Перайсці да зместу

Гастрыт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гастрыт
Мікрафатаграфія слізістай абалонкі страўніка хворага хелікабактэрным гастрытам
Мікрафатаграфія слізістай абалонкі страўніка хворага хелікабактэрным гастрытам
МКХ-10 K29.029.0—K29.7
МКБ-10-КМ K29.7
МКХ-9 535.0535.0535.5535.5
МКБ-9-КМ 535.41[1], 535.4[1], 535.40[1], 535.00[1], 535.01[1] і 535.0[1]
DiseasesDB 29503
MedlinePlus 001150
MeSH D005756
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гастрыт (лац.: gastritis, ад стар.-грэч.: γαστήρ (gaster) «страўнік» + -itis запаленчыя альбо запаленча-дыстрафічныя змены слізістай абалонкі) — запаленчае захворванне слізістай абалонкі страўніка. Развіццё гастрыта абумоўлена экзагеннымі (доўгае парушэнне харчавання, пераяданне, аднастайнае харчаванне, злоўжыванне алкаголем, нікацінам і розныя іншыя інтаксікацыі і інфекцыі) і эндагеннымі (функцыянальныя парушэнні нервовай сістэмы, нервова-рэфлекторнае ўздзеянне з розных пашкоджаных органаў - кішэчніка, жоўцевага пузыра і інш.) фактарамі. У залежнасці ад характару, інтэнсіўнасці і працягласці дзеяння раздражняльніка, які выклікаў гастрыт, а таксама супраціўляльнасці арганізму, паўтаральнасці рэцыдываў вызначаецца форма гастрыта. Адрозніваюць гастрыт востры і хранічны, ачаговы і дыфузны, з падвышанай або паніжанай кіслотнасцю, гіпертрафічны, атрафічны, эразіўны, паліпозны.

Востры гастрыт

[правіць | правіць зыходнік]

Востры гастрыт развіваецца ў выніку пераядання, прыёму тлустай, вострай, занадта халоднай ці залішне гарачай ежы, злоўжывання алкаголем, атручвання шчолачамі або кіслотамі, прыёму ўнутр раздражняльных лекаў; востры гастрыт могуць выклікаць і некаторыя мікробы (стрэптакокі, стафілакокі, сальманелы і інш.), якія трапілі ў арганізм з недабраякаснай ежай. Часам гастрыт развіваецца з прычыны самаатручвання арганізма, напрыклад пры ўрэміі, а таксама пры індывідуальнай непераноснасці (гл. алергія) некаторых харчовых прадуктаў (рыба, ракі, крабы, суніцы, яйкі і інш.) Востры гастрыт звычайна пачынаецца бурна, праяўляецца непрыемным адчуваннем у жываце, пякоткай і цяжарам у падуздушнай вобласці, галаўным болем, стратай апетыту, млоснасцю, адрыжкай, часта паўтаральнымі ванітамі (часам з жоўцю і сліззю), якая прыносіць часовае палягчэнне, у некаторых выпадках - смага, дрыжыкі, ліхаманка. Пры пераходзе запалення на кішэчнік з'яўляюцца востры колікападобны боль, буркатанне ў жываце, паносы. Захворванне працягваецца 3-5 дзён і канчаецца, як правіла, выздараўленнем. Магчымыя рэцыдывы.

Хранічны гастрыт

[правіць | правіць зыходнік]

Хранічны гастрыт характарызуецца хранічным запаленчым працэсам слізістай абалонкі страўніка з паступовым развіццём яе атрафіі. Хранічны гастрыт развіваецца або ў выніку часта паўтаральнага, вострага гастрыта, або пры працяглым дзеянні на арганізм тых жа прычын, якія выклікаюць востры гастрыт. Нярэдка прычынай хранічнага гастрыта з'яўляюцца хранічныя захворванні (сухоты, гепатыт, карыес зубоў і інш), разлад функцыі цэнтральнай нервовай сістэмы, парушэнні абмену рэчываў; гастрыт могуць выклікаць і некаторыя прафесійныя шкоднасці (праца ў мылаварных і гарачых цэхах, на свячных і маргарынавых заводах, заглынанне металічнага, баваўнянага і вугальнага пылу), а таксама працяглы прыём некаторых лекаў. Хранічны гастрыт можа працякаць з сакраторнай недастатковасцю, з нармальнай і з падвышанай сакрэцыяй страўнікавага соку. Пры гастрыце з паніжанай сакрэцыяй хворых турбуе дрэнны апетыт, непрыемны вязкі або металічны смак у роце, адрыжка паветрам або тухлым яйкам, млоснасць, адчуванне цяжару ў падуздушнай вобласці, зрэдку бываюць ваніты, якія ўзнікаюць адразу пасля прыёму ежы. Рэзкі боль з'яўляюцца пры ўцягванні ў працэс кішэчніка. Хранічны гастрыт з нармальнай і падвышанай сакрэцыяй пачынаецца ў людзей у маладым узросце. Праяўляецца болямі і цяжарам у падуздушнай вобласці, пякоткай, кіслай адрыжкай, пачуццём ціску і распірання, якія ўзнікаюць звычайна праз 2-3 гадзіны пасля ежы. Пасля прыёму ежы боль праходзіць.

Лячэнне і прафілактыка

[правіць | правіць зыходнік]

Ліквідацыя прычын, якія выклікалі востры гастрыт, рэгуляванне функцыі цэнтральнай нервовай сістэмы, лячэнне захворванняў, якія падтрымліваюць парушэнні з боку страўніка, ліквідацыя інфекцыйных, септычных ачагоў, санацыя рота і ліквідацыю прафесійных шкоднасцей.

  1. а б в г д е Monarch Disease Ontology release 2018-06-29 — 2018-06-29 — 2018. Праверана 3 жніўня 2018.