Перайсці да зместу

Аўтамабіль Янкі Купалы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аўтамабіль Янкі Купалы Chevrolet Master Deluxe GA 1937 года выпуску

Аўтамабіль Янкі Купалы — Chevrolet Master Deluxe GA, выпушчаны ў 1937 годзе, які з 1939 да 1942 года належаў паэту. У 2009—2010 гадах аўтамабіль быў адрэстаўраваны і ў красавіку 2010 года на працягу трох дзён выстаўляўся ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску, пасля чаго быў перавезены ў філіял музея ў вёсцы Ляўкі, дзе захоўваецца цяпер. На бягучы момант кошт аўтамабіля перавышае 100 тысячаў еўра.[1]

Янка Купала вельмі любіў свой аўтамабіль і нават прыходзіў у Саюз беларускіх пісьменнікаў з кнігамі па аўтамабільнай справе, але з-за невядомых прычын сам ніколі так і не сеў за руль.[1]

Chevrolet Master Deluxe GA
Гараж, дзе захоўваецца аўтамабіль Янкі Купалы

Аўтамабіль Chevrolet GA Master DeLuxe быў падараваны Янку Купалу ва ўласнае карыстанне ў 1939 годзе асабіста першым сакратаром ЦК КП(б)Б Панцеляймонам Панамарэнкам.[1] Некалькі гадоў дагэтуль кіраўніцтва БССР ужо падаравала Янку Купалу іншы аўтамабіль — ГАЗ-М-1 савецкай вытворчасці, які ў 1939 годзе і быў заменены на лімузін Chevrolet.

У чэрвені 1941 года Янка Купала на Chevrolet з жонкай выехаў у эвакуацыю з Менску, куды ўжо не вярнуўся. Спачатку яны скіраваліся на аўтамабілі ў Маскву, пазней — у Казань, Чэбаксары і Пячышчы ў Татарстане.[2]

Пасля смерці Янкі Купалы ў 1942 годзе аўтамабіль стаў уласнасцю ўдавы паэта Уладзіславы Францаўны Луцэвіч.[3] Пры дапамозе яе намаганняў пасля сканчэння Вялікай Айчыннай вайны аўтамабіль быў вернуты спачатку ў Маскву, а затым і ў Мінск, і ў 1950 годзе ў якасці прыватнага інвентара Янкі Купалы трапіў у фонд музея Янкі Купалы. Да 1955 года Chevrolet быў на хаду, а ў 1957 годзе аўтамабіль быў закансерваваны і з таго часу з’яўляецца музейным экспанатам.[1][3]

Да 1982 года аўтамабіль выстаўляўся ў філіяле музея Янкі Купалы ў Вязынцы Маладзечанскага раёна, пасля чаго сваім ходам[4] быў перавезены ў філіял музея Янкі Купалы ў Ляўках,[5] дзе выстаўляўся да 2009 года.

У лістападзе 2009 года міністр культуры Беларусі Павел Латушка даручыў адрэстаўраваць аўтамабіль. Chevrolet быў перавезены ў Мінск, дзе быў адрэстаўраваны з дапамогай кампаніі «Мінск-Лада», афіцыйнага прадстаўніка Chevrolet у Беларусі. Першапачаткова прадстаўнік Chevrolet прапанаваў цалкам аднавіць аўтамабіль да стану, каб ён мог ездзіць, але супрацоўнікі музея не пагадзіліся з гэтай прапановай, бо ў такім выпадку аўтамабіль перастаў бы быць арыгінальным музейным экспанатам, таму Chevrolet зведаў толькі касметычны рамонт.[1]

Адноўлены аўтамабіль дэманстраваўся ў Мінску з 16 па 18 красавіка 2010 года каля будынку Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы,[1] пасля чаго быў перавезены назад у філіял музея ў вёсцы Ляўкі, дзе захоўваецца цяпер.

Апісанне аўтамабіля

[правіць | правіць зыходнік]
Інтэр’ер салона

Аўтамабіль Chevrolet Master Deluxe GA выпускаўся амерыканскай кампаніяй Chevrolet толькі на працягу 1937 года і з’яўляецца дастаткова рэдкім варыянтам мадэлі Chevrolet GA. Выпускаліся некалькі варыянтаў гэтай машыны: двухмясцовае купэ, спартыўнае купэ на чатыры месцы, двухдзверны седан на пяць месцаў, чатырохдзверны седан на чатыры месцы. Апошніх было выпушчана 2221 адзінка. Агулам на працягу 1937 года былі выпушчаныя 519 024 адзінкі мадэлі Chevrolet GA.[3]

Chevrolet GA Янкі Купалы быў зроблены ў Варшаве фірмай Lilpop, Rau & Loevenstein, якая выпускала аутамабілі паводле ліцэнзыі амерыканскай фірмы ў 19371939[крыніца?].

Магутнасць рухавіка Chevrolet Master Deluxe GA складала 85 конскіх сілаў, максімальная хуткасць — 110 км/г, вага — 1270 кг, аб’ём рухавіка — 3,5 літры, расход паліва — 14 літраў бензіна на 100 км.[3][6]

Цяпер аўтамабіль мае рэгістрацыйны аўтамабільны нумар СССР узору 1946 года БН 57-20.