Рэформа беларускага правапісу 1933 года
Пастанова СНК БССР «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» прынята 26 жніўня 1933 года, апублікавана ў газеце «Звязда» 28 жніўня. Выдана аднайменнай асобнай брашурай у Менску. Нарматыўныя (да 1958) правапіс і граматыка беларускай мовы былі выдадзеныя ў 1934 годзе асобнай кнігай стотысячным тыражом пад рэдакцыяй Андрэя Александровіча.
Правапіс уключаў шэраг палажэнняў забароненага праекту рэформы Правапіснай камісіі Некрашэвіча (1930), але дадаткова ўтрымліваў і змяненні ў граматыцы[1].
У параўнанні з граматыкай Тарашкевіча (1918) быў узмоцнены марфалагічны прынцып будовы граматыкі, шэраг правіл спрасцілі і ўпарадкавалі.
Правапіс слоў замежнага паходжання прывялі ў большую адпаведнасць з беларускай фанетыкай, але прынцып акання, хоць і пашыраны, распаўсюдзіўся на ненаціскныя «э» і «е» вельмі абмежавана. Прынцып екання на гэтакія словы, аднак, не пашырылі.
Дадаткова ўвялі палітычна матываваныя выняткі (г. зв. «словы інтэрнацыянальнага рэвалюцыйнага паходжання», напр., комуніст, большэвік і пад.)
Ацэнкі
[правіць | правіць зыходнік]Правапіс выклікаў шмат пытанняў і нават пратэстаў[2] у БССР.
Шэраг правіл, напрыклад, ужывання вялікіх літар, напісання слоў разам, асобна ці праз злучок, некаторыя варыянты форма- і словазмянення, быў нармалізаваны на ўзор адпаведных правіл рускай арфаграфіі[3].
Некаторыя арфаграфічныя правілы не забяспечвалі прынцыпу аднолькавага напісання, уводзіліся надуманыя, штучныя правілы, якія не адпавядалі літаратурнаму вымаўленню, былі недакладныя ў фармулёўках і не пашыраліся на ўсю лексіку.
У газеце «Звязда» ў 1938 годзе адкрылі шырокую дыскусію па далейшых кірунках развіцця беларускай граматыкі і правапісу. Выказацца па гэтых пытаннях заклікала сваіх чытачоў газета «Советская Белоруссия». Гэту дыскусію, а пазней і акадэмічнае абмеркаванне, працягнулі пасля вайны (гл. Гісторыя беларускай мовы ў 1950-х гг.), што мела вынікам яшчэ адну рэформу беларускай граматыкі (1957).
Правапіс 1934 года катэгарычна не прыняла частка тагачаснай грамадскасці і пераважная большасць заходнебеларускай і пасляваеннай эмігранцкай супольнасці. У крытыцы (якая ўзыходзіць да публікацыі Яна Станкевіча «Зьмена граматыкі беларускага языка ў БСРР», Вільня, 1936) усе змяненні абвяшчаліся русіфікацыйнымі, а мэты рэформы — несапраўднымі, апроч пункту пра «скасаванне штучных бар’ераў паміж рускай і беларускай мовамі», які, разам з крытыкай «русіфікацыйных» змяненняў, агучваўся і трактаваўся ў далейшым як намер «наблізіць беларускую мову да рускай». Такі кірунак крытыкі, з падкрэсленнем ідэалагічнага аспекту, быў працягнуты ў 1990—2000 гг. шэрагам аўтараў (Л. Лыч, В. Вячорка, Н. Баршчэўская).