Савецкая акупацыя Латвіі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Чырвоная армія ў Рызе, 1940 р.
Падзеі Другой сусветнай вайны ў Еўропе, 1940 р.

Гісторыя Латвіі

Назва Латвіі

Старажытная гісторыя Латвіі

Кундская культура · Нарвская культура · Культура ямочна-грабеністай керамікі · Фіна-ўгорскія народы · Культура баявых сякер · Балты

Сярэднявечча

Лівы · Латгалы · Селы · Земгалы · Куршы · Венды · Герсіцкае княства · Кукейноскае княства · Лівонскі крыжовы паход · Ордэн мечнікаў · Лівонскі ордэн · Рыжскае архібіскупства · Курляндскае біскупства · Ганза · Тэра Марыяна · Лівонская вайна · Лівонскае каралеўства · Задвінскае герцагства · Курляндыя і Семігалія · Калоніі Курляндыі

Новы час

Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй (1600-1629) · Шведская Лівонія · Паўночная вайна, 1655—1660 · Лівонскае ваяводства · Паўночная вайна · Ліфляндская губерня · Курляндская губерня · Младалатышы · Лясныя браты (1905—1906) · Першая сусветная вайна · Латышскія стралкі

Найноўшы час

Барацьба за незалежнасць Латвіі · Балтыйскае герцагства · Латвійская Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка · Мірны дагавор з Расіяй · Пераварот 15 мая 1934 года · Дагавор аб ненападзе паміж Германіяй і Савецкім Саюзам · Увод савецкіх войскаў · Далучэнне да СССР · Другая сусветная вайна · Латышскі добраахвотніцкі легіён СС · Рэйхскамісарыят Остланд · Латвійская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка · Лясныя браты (1940—1957) ·

Сучасныя гады

Аднаўленне незалежнасці (1990—1991) · Народны фронт Латвіі · Балтыйскі шлях · Сучасная Латвія · Палітычныя партыі Латвіі · Уваходжанне ў Еўрапейскі саюз (2004) · Эканамічны крызіс у Латвіі (2008—2010)

Партал «Латвія»

Саве́цкая акупа́цыя Ла́твіі — паняцце ў гістарыяграфіі[1][2][3], якое выкарыстоўваецца Еўрапейскім судом па правах чалавека[4], урадам Латвійскай Рэспублікі[5], Дзяржаўным дэпартаментам ЗША[6] і органамі ўлады Еўрапейскага Саюза[7][8][9] для пазначэння акупацыі міжваеннай Латвіі Савецкім Саюзам, якая адбылася паводле ўмоў пакту Молатава-Рыбентропа, падпісанага між СССР і нацысцкай Германіяй у 1939 годзе.

Пасля нападу нацысцкай Германіі на Польшчу ў верасні 1939 года і, такім чынам, пасля пачатку Другой сусветнай вайны, Латвія паводле ўмоў пакту Молатава-Рыбентропа і яго сакрэтнага дадатковага пратаколу (жнівень 1939) трапіла ў сферу ўплыву Савецкага Саюза.

Падчас палітыкі Перабудовы ў 1989 годзе савецкае кіраўніцтва выступіла з асуджэннем гэтага сакрэтнага пратаколу, які стаў прычынай акупацыі краін Балтыі, у тым ліку і Латвіі[10]. У той час, як Расія да распаду СССР прызнала яго палітыку адным з прычын страты незалежнасці Літвы, тое ж самае не было ажыццёўлена датычна Латвіі і Эстоніі, з гэтай прычыны кіраўніцтва Савецкага Саюза не прызнавала акупацыі гэтых краін да самога развалу СССР.

У ліпені 1989 года ў Латвіі актывізаваліся рухі і працэсы, мэтамі якіх абвяшчалася патрабаванне аднаўлення незалежнасці краіны. Пасля аднаўлення суверэнітэту краіны ў 1991 годзе, 22 жніўня 1996 года парламент Латвіі прыняў дэкларацыю, згодна з якою акупацыя Латвіі Савецкім Саюзам кваліфікавалася як «акупацыя» і «незаконная інкарпарацыя»[11].

Прадмова[правіць | правіць зыходнік]

Тэрыторыя Латвіі, так і іншых краін Балтыі, на працягу каля сямі стагоддзяў аж да пачатку ХХ ст. так ці інакш знаходзілася пад панаваннем замежных дзяржаў.

Міжваенны перыяд 1918—1939[правіць | правіць зыходнік]

Пасля падзей рэвалюцыі ў Расіі 1917 года Латвія 18 лістапада 1918 года абвясціла сваю незалежнасць.

11 жніўня 1920 года, пасля латышскай вайны за незалежнасць між Латвіяй і Савецкай Расіяй, Расія паводле Артыкула 2 мірнага дагавора з Латвіяй прызнала незалежнасць краіны. Прыкладна праз паўгод, 26 студзеня 1921 года, незалежнасць Латвіі была дыпламатычна прызнана з боку Вярхоўнай Саюзнага Савета (Францыя, Вялікабрытанія, Італія, Японія, Бельгія), падобную пазіцыю выказалі і іншыя тагачасныя дзяржавы.

22 верасня 1921 года Латвія стала сябрам Лігі Нацый, маючы гэты статус да фармальнага роспуску арганізацыі ў 1946 годзе.

5 лютага 1932 года, грунтуючыся на дагаворы 1920, паміж Латвіяй і СССР быў падпісаны дагавор аб ненападзе, у якой засталіся ранейшымі базавыя пагадненні, і якая пры гэтым у наступным стала асновай для зносін між дзвюма дзяржавамі. 1 верасня 1939 года, у пачатку Другой Сусветнай вайны, Латвія заявіла пра свой нейтралітэт.

Адзначаючы наяўнасць вызначэння дыпламатычных зносін міжваеннай Латвіі з Савецкім Саюзам паводле адмысловых дагавораў, акрэсліваецца наступны спіс дакументаў, падпісаных і ратыфікаваных абедзвюма дзяржавамі.

  • Пакт Келага-Брыяна. Падпісаны 27 жніўня 1928 года, абвяшчаў адмаўленне ад ваеннага ўмяшальніцтва як сродку вырашэння нацыянальнай палітыкі[12].
  • Дагаворы аб ненападзе. Падпісаны 5 лютага 1932 года паміж Латвіяй і СССР[13].
  • Канвенцыя аб вызначэнні агрэсіі. Падпісаная 3 ліпеня 1933 года. Паводле абавязковага дагавора ўпершыню падавалася вызначэнне тэрміну «агрэсія» ў міжнародных зносінах, гэты дагавор быў падпісана ў савецкім пасольстве ў Лондане Савецкім Саюзам і, у прыватнасці, Латвіяй[14][15]. Так, напрыклад, Артыкул II падаваў вызначэнні формаў агрэсіі:
" У якасці агрэсара вызначаецца краіна, якая першай здзейсніла адно з ніжэйпазначаных дзеянняў[16]:
  • Частка другая — уварванне ўзброеных сіл на тэрыторыю іншай дзяржавы, нават без абвяшчэння вайны.
  • Частка чацвертая — марская блакада берагоў або партоў іншай дзяржавы.
"

Перыяд 1939—1940 гадоў[правіць | правіць зыходнік]

Вячаслаў Молатаў падпісвае нямецка-савецкі пакт аб ненападзе.

Пакт аб ненападзе паміж Германіяй і Савецкім Саюзам[правіць | правіць зыходнік]

План падзелу Усходняй Еўропы згодна з пактам Молатава-Рыбентропа (злева).

Пакт Молатава-Рыбентропа, што быў падпісаны 23 жніўня 1939, на думку некаторых гісторыкаў, стаў шляхам для дасягнення Савецкім Саюзам і нацысцкай Германіяй сваіх тэрытарыяльных інтарэсаў ва Усходняй Еўропе. Да пакту прыкладаліся дадатковыя сакрэтныя пратаколы, згодна з умовамі якіх у савецкую сферу інтарэсаў трапілі Фінляндыя, Эстонія, Латвія, Бесарабія, а таксама некаторыя іншыя дадатковыя рэгіёны, у сферу інтарэсаў нацысцкай Германіі — Польшча, Літва, некаторыя іншыя рэгіёны. У Савецкім Саюзе існавала практыка адмаўлення існавання гэтых сакрэтных пратаколаў, аднак 24 снежня 1989 года з дапамогай уздзеяння балтыйскіх савецкіх рэспублік З'езд народных дэпутатаў СССР афіцыйна прызнаў гэтыя пагадненні незаконнымі і несапраўднымі ад моманту іх падпісання[17].

Польшча[правіць | правіць зыходнік]

1 верасня 1939 года нацысцкая Германія ўварвалася ў Польшчу, што стала пачатакам Другой Сусветнай вайны. На думку некаторых гісторыкаў, гэтая аперацыя была ажыццёўлена з падтрымкай савецкага кіраўніка Іосіфа Сталіна[18]. Францыя і Вялікабрытанія, якія згодна з адпаведнымі дагаворамі з Польшчай абавязваліся спрыяць дапамозе датычна Польшчы, накіравалі ў адрас Германіі ноту пратэсту, у якой указвалася патрабаванне адступлення сіл гэтай дзяржавы. Пасля гэтага, 3 верасня Вялікабрытанія асобна апублікавала свой ультыматум да Германіі, крыху пазней такім жа чынам паступіла і кіраўніцтва Францыі. Тым не менш, нягледзячы на існы на той момант стан вайны з Германіяй, міжсаюзныя ваенныя канферэнцыі прыйшлі да высновы, што яны не маюць мажлівасці аказаць падтрымку на ўсходнім фронце Польшчы. У наступным часе французскае кіраўніцтва выражала просьбу аб недапушчальнасці бамбардзіроўкі Германіі, што было выклікана перасцярогамі наконт магчымага сіметрычнага бамбардзіроўкі Германіяй Францыі; выказваліся меркаванні аб мэтазгоднасці недапушчальнасці рашучых дзеянняў супраць Германіі (гл. «Дзіўная вайна»), што было звязана з мажлівасцю адкрыцця заходняга фронту з боку Германіі.

Пазней, 17 верасня гэтага ж года распачалася савецкая аперацыя па перацінанні тагачаснай савецка-польскай мяжы, што тлумачылася з боку савецкага кіраўніцтва як неабходнасць узяцця пад абарону беларускага і ўкраінскага насельніцтва ва ўмовах спынення існавання польскай дзяржаўнасці[19]. Як мяркуюць некаторыя гісторыкі, у той час Іосіф Сталін прапанаваў Адольфу Гітлеру вызначаныя шляхі для вырашэння г.зв. «Балтыйскай праблемы»[20]. 28 верасня 1939 года паміж Савецкім Саюзам і нацысцкай Германіяй скончыўся фактычны падзел Польшчы, які быў замацаваны супольным дагаворам аб мяжы, згодна з якім паміж дзвюма краінамі адбыўся абмен Літвы і двух ваяводстваў Польшчы, у выніку чаго ў абмен на два ваяводствы Польшчы Савецкі Саюз атрымаў Літву. На думку шэрагу гісторыкаў, гэтыя падзеі, а таксама адсутнасць ваеннай інтэрвенцыі на ўсходнім фронце з боку дзяржаў Заходняй Еўропы сталі фактарамі, якія спрасцілі для нямецкага і савецкага кіраўніцтваў дасягненне сваіх стратэгічных мэтаў у рэгіёне краін Балтыі, а таксама, разам з імі, Латвіі.

Зносіны паміж СССР і краінамі Балтыі ў 1939—1940 гг.[правіць | правіць зыходнік]

З нагоды шэрагу гістарычных і геаграфічных фактараў храналогія акупацыі Латвіі Савецкім Саюзам досыць часта разглядаецца на фоне тагачасных зносін між СССР і краінамі Балтыі ўвогуле.

24 верасня 1939 года караблі савецкага ваеннага флоту пачалі з'яўляцца ў Эстоніі — распачалося патруляванне савецкімі бамбардзіроўшчыкамі марскіх наваколляў Таліну[21]. 25 верасня з боку Савецкага Саюза былі зафіксаваны парушэнні паветранай прасторы ўсіх трох балтыйскіх краін, якія былі выкліканы выведчымі палётамі савецкай авіяцыі. Разам з гэтым, савецкае кіраўніцтва высунула краінам Балтыі патрабаванні аб дазволе стварэння на тэрыторыі гэтых краін савецкіх ваенных базаў на выпадак вайны ў Еўропе[22].

2 кастрычніка 1939 года, падчас перамоў у Маскве, Іосіф Сталін паведаміў тагачаснаму міністру замежных спраў Латвіі Вілхэлмсу Мунтэрсу, што, паводле словаў Сталіна, «падзел сфераў інтарэсаў ужо быў адбыўся, і Германія выказвае занепакоенасць пра мажлівасць акупацыі Латвіі з боку Савецкага Саюза»[23]. Краіны Балтыі былі вымушаны сур'ёзна ўспрыняць дадзеную пагрозу.

28 верасня, 5 і 10 кастрычніка Эстонія, Латвія і Літва адпаведна прынялі адмысловыя пагадненні. У выпадку Латвіі яны вызначалі наступныя ўмовы:

  • Перадачу ў карыстанне Савецкім Саюзам у тэрмін да 1949 года ваенных базаў у гарадах Ліепая і Вентспілс (заходняе ўзбярэжжа Латвіі) і ў вёсцы Пітрагс (паўночнае ўзбярэжжа);
  • Адбудоўванне спецыяльных аэрадромаў для патрэбаў Савецкага Саюза;
  • Размяшчэнне на сваёй тэрыторыі гарнізонаў арміі СССР агульным лікам у 30 000 чалавек[24].

Фармальна гэты пакт не закранаў пытанняў дзяржаўнай незалежнасці (напрыклад, раздзел 5 абвяшчаў, што «вынікі дзейнасці гэтага пакту ні ў якім разе не закранаюць суверэнных правоў дамоўных бакоў, у прыватнасці палітычныя структуры, эканамічную і сацыяльную сістэмы і ваенныя галіны гэтых бакоў. Тэрыторыі, адведзеныя для [вышэйпамянёных] базаў і аэрадромаў застаюцца тэрыторыяй Латвійскай рэспублікі»[24]).

Пасля таго, як у краінах Балтыі ўкараніўся палітычны ўплыў з боку СССР, Адольф Гітлер апублікаваў заклік да перасялення ў Германію балтыйскіх немцаў[25]. 30 кастрычніка 1939 года Латвія і нацысцкая Германія заключылі пагадненне аб рэпатрыяцыі грамадзян Латвіі нямецкай нацыянальнасці[24].

У афіцыйным рэчышчы Вярхоўны Савет СССР у адказ на перасцярогі аб саветызацыі краін Балтыі заяўляў, што такія прэтэнзіі не маюць пад сабою падстаў[26]. Між тым, на думку некаторых гісторыкаў, вынікі гэтых дагавораў (у прыватнасці, размешчанне савецкіх войскаў) былі выкліканы даўнім імкненнем атрымаць кантроль над Балтыяй[27][28].

Фінляндыя[правіць | правіць зыходнік]

Саступкі Фінляндыі на карысць СССР па выніках Зімовай вайны.

Аналагічныя патрабаванні з боку савецкага кіраўніцтва высоўваліся таксама ў адрас Фінляндыі. 5 кастрычніка 1939 паводле запрашэння Савецкага Саюза з мэтай «абмеркавання агульных праблем» у Маскву прыбыла фінская дэлегацыя, аднак яна адмовілася падпісаць пакт аб узаемадапамозе[29][30]. 30 лістапада гэтага ж года СССР здзейсніў напад на Фінляндыю, што стала пачаткам Зімовай вайны, пры гэтым з той нагоды, што савецкі напад быў адзначаны як незаконны, СССР быў выключаны з Лігі Нацый 14 снежня[31]. Фінляндыя мела моцныя абарончыя нарыхтоўкі (гл. Лінія Манергейма), таму да лютага 1940 года войскі краіны здолелі стрымаць наступ савецкіх войскаў, аднак потым савецкая армія ўсё ж здолела пераадолець лініі першаснай абароны. 12 сакавіка гэтага ж года, сутыкнуўшыся з пагрозай поўнага ўсталявання савецкай улады, Фінляндыя падпісала ў Маскве мірны дагавор з Савецкім Саюзам, згодна з якою Фінляндыя захоўвала свой суверэнітэт, але была вымушана саступіць 11% сваёй тэрыторыі і аддаць у арэнду ў якасці ваенна-марской базы Савецкаму Саюзу паўвостраў Ханка на працягу 30 гадоў. У чэрвені 1941 года ваенныя дзеянні паміж дзвюма краінамі ўзнавіліся ў якасці савецка-фінскай вайны 1941—1944 гадоў.

1941—1942 гады: першая савецкая акупацыя[правіць | правіць зыходнік]

Палітычная сітуацыя[правіць | правіць зыходнік]

На думку некаторых гісторыкаў, досвед Фінляндыі даў латышскаму грамадству ілжывае адчуванне палітычнай небяспекі для Латвіі. Праз чатыры месяцы пасля прыходу савецкіх войскаў у Латвію, тагачасны міністр замежных спраў Латвіі Вілхэлмс Мунтэрс у сваёй прамове ў Латвійскім універсітэце 12 лютага 1940 года заявіў, што ў латышскага кіраўніцтва ёсць «усе падставы для таго, каб лічыць існыя адносіны паміж Латвіяй і Савецкім Саюзам як задавальняльныя. Існуюць людзі, на думку якіх гэтыя ўмовы носяць толькі часовы спрыяльны характар і што рана ці позна мы будзем вымушаныя зазнаваць унутры- і знешнепалітычны ціск з боку СССР. Аргументы, на якіх засноўваюцца гэткія сцверджанні, з'яўляюцца сакрэтам уласна такіх людзей. Досвед нашага ўрада, вядома, не апраўдвае такіх прадчуванняў.»[32]

Падчас свайго выступу 25 сакавіка 1940 года Молатаў заявіў аб тым, што выкананне пактаў развіваюцца задавальняльным чынам, стварыўшы добрыя ўмовы для далейшага паляпшэння зносін паміж СССР і дзяржавамі Балтыі.

У сакавіку і красавіку гэтага ж года, пасля прамовы Молатава, у савецкай прэсе распачалася кампанія інфармацыйнай вайны супраць ураду Латвіі. Дзякуючы пасярэдніцтву органаў НКВД быў арганізаваны шэраг пратэстаў у Рызе і Ліепаі, але калі высветлілася, што пратэсты не здолелі набыць усеагульны характар, савецкае кіраўніцтва заявіла, што ў гэтым вінаватыя «безадказныя элементы, якія псуюць добрасуседскія ўзаемаадносіны». Баючыся далейшых дзеянняў з савецкага боку, латвійскі ўрад 17 мая 1940 года надаў шырокія паўнамоцтвы міністру Латвіі ў Лондане, Карлісу Рэйнхалдсу Зарыньшу, а таксама надаў міністру, што знаходзіўся на дадзены момант у Вашынгтоне, паўнамоцтвы яго намесніка.

Савецкае ўварванне[правіць | правіць зыходнік]

Планы ваенна-марской блакады Эстоніі і Латвіі з боку СССР (расійскі дзяржаўны марскі архіў).

28 мая 1940 года літоўскі міністр у Маскве атрымаў паведамленне ад Вячаслава Молатава, згодна з якім падавалася інфармацыя пра меркаванае выкраданне двух савецкіх салдат у Вільні. Літоўскі ўрад паспрабаваў вырашыць гэту праблему ў адмысловай савецка-літоўскай камісіі, што і прадугледжвалася паводле ўмоў дагаворы аб узаемадапамозе. Савецкі ўрад, між тым, адхіліў гэту прапанову. Далейшыя дзеянні з боку кіраўніцтва СССР развіваліся наступным чынам:

  • 12 чэрвеня, 1940: пачатак аперацыі па блакадзе Эстоніі савецкім Балтыйскім флотам[33][34].
  • 14 чэрвеня, 1940: Вячаслаў Молатаў абвінавачвае краіны Балтыі ў змове, накіраванай супраць СССР, савецкім кіраўніцтвам ухваляецца ўльтыматум, згодна з якім Літве высоўваецца патрабаванне ўстанаўлення савецкай улады. Тым жа днём здзяйсняецца блакада Эстоніі з савецкага боку. Паводле сведчанняў відавочцаў, якія былі сабраны эстонскімі і фінскімі даследчыкамі, два савецкіх бамбардзіроўшчыкі збілі фінскі пасажырскі самалёт Kaleva рэйсам Талін—Хельсінкі, у якім перавазілілся дыпламатычныя дакументы з пасольстваў ЗША ў Таліне, Рызе і Хельсінкі. У выніку катастрофы загінуў супрацоўнік замежнай службы ЗША Генры Уільям Антэйл-малодшы[35].
  • 15 чэрвеня, 1940: савецкія войскі ажыццяўляюць атаку на латвійскіх памежнікаў ля паселішча Масленкі[5], у выніку чаго былі забіты тры памежнікі і дзве грамадзянскія асобы, 10 памежнікаў і 27 грамадзянскіх асоб былі ўзяты ў закладнікі.
  • 16 чэрвеня, 1940: Савецкі Саюз здзяйсняе ўварванне ў Латвію і Эстонію[36]. Разам з гэтым, былі накіраваны ўльтыматумы з патрабаваннем адказу цягам шасці гадзін, у тэкстах якіх высоўваліся патрабаванні стварэння прасавецкіх урадаў і забеспячэння вольнага праходу савецкіх войскаў на тэрыторыі краін у мэтах іх змяшчэння ў найважнейшых кропках краін і пазбягання магчымых правакацыйных дзеянняў супраць савецкіх гарнізонаў, у выніку гэтых акалічнасцей дзве краіны былі вымушаны капітуляваць.
  • 17 чэрвеня, 1940: савецкія войскі займаюць у Латвіі масты, пошту, тэлефонныя станцыі, тэлеграф, вяшчальныя ўстановы. Андрэй Вышынскі, тагачасны савецкі Старшыня Савету Міністраў СССР, сустракаецца з латвійскім прэзідэнтам Карлісам Улманісам у якасці спецыяльнага пасланца ад СССР.

Страта незалежнасці[правіць | правіць зыходнік]

Паралельна з працэсам уварвання адбывалася прыбыццё з часткамі Чырвонай арміі пратэстуючых, мэтай якіх было стварэнне ўражання наяўнасці пратэстнага руху ў краіне.

Храналогія падзей (1940):

  • 19 чэрвеня — Візыт Вышынскага да Улманіса, які мусіў перадаць Улманісу спіс новых членаў ураду Латвіі, абраных папярэдне маскоўскім кіраўніцтвам.
  • 20 чэрвеня — Улманіс вымушаны зацвердзіць новы прасавецкі склад ураду. Вызваляюцца зняволеныя сябры раней забароненай камуністычнай партыі, арганізоўваюцца «ўдзячныя шэсці» ў гонар Сталіна.
  • 30 чэрвеня — Міністр замежных спраў Літвы Вінцас Крэвэ-Міцкявічус сустракаецца з Молатавым. Вячаслаў Молатаў заяўляе пра савецкія намеры аб заняцці рэгіёна: «Вы мусіце цвяроза паглядзець на сапраўднае становішча спраў і зразумець, што ў будучыні маленькія дзяржавы знікнуць. Вашая Літва, а таксама іншыя краіны Балтыі разам з Фінляндыяй далучацца да слаўнай сям'і Савецкага Саюза. Таму вы мусіце зараз пачаць інтэграцыю вашага народа ў савецкую сістэму, якая ў будучыні валадарыцьме па ўсім свеце, ва ўсёй Еўропе, што будзе спачатку ажыццёўлена ў краінах Балтыі, а потым — і ў іншых.»
  • 5 ліпеня — Пачатак новых выбараў у Латвіі. Латвійскія дэмакратычныя партыі спрабуюць аб'яднацца ў кааліцыю пад назвай Нацыянальнага камітэта.
  • 9 ліпеня — Віліс Лацыс, прасавецкі міністр унутраных спраў, забараняе дзейнасць Нацыянальнага камітэта, яго найвядомейшыя сябры дэпартаваныя. Пачатак дэпартацыяў з тэрыторый, якія яшчэ не з'яўляюцца часткай Савецкага Саюза.
  • 14-15 ліпеня — Пачатак парламенцкіх выбараў у Латвіі і іншых балтыйскіх краінах, да выбараў быў дапушчаны толькі папярэдне зацверджаны спіс кандыдатаў[5]. Меркаваная яўка выбаршчыкаў склала 97,6%. Варта адзначыць, што вынікі выбараў былі апублікаваны ў Маскве а дванаццатай гадзіне, гэта значыць яшчэ да заканчэння выбараў. Паводле некаторых даследаванняў стала меркавацца, што савецкія выбарчыя дакументы таго часу былі сфальсіфікаваны.
  • 21 ліпеня — першае паседжанне новаабранага складу сейма краіны. Адзіным пытаннем, вынесеным на разгляд у сейм стала хадайніцтва па далучэнні да СССР, пры гэтым хадайніцтва было прынята аднагалосна. Між тым, такое палажэнне супярэчыла яшчэ сапраўднай на той момант Канстытуцыі Латвіі, якая патрабавала для пытанняў такога кшталту правядзення плебісцыту, атрымання ў яго выніках дзвюх трацінаў ад галасоў выбаршчыкаў і зацвярджэння простай большасцю складу парламенту. Улманіс вымушаны сысці ў адстаўку.
  • 22 ліпеня — нацыяналізацыя зямлі, дэпартацыя Улманіса ў СССР.
  • 23 ліпеня — намеснік дзяржаўнага сакратара ЗША Самнер Уэлс асуджае знішчэнне незалежнасці балтыйскіх краін з боку «мацнейшага суседу».
  • 31 ліпеня — загадам Віліса Лацыса ў Савецкі Саюз дэпартуецца міністр абароны Латвіі Яніс Баладзіс разам з сям'ёй.
  • 5 жніўня — высоўванне з боку савецкага кіраўніцтва хадайніцтва аб далучэнні Літвы, Латвіі і Эстоніі да СССР. Латвія ўключаецца ў склад СССР у якасці пятнаццатай рэспублікі СССР, ніводная краіна Захаду, апрача Германіі, дэ-юрэ не прызнае законным гэтага ўваходжання.

Дакладныя лічбы стратаў, нанесеных Савецкім Саюзам тагачаснай Латвіі, застаюцца недаступнымі. Тым не менш, могуць падавацца адзнакі ў 290 тыс. чал. загінулых праз ваенныя дзеянні, пакаранні або дэпартацыі. Вызначаная колькасць грамадзян Латвіі здолела знайсці прытулак за мяжой. Гэтыя страты ацэньваюцца як страты, што паўсталі падчас пачатку савецкай акупацыі. У некаторых латвійскіх колах гэтыя падзеі вядомыя як «Жахлівы год» (лат.: Baigais Gads. Тэрмін, аднак, можа ўжывацца і ў іншых гістарычных акрэсліваннях, з якімі не варта блытаць гэты паняцце).

Савецкі тэрор[правіць | правіць зыходнік]

Шыльда ў гонар ахвяр НКУС, Баўска.

Па заканчэнні працэсу атрымання палітычнага кантролю над Латвіяй з боку СССР, савецкая ўлада распачала разгортванне ў краіне рэжыму тэрору. Пачаліся арышты сотняў людзей, былі арыштаваны ў тым ліку і шматлікія палітычныя дзеячы Латвійскай Рэспублікі. Пачалося стварэнне трыбуналаў з мэтай пакарання г.зв. «ворагаў народу». У прыватнасці, былі арыштаваны прэзідэнт краіны Карліс Улманіс і міністр замежных спраў Вілхэлмс Мунтэрс. У бок дыпламатаў, якія знаходзіліся па-за мяжою і адмовіліся ад прызнання савецкай улады, былі высунуты патрабаванні па канфіскацыі маёмасці[37]. Пазней рэпрэсіі былі пашыраны і пад рэпрэсіўныя захады трапілі людзі, якія так ці іначай жадалі схавацца ад ураду або збеглі за мяжу.

13-14 чэрвеня адбыліся г.зв. чэрвеньскія дэпартацыі, у выніку якіх з краіны было дэпартавана 15 600 чалавек, у тым ліку 20% ад членаў былога ўрада Латвіі. Навогул, падчас першасных дэпартацыяў было вывезена 35 000 чал., што склала 1,8% ад насельніцтва краіны. Падчас савецкіх дэпартацыяў было вывезена таксама некалькі тысяч яўрэяў.

У адпаведнасці з прыказам НКУС СССР № 001223 дэпартацыя ладзілася ўначы. Асобам, якія былі вымушаны адправіцца ў дэпартацыю, давалася прыкладна гадзіна для падрыхтоўкі. Дазвалялася ўзяць рэчы, якія агулам не пераўзыходзілі масу ў 100 кг. На чыгуначных станцыях, з якіх ажыццяўляўся непасрэдна працэс дэпартацыі, адбывалася адасабленне кіраўніка сям'і ад астатніх членаў сям'і. Значная колькасць дэпартаваных загінула яшчэ падчас дэпартацыі або ў часе першай зімы на новым месцы.

Некаторая колькасць латышоў здолела схавацца ад дэпартацыі ў лясной мясцовасці, у якой былі арганізаваны антысавецкія падраздзяленні. Іхныя ўдзельнікі былі выкарыстаны нацысцкай Германіяй у часе яе нападу на СССР[38].

22 чэрвеня 1940 года ва ўсіх трох балтыйскіх краінах былі прыняты дэкрэты па нацыяналізацыі зямлі, у Латвіі праз тыдзень была прынятая зямельная рэформа. Першапачаткова для выкарыстоўвання адной сям'ёй дазвалялася вылучаць не больш за 30 га зямлі, пазней гэтая лічба скарацілася да 20 або нават 15 га.

Наступствы[правіць | правіць зыходнік]

Акупацыя Нацысцкай Германіяй[правіць | правіць зыходнік]

Пераход падзей Другой сусветнай вайны да супрацьстаяння паміж Германіяй і СССР спрычыніўся да пэўнага спынення акупацыі Латвіі Савецкім Саюзам. Наступ нацысцкай Германіі на тэрыторыю Савецкага Саюза распачаўся 22 чэрвеня 1941 года, 1 ліпеня гэтага ж года нацысцкія сілы ўвайшлі ў Рыгу, што парушыла планы НКУС пра працягванні дэпартацыяў 27-28 чэрвеня.

З прычыны таго, што ў жыхароў Латвіі заставаліся свежымі ўспаміны пра нядаўнія дэпартацыі, частка латышоў бачыла ў прыходзе нацысцкіх войскаў надзею на вызваленне. На мясцовым радыё было дазволена прайграванне гімну Латвіі, паводле звестак Крыса Беламі, «антысавецкае паўстанне разгарнулася пасля весткі пра план Барбароса»[38]. Большасць латышоў, закліканых у Чырвоную армію, дэзэртавала з яе шэрагаў і пачала серыю нападаў на органы НКУС, разам з гэтым латышы таксама дэзэртавалі і з трэніровачных лагераў. 2 ліпеня 1941 года часткі дэзерціраў узялі пад кантроль горада Сігулда, праз тры дні — мястэчка Смілтэнэ, таксама быў захоплены стратэгічны шлях у Пскоў. Таксама да прыходу Вермахту паўстанцамі былі ўзяты Лімбажы, Олайнэ і Алукснэ[38].

Нацысцкае кіраўніцтва не планавала аднаўлення незалежнасці або аўтаноміі Латвіі, аднак імі з мэтай нагляду за фарміраваннем Латвійскіх сіл абароны быў прызначаны палкоўнік Аляксандр Плэснерс. 8 ліпеня нямецкім кіраўніцтвам было абвешчана пра забарону нашэння ненямецкай ваеннай формы і пра абавязковае раззбраенне паўстанцкіх аддзелаў. 10 ліпеня Вермахтам была занятая ўся тэрыторыя Латвіі, сама тэрыторыя краіны ўвайшла ў склад рэйхскамісарыята Остланд у якасці генеральнай акругі Латвія. Асобы, якія супраціўляліся нямецкай акупацыі або супрацоўнічалі з савецкімі ўладамі, забіваліся або адпраўляліся ў канцэнтрацыйныя лагеры.

Другая савецкая акупацыя[правіць | правіць зыходнік]

Тэрмін «савецкая акупацыя Латвіі» таксама датычыць і наступнага гістарычнага этапу, які цягнуўся ад сыходу нацысцкіх войскаў і заняцця краіны войскамі СССР у 1944 годзе да 1991 года, калі Латвія канчаткова набыла дзяржаўны суверэнітэт[39]. У гэты перыяд некалькі тысяч латышоў былі дэпартаваны або смяротна пакараныя.

Частка латышоў практыкавала ўцёкі на рыбацкіх лодках у Швецыю і Германію. Блізу 150 тыс. латышоў апынуліся ў эміграцыі ў розных краінах Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі, а таксама ў Аўстраліі. Тым не менш, значны ўплыў на дэмаграфію аказалі падзеі Другой Сусветнай вайны: так, у выніку вайны, паводле прыкладных падлікаў, насельніцтва краіны скарацілася на 300—500 тысяч чалавек, што на 25% менш за насельніцтва краіны ў 1939 годзе. Ваенныя падзеі таксама спрычыніліся да значных стратаў у эканоміцы з прычыны разбурэння шматлікіх гарадоў, інфраструктуры і прамысловасці.

Пад канец існавання савецкай сістэмы ў Латвіі, як і ў іншых рэспубліках СССР і краінах сацыялістычнага лагера, узняліся рухі, якія ставілі мэту дасягненне дэмакратычных рэформ і дзяржаўнай незалежнасці. У ліпені 1989 года Вярхоўны Савет Латвійскай ССР прыняў Дэкларацыю аб суверэнітэце і ўдакладніў Канстытуцыю спецыяльнымі папраўкамі, згодна з якімі латвійскія законы атрымлівалі прыярытэт над законамі саюзнага значэння.

23 жніўня гэтага ж года адбыўся г.зв. «Балтыйскі шлях», у выніку якога прыкладна два мільёны чалавек сфарміравалі ланцуг праз краіны Балтыі шляхам узяцця за рукі, які, між іншым, дасягнуў даўжыні ў 600 км. Гэтая дэманстрацыя была арганізавана з мэтай прыцягнення сусветнай супольнасці да гістарычных падзей, якія распачаліся пасля інкарпарацыі трох краін у склад СССР.

У сакавіку 1990 года ў выніку дэмакратычных выбараў Латвійскі Народны фронт, які меў праграму дасягнення незалежнасці Латвіі, атрымаў дзве траціны мандатаў у Вярхоўным Савеце Латвійскай ССР. 4 мая гэтага ж года Вярхоўны Савет Латвійскай ССР абвясціў пра намеры поўнага аднаўлення незалежнасці, у выніку чаго 21 жніўня 1991 года Латвія абвясціла пра свой дзяржаўны суверэнітэт. 2 верасня гэтага года былі адноўлены дыпламатычныя зносіны Латвіі і ЗША, у наступным паследавала дыпламатычнае прызнанне і з боку іншых краін[40].

У лютым 1992 года Расія пачала працэс вываду войскаў з тэрыторыі Латвіі[41], апошнія войскі былі выведзены ў жніўні 1994 года[42]. Афіцыйна расійская ваенная прысутнасць у Латвіі была скончана ў жніўні 1998 года з вывадам з эксплуатацыі радыёлакацыйнай станцыі Скрунда-1, якая з'яўлялася апошнім савецкім ваенным радарам на тэрыторыі краін Балтыі. Апошнія расійскія войскі з станцыі былі выведзены ў наступным годзе[43].

Ацэнка з боку СССР[правіць | правіць зыходнік]

Да перыяду Перабудовы, пасля пачатку якога ў СССР былі дазволены, у прыватнасці, альтэрнатыўныя погляды на гісторыю і пачалося пераасэнсаванне савецкім урадам сакрэтнага пратаколу паміж Савецкім Саюзам і Нацысцкай Германіяй 1939 года, савецкая гістарыяграфія мела наступныя ацэнкі датычна падзей 19391940 гадоў:

Урад СССР прапанаваў Латвійскай Рэспубліцы скласці дагавор аб узаемнай дапамозе паміж дзвюма краінамі. Ціск з боку працоўнага народа Латвіі вымусіў латвійскі ўрад прыняць гэты пакт[44], дазваляючы Савецкаму Саюзу размяшчэнне пэўнай колькасці частак Чырвонай арміі ў Латвіі. Эканамічныя цяжкасці, сабатаж пакту ўрадам Латвіі, які быў незадаволены яго падпісаннем, і палітычная арыентацыя дзяржавы на Нацысцкую Германію спрычыніліся да рэвалюцыйнай сітуацыі, кульмінацыя якой наступіла ў чэрвені 1940 года. З мэтай гарантавання выканання ўмоў пакту Савецкі Саюз увёў дадатковыя часткі Чырвонай арміі ў Латвію. Увод савецкіх войскаў у Латвію вітаўся латвійскімі працоўнымі, якія патрабавалі адстаўкі буржуазнага ўрада Латвіі і яго фашысцкага лідара, Карліса Улманіса[45]. У гэтым жа месяцы латвійскія працоўныя пачалі праводзіць маніфестацыі пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі, у выніку неўзабаве было зрынута фашысцкае кіраўніцтва і сфарміраваны народны ўрад. У ліпені 1940 года былі праведзены выбары ў парламент Латвіі, на якіх пераканаўчую перамогу атрымаў «Саюз рабочых», створаны з ініцыятывы Камуністычнай партыі Латвіі[46]. Парламентам была прынятая дэкларацыя па аднаўленні савецкай улады ў краіне, была абвешчана Латвійская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. У наступным парламент выказаў жаданне добраахвотнага далучэння да СССР, прыняўшы наконт гэтага адпаведную рэзалюцыю. Просьба была ўхвалена Вярхоўным Саветам СССР і Латвія стала складовай рэспублікай СССР.

Канфлікты ў ацэнках падзей[правіць | правіць зыходнік]

Пытанне савецкай акупацыі, яе наступстваў і матываў застаецца нявырашаным між краінамі Балтыі і Расіяй — дзяржавай-пераемніцай СССР. У сусветнай гістарыяграфіі на цяперашні час існуюць дзве асноўныя думкі, адна з якіх падтрымліваецца прыбалтыйскімі краінамі (разам з краінамі Заходняга свету), другая — распрацаваная ў СССР і падтрымваная дагэтуль сучаснай Расіяй.

Згодна з Еўрапейскім судом па правах чалавека[4], урадам Латвійскай Рэспублікі[5], ЗША[6] і Еўрапейскім Саюзам[7][8][9], у 1940 годзе адбылася незаконная інкарпарацыя Латвіі ў склад Савецкага Саюза, што было ажыццёўлена зноў у 1944 годзе і, такім чынам, у 1940 годзе здзейснілася незаконнае звяржэнне ўраду Латвіі і гвалтоўнае навязванне савецкага ладу кіраўніцтва. Пасля гэтага савецкае кіраўніцтва ажыццявіла маштабныя і сістэматычныя рэпрэсіўныя захады супраць насельніцтва Латвіі. Былі арганізаваныя падладжаныя выбары, у якіх было дазволена ўдзельнічаць толькі кандыдатам, якія атрымлівалі дапамогу з боку СССР[47], пры гэтым вынікі выбараў выпадкова трапілі ў брытанскую прэсу яшчэ да іх заканчэння. Паводле паведамленняў брытанскай газеты Time на 1940 год, савецкае кіраўніцтва дазволіла НКУС расстрэльваць усіх выбаршчыкаў, якія не пагадзіліся на прастаноўку ў пашпарты штампу аб галасаванні за ўваходжанне ў склад СССР[37]. Паводле заходняе гістарыяграфіі, а таксама гістарыяграфіі краін Балтыі, Латвія працягвала знаходзіцца пад акупацыяй да 1991 года, а ўваходжанне Літвы, Латвіі і Эстоніі ў склад СССР не прызнавалася ўрадамі заходніх краін. У прыватнасці, Злучанымі Штатамі Амерыкі была прынятая г.зв. дактрына Стымсана, што стала прэцэдэнтам у міжнародным праве.

Савецкая гістарыяграфічная думка, а таксама гістарыяграфія Расіі падаюць розныя погляды на гістарычныя падзеі ў Латвіі 1940—1991 гг.

Так, перад развалам СССР З'езд народных дэпутатаў СССР асудзіў анексію краін Балтыі[48]; між тым, Расійская Федэрацйыя, якая юрыдычна з'яўляецца дзяржавай-правапераемніцай СССР, не прызнае акупацыю Латвіі Савецкім Саюзам. Прыкладам, датычна Латвіі Дзяржаўнай Думай Расійскай Федэрацыі была прынятая рэзалюцыя, паводле якой дэпутатам латвійскага Сейма нагадвалася пра «абгрунтаванне знаходжання Латвіі ў складзе СССР нормамі міжнароднага права»[49].

Ушанаванне[правіць | правіць зыходнік]

У 2009 годзе ў Латвіі афіцыйна ўстаноўлены дзень памяці пад назвай Дзень савецкай акупацыі Латвійскай Рэспублікі, які адзначаецца 17 ліпеня[50][51].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. The World Book Encyclopedia ISBN 0-7166-0103-6
  2. «Soviet occupation of the Baltic States», Encyclopædia Britannica
  3. The History of the Baltic States by Kevin O’Connor ISBN 0-313-32355-0
  4. а б гл. en:European Court of Human Rights cases on Occupation of Baltic States
  5. а б в г The Occupation of Latvia Архівавана 23 лістапада 2007., Ministry of Foreign Affairs of the Republic of Latvia
  6. а б «U.S.-Baltic Relations: Celebrating 85 Years of Friendship», state.gov
  7. а б Motion for a resolution on the Situation in Estonia by EU
  8. а б Dehousse, Renaud. Архіўная копія(недаступная спасылка). European Journal of International Law 4 (1): 141. Архівавана з першакрыніцы 13 красавіка 2020. Праверана 14 снежня 2013.
  9. а б European Parliament. "Resolution on the situation in Estonia, Latvia, Lithuania". Official Journal of the European Communities. C 42/78.. Праверана 28 студзеня 2011.
  10. The Forty-Third Session of the UN Sub-Commission at Google Scholar
  11. CASE OF KONONOV v. LATVIA, European Court of Human Rights. May 17, 2010. Retrieved June 15, 2013.
  12. Kellogg-Briand Pact Архівавана 3 ліпеня 2007. at Yale University
  13. League of Nations Treaty Series, 1934, No. 3408, pp. 123—125 and 127
  14. Aggression Defined Архівавана 13 красавіка 2020., Time magazine
  15. League of Nations Treaty Series, 1934, No. 3391.
  16. Адпаведныя часткі.
  17. Jerzy W. Borejsza, Klaus Ziemer, Magdalena Hułas. Totalitarian and Authoritarian Regimes in Europe. Berghahn Books, 2006. Page 521.
  18. Karski, Jan. The Great Powers and Poland 1919—1945. — University Press of America, 1985. — ISBN 0-8191-4398-7.
  19. Karski, Jan. The Great Powers and Poland 1919—1945. 1985. University Press of America. Lanham, MD.
  20. These Names Accuse. 1982. Stockholm. «Having learned that Germany after the defeat of the Polish army planned to create the State of Little Poland, Stalin suggested the exchange of Lithuania for two Polish voyevodstva (provinces) with the view of immediately 'solving the Baltic problem' with Hitler’s consent. Thus, the second secret protocol, which was signed on September 28 in Moscow, came into being.»
  21. Moscow’s Week Архівавана 29 студзеня 2018., Time, Monday, October 9, 1939
  22. David J. Smith. The Baltic States: Estonia, Latvia and Lithuania. — С. 24. — ISBN 0-415-28580-1.
  23. latvians.com: The Story of Latvia: The Tragedy of 1940
  24. а б в These Names Accuse: Historical Introduction, Part 2
  25. Central Europe Review: «A Brief History of Estonia» Архівавана 10 сакавіка 2019., Mel Huang
  26. These Names Accuse: Historical Introduction, Part 3
  27. Berzins, Alfreds. The Unpunished Crime, introduction by Senator Thomas J. Dodd, (1963), New York, Speller & Sons. quoting Izvestia, December 25, 1918: «Estonia, Latvia, and Lithuania are directly on the road from Russia to Western Europe and are therefore a hindrance to our revolution because they separate Soviet Russia from Revolutionary Germany. … This separating wall must be destroyed. The Russian red proletariat should find an opportunity to influence Germany. The conquest of the Baltic Sea would make it possible for Soviet Russia to agitate in favor of the social revolution in the Scandinavian countries so that the Baltic Sea would be transformed into the Sea of Social Revolution.»
    (бел.: «Эстонія, Латвія і Літва стаяць прама на дарозе з Расіі ва Усходнюю Еўропу і з-за гэта з'яўляюцца перашкодай для распаўсюджання нашай рэвалюцыі, бо яны аддзяляюць Савецкую Расію ад рэвалюцыйнай Германіі... Гэтая аддзяляльная сценка павінная быць знішчаная. Расійскі чырвоны пралетарыят мусіць знайсці магчымасць для ўплыву на Германію. Заваяванне тэрыторыі Балтыйскага мора дазволіла б Савецкай Расіі агітаваць на карысць сацыяльнай рэвалюцыі ў краінах Скандынавіі, такім чынам Балтыйскае мора пераўтварылася б на мора Сацыяльнай Рэвалюцыі»).
  28. Сталін аддаў загад Камуністычнай партыі Эстоніі арганізаваць выступ 1 снежня 1924 года, які б ва ўдачным для гэта партыі выніку прывёў бы да абвяшчэння савецкай рэспублікі ў Эстоніі.
  29. Baltic states :: Soviet occupation Britannica Online Encyclopedia:
  30. «Finnish Finish» Архівавана 24 чэрвеня 2016., Time, Monday, Nov. 20, 1939
  31. «Minus a Member» Архівавана 9 верасня 2016., Time magazine, Monday, Dec. 25, 1939
  32. Zalts, Alberts Zalts (ed.). Latvian Economic Review, No. 2(18) April 1940. Latvian Chamber of Commerce and Industry. Riga.
  33. Pavel Petrov Архівавана 21 жніўня 2009.
  34. documents published Архівавана 5 лютага 2008.
  35. The Last Flight from Tallinn, American Foreign Service Association
  36. Five Years of Dates Архівавана 22 жніўня 2013.,Time magazine on Monday, Jun. 24, 1940
  37. а б Justice in The Baltic Архівавана 22 жніўня 2013., Time magazine on Monday, Aug. 19, 1940
  38. а б в Chris Bellamy. The Absolute War. Soviet Russia in the Second World War, ст. 196. Vintage Books, New York 2008. ISBN 978-0-375-72471-8
  39. Country Profile Latvia, UK Foreign Office
  40. Background Note: Latvia, Дзяржаўны дэпартамент ЗША
  41. RUSSIA, LATVIA AGREE ON TROOP WITHDRAWAL Архівавана 7 чэрвеня 2015. Deseret News. February 3, 1992. Retrieved January 8, 2013.
  42. Baltic Military District globalsecurity.org
  43. Архіўная копія(недаступная спасылка). Пасольства Латвійскай Рэспублікі ў Даніі, Капенгаген. Архівавана з першакрыніцы 29 лютага 2012. Праверана 14 снежня 2013.
  44. 1939 USSR-Latvia Mutual Aid Pact (full text) Архівавана 3 сакавіка 2016.
  45. Звесткі паводле Кароткай энцыклапедыі Латвійскай ССР.
  46. Звесткі паводле Вялікай Савецкай Энцыклапедыі.
  47. A Historical Dictionary of European National Groups; p238 ISBN 0-313-30984-1
  48. У прыватнасці, рэзалюцыяй, прынятай 24 снежня 1989 года, было заяўлена пра тое, што анексія знаходзілася ў канфлікце з суверэнітэтам і незалежнасцю трох краін. Kohen, M. Secession: International Law Perspectives. — Cambridge University Press, 2006.
  49. Паведамленне ў газеце «Правда» на 19 лістапада 1999 года. Паводле гэта дэкларацыі, уключэнне Латвіі ў СССР адпавядала як заканадаўству СССР, так і нормам міжнароднага права.
  50. Latvia still occupied today Архівавана 1 жніўня 2012.
  51. Netīrā diena

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]