Францішак Аляхновіч

З Вікіпедыя.

Перайсці да: рух, знайсці

Францішак АЛЯХНОВІЧ, АЛЯХНОВІЧ-АЛЕКНА (9 сакавіка 1883, Вільня3 сакавіка 1944, Вільня; Псеўданімы і крыптанімы: А-віч; Ф.А.; Ф.О.; Фр.; Я.Монвід; І.Монвід; Ю.Монвід), беларускі драматург, тэатральны дзеяч, публіцыст.

З дзяцінства выхоўваўся ў артыстычным асяроддзі: бацька працаваў скрыпачом у тэатры. Сістэматычнай агульнай адукацыі не атрымаў, хоць і рабіў некалькі спроб вучыцца ў Віленскай гімназіі, Віленскай хімічна-тэхнічнай школе і ў Кракаўскім універсітэце. У 1904 паступіў у Варшаўскую драматычную школу, пасля сканчэння якой у 1907 вандраваў з трупай акцёраў.

У 1908 вярнуўся ў Вільню, дзе ўладкаваўся рэпарцёрам, пачаў выдаваць на польскай мове гумарыстычны часопіс "Perkunas". Тады ж далучыўся да беларускага нацыянальнага руху. За публікацыю антыцарскага артыкула часопіс "Perkunas" быў закрыты, а рэдактар трапіў пад следства. Уцёк у Аўстра-Венгерскую імперыю, дзе працаваў акцёрам у Кракаве і ў польскіх тэатрах Галіччыны. У 1913 у Расійскай імперыі была аб'яўлена амністыя, і хоць пад яе трапляла толькі частка злачынстваў рэдактара часопіса "Perkunas", Аляхновіч вярнуўся ў Вільню, дзе яго асудзілі на год астрога. Менавіта ў Лукішскай турме Вільні Аляхновіч пачаў пісаць п'есы.

У чэрвені 1918 перабраўся ў Мінск. Увесну 1919 вярнуўся ў Вільню і выдаваў часопіс "Беларускае жыццё", спрабаваў арганізаваць тэатр. Восенню 1919 зноў пераехаў у Мінск, дзе быў дырэктарам і рэжысёрам Беларускага тэатра, які субсідзіраваўся польскімі ўладамі. З ліпеня 1920 у Вільні, у 1921-1923 рэдагаваў газету "Беларускі звон". Кніжка "Беларускі тэатр" (1924) засведчыла Аляхновіча як першага беларускага тэатразнаўца. У лістападзе 1926 прыехаў у Мінск на Акадэмічную канферэнцыю, застаўся ў Савецкай Беларусі; працаваў літаратурным кіраўніком у адкрытым БДТ-2 у Віцебску. Там і быў арыштаваны 1 студзені 1927; атрымаў 10 гадоў зняволення на Салаўках.

У верасні 1933 абменены ўладамі на вязня польскай турмы Б. Тарашкевіча. Пасля вяртання ў Вільню напісаў свой самы вядомы твор - успаміны пра знаходжанне ў савецкіх лагерах "У капцюрох ГПУ". Твор упершыню надрукаваны ў польскай віленскай газеце "Słowo"; рускі пераклад успамінаў апублікавала парыжская газета "Возрождение". У 1935 у Вільні ўспаміны выйшлі асобнай кнігай на польскай мове пад назвай "Siedem lat w szponach G.P.U." У 1937 у Варшаве выдадзены яшчэ адзін польскі варыянт кнігі пад назвай "Prawda o Sowietach". Твор перакладаўся на італьянскую мову ("La verita sulla Russia Bolscevica") і на партугальскую ў Бразіліі ("Sete annos nas garras sovieticas"). Украінскі пераклад друкавала газета "Діло", рэдакцыя якой затым выпусціла ўспаміны асобнай кнігай "7 літ на Соловках". Толькі ў канцы 1937 аўтар здолеў выдаць кнігу на беларускай мове. Вядома, такая актыўнасць Аляхновіча не магла застацца незаўважанай НКУС. Калі ў 1940 у Вільню ўвайшлі савецкія войскі, то Аляхновіч апынуўся на нелегальным становішчы. У час нямецкай акупацыі рэдагаваў газету "Biełaruski hołas". У сакавіку 1944 застрэлены на сваёй кватэры савецкімі дыверсантамі, засланымі з-за лініі фронту.

Аляхновіч - аўтар 20 п'ес. Творы Аляхновіча зноў пачалі друкаваць і ставіць на беларускай сцэне ў 1990-х гадах.

[правіць] Творы

  • Беларускі тэатр. Вільня, 1924.
  • У капцюрох ГПУ. Мн., 1994.

Літ.:

Крывіцкі Л. (Луцкевіч Л.). Францішак Аляхновіч // Ніва (Беласток). 1990, № 2-3.   Сабалеўскі А. Адметны след // Спадчына. 1990, № 3.   Сабалеўскі А. На адраджэнскай хвалі // Полымя. 1992, № 5.   Бяляцкі А. "Як я памру..." // Маладосць. 1990, № 10.   Няфёд У.І. Францішак Аляхновіч: Тэатральная і грамадска-палітычная дзейнасць. Мн., 1996.   БП, т.1.   ЭГБ, т.1.

[правіць] Крыніцы

  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794-1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.1. —Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9