Дэкалог, пяць
Дэкалог, пяць | |
---|---|
польск.: Dekalog, pięć | |
Жанр | драма |
Рэжысёр | |
Прадзюсар | Рышард Чуткоўскі |
Сцэнарыст | |
У галоўных ролях |
|
Аператар | |
Кампазітар | |
Кінакампанія | TELEWIZJA POLSKA S.A.[d] |
Працягласць | 57 хв. |
Краіна | |
Мова | польская[1] |
Год | 1989 |
Папярэдні фільм | Дэкалог, чатыры |
Наступны фільм | Дэкалог, шэсць |
IMDb | ID 0094987 |
«Дэкало́г, пяць» (польск.: Dekalog, pięć) — пятая частка дзесяцісерыйнага тэлецыкла «Дэкалог», прысвечанага Дзесяці запаведзям. Фільм зняты ў 1988 годзе польскім кінарэжысёрам Кшыштафам Кеслёўскім[4]. Прэм’ера фільма на польскім тэлебачанні адбылася 1 чэрвеня 1990 года[5].
Фільм «Дэкалог, пяць» адпавядае пятай з Дзесяці запаведзяў: «Не забівай»[6].
Поўнаметражная версія была выпушчана асобным фільмам у 1988 годзе пад назвай «Кароткі фільм пра забойства».
Сюжэт
[правіць | правіць зыходнік]Пятая запаведзь паводле каталіцкай традыцыі: «Не забівай»[6]. |
Варшава, 16 сакавіка 1987 года.
Пётр Баліцкі (Кшыштаф Глобіш) здае экзамен на права займацца адвакацкай практыкай. Ён малады і поўны ідэалістычных ідэй. Падчас экзамена ён выказвае думку, што пакаранне — гэта не толькі ўздзеянне на абвінавачанага, але і акт запужвання іншых. Аднак з часоў Каіна яшчэ не адно пакаранне не выправіла свет і не адпужвала яго ад здзяйснення злачынстваў.
Яцэк Лазар (Мірослаў Бака) — дваццацігадовы вясковы хлопец. Ён бессэнсоўна швэндаецца па вуліцах Варшавы. Яцэк распытвае, дзе бліжэйшая стаянка таксі. Прыйшоўшы на месца, ён знаходзіць, што там чакае шмат людзей.
Вальдэмар Рэкоўскі (Ян Тэсаж) — грузны чалавек сярэдніх гадоў, кіроўца таксі. Ён карыстаецца свабодай, якую дае яму яго прафесія. Ён груба абыходзіцца з непрыемнымі яму людзьмі і адмаўляецца іх падвозіць, клапоціцца аб сваім таксі і знаёмым сабаку, заігрывае з дзяўчатамі.
Бадзяючыся па горадзе, Яцэк чыніць зламысныя і бессэнсоўныя рэчы. Ён з абыякавасцю назірае, як два чалавекі даганяюць і збіваюць іншага, у грамадскім туалеце спіхвае чалавека ў пісуар, скідвае камень з моста на праязджаючыя аўтамабілі, ганяе галубоў, якіх корміць старая жанчына. Дарогай Яцэку на вочы не раз трапляюцца малыя дзяўчынкі. У Яцэка і самога ёсць з сабой крыху прымяты фотаздымак з дзяўчынкай, убранай у белае. Ён заходзіць у фотаатэлье і пакідае там фотаздымак, каб яго павялічылі. Ён цікавіцца ў работніцы фотаатэлье, ці можна па фотаздымку вызначыць, жывы чалавек ці не.
Таксіст ездзіць па горадзе, шукаючы кліента. Яцэк заходзіць у кафэ, купляе каву і пірожнае. Седзячы ў кафэ, Яцэк намотвае на руку вяроўку, але спыняецца, калі бачыць, як дзве дзяўчынкі гуляюць за акном кафэ. Ён жартуе з імі. Затым ідзе да стаянкі і ловіць таксі. На таксі спяшаюцца яшчэ некалькі чалавек, але Яцэк адмаўляецца саступіць ім, хлусячы, што яму з імі не па дарозе. Таксі належыць Вальдэмару. Яцэк называе яму аддалены раён горада. У бязлюдным месцы ён накідвае вяроўку на шыю Вальдэмара і цягам доўгага часу жорстка душыць яго. Калі задушыць Вальдэмара не атрымоўваецца, Яцэк праломвае яму галаву кавалкам арматуры, але і гэтага аказваецца недастаткова. Вальдэмар стогне, з апошніх сіл просячы аб літасці, але Яцэк не слухае. Ён дабівае таксіста, скрышыўшы яму галаву цяжкім каменем. Затым скідвае цела ў раку. Вярнуўшыся ў таксі, Яцэк дастае бутэрброд, зроблены жонкай таксіста, і ўключае радыё. Па радыё гучыць дзіцячая песенька, у якой малады леў вучыцца быць адважным. Узлаваны Яцэк выдзірае аўтамагнітолу і шпурляе яе ў раку.
Суд прыгаворвае Яцэка да смерці, нягледзячы на пранікнёную прамову Пятра супраць смяротнага пакарання. Для Пятра гэта першая справа, і пасля працэсу ён гутарыць з дасведчаным суддзёй, які гэтую справу вёў. Пётр пытаецца, ці магло б нешта змяніцца, калі б замест яго быў больш вопытны адвакат. Суддзя адказвае, што Пётр зрабіў усё, што можна было зрабіць у такой сітуацыі, і што гэта была найлепшая на яго памяці прамова супраць смяротнага пакарання, але прысуд не мог быць іншым.
У дзень, на які назначана смяротнае пакаранне, Яцэк просіць аб размове з Пятром, бо Пётр адзіны, па яго словах, не быў супраць яго. Пётр спрабуе патлумачыць, што людзі не супраць яго, але супраць яго ўчынку; аднак Яцэк не знаходзіць розніцы. У размове Яцэк распавядае, што пяць гадоў таму памерла яго ўлюбёная малодшая сястра. Гэта было ў вёсцы. Яе пераехаў на трактары сябра Яцэка, з якім Яцэк перад гэтым піў. Яцэк да гэтага часу вінаваціць сябе. Ён гаворыць, што ўсё магло б быць іначай, калі б гэтага не здарылася. Яцэк просіць перадаць яго бацькам просьбу, каб маці саступіла яму месца на могілках побач з сястрой і бацькам. Яшчэ ён просіць Пятра забраць у фотаатэлье здымак, дзе яго сястра выяўлена ў сукенцы для Першага Прычасця, і перадаць здымак маці.
Набліжаецца час выканання прысуду. Ахоўнік пытаецца ў Пятра, ці скончылі яны гутарку, Пётр жа адказвае, што ён ніколі не згодзіцца яе скончыць па сваёй волі. Тады Яцэка сілай адводзяць і з захаваннем усіх працэдур — абвяшчэння прысуду, апошняй цыгарэты, наказаў святара — вешаюць. У апошні момант Яцэк у адчаі спрабуе вырвацца з рук турэмшчыкаў. Пётр, прысутны пры гэтым, ледзь стаіць на нагах.
У апошняй сцэне Пётр сядзіць у машыне ў сельскай мясцовасці і ў бяссільнай злосці паўтарае «Ненавіджу! Ненавіджу!»
Акцёрскі склад
[правіць | правіць зыходнік]
Мірослаў Бака | – Яцэк Лазар |
Кшыштаф Глобіш | – Пётр Баліцкі, адвакат |
Ян Тэсаж | – Вальдэмар Рэкоўскі, таксіст |
Артур Барчыш | – рабочы з мерай |
Крыстына Янда | – Дарота Гелер, гераіня фільма «Дэкалог, два» |
Ольгерд Лукашэвіч | – Анджэй Гелер, герой фільма «Дэкалог, два» |
Мацей Шары | – домакіраўнік, сусед таксіста |
Збігнеў Запасевіч | – старшыня калегіі адвакатаў |
Збігнеў Борэк | – святар пры пакаранні смерцю Яцэка |
Уладыслаў Берды | – памочнік ката |
Аляксандр Беднаж | – кат |
Барбара Дзекан | – касірка ў кінатэатры |
Івона Гленбіцка | – супрацоўніца фотаатэлье |
Эльжбета Хельман | – Беатка, супрацоўніца прадуктовай крамы |
Хелена Кавальчыкава | – старая, што корміць галубоў ля Зыгмунтавай калоны |
Борыс Марыноўскі | – ахоўнік |
Мацей Мацяеўскі | – пракурор |
Сільвестр Мацяеўскі | – брат Яцэка |
Анджэй Масталеж | – брат Яцэка |
Здзіслаў Рыхтэр | – мастак на Рыначнай плошчы Старога горада |
Караль Стэпкоўскі | – урач пры пакаранні смерцю Яцэка |
Здзіслаў Тобяш | – суддзя |
Ежы Зас | – начальнік турмы |
Леанард Анджэеўскі | – прыяцель п’янага на стаянцы таксі (у цітрах не ўказаны) |
Хенрык Лапіньскі | – сябра калегіі адвакатаў (у цітрах не ўказаны) |
Саўндтрэк
[правіць | правіць зыходнік]Музыка, што гучыць у фільме «Дэкалог, пяць» увайшла ў склад першага альбома Збігнева Прайснера — «Дэкалог» (1991), у якім прадстаўлена музыка са ўсяго тэлецыкла. Пазней музыка з фільма «Дэкалог, пяць» з’яўлялася ў канцэртных альбомах Прайснера «Музыка Прайснера» (1995)[7], «Чатыры колеры Лодзі» (2014)[8], а таксама ў альбоме «Кеслёўскі» (2003)[9], які ўяўляе сабой кампіляцыю твораў Прайснера да фільмаў кінарэжысёра.
Апроч таго, музыка з фільма «Дэкалог, пяць» была выкарыстана ў фільме Вонга Карвая «2046»[10][11].
Выхад
[правіць | правіць зыходнік]Прэм’ера фільма адбылася 9 верасня 1989 года на Венецыянскім кінафестывалі[5]. Пазней фільм дэманстраваўся на Кінафестывалі ў Чыкага 20 кастрычніка 1989 года[12]. Прэм’ера фільма на польскім тэлебачанні адбылася 1 чэрвеня 1990 года[5].
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ http://www.cineplex.com/Movie/dekalog-5/Photos
- ↑ http://www.csfd.cz/film/31668-dekalog-v/filmoteka/
- ↑ http://www.filmaffinity.com/en/film248822.html
- ↑ Dekalog (польск.). Інтэрнэт-база польскага кіно. Праверана 17 чэрвеня 2021.
- ↑ а б в Dekalog, piec (TV Episode 1989) — Release Info (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 17 чэрвеня 2021.
- ↑ а б Агульны катэхізіс . Афіцыйны інтэрнэт-партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Праверана 17 чэрвеня 2021.
- ↑ Zbigniew Preisner — Preisner's Music (англ.). Сайт «Discogs». Праверана 12 верасня 2019.
- ↑ Zbigniew Preisner — The Four Colors Of Łódź (англ.). Сайт «Discogs». Праверана 12 верасня 2019.
- ↑ Zbigniew Preisner — Kieślowski (англ.). Сайт «Discogs». Праверана 12 верасня 2019.
- ↑ 2046 — Original Soundtrack (англ.). Сайт «AllMusic». Праверана 12 верасня 2019.
- ↑ Various — 2046 (Original Soundtrack From Wong Kar Wai's Film) (англ.). Сайт «Discogs». Праверана 12 верасня 2019.
- ↑ More of the 25th Chicago International Film Festival (англ.). Сайт «Chicago Reader» (19 кастрычніка 1989). Праверана 17 чэрвеня 2021.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Joseph G. Kickasola. The Films of Krzysztof Kieślowski:The Liminal Image. — A&C Black, 2004. — 332 p. — ISBN 978-0-826-41559-2.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Дэкалог, пяць на сайце «Internet Movie Database» (англ.)
- Фільмы паводле алфавіта
- Фільмы 1989 года
- Фільмы-драмы 1989 года
- Крымінальныя фільмы 1989 года
- Фільмы Польшчы 1989 года
- Фільмы-драмы Польшчы
- Крымінальныя фільмы Польшчы
- Тэлевізійныя фільмы Польшчы
- Фільмы на польскай мове
- Фільмы пра Варшаву
- Фільмы пра смяротнае пакаранне
- Фільмы Кшыштафа Кеслёўскага
- Фільмы па сцэнарыях Кшыштафа Кеслёўскага
- Фільмы па сцэнарыях Кшыштафа Пясевіча
- Фільмы, музыку да якіх напісаў Збігнеў Прайснер
- Фільмы, знятыя ў Польшчы
- Дэкалог (тэлецыкл)