Батальён КАП «Клецк»
Батальён Корпуса аховы памежжа «Клецк» | |
---|---|
Batalion KOP «Kleck» | |
Гады існавання | верасень 1924 — верасень 1939 |
Краіна | Польшча |
Падпарадкаванне | Корпус аховы памежжа |
Уваходзіць у |
Брыгада КАП «Навагрудак» (1924—1937) → Полк КАП «Сноў» (1937—1939) |
Тып | батальён і Корпус аховы памежжа |
Функцыя | Ахова савецка-польскай мяжы |
Колькасць | 828 жаўнераў |
Дыслакацыя | Клецк |
Рыштунак | Кулямёты, мушкетоны, вінтоўкі, карабіны, пісталеты |
Войны | Польская абарончая вайна (1939) |
Камандзіры | |
Вядомыя камандзіры | капітан Станіслаў Звойшчык |
Батальё́н Ко́рпуса ахо́вы паме́жжа «Клецк» (польск.: Batalion KOP «Kleck») — дзявяты батальён Корпуса аховы памежжа часоў міжваеннай Польскай Рэспублікі, які размяшчаўся ў Клецку ў 1924—1939 гадах. Захаваныя казармы батальёна прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі[1].
Складаўся з камандавання, узводу сувязі, кулямётнай, рэзервовай і трох памежных ротаў. Прымаў удзел у польскай абарончай вайне, а падчас пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь — у абароне дзяржаўных межаў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]На паседжанні палітычнага камітэта Рады міністраў Польскай Рэспублікі, якое адбывалася 21—22 жніўня 1924 года было прынята рашэнне аб стварэнні адмысловага ўзброенага фармавання для аховы ўсходняй мяжы, з прычыны чаго 12 верасня 1924 г. польскае Міністэрства вайсковых спраў выдала распараджэнне аб стварэнні Корпуса аховы памежжа, а 17 верасня таго ж года — дапаўненне з указаннем яго структуры. На першым этапе арганізацыі гэтага вайсковага ўтварэння на падставе загада генеральнага штаба ад 27 верасня 1924 года была заснавана другая памежная брыгада, а ў яе складзе — дзявяты памежны батальён[2].
У склад батальёна ўвайшлі чатыры пяхотныя роты, дружына камандзіра батальёна і ўзвод сувязі. Штат служачых налічваў 25 афіцэраў, 200 унтэр-афіцэраў і 603 шараговых жаўнераў. Ва ўзбраенні знаходзіліся 2 станкавыя кулямёты і 48 ручных кулямётаў, 48 мушкетонаў, 439 вінтовак, 280 карабінаў і 32 пісталеты. Транспартнымі сродкамі былі 15 конных вазоў, 1 матацыкл і 7 ровараў[3]. Даўжыня ахоўванага батальёнам адрэзка мяжы складала 57 км, з іх ліку на адну роту даводзілася 19 км, на стражніцу — 5 км.
Адлегласць камандавання брыгады ад камандавання батальёна, размешчанага ў Клецку, была роўнай 45 км. У лістападзе 1924 г. падраздзяленне заступіла на службу ў Навагрудскім ваяводстве, дзе ў 1934 г. абараняла 59.473 км памежнай паласы[4].
Пад канец 1920-х г. у другой памежнай брыгадзе была арганізавана школа трэніроўкі выведвальна-следчых сабак, якую вырашылі размясціць пры дзявятым батальёне ў Клецку, аднак 31 студзеня 1934 года гэтая ўстанова была ліквідавана[5].
Дзеля павышэння колькасці кваліфікаваных вайскоўцаў спецыяльнага прызначэння 1 красавіка 1928 г. пры батальёне быў створаны цэнтр падрыхтоўкі сапёраў. Таксама замест існуючых кулямётных узводаў была заснавана кулямётная рота[6].
У ліпені 1929 года другая памежная брыгада была пераназвана ў брыгаду «Навагрудак» згодна з правілам, у адпаведнасці з якім адзінкі Корпуса аховы памежжа сталі называцца паводле мясцовасцяў іх дыслакацыі. Тое ж самае адбылося і з дзявятым памежным батальёнам, які быў перайменаваны ў батальён «Клецк». Некаторы час нумарацыя адзінак захоўвалася, але ў 1931 годзе была цалкам скасавана[7].
На той час рыштунак падраздзялення складаўся з 734 вінтовак Бярц’е ўзору 1916 г., 49 ручных кулямётаў «Шаша» узору 1915 г. і 2 станкавых кулямётаў «Гочкіс» узору 1914 г.[8]
Пасля правядзення рэарганізацыі Корпуса аховы памежжа «R.2» батальён стаў складацца з камандавання, узвода сувязі, кулямётнай, рэзервовай і трох памежных ротаў. У лістападзе 1936 г. у падраздзяленні служылі 20 афіцэраў, 66 унтэр-афіцэраў, 23 звыштэрміновых і 572 шараговых жаўнераў[9].
Загадам камандавання ад 23 лютага 1937 года была распачата першая фаза рэканструкцыі Корпуса аховы памежжа «R.3», у выніку чаго батальён атрымаў новую працу. Ён стаў адміністрацыйнай адзінкай для кавалерыйскага эскадрона «Клецк», аднайменнага пастарунка жандармерыі і батарэі лёгкай артылерыі. У выніку рэалізацыі другой фазы рэфармавання КАП улетку 1937 года другая памежная рота «Хомінка» была заменена на другую памежную роту «Вароніна» са стражніцамі «Кунцаўшчына» і «Геленава», а таксама на першую памежную роту са стражніцамі «Морач» і «Колкі». Стражніца «Лазовіцы» трэцяй памежнай роты «Смолічы» батальёна «Клецк» была перададзена да другой роты «Сейлавічы» батальёна «Стоўбцы». Узвод сувязі роты «Вароніна» быў размешчаны ў казармах роты «Любянец», а яе камандаванне было размешчана разам з камандаваннем роты «Хомінка» батальёна «Людвікава»[10].
15 мая 1939 года падраздзяленне стала гаспадарчым аддзелам, у выніку чаго пасада кватэрмайстара была пераназвана ў пасаду намесніка камандзіра па гаспадарчых справах[11].
Мабілізацыя і напад на батальён
[правіць | правіць зыходнік]31 жніўня 1939 года, у першы дзень усеагульнай польскай мабілізацыі, батальён стаў адзінкай ў складзе 96-га пяхотнага палка на чале з новым камандзірам — капітанам Зыгмунтам Кледзікам. 96-гі пяхотны полк увайшоў ў склад 38-й пяхотнай дывізіі, якая 6 верасня была падпарадкавана камандаванню арміі «Карпаты», перапраўлена да чыгуначных станцый у Стоўбцы і Лунінец і адтуль праз Здалбуніў і Львоў накіравана ў раён Пшэмысля і Дабромыля. Пасля заканчэння мабілізацыі 96-га пяхотнага палка батальён «Клецк» узмацніў свае сілы і працягнуў памежную службу. Камандзір батальёна на той час, падпалкоўнік Яцэк Юра, стаў камандзірам палка «Сноў»[12].
Пасля аднаўлення батальён «Клецк» працягнуў ахову савецка-польскай дзяржаўнай мяжы даўжынёй у 37.738 км пад кіраўніцтвам камандзіра — капітана Станіслава Звойшчыка.
17 верасня 1939 г. а чацвёртай гадзіне раніцы ў межах пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь на батальён быў здзейснены напад з савецкага боку. Памежнікам супрацьстаялі аддзяленні чырвонаармейцаў і войскаў аховы памежжа НКУС, якія пачалі свой наступ з боку дарогі на Слуцк. Увечары адзінкі батальёна «Клецк» разам з адной пяхотнай ротай адыйшлі спачатку да Крывошына, а пасля да Лунінца і разам з іншымі польскімі вайсковымі фармаваннямі пачалі дзейнасць у складзе згуртавання генерала Вільгельма Орліка-Рукемана[13].
Культурна-асветніцкая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Дзейнасць батальёна не абмяжоўвалася толькі вайсковымі справамі. Ён валодаў уласным кінатэатрам, кіраваў камандай аматарскага тэатра і спрыяў дзейнасці ваеннага духавога аркестра, які ўтварыўся 1 верасня 1930 года, а таксама змешанага хору «Лютня», які пачаў дзейнічаць 15 кастрычніка 1930 г. Заснавальнікам і капельмайстарам аркестра і хору быў Юзаф Сакалоўскі[14].
-
Навучанне жаўнераў батальёна бетанаванню, 1929 г.
-
Хор «Лютня» пры батальёне, 1932 г.
-
Драўляная брама да казармаў батальёна «Клецк»
-
Казармы батальёна «Клецк», помнік архітэктуры мадэрну
Артылерыйская батарэя «Клецк»
[правіць | правіць зыходнік]У верасні 1937 года пры дзявятым батальёне на падставе загада камандзіра Корпуса аховы памежжа ад 26 верасня 1937 года была заснавана артылерыйская батарэя. У плане прыналежнасці батарэя адносілася да палка «Сноў», якому падпарадкоўвалася ва ўсіх пытаннях, акрамя навучальнага, дзе батарэя падлягала дзявятай артылерыйскай групе. На той час у ёй служылі 3 афіцэры, 11 унтэр-афіцэраў і 59 шараговых жаўнераў. Налічвалася 54 коней[15].
У красавіку 1939 года батарэя разам з батальёнам «Слабодка» была мабілізавана і перадыслакавана ў раён Аўгустава, дзе стала падпарадкоўвацца камандаванню самадзейнай аператыўнай групы «Нараў». Напачатку вераснёвай кампаніі батарэя разам з 3-ім пяхотным палком і батальёнам «Сейны» увайшла ў склад сувальскай кавалерыйскай брыгады, але непасрэднага ўдзелу ў ваенных дзеяннях не прымала. 9 верасня 1939 г. згуртаванне «Аўгустаў», якое скаладалася з 3-га пяхотнага палка, батальёна «Сейны» і батальёна «Клецк» стала падпарадкоўвацца камандаванню вайсковага акружнога корпуса №3. Уначы з 13 на 14 верасня батарэя была перадыслакавана са станцыі «Аўгустаў» да Усходняй Малапольшчы, а 17 верасня, знаходзячыся на перасячэнні маршрутаў да Львова, падраздзяленне было высаджана на чыгуначнай лініі Сарны—Кастопаль у Валынскім ваяводстве. Пасля гэтага, яна ўвайшла ў склад артылерыйскага дывізіёна, створанага ў рэзервовым Цэнтры лёгкай артылерыі №3 у Пружанах. Дывізіёнам камандаваў маёр артылерыі Стэфан Чэрнік. Пасля ён стаў непасрэдна падпарадкоўвацца камандзіру згуртавання Корпуса аховы памежжа генералу Вільгельму Орлік-Рукеману. У складзе гэтага згуртавання батарэя ўдзельнічала ў бітвах пад Шацкам і Вытычным[15].
Здарэнні
[правіць | правіць зыходнік]Захаваліся звесткі аб здарэннях на тэрыторыі, якую ахоўваў батальён «Клецк» з 17 па 30 студзеня 1925 г.:
- Уначы з 13 на 14 студзеня 1925 г. пяць узброеных злачынцаў спрабавалі абрабаваць селяніна Ліпіньскага. Напалоханыя гучнымі крыкамі дачкі Ліпіньскага, бандыты здзейснілі адзін стрэл і збеглі. Найбліжэйшы савецкі памежны пост на стрэл бандытаў адкрыў агонь у польскі бок. Паднятая па трывозе другая памежная рота і дзясяты эскадрон кавалерыі з дапамогай паліцыі абшукалі ваколіцы, але слядоў рабаўнікоў не знайшлі[16].
- 19 студзеня 1925 г. на савецкім боку ў раёне Кукавічаў былі заўважаны некалькі цывільных вершнікаў, якія мелі прыхаваныя вінтоўкі і гранаты. Адзін з іх пад’ехаў да мяжы і некаторы час назіраў за польскай тэрыторыяй, але потым адступіў і разам з іншымі вершнікамі пакінуў мясцовасць[17].
- 19 студзеня 1925 г. на адрэзку мяжы №19 былі затрыманы два кантрабандысты, пазней перададзеныя паліцыі[17].
- 20 студзеня 1925 г. на адрэзку мяжы №20 былі затрыманы два чалавекі, якія спрабавалі незаконна перайсці на бок БССР. Парушальнікаў перадалі паліцыі[17].
- 21 студзеня 1925 г. паміж 17.30 і 19.50 на адрэзку мяжы насупраць Кабылінай Галавы[A] адбыўся вялікі пажар[19].
- Уначы з 20 на 21 студзеня 1925 г. у вёсцы Юшавічы былі пачуты гукі ад стрэлаў, якія, як выявіў воінскі патруль, здзейснілі грамядзянскія асобы ў дачыненні да паліцэйскага інфарматара. На месцы ў яўрэя Маера знайшлі расійскую вінтоўку[19].
- 23 студзеня 1925 г. для перадачы сакрэтных дакументаў з дзясятага эскадрона ў Івянец быў адпраўлены ўлан Бярэзін. На поўдзень ад фальварка Цапра, у лесе пры дарозе на Заполле на ўлана напалі дзве асобы, якія ўдарылі Бярэзіна нажом, але былі напалоханы і збеглі. Бандыты не кранулі дакументаў і ранены жаўнер здолеў давезці іх у месца прызначэння[20].
- 23—28 студзеня 1925 г. на адрэзку мяжы №19 паліцыя арыштавала нейкага Ксаверыя Вініча за незаконны продаж гарэлкі жаўнерам батальёна «Клецк» па завышаным кошце[20].
- 25 студзеня 1925 г. каля 9.00 непадалёку ад стражніцы «Лазовічы» быў затрыманы нелегальны парушальнік дзяржаўнай мяжы з савецкага боку[21].
- 26 студзеня 1925 г. каля 18.00 на савецкім боку адбыўся пажар у Навасёлках насупраць адрэзка мяжы Ёдчыцы—Касюты[B]. Напапярэдні, а таксама падчас пажара былі чутны выбухі ручных гранатаў[21].
Структура
[правіць | правіць зыходнік]
Арганізацыя ў 1934 годзе[правіць | правіць зыходнік]
|
Арганізацыя ў 1937 годзе[правіць | правіць зыходнік]
|
Арганізацыя ў 1939 годзе[правіць | правіць зыходнік]
|
Кіраўніцтва
[правіць | правіць зыходнік]
Камандзіры батальёна[правіць | правіць зыходнік]
|
Штат батальёна ў чэрвені 1939 года[правіць | правіць зыходнік]
|
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Колішні фальварак у гміне Лесуны Нясвіжскага павета Навагрудскага ваяводства[18]
- ↑ Колішняя вёска Касюты ў гміне Грыцэвічы Нясвіжскага павета Навагрудскага ваяводства[22]
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь 2009, с. 526.
- ↑ Канстанкевіч, Прохвіч, Руткевіч 2003, с. 23.
- ↑ Канстанкевіч, Прохвіч, Руткевіч 2003, с. 21.
- ↑ а б Поляк, Прохвіч, Яблонаўскі, Янкоўскі 2001, с. 300.
- ↑ Бяроза, Шчэпаньскі 2014, с. 54.
- ↑ Бяроза, Шчэпаньскі 2014, с. 51.
- ↑ Канстанкевіч, Прохвіч, Руткевіч 2003, с. 34.
- ↑ Канстанкевіч, Прохвіч, Руткевіч 2003, с. 101.
- ↑ Поляк, Прохвіч, Яблонаўскі, Янкоўскі 2001, с. 371.
- ↑ Zarządzenie w sprawie reorganizacji KOP 1937, с. 20.
- ↑ Поляк, Прохвіч, Яблонаўскі, Янкоўскі 2001, с. 624,629.
- ↑ Прохвіч 1994, с. 157.
- ↑ а б Прохвіч 2003, с. 166.
- ↑ «Orkiestr» 1931.
- ↑ а б Канстанкевіч, Прохвіч, Руткевіч 2003, с. 148—160.
- ↑ Meldunki sytuacyjne №8 1925.
- ↑ а б в Meldunki sytuacyjne №15 1925.
- ↑ фальварак Кабылля Галава
- ↑ а б Meldunki sytuacyjne №16 1925.
- ↑ а б Meldunki sytuacyjne №17 1925.
- ↑ а б Meldunki sytuacyjne №19 1925.
- ↑ вёска Касюты
- ↑ Поляк, Прохвіч, Яблонаўскі, Янкоўскі 2001, с. 721.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Meldunki sytuacyjne dowództwa Korpusu Ochrony Pogranicza №8/1925. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 1925.
- Meldunki sytuacyjne dowództwa Korpusu Ochrony Pogranicza №15/1925. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 1925.
- Meldunki sytuacyjne dowództwa Korpusu Ochrony Pogranicza №16/1925. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 1925.
- Meldunki sytuacyjne dowództwa Korpusu Ochrony Pogranicza №17/1925. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 1925.
- Meldunki sytuacyjne dowództwa Korpusu Ochrony Pogranicza №19/1925. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 1925.
- «Orkiestr» № 2 (6)/сакавік 1931 г.. — 1931.
- Zarządzenie dowódcy KOP w sprawie reorganizacji Korpusu Ochrony Pogranicza („R.3” I Faza) nr L.500/Tjn.Og.Org/37 z 23 lutego 1937 roku. — 1937.
- Анджэй Канстанкевіч, Ежы Прохвіч, Ян Руткевіч. Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939. — Варшава: Barwa i Broń, 2003. — ISBN 978-83-900217-9-9.
- Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / Склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мінск: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- Багуслаў Поляк, Ежы Прохвіч, Марэк Яблонаўскі, Уладзімір Янкоўскі. O niepodległą i granice. Korpus Ochrony Pogranicza 1924-1939. Wybór dokumentów. — Варшава—Пултуск: Wyższa Szkoła Humanistyczna w Pułtusku. Wydział Dziennikarstwa i Nauk Politycznych Uniwersytetu Warszawskiego, 2001. — ISBN 83-88067-47-8.
- Ежы Прохвіч. Korpus Ochrony Pogranicza w przededniu wojny, Część II. Przemiany organizacyjne i przygotowania wojenne KOP w 1939 roku. — «Wojskowy Przegląd Historyczny», №4 (150)/1994. — Варшава: Czasopisma Wojskowe, 1994. — С. 148—160. — ISBN 0043-7182.
- Ежы Прохвіч. Formacje Korpusu Ochrony Pogranicza w 1939 roku. — Варшава: Wydawnictwo Neriton, 2003. — ISBN 83-88973-58-4.
- Х’юберт Бяроза, Каятан Шчэпаньскі. Centralna Szkoła Podoficerska KOP. — Граева: Towarzystwo Przyjaciół 9 PSK, 2014. — ISBN 978-83-938921-7-4.