Індустрыялізацыя і калектывізацыя ў БССР

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Індустрыялізацыя, стварэнне буйной вытворчасці ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, і калектывізацыя, аб’яднанне індывідуальных сялянскіх гаспадарак у буйныя калектыўныя гаспадаркі — складныя часткі пабудовы сацыялістычнага грамадства ў СССР, стварэння падмурку рэалізацыі геапалітычных планаў савецкага кіраўніцтва.

Індустрыялізацыя[правіць | правіць зыходнік]

Правядзенне індустрыялізацыі ў СССР тлумачылася неабходнасцю стварэння машыннай вытворчасці ў галіне прамысловасці. Яно было звязана з развіццём лёгкой (перапрацоўчай) прамысловасці. З улікам гэтай асаблівасці асноўная частка грашовых сродкаў укладалася ў развіццё харчовай, гарбарнай, тэкстыльнай і швейнай прамысловасці, а таксама галін, якія перапрацоўвалі драўніну (лясная, дрэваапрацоўчая, папяровая) і мінеральную сыравіну (паліўная, хімічная).

У 1928—1929 гг. быў распрацаваны першы пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі (пяцігодка), згодна з якім прадугледжвалася стварэнне сельскагаспадарчага машынабудавання, будаўніцтва новых і пераабсталяванне старых прадпрыемстваў. Намаганнямі беларускага народа і ўсіх народаў СССР у гады першай пяцігодкі (1928—1932 гг.) былі пабудаваны і ўведзены ў строй швейная фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі» і панчошна-трыкатажная фабрыка «КІМ» у Віцебску, Магілёўская фабрыка штучнага валакна, Бабруйскі і Гомельскі дрэваапрацоўчыя камбінаты, завод сельскагаспадарчых машын у Гомелі.

На працягу другой і трэцяй пяцігодак (1933—1937, 1938—1941 гг.) прамысловасць рэспублікі папоўнілася Гомельскім шкляным і Крычаўскім цэментным, Магілёўскімі трубаліцейным і аўтарамонтным заводамі, Мінскім радыёзаводам, Рагачоўскім кансервавым заводам, кандытарскімі фабрыкамі «Камунарка» ў Мінску і «Спартак» у Гомелі, Барысаўскай макароннай і Мінскай каўбаснай фабрыкамі. Беларусь паступова ператваралася ў індустрыяльную краіну з дзяржаўнай формай уласнасці на сродкі вытворчасці. Тут па-ранейшаму пераважала лёгкая прамысловасць. Індустрыялізацыя праводзілася па прапанове Сталіна вельмі хуткімі тэмпамі пад лозунгам «Пяцігодку — у чатыры гады». Гэта патрабавала значных сродкаў, якія вырашана было адшукаць за кошт эканоміі, зберажэння, выкарыстання працоўнага энтузіязму, а таксама правядзення суцэльнай калектывізацыі на вёсцы.

Калектывізацыя[правіць | правіць зыходнік]

Суцэльная калектывізацыя сельскай гаспадаркі была звязана з масавым і хуткім аб’яднаннем дробных індывідуальных сялянскіх гаспадарак у буйныя калектыўныя гаспадаркі (калгасы). З лета 1929 г. сталі паскорана і прымусова стварацца калгасы, дзе праца ацэньвалася вельмі нізка і аплачвалі яе не грашыма, а прадуктамі па колькасці адпрацаваных дзён. Тых, хто не жадаў запісвацца ў калгасы, прылічвалі да кулакоў і праводзілі раскулачванне, што выклікала масавае нездавальненне сялян.

Тых, хто выступаў супраць ужывання прымусовых метадаў пры правядзенні калектывізацыі, абвінавачвалі ў страце класавай пільнасці і насаджэнні кулацкіх гаспадарак. Так, быў абвінавачаны народны камісар земляробства БССР Дз. Прышчэпаў, які выступаў за прынцыпы добраахвотнасці і паслядоўнасці ў правядзенні калектывізацыі.

Для стварэння калгасаў у вёску з горада былі накіраваны рабочыя-дваццаціпяцітысячнікі (у Беларусі іх было больш за 600 чалавек). Для забеспячэння калгасаў тэхнікай былі створаны машынна-трактарныя станцыі (МТС), а пры іх палітычныя аддзелы (палітаддзелы), якія строга праводзілі лінію камуністычнай партыі на ажыццяўленне суцэльнай калектывізацыі ў вёсцы. Першая МТС была створана ў Койданаве (цяперашні Дзяржынск).

Вынікі індустрыялізацыі і калектывізацыі[правіць | правіць зыходнік]

Вынікам правядзення індустрыялізацыі і суцэльнай калектывізацыі стала стварэнне сучаснай на той момант матэрыяльна-тэхнічнай базы ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы, што забяспечыла будаўніцтва новага сацыялістычнага ладу ў БССР. Шляхам велізарнага напружання сіл была пабудавана моцная індустрыяльная база, павялічылася колькасць гарадоў і гарадскога насельніцтва, палепшыліся матэрыяльныя ўмовы жыцця, быў дасягнуты высокі ўзровень адукацыі, навукі, культуры. У эканоміцы ўсталявалася адзіная дзяржаўная ўласнасць на сродкі вытворчасці.