Язэп Дыла

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з В. Л. Дыла)
Язэп Дыла
Дата нараджэння 2 красавіка 1880(1880-04-02)
Месца нараджэння
Дата смерці 7 красавіка 1973(1973-04-07) (93 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці драматург, перакладчык, пісьменнік
Месца працы
Альма-матар
Партыя
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Язэп Дыла, сапраўднае імя Восіп Лявонавіч Дыла (Псеўданімы і крыптанімы: Н. Бываеўскі; Наз. Бываеўскі; Назар Бываеўскі; Nazar Bywajeuski; А. Дыл; А. Дыла; Анна Дыла; Жорсткі; Л. Жорсткі; Тодар Кулеш; Т. Кулеша; Язэп; Н. Б.; Наз. Б.; Н. Б-і; Н. Б-скі; Наз. Б-скі; Я. Д.; Язэп Д.; Яз. Д-а; 14 (2) красавіка 1880, Слуцк — 7 красавіка 1973, Саратаў, Расія) — беларускі празаік, драматург, грамадскі і культурны дзеяч.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Язэп Дыла, 1920-я гг.

Нарадзіўся ў Слуцку ў сям’і паштовага служачага. Стрыечны брат яго бацькі быў апошнім слуцкім батлеечнікам. У 1890—1898 вучыўся ў Слуцкай гімназіі. З чацвёртага класа ўдзельнічаў у гуртку самаасветы. У гімназічныя гады быў знаёмы з Альгердам Абуховічам.

1-я Усебеларуская нарада архівістаў. Я. Дыла сядзіць першы злева

У 1899 паступіў у Юр’еўскі (Тартускі) ветэрынарны інстытут, адкуль у 1903 годзе выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях без права паступлення ў іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы. У 1903—1904 у Мінску працаваў у газеце «Северо-Западный край». У 1905 узначальваў арганізацыйную групу Мінскага камітэта РСДРП.

У 1906—1918 у выдавецтвах Пецярбурга, Арэнбурга, Казані, Масквы, быў асабіста знаёмы з А. Купрыным, Л. Андрэевым, М. Арцыбашавым і іншымі рускімі пісьменнікамі. У снежні 1917 удзельнічаў у Першым Усебеларускім з’ездзе, у першыя дні работы старшынстваваў на пасяджэннях. Пасля разгону з’езда абраны яго Радай у склад Выканкама.

У студзені — лютым 1919 камісар працы ў Часовым урадзе БССР. Супрацьстаяў палітыцы А. Мяснікова, за што ў лютым 1919 арыштаваны і высланы з Беларусі. У 1921—1924 на розных кіраўнічых пасадах у Менску: старшыня Цэнтрасаюза спажывецкіх таварыстваў Беларускага краю, старшыня Дзяржаўнай планавай камісіі БССР, намеснік старшыні па раянаванні БССР, член ЦВК БССР. З 1924 правадзейны член Інбелкульта. Разам з прафесарам У. Пічэтам, акадэмікам Я. Карскім распрацоўваў статут Інбелкульта. Дырэктар Інстытута па вывучэнні мастацтва. У красавіку 1925 года быў прызначаны дырэктарам Беларускага тэатра імя Янкі Купалы (БДТ-1). З кастрычніка 1926 па 1928 год — ізноў на працы ў Інбелкульце: вучоны сакратар, а таксама загадчык секцыі па вывучэнні беларускага мастацтва. Намеснік загадчыка Белдзяржкіно. З красавіка 1929 года працаваў інспектарам Галоўмастацтва Наркамасветы.

Арыштаваны ДПУ БССР 18 ліпеня 1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Падчас арышту інспектар наркамата асветы; 10 красавіка 1931 высланы ў Кунгур Пермскай вобласці на 5 гадоў. Потым жыў і працаваў у Саратаве. 22 жніўня 1938 зноў арыштаваны (10.3.1939 справа спынена). Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымі­нальных справах Вярхоўнага Суда БССР 15 лістапада 1957 г. Асабовая справа Дылы захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. У шлюбе ад жонкі Дамінікі меў дачку Ганну.[1]

Памёр у Саратаве, не дажыў адзін тыдзень да 93 гадоў. Пахаваны там жа[2].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

«Храбры Юрка» на ідышы. Пераклаў Хаім Мальцінскі

Першая літаратурная публікацыя Язэпа Дылы з’явілася ў 1912 годзе ў газеце «Наша ніва». Ён аўтар апавяданняў «Перад раніцою…» (1912), «Усурыйскі драпежнік» і «Спужаўся… дурненькі!», гістарычнага рамана «На шляху з варагаў у грэкі» (1944—1945), аповесці «У імя дзяцей» (1968), п’есаў «Панскі гайдук» (1926), «Падуанскі студэнт» і «Юнак з Крошына» (1965).

Аўтар публіцыстычных артыкулаў «Праз мукі — да шчасця камунізму» (1918), «Беларускае жыццё ў Маскве» (1918) і «Беларуская секцыя Расійскай камуністычнай партыі» (1918). Таксама выступіў і як мемуарыст: «Пісьменнік-дэмакрат Альгерд Абуховіч» (1958), «Чалавек вялікага сэрца» (1960), «Светлы вобраз» (1957), «Сустрэча ў Пяцігорску» (1959), «Пра Цішку Гартнага» і «Сустрэча з Янам Райнісам».

У сваіх артыкулах па гісторыі культуры даследаваў узнікненне беларускага тэатра: «Тэатральная „задума“ 1892 годзе ў Радашковічах» (1957), «Беларускія спектаклі ў перыяд рэвалюцыі 1905 года» (1957), «Першы прафесійны тэатр» (1967), «Мінская трупа „Першага таварыства беларускай драмы і камедыі“» (1920-я), «Беларускія драматычныя гурткі на Случчыне», «Раннія іскры таленту» і інш.

Выступаў у якасці навуковага кансультанта аднаго з першых беларускіх фільмаў — «Кастусь Каліноўскі» (1928)[3]. З красавіка 1929 года працаваў інспектарам Галоўмастацтва Наркамасветы.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Творы. Мн., 1981.
  • Праз гады барацьбы і выпрабаванняў // Крыніца. 1989, № 1.

Зноскі

  1. Язэп Дыла
  2. Дыла Язэп – Белліт  (17 кастрычніка 2023). Праверана 2 студзеня 2024.
  3. Ала Бабкова, Сяргей Будкін. Кінакласіка ажыла! Інтэрнэт-прэзентацыя праекту «Тузін. Немаўля» (відэа)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 сакавіка 2015. Праверана 30 сакавіка 2021.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]