Гармонія (міфалогія)

Гармонія (стар.-грэч.: Ἁρμονία) — у старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня згоды, увасабленне шчаслівага шлюбу. Дачка «процілеглых» багоў Арэса і Афрадыты[1], па іншай версіі, дачка Зеўса і Электры[2]. Жонка Кадма, маці Аўтаноі, Агавы, Іно, Семелы і Палідора, сястра Ясіёна.
Выгадавана плеядай Электрай[3]. Афіна і Гефест падарылі ёй «сукенку, афарбаваную злачыннымі саставамі» (vestis sceleribus tincta), па якой іх (sic) нашчадкі павінны былі быць апазнаны як заплямленыя злачынствам, грахоўныя[4].
Яе вяселле з Кадмам ушанавалі сваёй прысутнасцю (упершыню) усе алімпійцы. Сам Апалон гуляў на кіфары, Музы — на аўласах, іншыя ж багі ўсхвалялі шчасліўцаў прамовамі. Гермес падарыў Гармоніі ліру, Афрадыта (ці Гефест, ці Афіна) — каралі, пеплас і аўласы, Дэметра (якая лягла з Ясіёнам у полі) — ураджай пшаніцы, а Электра — свяшчэнныя абрады Вялікай Маці богаў з належнымі для гэтых абрадаў кімваламі, тымпанамі і вясёлай світай.[5]. З усіх вясельных дароў Гармоніі найбольшую вядомасць здабылі каралі (пазней вядомыя як Каралі Гармоніі), якія прынеслі ёй (і ўсім пазнейшым уладальнікам гэтага ўпрыгажэння) няшчасце[6].
Па Нону, вяселле адбылося або на Самафракіі[7], або ў возера Трытаніды[8]. У Фівах паказвалі разваліны шлюбнага палаца Гармоніі і месца на плошчы, дзе на вяселлі спявалі Музы[9], а таксама тры статуі Афрадыты, якія былі пасвячальным дарам Гармоніі і былі зроблены з драўляных упрыгажэнняў на носе карабля Кадма[10].
Пазней, ужо ў Ілірыі, калі Кадм (па яго ўласнай просьбе) быў перавернуты багамі ў змея, Гармонія ў роспачы сарвала з сябе адзенне і заклікала мужа да сябе. Кадм, абвіўшы яе голае цела, лізаў ёй вусны і лашчыў грудзі. Няўцешная Гармонія звярнулася тады да багоў, каб і яе яны ператварылі ў змяю, што і было зроблена[11].
У старажытнарымскай міфалогіі Гармоніі адпавядае Канкордзія.
У гонар Гармоніі названы астэроід (40) Гармонія, адкрыты ў 1856 годзе. Назва была абрана ў азнаменаванне заканчэння Крымскай вайны 1853—1856[12].
Зноскі[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ Гесіёд. Тэагонія 937
- ↑ Дыядор Сіцылійскі. Гістарычная бібліятэка V, 48-49.
- ↑ Нон. Дзеянні Дыяніса III 381.
- ↑ З намёкам на шлюбную здраду Афрадыты з Гефестам. Гігін. Міфы, 148.
- ↑ Падрабязней іншых знакамітае вяселле Кадма і Гармоніі апісвае Дыядор Сіцылійскі (V, 49).
- ↑ Гармония, в мифологии // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.
- ↑ Нон. Дзеянні Дыяніса III 48.
- ↑ Нон. Дзеянні Дыяніса XIII 347.
- ↑ Паўсаній. Апісанне Элады IX 12, 3
- ↑ Паўсаній. Апісанне Элады IX 16, 3.
- ↑ Apollod. III, 5; Ovid. Met. IV, 563—602.
- ↑ Schmadel, Lutz D. Dictionary of Minor Planet Names. — Fifth Revised and Enlarged Edition. — B., Heidelberg, N. Y.: Springer, 2003. — P. 19. — ISBN 3-540-00238-3
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Гармония, в мифологии // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.
- Мифы народов мира. Москва, 1991-92, том 1, с.266.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Гармонія (міфалогія)