Георгій Уладзіміравіч Заборскі
Георгій Уладзіміравіч Заборскі | |
---|---|
Дата нараджэння | 29 кастрычніка (11 лістапада) 1909 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 27 сакавіка 1999 (89 гадоў) |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Працы і дасягненні | |
Месца працы | |
Навуковае званне | |
Партыя | |
Працаваў у гарадах | Мінск |
Найважнейшыя пабудовы |
Сувораўскае вучылішча Манумент Перамогі будынак ЦК ЛКСМБ помнік І. В. Сталіну помнік Якубу Коласу Надмагільны помнік Якубу Коласу Курапаты |
Горадабудаўнічыя праекты |
пл. Леніна Цэнтральная пл. Круглая пл. |
Прэміі | |
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Георгій Уладзіміравіч Заборскі (11 лістапада 1909, Мінск, Расійская імперыя — 27 сакавіка 1999) — беларускі архітэктар. Народны архітэктар СССР (1981), Заслужаны будаўнік БССР (1961), акадэмік Расійскай акадэміі архітэктуры і будаўнічых навук, акадэмік Беларускай акадэміі архітэктуры, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1971)[2].
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Георгій Заборскі нарадзіўся 11 лістапада 1909 г. у Мінску ў сям’і Уладзіміра Георгіевіча Заборскага, бухгалтара Маскоўска-Брэсцкай чыгункі, і Алены Іванаўны Заборскай (Зеглінг)[2].
Пасля заканчэння школы ў 1929 г. Г. Заборскі стаў рабочым на стадыёне. Прапрацаваўшы там год, паступіў у Мінскую прафтэхшколу сялянскага вогнетрывалага будаўніцтва. Першую практыку Г. Заборскі праходзіў на будаўнічай пляцоўцы будынка Дома ўрада. Тут жа адбылося яго знаёмства з архітэктарам І. Лангбардам[2].
Скончыўшы вучобу, Георгій Заборскі быў накіраваны ў Ленінградскую Акадэмію мастацтваў. Яго выкладчыкамі былі такія знакамітыя майстры як А. Белагруд, І. Лангбард, О. Мунц, А. Нікольскі і інш[2].
Пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў у 1939 г. Г. Заборскі па конкурсу трапіў у Маскву, але працаваў там нядоўга і хутка атрымаў накіраванне ў Мінск. Тут ён быў прызначаны кіраўніком навуковай экспедыцыі па вывучэнні помнікаў архітэктуры і мастацтва Гомельскай і Палескай абласцей[2].
У тым жа годзе ўдзельнічаў у рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект помніка для горада Беластока ў гонар уз’яднання Заходняй Беларусі. Яго праект быў прызнаны лепшым, але будаўніцтву перашкодзіла Вялікая Айчынная вайна[2].
Ужо ў першыя дні вайны пайшоў на фронт добраахвотнікам, але ў баях пад Смаленскам быў цяжка паранены і апынуўся ў шпіталі ўральскага гарадка Троіцка, дзе выканаў шэраг праектаў-эскізаў помнікаў, прысвечаных гераічнай перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, якія сталі асновай будучага помніка-манумента Перамогі ў Мінску[2].
Пасля вайны вярнуўся ў Беларусь і актыўна ўдзельнічаў у працы па адраджэнню зруйнаваных гарадоў і сёлаў. З 1945 года Георгій Заборскі кіруе архітэктурна-канструктарскімі майстэрнямі праектных інстытутаў «Белдзяржпраект» і «Мінскпраект». У 1952—1964 гадах выкладчык БПІ (дацэнт з 1954)[3]. Ён прымае актыўны ўдзел у распрацоўцы праектаў планіроўкі і забудовы Мінска, Полацка, Оршы. Георгій Заборскі прымае ўдзел у праектаванні плошчаў Мінска: Леніна (Незалежнасці), Цэнтральнай (Кастрычніцкай), Круглай (Перамогі)[2].
У 1950 г. займаецца праектаваннем жылой забудовы па вул. Леніна ў Мінску. У гэты ж час ім былі створаны Сувораўскае вучылішча і будынак ЦК ЛКСМБ. У 1952 г. па яго праекце быў адкрыты помнік І. В. Сталіну, а ў 1954 г. — помнік-манумент на пл. Перамогі[2].
У 1952 г. Георгій Уладзіміравіч спраектаваў дом для сям’і Я. Коласа. Пасля смерці паэта Заборскі прымаў удзел у стварэнні помніка на яго магіле, а праз некаторы час і помніка на плошчы Я. Коласа ў Мінску[2].
У пачатку 60-х гг. па праектах архітэктара будуюцца кінатэатр «Піянер» і музей Вялікай Айчыннай вайны. У гэты ж час Георгій Уладзіміравіч праектуе мемарыяльны комплекс «Зыслаў», адкрыццё якога адбылося ў 1969 г[2].
У сакавіку 1964 г. па асабістаму жаданню перайшоў у праектны інстытут БелНДІдзіпрасельбуд (у 1966—1979 кіраўнік майстэрні)[3]. Ён зрабіў вялікі творчы ўклад у справу стварэння сучаснага вобліка беларускага сяла. Асноўнымі праектамі гэтага часу сталі грамадскі цэнтр пас. Мышкавічы Кіраўскага раёна, забудова калгаса «Чырвоная Змена» Любанскага раёна, забудова пас. Верцялішкі — цэнтра калгаса «Прагрэс» Гродзенскага раёна, за якую ён атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР у 1971 г[2].
Практычную творчую дзейнасць скончыў у пачатку 1990-х гг. Адной з апошніх яго работ стаў праект помніка ахвярам масавых рэпрэсій у Курапатах пад Мінскам[2].
Памёр 27 сакавіка 1999 г[2].
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Галоўны кірунак творчасці — грамадзянская і сельская архітэктура. Асноўныя работы ў Мінску: корпус Лячсанупраўлення (1948, у сааўт.), ансамбль жылых дамоў па вул. Леніна (1949—56), карпусы педагагічнага інстытута імя М. Горкага (1951—59), гасцініца СМ БССР і Літаратурны музей Я. Коласа (1952), тыпавыя праекты райкамаў КПБ і райвыканкамаў (1952—56), рэканструкцыя будынка Мінскага сувораўскага вучылішча (1950—1953), ЦК ЛКСМБ (1953), аэравакзал «Мінск-1» (1957, у сааўт.), забудова Аўтазаводскай плошчы і прылеглага раёна (1955, у сааўт.), Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (1967), рэканструкцыя плошчы Леніна (1947—57), кінатэатр «Піянер» і Дзяржаўны тэатр лялек (1964). Сааўтар генплана Полацка (1949)[3].
3 1966 года працуе ў галіне сельскага будаўніцтва; сааўтар планіроўкі і забудовы вёсак Верцялішкі Гродзенскага (1969, Дзяржаўная прэмія СССР 1971), Сарачы і Рэдкавічы Любанскага раёнаў (1967—1982; усе ў сааўт.), аўтар Палаца культуры, гандлёвага цэнтра з гасцініцай, жылых дамоў у в. Мышкавічы Кіраўскага раёна, адміністрацыйнага будынка ў в. Сноў Нясвіжскага раёна (усе 1970-я г.) і інш[3].
Работы ў галіне манументальнага мастацтва (у аўтарскім калектыве): Манумент Перамогі (1954) і помнік Я. Коласу (1972) у Мінску, мемарыяльны комплекс Зыслаў (Любанскі раён)[3].
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]Імя архітэктара Заборскага носіць адна з вуліц у Мінску.
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Меў сына Аляксандра Заборскага, таксама архітэктара.
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў (1984), медалямі. Дзяржаўная прэмія СССР (1971), прэмія Савета Міністраў СССР (1982), першыя прэміі за праекты помніка для Беластока (1940), манумента Перамогі ў Мінску (1952, у аўтарскім калектыве), 2-я прэмія за праект помніка гераічным абаронцам Брэсцкай крэпасці (1961, у аўтарскім калектыве) на Усесаюзных конкурсах[4].
Зноскі
- ↑ Заборский Георгий Владимирович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 25 лютага 2017.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н Выстава, прысвечаная 100-годдзю са дня нараджэння Георгія Уладзіміравіча Заборскага
- ↑ а б в г д Заборскі Георгій Уладзіміравіч // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- ↑ Заборский Георгий Владимирович // Архитекторы Советской Белоруссии: Биогр. справочник / Союз архитекторов БССР; Сост. В. И. Аникин и др. — Мн.: Беларусь, 1991. — 262 с. — ISBN 5-338-00611-1. (руск.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Заборскі Георгій Уладзіміравіч // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Памятныя даты беларускага календара, 1999 г. : (кастрычнік ― лістапад) / складальнікі: Брага Г. В. і інш. // Новыя кнігі : Па старонках беларускага друку. ― 1999. ― № 6. ― С. 11. (3ОК1539)
- Заборскі Георгій Уладзіміравіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- Заборский Георгий Владимирович // Архитекторы Советской Белоруссии: Биогр. справочник / Союз архитекторов БССР; Сост. В. И. Аникин и др. — Мн.: Беларусь, 1991. — 262 с. — ISBN 5-338-00611-1. (руск.)
- Заборскі Георгій Уладзіміравіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 317. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Нарадзіліся 11 лістапада
- Нарадзіліся ў 1909 годзе
- Нарадзіліся ў Мінску
- Памерлі 27 сакавіка
- Памерлі ў 1999 годзе
- Пахаваныя на Усходніх могілках Мінска
- Выпускнікі Інстытута імя Рэпіна
- Супрацоўнікі Белдзяржпраекта
- Супрацоўнікі Мінскпраекта
- Выкладчыкі БНТУ
- Супрацоўнікі Дзіпрасельбуда
- Акадэмікі Беларускай акадэміі архітэктуры
- Члены КПСС
- Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі СССР
- Кавалеры ордэна Дружбы народаў
- Лаўрэаты прэміі Савета Міністраў СССР
- Заслужаныя будаўнікі Беларускай ССР
- Асобы
- Архітэктары паводле алфавіта
- Архітэктары СССР
- Архітэктары Беларусі
- Архітэктары Мінска
- Асобы на марках