Канстанцін Барысавіч Езавітаў
| Кастусь Езавітаў | ||
|
||
|---|---|---|
| 21 лютага 1918 — май 1918 | ||
|
||
| Партыя: | Беларуская сацыялістычная грамада | |
| Нараджэнне: | 5 лістапада 1893 Дзвінск, Расійская імперыя |
|
| Смерць: | 23 мая 1946 (52 года) Мінск, БССР |
|
Канстанцін Барысавіч ЕЗАВІТАЎ, Кастусь ЕЗАВІТАЎ (5 лістапада 1893, Дзвінск, цяпер Даўгаўпілс, Латвія — 23 мая 1946, Мінск, НКУС; Псеўданім і крыптанімы: Кастусёнак; К-нак; К. Е.; К. Ез.), беларускі палітычны, грамадскі і ваенны дзеяч, публіцыст, перакладчык, педагог.
Змест |
Біяграфія [правіць]
Нарадзіўся ў сям'і кадравага афіцэра. У 1916 скончыў Віцебскі настаўніцкі інстытут і Паўлаўскае ваеннае вучылішча. У 1913 стаў сябрам Беларускай Сацыялістычнай Грамады. У Першую сусветную вайну праводзіў актыўную тлумачальную і арганізацыйную работу сярод салдатаў-беларусаў Паўночнага фронту. Быў абраны намеснікам старшыні Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады. У лютым 1918 стаў камендантам Мінска. За ўдзел у працы Першага Усебеларускага кангрэса і дзейнасць па стварэнні беларускага войска ў студзені 1918 быў арыштаваны ВЧК, але здолеў уцячы.
Пасля адступлення бальшавікоў быў прызначаны камендантам Мінска і Мінскага гарнізона. 25 сакавіка 1918 удзельнічаў у абвяшчэнні БНР, уваходзіў у склад Рады. Займаў пасаду народнага сакратара па вайсковых справах (міністра абароны).
У 1919—1920 гадах быў кіраўніком Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі. Наладзіў дыпламатычныя стасункі беларускага ўрада з урадамі Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, звяртаўся з просьбай аб ваеннай дапамозе да ўрада ЗША. Праводзіў працу па арганізацыі беларускага войска, пошуку сродкаў на яго ўзбраенне. Арганізаваў пераход на службу БНР корпуса С. Булак-Балаховіча. У маі 1920 «за выдатную працу на карысць Беларускай Народнай Рэспублікі» атрымаў званне генерал-маёра.
У 1921—1944 гадах жыў у Латвіі (у Рызе), узначаліў Беларускае нацыянальнае аб'яднанне ў Рызе. Дзякуючы Езавітаву беларуская супольнасць тут сталася, бадай, найлепш арганізаванай за межамі БССР. Ён быў намеснікам старшыні таварыства «Бацькаўшчына» ў Латгаліі, узначальваў беларускае выдавецтва, таварыства беларусаў-выбаршчыкаў, беларускіх настаўнікаў, навукова-краязнаўчае. Браў удзел у Пражскай і Берлінскай палітычных канферэнцыях. Рэдагаваў газету «Голас беларуса» і часопіс «Беларуская школа ў Латвіі». За сваю нацыянальную працу чатыры разы арыштоўваўся латвійскімі ўладамі ў 1924, 1930, 1933 і 1935.
У 2-ю сусветную вайну займаўся арганізацыяй у Латвіі беларускіх школ. На Другім Усебеларускім кангрэсе быў абраны ў склад Беларускай Цэнтральнай Рады, у 1945 годзе займаў пасаду вайсковага міністра ва ўрадзе БЦР. Затрыманы СМЕРШ у красавіку 1945 года. Паводле афіцыйнай версіі, памёр пад час следства ад сухотаў і дыстрафіі 23 мая 1946, па іншых звестках расстраляны.
Езавітаў напісаў шэраг кніг і артыкулаў па гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху, беларусазнаўстве, аўтар лірычных вершаў, укладальнік школьных дапаможнікаў. Меў багаты кнігазбор, падрыхтаваў да друку невядомыя раней творы Максіма Багдановіча.
Памяць [правіць]
Мікола Несцярэўскі стварыў рэльеф з выявай К. Езавітава[1].
Зноскі
Літаратура [правіць]
- Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.1. —Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9;
- Герасімаў В. Да праўды светлай, братка, йдзі! // Полымя. 1994, № 2.
- Міхнюк У., Паўлаў Я. Канстанцін Езавітаў: матэрыялы да біяграфіі // Маладосць. 1995, № 1.
- Чэмер А. [Анішчык А.]. Партрэты. Вільнюс, 2001.
- Езавітаў Канстанцін Барысавіч // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: БелЭн, 1992—1995., Т. 6.
- ЭГБ, т. 3.