Воласа Паўночны
Воласа Паўночны | |
---|---|
| |
Морфаметрыя | |
Вышыня над узроўнем мора | 131,2[1] м |
Даўжыня | 3,56 км |
Шырыня | 2,5 км |
Плошча | 4,21 км² |
Аб’ём | 30,5 км³ |
Даўжыня берагавой лініі | 13,7 км |
Найбольшая глыбіня | 29,2 м |
Сярэдняя глыбіня | 7,29 м |
Басейн | |
Плошча вадазбору | каля 12 км² |
Размяшчэнне | |
Краіна | Беларусь |
|
|
|
|
|
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Во́ласа Паўно́чны, Волас Паўночны — возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. Знаходзіцца за 12 км на паўночны ўсход ад горада Браслаў ля вёскі Лявошкі. Належыць да групы Браслаўскіх азёр і знаходзіцца ў межах былога Міжазёрнага ландшафтнага заказніка на тэрыторыі Нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры».
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Воласа Паўночны знаходзіцца ў басейне ракі Друйка. Плошча возера складае 4,21 км². Воласа Паўночны адносіцца да ліку невялікіх глыбокіх вадаёмаў. Найбольшая глыбіня возера складае — 29,2 м, сярэдняя — 7,29 м. Даўжыня возера — 3,56 км, найбольшая шырыня — 2,5 км. Даўжыня берагавой лініі — 13,7 км. Аб’ём вады ў возеры складае 30,5 млн м³, плошча вадазбору возера — каля 12 км².
Возера мае круглую варонкападобную катлавіну, якая ўскладненая некалькімі затокамі. Найбольшы з іх знаходзіцца ва ўсходняй частцы возера. Схілы разнастайныя па форме і вышыні і знаходзяцца пад лесам. На поўдні, усходзе і паўночным усходзе схілы высокія (8—12 метраў); на захадзе і поўначы — нізкія, спадзістыя і часткова разараныя. У астатніх месцах схілы нізкія і часткова забалочаныя.
Дно возера мае вялікую колькасць упадзінаў і мелкаводдзяў. Мелкаводная зона возера вузкая і пясчаная, на большых глыбінях дно глеістае і сапрапелістае. Шырыня прыбярэжнай пясчанай паласы складае ад некалькіх да 200 і больш метраў. Глыбіні 2—6 метраў высланыя светлым сапралелем з падвышаным утраманнем карбанату.
Гідрахімічны рэжым
[правіць | правіць зыходнік]Гідрахімічны рэжым возера фармуецца пад уздзеяннем глыбокай схаванай катлавіны і ўплыву антрапагеннага фактару, які выяўляецца ў паступленні ў возера сцёкавых водаў з прылеглай жывёлагадоўчай фермы. У возеры добра выражаная тэмпературная стратыфікацыя. Тэмпература прыдоннага пласту вады вагаецца ў межах 6,5—7,5 °C. Возера вылучаецца нізкімі тэмпературамі ў зімовы перыяд. Кіслароднае насычэнне ў паверхневым пласце вады складае 100—110%, а каля дна яно паніжаецца да велічыні ў 1—8%. У паўночна-ўсходняй затоцы кісларод знікае цалкам на глыбіні 16—17 метраў і з'ўяляецца серавадарод. Агульная мінералізацыя вады не перавышае 180—190 мг/л на працягу года.
Флора і фаўна
[правіць | правіць зыходнік]Вада возера вызначаецца высокай празрыстасцю, чысцінёй і развіццём вышэйшай воднай расліннасці. Вадаём зарастае падводнай расліннасцю да глыбіні 6—7 метраў. У фітапланктоне возера выяўленыя 44 віды водарасцей. Агульная велічыня біямасы ў возеры складе 1,2 г/м³.
Зоапланктон прадстаўлены 37 відамі. Іх біямаса вагаецца ў межах 1,0—1,56 г/м³.
Возера мае багаты жывёльны свет. Сярод беспазваночных, якія насяляюць возера, трапляюцца рэлікты ледавіковага перыяду — лімнакалянус, бакаплаў Паласа. Апошнія два віды занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Іхтыяфаўна вадаёма сігава—снятковая. У возеры таксама сустракаюцца укляя, шчупак, плотка, акунь, хаця па рыбапрадукцыйнасці возера не мае значнай вартасці.
Спалучэнні з іншымі вадаёмамі
[правіць | правіць зыходнік]Возера злучанае пратокай з возерам Воласа Паўднёвы, а таксама канавай з возерам Снуды.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Воласа Паўночны // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 260. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).
- Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
- Озера Белоруссии / О. Ф. Якушко и др. — Мн.: Ураджай, 1988.