Перайсці да зместу

Млекакормячыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Млекакормячае)
Млекакормячыя
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Mammalia Linnaeus, 1758

Падкласы і інфракласы
Геахраналогія

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  179913
NCBI  40674
EOL  1642
FW  36651

Млекакормячыя, або сысуны́ (Mammalia) — клас цеплакроўных пазваночных жывёл. Маюць высокі ўзровень развіцця нервовай сістэмы, жывароднасць у спалучэнні з выкормліваннем дзіцянят малаком (адсюль назва), адносна пастаянную тэмпературу цела.

Паводле адных класіфікацый сысуны і звяры (Theria) разглядаюцца як тоесныя, паводле другіх звяры — асобны падклас у класе сысуноў, які супрацьпастаўляецца падкласу першазвяры (Prototheria).

Знешняя будова

[правіць | правіць зыходнік]

Цела млекакормячых падзяляецца на галаву, шыю, тулава, парныя канечнасці і хвост. Размяшчэнне канечнасцей пад тулавам дае млекакормячым магчымасць развіваць даволі высокую скорасць.

Скура складаецца, як і ва ўсіх пазваночных, з трох слаёў.

Вонкавы слой — эпідэрміс — шматслойны. Размешчаныя ў глыбіні жывыя клеткі актыўна дзеляцца, а верхнія па меры арагавення няспынна злушчваюцца. Эпідэрміс можа дасягаць вялікай таўшчыні ў месцах, якія зведваюць пастаяннае трэнне пры хаджэнні, напрыклад на падэшвах ступняў, сядалішчных мазалях малпаў.

Сярэдні слой — уласна скура — пранізаны крывяноснымі сасудамі і нервовымі канчаткамі. У ім размяшчаюцца тлушчавыя і потавыя залозы, карані валасоў і адчувальныя клеткі, якія ўспрымаюць ціск, боль, цяпло, холад.

Унутраны слой — падскурная тлушчавая клятчатка. У ёй знаходзяцца запасы тлушчу, якія многія млекакормячыя (суркі, суслікі, мядзведзі, барсукі і інш.) выкарыстоўваюць у перыяд спячкі як крыніцу энергіі. Вялікая роля падскурнай тлушчавай клятчаткі ў захаванні цяпла ў целе звяроў. Таму яна асабліва важная для кітападобных і ластаногіх, якія жывуць у халодных арктычных і антарктычных водах.

За кошт эпідэрмісу скуры ў млекакормячых развіваюцца разнастайныя рагавыя ўтварэнні: валасы, ногці, кіпцюры, капыты, полыя рогі, луска. Рогі аленяў, ласёў з’яўляюцца касцявымі ўтварэннямі.

Валасяное покрыва — характэрная асаблівасць млекакормячых. Адрозніваюць тоўстыя і доўгія валасы — восцевыя. Яны ўтвараюць верхні ярус валасянога покрыва. Пад ім, у ніжнім ярусе, ляжаць тонкія, ніцепадобныя пуховыя валасы — пушок, або падшэрстак (поўсць). У падшэрстку затрымліваецца паветра, якое захоўвае цяпло цела. Таму к зіме падшэрстак робіцца больш густым. У некаторых млекакормячых (дзікі, алені) летняе футра складаецца толькі з адных восцевых валасоў, а ў кратоў — толькі з пуховых. Покрыва водных млекакормячых утворана абодвума відамі валасоў. Іголкі вожыкаў, дзікабразаў — гэта відазмененыя восцевыя валасы. На галаве звяроў развіваецца невялікая колькасць вельмі доўгіх шчацінкападобных валасоў — вібрысаў, якія выконваюць функцыю дотыку.

Большасць млекакормячых ліняе. Частка валасоў паступова выпадае, замяняючыся новымі. У жывёл умераных шырот валасяное покрыва поўнасцю мяняецца двойчы за год — вясной і восенню. У некаторых відаў, напрыклад зайцоў, вавёрак, адначасова мяняецца гушчыня і афарбоўка поўсці.

У скуры большасці звяроў размешчаны тлушчавыя, потавыя, малочныя і пахучыя залозы. Пратокі тлушчавых залоз адкрываюцца ў валасяныя сумкі, змазваючы волас, які адрастае, і робячы яго эластычным і ненамакальным. Пратокі потавых залоз адкрываюцца на паверхні скуры. Выпараючыся, пот ахалоджвае яе. Малочныя залозы з’яўляюцца відазмененымі потавымі залозамі. Яны развіваюцца ва ўсіх без выключэння самак млекакормячых (адсюль і назва класа). Малаком, якое выпрацоўваецца імі, выкормліваюцца дзіцяняты. Пахучыя залозы ўяўляюць сабой відазмененыя потавыя або тлушчавыя залозы. Яны выдзяляюць пахучыя сакрэты, якімі жывёлы мецяць сваю тэрыторыю, пазнаюць асобін свайго віду або асобін іншага полу. Сакрэт анальных залоз амерыканскіх скунсаў з непрыемным, едкім пахам выкарыстоўваецца імі для самаабароны.

Апорна-рухальная сістэма

[правіць | правіць зыходнік]

Шкілет млекакормячых складаецца з чэрапа, пазваночніка, плечавога і тазавага паясоў і шкілета пярэдніх і задніх канечнасцей. Асаблівасцю чэрапа з’яўляецца павелічэнне аб’ёму мазгавога аддзела і змяншэнне ў ім колькасці касцей. У шыйным аддзеле пазваночніка заўсёды сем пазванкоў (розных па памеры). Грудныя пазванкі (звычайна іх 12—15) разам з рэбрамі і грудзінай утвараюць грудную клетку. У паяснічным аддзеле 2—9 рухома сучлененых паміж сабой пазванкоў. У гэтым аддзеле тулава можа згінацца і разгінацца. Пазванкі крыжавога аддзела (3-4) зрасліся, да іх прыраслі тазавыя косці. Хваставых пазванкоў ад 3 да 49, што і вызначае даўжыню хваста. Плечавы пояс млекакормячых складаецца з дзвюх парных касцей — лапатак і ключыц. Ключыцы развіты ў большасці млекакормячых, але адсутнічаюць у воўчых і капытных, ногі якіх перамяшчаюцца толькі ўздоўж падоўжнай восі цела. Пояс задніх канечнасцей — таз — утвораны парнымі тазавымі касцямі. Канечнасці ў большасці наземных пазваночных жывёл пяціпальцыя. Косці вызначаюцца адносна невялікай масай і высокай трываласцю.

Мускулатура млекакормячых моцна дыферэнцыравана. Асабліва добра развіты мышцы спіны, канечнасцей і іх паясоў, а таксама ніжняй сківіцы. Дзякуючы добра развітай падскурнай мускулатуры можа змяняцца становішча валасянога покрыва, забяспечваецца міміка твару, асабліва ў драпежнікаў і малпаў.

Апорна-рухальная сістэма млекакормячых дазваляе ажыццяўляць разнастайныя віды рухаў — хадзьбу, бег, ляжанне, скачкі, палёт, плаванне, што адбіваецца на будове канечнасцей. Так, у найбольш хутка бегаючых жывёл колькасць пальцаў скарочана: у парнакапытных развіты два пальцы (трэці і чацвёрты), а ў няпарнакапытных — адзін (трэці). У жывёл, якія вядуць падземны спосаб жыцця (краты), кісць павялічана і мае своеасаблівую будову. Жывёлы, здольныя да палёту (кажаны), маюць падоўжныя фалангі пальцаў і скурыстыя перапонкі паміж імі.

Кармленне і органы стрававання

[правіць | правіць зыходнік]

Млекакормячыя выкарыстоўваюць у ежу разнастайныя віды раслінных і жывёльных кармоў. Так, вегетатыўнымі часткамі дрэвавых, куставых і травяністых раслін кормяцца сланы, бабры, жырафы і інш. Насенне і плады паядаюць мышы, вавёркі, дзікі. Вусатыя кіты адфільтроўваюць з вады дробных беспазваночных (ракападобных, малюскаў). Дэльфіны кормяцца рыбай. Буйной жывой здабычай кормяцца жывёлы атрада драпежныя, праяўляючы пры паляванні спрыт і раптоўнасць нападу (тыгр, леў, собаль, куніца). Некаторыя драпежнікі (ваўкі, ільвы) палююць на буйную здабычу групамі.

Колькасць і форма зубоў у млекакормячых розныя і залежаць ад спосабу здабывання і віду ежы. Так, у прадстаўнікоў атрада драпежныя моцна развіты іклы, якімі яны схопліваюць і забіваюць ахвяру, а карэнныя зубы маюць бугры з рэжучымі краямі. У грызуноў больш развіты разцы, адсутнічаюць іклы, а карэнныя зубы маюць пляскатую жавальную паверхню з валікамі з эмалі. У большасці відаў млекакормячых адбываецца змена малочных зубоў на пастаянныя. Ротавая адтуліна ў млекакормячых акружана мясістымі губамі, якімі дзіцяняты смокчуць мацярынскае малако.

У ротавую поласць адкрываюцца пратокі слінных залоз. Сліна не толькі змочвае здробненую зубамі ежу, але і часткова яе ператраўлівае. Праз глотку і стрававод харчовая кашка паступае ў страўнік, у сценках якога размешчаны шматлікія залозы, што выдзяляюць стрававальны сок.

Кішэчнік падзяляецца на тонкі і тоўсты аддзелы. У тонкім аддзеле кішэчніка ежа поўнасцю расшчапляецца пад дзеяннем стрававальных сокаў кішэчніка, падстраўнікавай залозы і печані. На мяжы тонкага і тоўстага аддзелаў кішэчніка ў жывёл, якія кормяцца расліннай ежай, развіта сляпая кішка — пачатковы ўчастак тоўстага аддзела кішэчніка. У яе поласці, заселенай сімбіятычнымі бактэрыямі, адбываецца ператраўліванне клятчаткі — сценак раслінных клетак. Неператраўленыя рэшткі паступаюць у тоўсты аддзел кішэчніка, дзе абязводжваюцца і затым праз анальную адтуліну выводзяцца вонкі.

Дыхальная сістэма

[правіць | правіць зыходнік]

У млекакормячых, як і ва ўсіх наземных пазваночных, развіты паветраносныя шляхі: насавая поласць, хааны, насаглотка, гартань, трахея, бронхі. Усе млекакормячыя дыхаюць лёгкімі. Дыхальная паверхня лёгкіх утворана шматлікімі эпітэліяльнымі лёгачнымі пузыркамі — альвеоламі, аплеценымі густой сеткай крывяносных капіляраў. Агульная паверхня альвеол лёгкіх у 50—100 разоў большая за паверхню цела, што дазваляе звярам хутка і эфектыўна ажыццяўляць газаабмен. Удых і выдых адбываюцца за кошт скарачэнняў і расслабленняў міжрэберных мышцаў і дыяфрагмы, якія выклікаюць павелічэнне або змяншэнне аб’ёму грудной клеткі.

З дыханнем звязана і ўзнікненне гукаў. У гартані млекакормячых ёсць галасавыя звязкі. Выдыханае з лёгкіх паветра выклікае іх ваганні, дзякуючы якім жывёлы ўтвараюць гукі, уласцівыя кожнаму віду. Гэтымі гукамі яны паведамляюць адна адной аб пагрозе небяспекі, месцазнаходжанні і інш.

Крывяносная сістэма

[правіць | правіць зыходнік]

Сэрца складаецца з чатырох камер: двух перадсэрдзяў і двух жалудачкаў. Рух крыві ажыццяўляецца па двух кругах кровазвароту: вялікім і малым. Усе органы і тканкі забяспечваюцца чыстай артэрыяльнай крывёй, што павышае інтэнсіўнасць працэсаў жыццядзейнасці. Утвараецца шмат цяпла, якое захоўваецца дзякуючы поўсцеваму покрыву і падскурнай тлушчавай клятчатцы. Таму млекакормячыя з’яўляюцца цеплакроўнымі жывёламі.

Выдзяляльная сістэма

[правіць | правіць зыходнік]

У млекакормячых гэтак жа, як у паўзуноў і птушак, развіты парныя тазавыя ныркі. Мача, якая ў іх утвараецца, па мачаточніках адцякае ў мачавы пузыр, дзе назапашваецца, а затым па мочаспускальным канале выводзіцца вонкі.

Нервовая сістэма

[правіць | правіць зыходнік]

Нервовая сістэма млекакормячых, як і іншых пазваночных, складаецца з галаўнога і спіннога мозга і нерваў, якія ад іх адыходзяць. Галаўны мозг моцна развіты і па масе ў 3—15 разоў большы за спінны мозг. З пяці аддзелаў, уласцівых галаўному мозгу пазваночных жывёл, асабліва вялікія памеры пярэдняга мозга і мазжачка. Развіццё пярэдняга мозга адбылося за кошт разрастання кары вялікіх паўшар’яў. У ёй утварыліся барозны, якія павялічваюць паверхню кары. Таму ўмоўныя рэфлексы ў млекакормячых выпрацоўваюцца хутчэй, чым у іншых хордавых жывёл. Роля ўмоўных рэфлексаў у жыцці млекакормячых рэзка ўзрасла ў параўнанні з прыроджанымі рэфлексамі і інстынктыўнай формай паводзін больш нізкаарганізаваных жывёл. Звяры хутка прыстасоўваюцца да жыцця ў зменлівых умовах асяроддзя, што павышае іх выжывальнасць. Толькі млекакормячым уласцівы гульні маладых жывёл, у працэсе якіх яны набываюць спрыт, рухавасць, вучацца прыёмам нападу і абароны. Жыццё ў сям’і, статку адыгрывае важную ролю, спрыяючы выпрацоўцы разнастайных формаў паводзін.

Органы пачуццяў

[правіць | правіць зыходнік]

Органы пачуццяў у млекакормячых добра развіты, асабліва зрок і нюх. Найбольшая вастрыня зроку ўласціва жывёлам адкрытых прастораў (такім як антылопы), найменшая — жывёлам з падземным спосабам жыцця (такім як краты). Колеравы зрок характэрны не для ўсіх млекакормячых. Лепш за ўсіх ён развіты ў прыматаў. Большасць млекакормячых мае тонкі нюх, дзякуючы якому яны па паху адшукваюць асобін свайго віду, знаходзяць ежу, распазнаюць на адлегласці ворага або ахвяру.

Слых у млекакормячых вельмі тонкі за кошт развіцця рухомай вушной ракавіны, якая збірае гукавыя ваганні, а таксама наяўнасці ў сярэднім вуху трох слыхавых костачак (малаточка, кавадлачкі і стрэмечка), што ўзмацняюць гукавыя ваганні.

Размнажэнне і развіццё

[правіць | правіць зыходнік]

Органы размнажэння самак прадстаўлены парнымі яечнікамі, якія ляжаць у поласці цела. З іх дробныя яйцаклеткі (да 0,2 мм) паступаюць у яйцаводы. Левы і правы яйцаводы адкрываюцца ў поласць мускулістага мешкападобнага органа — матку. Апладненне адбываецца ў яйцаводзе. На шляху з яйцавода ў матку з аплодненай яйцаклеткі пачынае развівацца зародак, які прымацоўваецца да сценкі маткі.

Вакол зародка, які развіваецца, утвараецца каляплодны мяшок. Вадкасць, якая ў ім змяшчаецца, ахоўвае зародак ад сціскання, страсенняў і ўдараў. З дапамогай доўгага канаціка — пупавіны — зародак звязаны з плацэнтай (дзіцячым месцам), а праз яе — з арганізмам маці. У плацэнце сценкі крывяносных капіляраў маці і зародка цесна судакранаюцца адна з адной. Праз іх ад маці ў зародак паступае кісларод і пажыўныя рэчывы, а ад зародка ў арганізм маці — вуглякіслы газ і прадукты жыццядзейнасці.

На ранніх стадыях развіцця ў зародка ёсць хорда, уласцівая ўсім хордавым жывёлам. Зародак развіваецца і павялічваецца ў памерах. Працягласць унутрыўлоннага развіцця — цяжарнасць — розная ў розных відаў млекакормячых. Так, у хамяка яна роўная 11—13 суткам, у сабакі — двум месяцам, у каровы — дзевяці месяцам, у кітоў — адзінаццаці месяцам, а ў слана працягваецца амаль два гады.

Колькасць дзіцянят у памёце вагаецца ад аднаго ў буйных млекакормячых да 12—15 — у дробных. Рэкорд пладавітасці належыць шэраму пацуку, самка якога нараджае да дваццаці двух пацучанят.

Невялікая група млекакормячых не мае плацэнты і размнажаецца шляхам адкладвання яец (першазвяры).

Пасля заканчэння тэрміна цяжарнасці надыходзяць роды, пры якіх скарачэнне мышачных сценак маткі выштурхвае плод вонкі. Аддзеленае ад пупавіны народжанае дзіцяня робіць першы самастойны ўдых, яго лёгкія распростваюцца, і яно пачынае дыхаць самастойна.

Выкормліванне дзіцянят малаком — характэрная асаблівасць усіх млекакормячых. Малочныя залозы размешчаны на грудзях або на брусе. Іх пратокі адкрываюцца вонкі невялікімі адтулінамі на сасках. Колькасць саскоў у розных відаў млекакормячых адрозніваецца і знаходзіцца ў залежнасці ад колькасці магчымых дзіцянят. Так, самка сабакі, якая нараджае 3—10 шчанят, мае 3—4 пары саскоў.

Малако ўтрымлівае ўсе неабходныя для росту і развіцця дзіцянят рэчывы: бялкі, тлушчы, вугляводы, вітаміны, солі і ваду. Пасля заканчэння перыяду малочнага выкормлівання маладняк пераходзіць на харчаванне ўласцівымі яму кармамі.

Сысуны распаўсюджаныя па ўсім свеце і сустракаюцца на ўсіх кантынентах, ва ўсіх акіянах і на большасці існуючых астравоў. Арэал клаачных абмяжоўваецца Аўстраліяй і Новай Гвінеяй, сумчатых — прасторай Аўстраліі, Акіяніі і абодвух амерыканскіх кантынентаў. Самае шырокае распаўсюджанне — у плацэнтарных сысуноў, якія прысутнічаюць на ўсіх кантынентах, хаця да прыбыцця еўрапейцаў у Аўстралію яе насялялі толькі нямногія віды плацэнтарных, а менавіта кажаны, мышыныя і адзіны плацэнтарны драпежнік — сабака дынга. На аддаленых астравах да прыбыцця чалавека існавала толькі бедная відамі фаўна сысуноў і на многіх з іх, у тым ліку і ў Новай Зеландыі, сустракаліся толькі кажаны.

Сысуны насяляюць амаль усе біятопы Зямлі і сустракаюцца як у пустынях і трапічных лясах, так і ў высакагор’і і ў палярных рэгіёнах. Да нямногіх рэгіёнаў і біятопаў, у якіх (за выключэннем рэдкага знаходжання людзей) адсутнічаюць сысуны, адносяцца глыбакаводны акіян і ўнутраная частка Антарктыды.

Многія рысы будовы млекакормячых збліжаюць іх з паўзунамі: наяўнасць рагавога покрыва, тазавых нырак, унутранае апладненне, развіццё зародка ў воднай абалонцы. Некаторыя прымітыўныя млекакормячыя размнажаюцца, адкладваючы яйцы, як паўзуны. Гэта дае падставу меркаваць, што продкамі млекакормячых маглі быць старажытныя паўзуны. Гэта меркаванне пацвердзілася палеанталагічнымі знаходкамі шкілетаў зверазубых яшчараў, якія мелі дыферэнцыраваныя, размешчаныя ў лунках сківічных касцей, зубы і канечнасці пад тулавам.

Адна з груп такіх зверазубых яшчараў, як мяркуецца, дала пачатак млекакормячым. Сысуны паходзяць, імаверна, ад цынадонтаў у канцы трыасавага перыяду. У юрскім перыядзе з’явіліся пантатэрыі, ад якіх пайшлі сапраўдныя звяры.

Падклас Клаачныя, або Першазвяры (Prototheria)

Інфраклас Атэрыі (Atheria)
Атрад Аднапраходныя (Monotremata)
Інфраклас Алатэрыі (Allotheria)

Падклас Звяры (Theria)

Інфраклас Сумчатыя, або Ніжэйшыя звяры (Metatheria ці Marsupialia)
Інфраклас Плацэнтарныя, або Вышэйшыя звяры (Placentalia, або Eutheria)
  • Біялогія: вучэб. дапам. для 8-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / Л. В. Камлюк, А. С. Шалапёнак; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — 3-е выд., дап. — Мн.: Нар. асвета, 2010. — 222 с.: іл. ISBN 978-985-03-1367-6.
  • Звери: Попул. энцикл. справ. / Беларус. Энцыкл., Ин-т зоологии НАН Беларуси; Под ред. П. Г. Козло. — Мн.: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0273-3
  • Млекопитающие Беларуси / Б. П. Савицкий, С. В. Кучмель, Л. Д. Бурко; под общ. ред. Б. П. Савицкого. — Мн.: Изд. центр БГУ, 2005. — 319 с.: ил. — ISBN 985-476-316-1.