Гісторыя Албаніі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сцяг Албаніі Гісторыя Албаніі
Герб Албаніі
ілірыйцы
Далмацыя
Славянізацыя Албаніі
Візантыйская Албанія
Албанскія княствы
Войны Скандэрбега
Лежская ліга
Венецыянская Албанія
Асманская Албанія
Албанскія пашалыкі
Прызрэнская ліга
Княства Албанія
Рэспубліка Албанія
Каралеўства Албанія
Італьянская акупацыя Албаніі
Нямецкая акупацыя Албаніі
Народна-вызваленчая барацьба
Народная Сацыялістычная Рэспубліка Албанія
Беспарадкі 1997 года
Сучасная Албанія

Партал «Албанія»

Гісторыя Албаніі налічвае не адну тысячу гадоў і цесна звязана з гісторыяй вялікіх цывілізацый і дзяржаў: Старажытных Грэцыі і Рыму, Візантыі, Асманскай імперыі. Незалежная Албанія з’явілася на палітычнай карце свету ў 1912 годзе і з таго часу неаднойчы змяняла форму ўлады і палітычны рэжым.

Сучасная тэрыторыя Албаніі, заселеная ілірыйцамі, у I тыс. да н.э. зведала ўплыў старажытнагрэчаскай цывілізацыі, затым ўваходзіла ў склад Рымскай Імперыі, далей — Візантыі, пад уладай якой у XII стагоддзі ўзнікла першае албанскае княства, з XV ст. уваходзіла ў склад Асманскай імперыі, а пасля Першай Балканскай вайны ў 1912 годзе абвясціла сваю незалежнасць. У 1939 годзе Албанскае каралеўства было захоплена фашысцкай Італіяй, якая стварыла дзяржаву «Вялікая Албанія», а ў 1943 годзе краіна стала пратэктаратам нацысцкай Германіі. У 1944 пасля выгнання фашыстаў была абвешчана сацыялістычная Албанская народная рэспубліка пад кіраўніцтвам Энвера Ходжы і Партыі працы. У эпоху камунізму Албанія перажыла шырокія сацыяльныя і палітычныя пераўтварэнні, а таксама ізаляцыю ад большай часткі міжнароднай супольнасці. У 1991 годзе аўтарытарны сацыялістычны рэжым быў зрынуты, пасля чаго паўстала сучасная албанская рэспубліка.

Старажытнасць[правіць | правіць зыходнік]

Апалонія — буйны грэчаскі порт на Ілірыйскім узбярэжжы Адрыятычнага мора. Размешчаны на заходнім канцы Эгнатыевай дарогі, што вяла з Рыма ў Канстанцінопаль

У старажытнасці тэрыторыя сучаснай Албаніі ўваходзіла ў склад Ілірыі, заселенай індаеўрапейскімі плямёнамі ілірыйцаў, якія пазней перамяшаліся са славянамі і фракійцамі. У 168 годзе да н.э. Ілірыя была заваявана Рымскай імперыяй і падзелена між правінцямі Далмацыя, Македонія і Мёзія. З 395 года тэрыторыя будучай Албаніі ўвайшла ў склад Усходняй Рымскай імперыі.

Сярэднявечча[правіць | правіць зыходнік]

Княства Арберыя — першая албанская дзяржава (XII—XIII стагоддзі)

У раннім Сярэднявеччы землі былі занятыя славянскімі плямёнамі. З IX па XI стагоддзі тэрыторыя Албаніі ўваходзіла ў склад Першага Балгарскага царства, пасля крушэння якога ўлада Візантыі аднавілася. Першая албанская дзяржава ўзнікла ў канцы XII стагоддзя, калі архон Прагон заснаваў васальнае ад Візантыі княства Арбанон (Арберыя) з цэнтрам у Круі. У 1272 кароль Сіцылійскага каралеўства Карл I Анжуйскі, прагнучы стварыць міжземнаморскую імперыю, зваяваў Арберыю і абвясціў сябе каралём Албаніі, паабяцаўшы албанскім князям адстойваць іх старажытныя свабоды. Яго Албанія ў сваіх максімальных памерах прасціралася ад сучаснага Дурэса на поўначы да Бутрынці на поўдні. У XIV стагоддзі Албанія была на кароткі час заваявана Сербіяй.

Асманскае панаванне[правіць | правіць зыходнік]

Георг Скандэрбег (1405—1468), кіраўнік антыасманскай барацьбы, што на 25 гадоў спыніла прасоўванне турак у Еўропу. Нацыянальны герой Албаніі

Каля 1435 года Албанскія княствы, следам за Сербіяй, зведалі нашэсце з боку Атаманскай імперыі. Некаторы час незалежнасць Албаніі атрымлівалася адстойваць Лежскай лізе на чале з князем Георгам Кастрыёці (Скандэрбегам), што стаў нацыянальным героем краіны. Пасля гібелі Скандэрбега надышлі пяць стагоддзяў турэцкага панавання. У гэты час албанскія феадалы актыўна пераходзілі ў іслам, каб захаваць свае маёнткі і багацце. Дзякуючы гэтаму албанскія арыстакраты часта займалі адказныя пасады на заваяваных славянскіх тэрыторыях Атаманскай імперыі.

Атрыманне незалежнасці[правіць | правіць зыходнік]

У XIX стагоддзі пачаўся нацыянальна-вызваленчы рух, а ў 1912 пасля паразы Турцыі ў Першая Балканскай вайна Албанскі Народны Кангрэс абвясціў незалежнасць Албаніі, прызнаную міжнародным супольніцтвам праз год. У 1913 годзе пад шум грымотаў Другой Балканскай вайны Грэцыя і Сербія няўдала паспрабавалі падзяліць Албанію паміж сабой. Падчас Першай сусветнай вайны Албанія паступова пераўтваралася ў княства і ў гэтым статусе знаходзілася да 1920 года.

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

Прэзідэнт (1924-28) і кароль (1928-39) Ахмет Зогу

У 19251939 гадах краінай кіраваў Зогу I, які пачынаў як прэзідэнт Албанскай рэспублікі. Пры ім 1 верасня 1928 года Албанія стала каралеўствам, а Зогу — каралём.

Другая сусветная вайна[правіць | правіць зыходнік]

«Вялікая Албанія», што існавала падчас італьянскай акупацыі

16 красавіка 1939 года Албанія была заваявана фашысцкай Італіяй, а італьянскі кароль Віктар Эмануіл III быў абвешчаны албанскім каралём. Пасля нямецай акупацыі Югаславіі ў 1941 годдзе да албанскага пратэктарата былі далучаны Косава і заходняя частка Македоніі. На новых землях Албанія праводзіла актыўныю албанізацыю, у той час як Італія спрабавала італізаваць саму Албанію. У красавіку 1943 года краіна была занята нямецкімі войскамі. У 19431944 гадах у Албаніі разгарнуўся моцны антыфашысцкі камуністычны рух. У лістападзе 1944 партызанская Народна-вызвалечая армія Албаніі ўсталявала кантроль над усёй тэрыторыяй краіны. 28 лістапада 1944 года Албанія стала народнай рэспублікай пад кіраўніцтвам камуністычнай Албанскай партыі працы і яе кіраўніка Энвера Ходжа. 29 лістапада 1944 года Албанія была цалкам вызвалена з-пад акупацыі, ад таго часу гэты дзень святкуецца як Дзень вызвалення. Такім чынам, у Албаніі, як і ў Югаславіі, у адрозненні ад большасці краін Усходняй Еўропы, камуністы прыйшлі да ўлады без непасрэднага савецкага ўмяшальніцтва.

Камуністычная Албанія[правіць | правіць зыходнік]

Неўзабаве за ўладу з камуністычнымі сіламі паспрачаліся манархісты, але албанскія камуністы мелі поспех, дзякуючы дапамозе югаслаўскага кіраўніка Іосіпа Броз Ціта. Ціта, марачы аб стварэнні Вялікай Югаславіі, прапанаваў Албаніі і Балгарыі ўвайсці ў склад Югаславіі, але гэтыя планы не былі здзейснены. Пасля 1945 года сацыялістычная Албанія ўваходзіла ў савецкі блок. У 1946 годзе ЗША наклалі вета на ўступленне Албаніі ў склад Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, куды Албанія была прынята толькі 14 снежня 1955.

Энвер Ходжа

З 1960-х гадоў, пасля савецкіх палітычных рэформ у сярэдзіне 1950-х, Албанія пачала выходзіць з-пад кантролю СССР. У 1968 годзе Албанія асудзіла савецкую інтэрвенцыю ў Чэхаславакію і выйшла з Варшаўскага дагавора. З гэтага часу сваю знешнюю палітыку камуністычная Албанія кіравала на мааісцкі Кітай, атрымліваючы ад таго значную фінансавую дапамогу. Ад астатняга камуністычнага і ўсяго капіталістычнага свету Албанія была ізалявана. У 1974 годзе кітайская дапамога была значна скарочана, у 1978 годзе спынена, у тым ліку, з-за вострай крытыкі албанскім камуністамі кітайскіх палітычных рэформ.

Албанія стала першай краінай у свеце, якая абвясціла сябе атэістычнай краінай. У 1976 годзе назва краіны была зменена на Народная Сацыялістычная Рэспубліка Албанія. У 1970-х праводзіліся «чысткі» кіраўнічых кадраў. У канцы 1970-х гадоў, пасля смерці Маа Цзэдуна ў Кітаі, у Албаніі пачалася міжкланавая барацьба за ўладу, якая абвастрылася пасля смерці прэм'ер-міністра Мехмета Шэху, якога Ходжа абвінавачваў у шпіянажы. Увогуле, Албанія стала адзінай у паслясталінскай Усходняй Еўропе краінай, дзе моцна праявіліся рэцыдывы сталінізму.

Дэмакратычная рэспубліка[правіць | правіць зыходнік]

Тырана. Толькі ў 1988 простым албанцам было дазволена шпацыраваць па Плошчы Скандэрбега

Смерць Ходжы ў 1985 годзе дала пачатак паступовай дэмакратызацыі краіны, напрыклад, грамадзянам дазволены выезд за мяжу (1990). У 1991 адбылася рэвалюцыя, у выніку якой сацыялістычны лад быў скасаваны і была абвешчана дэмакратычная (чацвёртая) рэспубліка. І ўсё адно ў 1991 годзе у выніку першых свабодных выбараў перамаглі камуністы. І толькі ўжо праз год іх адолелі дэмакратычныя сілы — быў выбраны першы некамуністычны прэзідэнт пасля 1945 года, С. Берыша.

У выніку эканамічнага крызісу ў студзені 1997 года адбыліся публічныя пратэсты супраць маштабных фінансавых махлярстваў, што перараслі ва ўзброеныя мяцежы ды анархію, а да ўлады прыйшла апазіцыя (Сацыялістычная партыя, яна ж былая камуністычная)). У краіну быў уведзены міратворчы кантынгент войск ААН (7 тысяч чалавек, красавік — жнівень 1997 года). У 1998 годзе назіраўся масавы прыток уцекачоў ад грамадзянскай вайны ў Косаве.

Праз восем гадоў, Сацыялістычная партыя страціла ўладу, і ў 2005 годзе на парламенцкіх выбарах перамаглі дэмакратычныя партыі. У 2009 годзе Албанія далучылася да НАТА. У 2009 годзе Албанія пачала працэдуру далучэння да Еўрапейскага Саюза. У 2011 годзе ў сталіцы Албаніі Тыране прайшлі акцыі пратэстаў супраць карупцыі дзейнага ўрада, у выніку трое дэманстрантаў загінулі[1]. 23 чэрвеня 2013 года на чарговых парламенцкіх выбарах перамагла Сацыялістычная партыя на чале з мерам Тыраны Эдзі Рамам[2], яна ж атрымала парламенцкую большасць і на апошніх выбарах (2017).

Зноскі

  1. Прэм'ер Албаніі: ніхто не захопіць уладу гвалтам. Радыё Свабода (22 студзеня 2011).
  2. Албанія можа сёлета стаць кандыдатам у Еўрасаюз. Радыё Свабода (18 верасня 2013).