Дыягіта
Дыягіта | |
Выява на пахавальнай дзіцячай урне старажытных дыягіта
| |
Агульная колькасць | 122000 (2021 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Аргенціна — 74000 Чылі — 48000 (2012) |
Мова | магчыма какан, кечуа, мапудунгун |
Рэлігія | шаманізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы |
Дыягіта (ісп.: Diaguita) — старажытная культурная супольнасць на поўдні Анд, якая існавала ў IX — XVI стст. У нашы дні 122 000 чалавек у Аргенціне і Чылі атаясняюць сябе з народам дыягіта[1]. У 2006 г. урад Чылі прызнаў дыягіта карэнным этнасам краіны[2].
Этымалогія
[правіць | правіць зыходнік]Назва дыягіта была запазычана з моў аймара і кечуа і значыць «гара». У пачатку XX ст. яе прапанаваў брытанскі і чылійскі этнолаг Р. Латчэм Картрайт у дачыненні да жыхароў некалькіх далін на мяжы Чылі з Аргенцінай, паколькі лічыў іх нашчадкамі стваральнікаў старажытнай культуры.
Старажытная культура
[правіць | правіць зыходнік]Некаторыя даследчыкі звязваюць узнікненне культуры дыягіта з папярэднімі археалагічнымі культурамі Эль-Моле і Лас-Анімас, што існавалі на поўначы Чылі з IV ст. н. э. Некаторыя археолагі сцвярджаюць, што на мяжы 1 і 2 тысячагоддзяў прадстаўнікі Лас-Анімас заваявалі тэрыторыю ранніх дыягіта і змяшаліся з імі. Іншыя даследчыкі сцвярджаюць, што стваральнікамі культуры дыягіта былі выхадцы з болей паўночных рэгіёнаў Анд. У класічны перыяд культура дыягіта ахоплівала заходнія і ўсходнія схілы паўднёвых Анд, а таксама бераг Чылі. Этнічны склад яе носьбітаў невядомы. Хероніма дэ Вівар, іспанскі храніст XVI ст., паведамляў, што жыхары розных далін размаўлялі на асобных мовах. Мяркуюць, што гэта маглі быць мовы кечуа, мапудунгун і какан. Апошняя знікла ў XVIII ст.
Асноўнымі населенымі месцамі старажытных дыягіта былі шырокія засушлівыя даліны да вышыні 2700 м над узроўнем акіяну. Звычайна у кожнай даліне будавалі 2 асноўныя паселішчы — ніжняе і верхняе. Астатнія населеныя пункты з’яўляліся толькі вытворнымі ад першых двух. Верхняе і ніжняе паселішчы былі самастойнымі, але звычайна ўтваралі саюз. На чале іх стаялі спадчынныя правадыры. Жрэцтва як самастойны сацыяльны пласт адсутнічала. Раннія іспанскія запісы ўзгадваюць шаманаў, якія ўдзельнічалі ў рытуалах.
Асноўным заняткам было ручное земляробства. Вырошчвалі кукурузу, гарбузы, фасолю, бульбу, ражковае дрэва і інш. Узводзілі ірыгацыйныя пабудовы. Для вырошчвання бульбы і аксамітніку ладзілі высокія тэрасы. Існавала адгонная жывёлагадоўля. На горных схілах вакол далін трымалі лам і альпак. Збіральніцтва і паляванне мелі толькі дадатковы характар. Сучасныя даследаванні паказваюць, што дыягіта ўжывалі шмат рыбы і малюскаў, рабілі рачныя і марскія судны са скуры цюленяў. Хаця металічных прадметаў знойдзена мала, вядома, што яны здабывалі медзь і выплаўлялі бронзу. Кераміка — адзін з галоўных чыннікаў вылучэння культуры дыягіта. Яны выраблялі пасудзіны рознай формы, якія афарбоўвалі ў чырвоны, чорны і белы колеры. Даліна Кальчакіес, дзе сфарміравалася арыгінальная археалагічная культура, стала вядома дзякуючы знаходкам цудоўна выкананых магільных урн для дзяцей.
Каля 1480 г. дыягіта былі заваяваны інкамі і далучаны да іх дзяржавы. Інкі цікавіліся мясцовымі руднямі, а таксама прымушалі тубыльцаў здабываць металы на поўначы Чылі. Інкскі перыяд адзначаны памяншэннем колькасці насельніцтва ў далінах, моцным уплывам паўночнай андскай культуры, будаўніцтвам дарог, храмаў і крэпасцяў.
Іспанскае заваяванне
[правіць | правіць зыходнік]Іспанскія канкістадоры, якія ўдзельнічалі ў заваяванні дзяржавы інкаў, упершыню сутыкнуліся з дыягіта ў 1536 г. Яны здолелі задушыць супраціўленне мясцовых жыхароў і далучыць заходнюю частку дыягіта да Перу. У 1556 г. іспанская экспедыцыя дасягнула ўсходніх дыягіта з боку Ла-Платы. Аднак заваяванне расцягнулася да 1667 г. Важным цэнтрам супраціўлення доўгі час заставалася даліна Кальчакіес. Пасля перамогі іспанцы былі вымушаны перасяліць яе жыхароў на ўсход. У 1750—1757 гг. паўстанне дыягіта адбылося ў Чылі.
Іспанцы прымусілі тубыльцаў прыняць хрысціянства і з XVII ст. — вывучаць іспанскую мову. Яны падзялілі землі далін на буйныя валоданні. Карэнныя жыхары былі вымушаны выплочваць уладальнікам натуральны аброк за права жыць на ёй. Некаторыя з іх пераязджалі ў суседнія даліны або ў гарады. Такім чынам адбывалася паступовае разбурэнне традыцыйнага грамадства і яго культуры. Аднак, як выявілі генеалагічныя даследаванні, нашчадкі старажытных дыягіта не зніклі, а працягвалі насяляць большасць падпарадкаваных іспанцамі далін.
Сучасныя дыягіта
[правіць | правіць зыходнік]Адраджэнне тоеснасці дыягіта адбылося на мяжы XX ст і XXI ст. у сувязі з падвышэннем цікавасці да старажытнай культуры дыягіта з боку навукоўцаў і культурных дзеячоў, а таксама з барацьбой карэнных народаў за зямельныя правы. Большасць сучасных нашчадкаў дыягіта працягваюць насяляць вобласць распаўсюджання старажытнай культуры, займаюцца земляробствам і жывёлагадоўляй. Яны страцілі родныя мовы і размаўляюць па-іспанску. Некаторыя рысы старажытнай культуры захаваліся ў фальклоры і традыцыйных рамёствах.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Дыягіта на Вікісховішчы |