Пацеяў на грошы прыхаджан быў узведзены драўляны касцёл Святога Казьмы, перададзены езуітам пад апеку. У выніку ўвахода паселішча ў склад Расійскай імперыі пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у верасні 1775 года храм быў зацверджаны парафіяльным[2].

Драўляны будынак першага касцёла згарэў падчас пажару 1804 года. Праз восем гадоў на яго месцы пачалося ўзвядзенне новага мураванага храма, якое вялося за кошт ахвяраванняў айцоў-езуітаў і Лявона Парчэўскага. Набажэнствы ў гэты перыяд адбываліся ў часовым памяшканні. У 1818 годзе будаўніцтва было амаль скончана, а ў наступным годзе завершаны касцёл асвяцілі ў гонар Святога Казіміра. Да 1868 года храм працягваў існаваць як парафіяльны, а пасля скасавання прыхода стаў філіяльным[3].

У 1843 годзе касцёл быў пашкоджаны бурай, у выніку чаго апынуўся зламаным дах будынка. У 1853 годзе ў храме непрацяглы час праводзіліся буйныя рэстаўрацыйныя працы. Па звестках 1849 года, касцёл адносіўся да Чавускага дэканата Магілёўскай архідыяцэзіі. Станам на 1886 год, у парафіі налічвалася 971 вернікаў, дзейнічала капліца ў Забалоцці[4]. Юзафат Жыскар у працы «Nasze kościoły» звяртаў ўвагу, што парафія невялікая, служыў толькі адзін ксёндз, а прыхаджанамі з’яўляліся, у асноўным, дробная шляхта і землеўладальнікі, беларусаў-вернікаў было толькі некалькі чалавек. Сам будынак пры гэтым знаходзіўся ў добрым стане і не патрабаваў рамонту[2]. Каля храма была пастаўлена драўляная званіца з 5 званамі, размяшчаліся цвінтар даўжынёй 14 і шырынёй 13 сажаняў, драўляная плябанія, свіран, лядоўня, стайня, пуня, вазоўня і іншыя пабудовы[5].

У 1923 годзе касцёл Святога Казіміра ўжо значыцца ў спісе парафій без адказнага святара, а ў 1930-я гады сам храм быў зачынены і пераўтвораны спачатку ў клуб, пасля — у склад. Падчас Другой сусветнай вайны будынак моцна пацярпеў ад абстрэлу і больш не аднаўляўся. На цяперашні момант у Расне існуе адроджаная каталіцкая парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Казіміра, дзейнічае часовая капліца. У 2007 годзе будынак былога касцёла быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей[5].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Помнік архітэктуры класіцызму з шырокім выкарыстаннем ордарных элементаў. Уяўляе сабой трохнефавую базіліку з прамавугольнай у плане апсідай і дзвюма сакрысціямі. Будынак накрыты двухсхільным дахам, першапачаткова драўляным, пасля — бляшаным (не захаваўся). Галоўны фасад вылучаны чатырохкалонным дарычным порцікам, завершаным трохвугольным франтонам з развітым антаблементамтрыгліфамі і метопамі). Па баках порціка знаходзіліся невялікія конхавыя нішы з трохвугольнымі сандрыкамі. Бакавыя фасады таксама падкрэслены рызалітамі з чатырохкалоннымі порцікамі і паўцыркульнымі нішамі. 18 аконных і дзвярных прамавугольных праёмаў аздоблены сандрыкамі. У алтарнай частцы знаходзілася адзінае паўкруглае акно. Бабінец быў падзелены дзвюма драўлянымі перагародкамі. На галоўным франтоне раней знаходзіўся драўляны крыж. Існавалі тры ганкі, да кожнага з якіх вялі па тры прыступкі[1][6].

Унутраная прастора падзелена дзвюма шэрагамі з шаснаццаці калон дарычнага ордэру на тры нефы, злучаныя цыліндрычнымі скляпеннямі. Падлога драўляная, з хваёвых дошак. Паводле інфармацыі з «Ведамасцяў аб касцёлах за 1831 год», у інтэр’еры вылучаліся чатыры алтары, а таксама арган. Галоўны алтар змяшчаў абраз Святога Казіміра ў поўны рост, зверху знаходзіўся другі абраз Сэрца Збаўцы. Пад абразом Св. Казіміра вісеў герб ахвярадаўцаў Ельяшэвічаў. Другі алтар, па правым баку, з Укрыжаваным Ісусам Хрыстом, утрымліваў у падножжы 3 абразы: Святога Апостала Пятра, Святой Марыі Магдалены і Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Трэці алтар, па левым баку, меў абраз Божай Маці ў срэбранай рызе і абраз-копію Божай Маці Чанстахоўскай. Зверху месцаваўся абраз Бога Саваофа са Збаўцам, які ўскладае карону на галаву Найсвяцейшай Дзевы Марыі. У чацвёртым алтары, па левым баку, былі выяўлены Збаўца і абраз Святога Антонія[5].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б Славутасці Дрыбінскага раёна (руск.)(недаступная спасылка). Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт (30 сакавіка 2018). Архівавана з першакрыніцы 5 ліпеня 2019. Праверана 05.07.2019.
  2. а б Żyskar 1913, с. 99.
  3. І. А. Берднікава. Раснаўскі касцёл Казіміра // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5., с. 414
  4. Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze (польск.). — Warszawa, 1888., с.529
  5. а б в Касцёл св. Казіміра ў в. Расна (Дрыбінскі раён) . Магілёўскі і Бабруйскі дэканаты Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі (6 мая 2014). Праверана 05.07.2019.
  6. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл., с.205

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]