Беларуская партыя працы
Беларуская партыя працы | |
---|---|
Лідар | Бухвостаў Аляксандр[d] |
Дата заснавання | 25 лістапада 1993 |
Дата роспуску | 2009 |
Штаб-кватэра | |
Ідэалогія | сацыял-дэмакратыя, лейбарызм |
Саюзнікі і блокі | Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада), Сацыял-дэмакратычны саюз, Канфедэрацыя «За сацыяльныя перамены», Каардынацыйная рада дэмакратычных сіл, «Народная каалицыя 5+» |
Колькасць членаў | 1 077[1] |
Белару́ская па́ртыя пра́цы (БПП) — ліквідаваная ўладамі палітычная партыя ў Беларусі, якая знаходзілася ў апазіцыі да прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Створана 25 лістапада 1993 па ініцыятыве старшыні Савета прафсаюзаў работнікаў аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудавання А. Бухвостава і старшыні Савета прафсаюзаў работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча. 24 лютага 1994 г. партыя зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
БПП дзейнічала на аснове захавання і развіцця традыцый і прынцыпаў сацыял-дэмакратычнага і рабочага руху. Асноўная мэта — пабудова ў Рэспубліцы Беларусь дэмакратычнага грамадства, стварэнне прававой дзяржавы на прынцыпах духоўнай палітычнай і эканамічнай свабоды чалавека, дабрабыту, маральнасці, сацыяльнай справядлівасці і згоды грамадзян. Выступае за аптымальнае спалучэнне рыначных механізмаў і дзяржаўнага рэгулявання, за ўдзел работнікаў наёмнай працы ў кіраванні дзяржаўнымі справамі, у абарону правоў і інтарэсаў рабочых, за палітычную падтрымку прафсаюзнага руху.
Арганізацыйная структура[правіць | правіць зыходнік]
Арганізацыі (партыйныя клубы) БПП былі створаны ў Мінску, Брэсце, Гомелі, Барысаве, Жодзіне, Асіповічах, Салігорску, Бабруйску і інш. Партыйныя клубы ствараліся пры наяўнасці не менш 5 членаў партыі. На тэрыторыі аднаго раёна або горада абласнога падпарадкавання два і больш партыйных клуба аб’ядноўваліся ў рэгіянальную асацыяцыю партыі.
Кіруючы орган партыі — з’езд, на якім абіраецца старшыня партыі тэрмінам на 2 гады, намеснік старшыні, Савет партыі і Рэвізійная камісія. Паміж з’ездамі кіруючы орган — савет партыі. Савет партыі фарміруе выканаўчы камітэт партыі, які здзяйсняе арганізацыйна-партыйную працу і працу па выкананню рашэнняў Савета партыі.
Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]
На парламенцкіх выбарах 1995 партыя атрымала 1 мандат у Вярхоўным Савеце XIII-га склікання.
У ліпені 2000 партыя далучаецца да Каардынацыйнай рады дэмакратычных сіл, але пасля прыпынення членства ў гэтай структуры БСДП (НГ) у знак салідарнасці перастае браць удзел у пасяджэннях Рады.
9 ліпеня 2001 Беларуская партыя працы, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) і іншыя прафсаюзныя, экалагічныя, жаночыя і моладзевыя арганізацыі аб’ядналіся ў левацэнтрысцкую Канфедэрацыю «За сацыяльныя перамены», якая прэтэндавала на ролю супрацьвагі Каардынацыйнай радзе дэмакратычных сіл.
13 жніўня 2001 старшыня партыі А. Бухвостаў падпісаў пагадненне «Аб узаемных забавязаннях адзінага кандыдата і шырокай грамадянскай кааліцыі ў перыяд і пасля выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2001 А. Бухвостаў быў даверанай асобай кандыдата У. Ганчарыка.
У 2003 партыя далучылася да кааліцыі «Народная кааліцыя 5+».
2 жніўня 2004 г. Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь ліквідаваў Беларускую партыю працы за парушэнне заканадаўства. Аднак партыя працягнула неафіцыйную дзейнасць.
У кастрычніку 2005 А. Бухвостаў стаў адным з арганізатараў Кангрэса дэмакратычных сіл, пасля якога члены партыі падтрымлівалі кандыдатуры А. Мілінкевіча як адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2006.
У партыі няма інтэрнэт-сайта.
З’езды партыі[правіць | правіць зыходнік]
- I (Устаноўчы) з’езд — 25.11.1993
- II з’езд — 27.03.1996
- V з’езд — 05.2001
- VI з’езд — 27.11.2003
Колькасць членаў[правіць | правіць зыходнік]
- 1.02.2002 — 1 077
- 1.04.2004 — 1 422
Зноскі
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Беларуская партыя працы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2), ISBN 985-11-0035-8.. — С. 420.