Перайсці да зместу

Бітва пры Бадахосе (1936)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бітва пры Бадахосе
Асноўны канфлікт: Грамадзянская вайна ў Іспаніі
Дата 14 жніўня 1936
Месца Бадахос, Іспанія
Вынік перамога нацыяналістаў
Праціўнікі
Другая Іспанская Рэспубліка Рэспубліканцы Паўстанцы-нацыяналісты
Камандуючыя
Ільдэфонса Пучдэнголас Хуан Ягуэ
Карлас Асенсіа
Антоніа Кастэхон
Сілы бакоў
ад 2 да 6 тыс. чалавек 3 тыс. чалавек
Страты
750 забітых
3 500 параненых, захопленых у палон і зніклых без вестак
44 забітых, 141 параненых[1][2]

Бітва пры Бадахосе — адна з першых буйных перамог франкістаў падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі. Пасля серыі нападаў, хоць і з істотнымі стратамі, нацыяналісты авалодалі ўмацаваным горадам Бадахос. Іспанская Рэспубліка апынулася адрэзанай ад мяжы з Партугаліяй, а тэрыторыі поўначы і поўдня Іспаніі, якія знаходзіліся пад кантролем нацыяналістаў, былі злучаны (аднак трывалы кантакт усталяваны толькі 8 верасня).

Перадгісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

Грамадзянская вайна ў Іспаніі пачалася 17 ліпеня 1936 года пасля часткова няўдалага дзяржаўнага перавароту: паўстанцам не ўдалося захапіць уладу, але Рэспубліка не змагла іх знішчыць. У выніку паўстанцкія сілы кантралявалі толькі прыкладна траціну краіны[3].

Лідар апазіцыі генерал Хасэ Санхурха загінуў у авіякатастрофе 20 ліпеня, усяго праз тры дні пасля пачатку ваеннага путчу. Замест яго засталіся генералы Эміліа Мола (кантраляваў Поўнач) і Франсіска Франка (кантраляваў Іспанскае Марока). Першым крокам нацыяналістаў была арганізацыя падтрымкі з паветра з боку Германіі і Італіі для перакідання амаль 10 000 рэгулярных салдат на поўдзень Іспаніі праз Гібралтарскі праліў[4].

З дапамогай паветраных мастоў, арганізаваных немцамі і італьянцамі, а таксама дзякуючы транспартным караблям, ім удалося перакінуць летам 1936 года Афрыканскую армію ў Паўднёвую Іспанію[4]. Сілы мяцежнікаў пад кіраўніцтвам Франка былі сабраны ў кулак у Севільі, і 1 жніўня ён аддаў загад аб пачатку наступлення на поўнач з мэтай злучэння з войскамі генерала Молы.

Мотастралковыя падраздзяленні франкістаў пад кіраўніцтвам палкоўніка Карласа Асенсіа і маёра Антоніа Кастэхона пачалі хуткае прасоўванне на поўнач. Да 10 жніўня, калі падпалкоўнік Хуан Ягуэ прыбыў для таго, каб прыняць камандаванне войскамі каля Мерыды, нацыяналістам ужо ўдалося заняць пазіцыі вакол партугальскай мяжы. Хутка Мерыда пала. Франка асабіста сачыў за аперацыяй па яе захопе, і ўвечары таго ж дня прыняў Ягуэ ў сваёй штаб-кватэры і абмеркаваў з ім наступленне на Бадахос і далейшыя задачы. Ён хацеў выбіць рэспубліканцаў з горада, каб аб’яднаць падкантрольныя паўстанцам зоны[5].

Пры наступленні на Бадахос, Ягуэ меў пад сваім камандаваннем 2250 салдат іспанскага легіёна, 750 мараканскіх рэгуларэс і пяць палявых батарэй. Унутры старажытнага горада-крэпасці, чые сцены былі па большай частцы дэмантаваны за некалькі гадоў да вайны[6], знаходзіўся палкоўнік Ільдэфонса Пучдэнголас, які меў у сваім распараджэнні каля 6000 апалчэнцаў (па іншых дадзеных, гэты лік вар’іруецца ад 2 да 4 тысяч). 6 жніўня, калі да горада падыходзілі войскі нацыяналістаў, частка грамадзянскай гвардыі распачала спробу перайсці на бок праціўніка[7]. Мяцеж быў падаўлены, хоць войскі рэспубліканцаў апынуліся знясілены.

Мяжа з Партугаліяй праходзіла на заходнім баку горада. Паўстанцы ішлі з усходу. Да пачатку атакі Бадахос падвяргаўся абстрэлу артылерыяй і бамбардзіроўцы авіяцыяй на працягу трох дзён. Горад быў наводнены бежанцамі, у паветры лунала атмасфера змрочнай безвыходнасці[8]. Франкісты пачалі наступленне раніцай 14 жніўня пасля працяглага абстрэлу. Падраздзяленне іспанскага легіёна, IV Bandera, разгарнула штурм Puerta de la Trinidad. Самыя надзейныя атрады абаронцаў, карабінерас, былі размешчаны там жа на выпадак атакі. Супраціў рэспубліканскіх кулямётчыкаў і стралкоў стрымаў наступленне.

Не звяртаючы ўвагі на страты, легіянеры працягвалі штурм. Дзякуючы падтрымцы бронеаўтамабіляў нацыяналістам удалося заняць Puerta de la Trinidad і знішчыць абаронцаў у рукапашным баі. Перамога, аднак, дасталася вялікай цаной: 16-я рота, якая ўдзельнічала ў атацы, страціла 76 салдат і афіцэраў з 90[9] (па іншых крыніцах, загінуўшых было 20, яшчэ 22 атрымалі раненні і 2 прапалі без вестак)[1]. У выніку нападу ўсе афіцэры падраздзялення, за выключэннем самога капітана і аднаго капрала, былі забіты (па іншых крыніцах, загінула двое афіцэраў з пяці)[10]. Тым часам салдаты Асенсіа ўвайшлі ў горад праз праломы ў сценах; штурм Puerta de la Trinidad, паводле позніх ацэнак, аказаўся марным[11].

На паўднёвым баку Бадахоса сілы нацыяналістаў не сустрэлі такога ж моцнага супраціву. Мараканскія рэгуларэс з Тэтуана прабіліся праз Puerta de Los Carros, і легіянеры з мараканцамі выбілі рэспубліканцаў з казармаў. Мноства салдат унутры горада перайшлі на бок мяцежнікаў, тым самым дазволіўшы палегчыць уваход наступаўшым[12]. Пасля ўзяцця абарончых валаў, нацыяналісты прымусілі рэспубліканцаў бязладна адступаць, пасля чаго пачалі штыкамі прабівацца да цэнтра, забіваючы ў тым ліку тых, хто кінуў зброю і падняў рукі. Вулічныя баі працягваліся і пасля наступлення цемры. Легіянеры захапілі ў палон 43 параненых апалчэнца ў мясцовым ваенным шпіталі і затым забілі іх[13].

Палкоўнік Пучдэнголас, разам з мэрам і іншымі членамі Камітэта абароны, выслізнуў з горада прыкладна ў 9:00 раніцы і збег у Партугалію[14].

Падзенне горада Бадахос азнаменавала поўны пераход рэгіёну Эстрэмадура, што на поўначы ад Уэльвы, пад кантроль франкісцкага ўрада. Пасля бітвы Ягуэ працягнуў наступленне ў бок Мадрыда і ракі Таха. На працягу наступных тыдняў свайго паходу ён уступаў у палявыя бітвы з сіламі Рэспублікі.

Баі, якія доўжыліся на працягу лета мелі прыкладна такі ж ход, што і пры Бадахосе: рэспубліканскія апалчэнцы займалі сярэднявечныя крэпасці, якія ўсеяныя на ўсёй тэрыторыі Кастыліі, але не маглі ні спыніць, ні нават запаволіць прасоўванне прафесійных войскаў Франка. Рэгулярная армія апынулася здольнай пераадольваць падрыхтаваную абарону, хоць і з вялікімі стратамі.