З угодкавых настрояў
«З угодкавых настрояў» | |
---|---|
Жанр | паэма |
Аўтар | Янка Купала |
Мова арыгінала | беларуская |
Дата напісання | 29 кастрычніка 1927 |
Дата першай публікацыі | 7 лістапада 1927 |
Апублікаваны ў | Звязда і Савецкая Беларусь |
Тэкст твора ў Вікікрыніцах |
«З уго́дкавых настро́яў» — паэма Янкі Купалы, завершаная ў Менску 29 кастрычніка 1927 года і ўпершыню надрукаваная 7 лістапада 1927 года ў газетах «Звязда» і «Савецкая Беларусь». Мае падзагаловак «Да дзесяцігоддзя Кастрычніцкай рэвалюцыі». Аўтографы паэмы захоўваюцца ў Літаратурным музеі Янкі Купалы.[1]
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Твор лірыка-публіцыстычны, па структуры ўяўляе сабой цыкл з 6 частак-вершаў на тэму рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Адзінства тэмы, храналагічнае апісанне падзей, якія ўтвараюць своеасаблівы сюжэтны стрыжань твору, даюць падставу разглядаць яго як паэму. Шмат якімі рысамі родніцца з паэмай «Безназоўнае»: паэмы аб’ядноўвае характар паэтычнага мыслення і імкненне аўтара намаляваць пераважна лірычнымі сродкамі панарамную карціну маштабных сацыяльных пераўтварэнняў.[1]
Твор прасякнуты патасам услаўлення рэвалюцыі. Яму ўласцівая ўрачыста-ўзнёслая танальнасць, святочная настроенасць. Паэт шырока выкарыстоўвае народна-песенныя матывы, абагульненыя фальклорныя вобразы. У творы дамінуе фальклорная стыхія, сустракаюцца вобразы і матывы дарэвалюцыйных вершаў паэта. Павышаная экспрэсіўнасць аповяду выяўляецца ў шырокім выкарыстанні фальклорных параўнанняў, эпітэтаў, розных стылістычных фігур, паўтораў. Кожная частка твора мае адметны рытмічны малюнак.[1]
Паэма стала адным з першых твораў Купалы, якія сведчылі аб трагічным спыненні творчага ўздыму паэта, пазбаўленага магчымасці ствараць свабодна. Ул. Арлоў залічыў паэму да шэрагу «дзяжурных, пазначаных штучным патасам вершаванак».[2]
Пераклады
[правіць | правіць зыходнік]На рускую мову паэму пераклалі М. Ісакоўскі і У. Раждзественскі.[1]
Зноскі
- ↑ а б в г М. Лазарук З угодкавых настрояў // Янка Купала : Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: БелСЭ, 1986. — С. 232.
- ↑ Арлоў, Уладзімір. 25 чэрвеня (7 ліпеня) 1882. Нарадзіўся Янка Купала . Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. Праверана 2 студзеня 2013.(недаступная спасылка)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «З угодкавых настрояў» / Аўтар — М. Лазарук. — С. 232.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]З угодкавых настрояў у Вікікрыніцах |