Беларусь у пачатку ХХ ст.

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (Рэчы Паспалітай Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага (Rzeczpospolita Korony Polskiej i Wielkiego Księstwa Litewskiego)) у 1772, 1791 і 1794гг. землі сучаснай Беларусі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. На пачатку XX ст. яны ўваходзілі ў склад т.з. Паўночна-Заходняга краю Імперыі, які складаўся з Віленскай, Мінскай, Ковенскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў. Першы афіцыйны перапіс, што адбыўся ў 1897 годзе паказвае, што ў губернях, якія размяшчаліся на сучаснай тэрыторыі Беларусі пражывала наступная колькасць насельніцтва:

Мапа шасці губерняў Паўночна-Заходняга Краю Расійскай Імперыі. Надрукавана паміж 1905 і 1910 гг.

Мінская - 2 147 673 ч., Магілёўская - 1 686 833 ч., Віленская - 1 591 263 ч., Віцебская - 1 489 327 ч., Гродзенская - 1 603 468 ч.[1]

Агулам у гэтых губернях жыло каля 8,52 млн. чалавек (у сённяшніх межах — каля 6,5). У Мінску — 90 тысяч чалавек. Толькі ў Мінскай губерні роднай мовай назвалі беларускую 1 мільён 633 тысячы чалавек. А рускую — усяго 83 тысячы. Агулам жа па краіне роднай мовай назвалі беларускую 73,3%, габрэйскую 14%, рускую 4,3%, польскую 2,4%. Сярод канфесій найбольш было праваслаўных вернікаў — 70,8%, на другім месцы былі іўдзеі — 14,1%, далей каталікі — 13,5%.

Абвастрэнне сацыяльных супярэчнасцей і нацыянальнага пытанняў[правіць | правіць зыходнік]

На рубяжы ХІХ — ХХ стст. Расійская імперыя з іншымі капіталістычнымі краінамі ўступіла ў паласу эканамічнага крызісу, які ўскладняўся тут існаваннем феадальных перажыткаў. Аснову гэтых перажыткаў складала феадальная сістэма землеўладання. У Беларусі ў пачатку ХХ ст. 41% усіх зямель належаў дваранам-памешчыкам, 9,3% — казне, царкве і манастырам. Колькасць бядняцкіх гаспадарак, якія мелі да 15 дзесяцін надзельнай зямлі на двор, у выніку сямейных раздзелаў павялічылася ў 1877—1905 гг. з 60 да 82,5%. Сяляне-беднякі і сераднякі не мелі сродкаў для набыцця сельскагаспадарчых машын, штучнага ўгнаення, сартавога насення, пародзістай жывёлы, фабрычнага адзення, абутку і г.д. Гэта, з аднаго боку, падрывала развіццё сельскай гаспадаркі, а з другога — замаруджвала рост прамысловасці. Неабходна было «расчысціць зямлю» для свабоднага развіцця капіталізму — вырашыць аграрнае пытанне.

Буйнейшым перажыткам сярэднявечча з'яўлялася царскае самадзяржаўе. Расійская імперыя ўступіла ў ХХ ст., не маючы парламента, які ў дэмакратычных краінах распрацоўваў і прымаў законы, кантраляваў дзейнасць выканаўчай улады. У краіне захоўваліся саслоўныя прывілеі дваранства і духавенства. У той жа час сялянства з'яўлялася непаўнапраўным саслоўем, звязаным кругавою парукаю. Селянін не мог без дазволу абшчыны пакінуць свой зямельны надзел, прадаць або закласці яго ў банку. Селяніна маглі публічна пакараць розгамі. Адсутнічалі свабода слова, друку, саюзаў і інш. Праследаваліся як крымінальныя злачынствы стачкі рабочых. Панаваў свавол чыноўнікаў і паліцыі.

Да пачатку ХХ ст. абвастрыліся супярэчнасці паміж імперскай палітыкай царызму і прыгнечанымі ім народамі, якія дабіваліся права на самавызначэнне свайго лёсу, раўнапраўя сваёй мовы і культуры. Але царскі ўрад не жадаў і слухаць пра гэта. Яго палітыка па нацыянальным пытанні па-ранейшаму вызначалася лозунгам «адзінай і недзялімай імперыі Расійскай». Беларусы, украінцы не прызнаваліся самастойнымі этнасамі і былі пазбаўлены права на развіццё нацыянальнай асветы і культуры. Католікі і іудзеі не мелі тых правоў, што праваслаўнае насельніцтва. Усё гэта стварала глебу для нацыянальна-вызваленчых рухаў.

Эканамічны крызіс абвастрыў супярэчнасці паміж пралетарыятам і буржуазіяй. Сотні прадпрыемстваў спынялі або скарачалі вытворчасць. Павялічылася беспрацоўе. Пагоршыліся ўмовы для эканамічнай барацьбы. Стачкі рабочых часта былі вымушанымі і мелі абарончы характар, але сканчаліся беспаспяхова. Узмацняліся рэпрэсіі ўладаў супраць стачачнікоў. Гэта садзейнічала пераходу рабочых да плітычнай барацьбы.

  1. http://inbelhist.org/belarusy-v-imperskoj-rossii-1863-1914-gg/