Перайсці да зместу

Наступленне на Астурыю

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Наступленне на Астурыю
Асноўны канфлікт: Паўночнаіспанская кампанія (Грамадзянская вайна ў Іспаніі)
Дата з 1 верасня па 27 кастрычніка 1937 года
Месца Астурыя, Хіхон, Іспанія
Вынік перамога нацыяналістаў
Праціўнікі
Другая Іспанская Рэспубліка Рэспубліканцы: Нацыяналісты
 Трэці рэйх
Камандуючыя
Адольфа Прада
Хаўер Лінарэс Аранзабе
Франсіска Галан
Фідэль Давіла
Антоніа Аранда
Хасэ Сальчага
Сілы бакоў
44 000 чалавек 90 000 чалавек
Страты
невядома невядома

Наступленне на Астурыю (ісп.: Ofensiva de Asturias) — ваенная аперацыя войскаў нацыяналістаў у верасні—кастрычніку 1937 года падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі, якая паклала канец рэспубліканскаму супраціву на поўначы краіны.

Пасля паражэнняў рэспубліканцаў у Більбаа і Сантандэры тэрыторыя Рэспубліцы на ўзбярэжжы Біскайскага заліва, якую бакі называлі Паўночным фронтам, ператварылася ў анклаў.

Падзенне Сантандэра 26 жніўня 1937 года засяродзіла ўсе рэспубліканскія войскі ў Астурыі, рэгіёне, найбольш аддаленым ад астатняй Рэспубліканскай Іспаніі. Галоўнай рэспубліканскай сілай тут быў XVII армейскі корпус пад камандаваннем падпалкоўніка Лінарэса Аранзабе. У рэспубліканцаў былі таксама рэшткі XIV армейскага корпуса Франсіска Галана.

У Хіхоне кіраўнікі рэспубліканскіх правінцый сфармавалі Суверэнны савет Астурыі і Леона на чале з Белармінам Томасам. Савет абвясціў Астурыю суверэннай тэрыторыяй, адмовіўся прызнаваць уладу цэнтральнага ўрада Хуана Негрына і зняў генерала Марыяна Гаміра з пасады камандуючага Паўночнай арміі, прызначыўшы новым палкоўніка Адольфа Прада Вакера. Рэспубліканцы спадзяваліся стрымаць наступленне нацыяналістаў у гарах, па меншай меры, да зімы.

1 верасня паўстанцы пачалі наступленне на пазіцыі праціўніка.

5 верасня аванпасты 1-й Наварскай брыгады сіл генерала Хасэ Сальчагі сутыкнуліся з жорсткім рэспубліканскім супрацівам ля перавала Эль-Мазука, які быў захоплены толькі пасля некалькіх тыдняў кровапралітных баёў (гл. Бітва пры Эль-Мазука). Тым часам у паўднёвым сектары дывізія пад камандаваннем рэспубліканскага маёра Луіса Барзаны здолела затрымаць прасоўванне сіл генерала Антоніа Аранды.

Пасля Эль-Мазука франкісты рушылі наперад, і 27 верасня войскі 1-й Наварскай брыгады ўзялі Рыбадэселю, затым 1 кастрычніка нацыяналісты ўвайшлі ў Кавадонгу.

10 кастрычніка войскі мяцежнікаў занялі абодва берагі ракі Села. На наступны дзень рэспубліканцы пакінулі Кангас-дэ-Оніс.

Тым часам авіяцыя легіёна «Кондар», каля 50 самалётаў, засяродзіла свае намаганні на бамбардзіроўцы партоў, асабліва партоў Хіхона і Авілеса, каб перашкодзіць рэспубліканскім войскам атрымаць дапамогу ці, у канчатковым выніку, эвакуіравацца. Немцы таксама апрабавалі новую тактыку атакі — «дывановыя бамбардзіроўкі», якая ў гарыстай мясцовасці Астурыі апынулася вельмі эфектыўнай.

14 кастрычніка, нягледзячы на шэсць тыдняў баёў, асноўныя вяршыні і стратэгічныя пазіцыі ўсё яшчэ знаходзіліся ў руках рэспубліканцаў.

Раніцай 15 кастрычніка франкісты на чале з генералам Антоніа Арандай злучыліся з сіламі Сальчагі, загнаўшы ворага ў кут паміж Пола-дэ-Лавіяна і Вільявісіосай, а затым працягнулі рух у бок Хіхона.

20 кастрычніка, калі стала ясна, што падзенне Хіхона — справа некалькіх гадзін, Суверэнны савет Астурыі і Леона выдаў загад аб неадкладнай эвакуацыі. Рэспубліканскія ваенныя і палітычныя кіраўнікі і савецкія саветнікі беглі па моры або па паветры. У гэты ж дзень «пятая калона» франкістаў выйшла з падполля і ўступіла ў бой у горадзе, сілай захапіўшы некаторыя грамадскія будынкі. Да канца дня здаліся каля дваццаці двух рэспубліканскіх батальёнаў.

Днём 21 кастрычніка франкісцкія войскі 4-й Наварскай брыгады занялі Авілес і Хіхон. Да 27 кастрычніка ўся Астурыя апынулася ў руках нацыяналістаў.

З заваяваннем Кантабрыйскага ўзбярэжжа і Астурыі нацыяналісты сталі кантраляваць 36% прамысловай вытворчасці Іспаніі, 60% здабычы вугалю і амаль усю вытворчасць сталі. Падзенне Астурыі таксама дазволіла франкісцкаму флоту перадыслакавацца ў Міжземнае мора, каб падмацаваць эскадру, якая знаходзілася там, і нападаць на лініі забеспячэння праціўніка.

  • Томас Х. Гражданская война в Испании. 1931—1939 гг. — М.: Центрполиграф, 2003. — 573 с. — ISBN 5-9524-0341-7.
  • Данилов С. Ю. Гражданская война в Испании (1936—1939). — М.: Вече, 2004. — 352 с. — ISBN 5-9533-0225-8.
  • Asturias 1937. La caída del norte [1]