Перайсці да зместу

Жалейка (зборнік)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Жалейка
Вокладка зборніка «Жалейка» (мастак — Якубоўскі)
Вокладка зборніка «Жалейка» (мастак — Якубоўскі)
Жанр паэзія, верш і паэма
Аўтар Янка Купала
Мова арыгінала беларуская
Дата першай публікацыі 1908
Выдавецтва Загляне сонца і ў наша аконца
Колькасць старонак 159
Наступны Гусляр
Электронная версія
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

«Жале́йка» — першы паэтычны зборнік Янкі Купалы, выдадзены ў пачатку 1908 года ў Санкт-Пецярбургу. Змяшчае 95 лірычных вершаў 1905—1907 гадоў і паэму «Адплата кахання».

Зборнік выйшаў у свет у Санкт-Пецярбургу не пазней за 11 (24) сакавіка 1908 года. Кніга была надрукавана выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца» і налічвала 159 старонак. Агульны яе тыраж склаў 4300 асобнікаў. Першапачаткова зборнік планавалі выпусціць у мінскім выдавецтве «Мінчук», але там ён так і не выйшаў. Дапамогу Купале ў фарміраванні і выданні кнігі аказаў Уладзімір Самойла. Ён пераслаў рукапіс у Пецярбург Браніславу Эпімах-Шыпілу, які скончыў афармленне зборніка і садзейнічаў яго публікацыі[1].

Неўзабаве пасля выхаду кнігі пецярбургскі Камітэт па справах друку[ru] ініцыяваў судовае пераследаванне супраць выдаўцоў, а на ўвесь тыраж быў накладзены арышт, які ўдалося зняць 10 лістапада 1908 года[2]. У 1909 годзе тыраж кнігі паўторна канфіскавалі па загадзе віленскага генерал-губернатара[3].

Мастацкі змест

[правіць | правіць зыходнік]

У склад зборніка ўвайшлі лірычныя творы і паэма «Адплата кахання». Канцэптуальна ўключаныя ў кнігу творы ўяўляюць сабой адзінае цэлае, якое адлюстроўвае думкі і пачуцці, перададзеныя як ад асобы простага селяніна, так і ад імя самога аўтара, які выступае тут у ролі народнага песняра[1].

У «Жалейцы» Янка Купала імкнуўся дабіцца прызнання вёскі і паказаць, што ён — голас беларускага мужыка ў паэзіі. Для гэтага, гаворачы ад сябе, пісьменнік выяўляе народную этыку, выкарыстоўваючы стрыманыя, па-сялянску сціплыя вобразы: «Я ж ціха йграю, хто ж ціхіх прымеце?», «А я толькі верабейка // Ўзрошчаны пад Гайнай». Акрамя таго, у кнігу ўключаны вершы-самапрэзентацыі, дзе Янка Купала тлумачыць, хто ён такі, пра што думае і для каго піша. Гэтыя творы сталі яго творчым маніфестам: у іх ён выразіў свае адносіны да паднявольнага жыцця народа, да паноў і да рэвалюцыйных падзей 1905—1907 гадоў. Эпіграф да зборніка задае тон усёй кнізе[1]:

" Грай, мая жалейка,
Пей, як салавейка!
Апявай нядолю,
Апявай няволю
І грымі свабодна,
Што жыве край родны!
"

У шэрагу вершаў паэт уступае ў дыялог з селянінам, што адлюстравана ў назвах некаторых твораў, такіх, як «А ты, браце, спі!», «Люлі, люлі, мужычок!», «Эй, скажы, мужычок!..», «Не рвіся к багатым». Часам у гэтай размове аўтар пачынае гаварыць ад імя ўсяго народа, зліваючыся з ім, як, напрыклад, у вершы «Чаго нам трэба». У падобных творах вобраз Купалы як народнага рэвалюцыйнага паэта становіцца больш глыбокім, а яго вершы напаўняюцца рэаліямі сялянскага жыцця: штодзённымі бедамі, клопатамі, працай і побытам[1].

Найбольш яскрава жыццё беларускага сяляніна паказана ў цыкле вершаў «З песень беларускага мужыка». Галоўны герой гэтых твораў — сам селянін, які прадстае перад чытачом у разнастайных ролях: ён і сейбіт (верш «Выйду…»), і араты («Саха»), і гаспадар сваёй гаротнай хаты («Мая хатка»), і закаханы юнак («Дзяўчынка, галубка мая!»). Вобраз селяніна і народны побыт дапаўняюць і раскрываюць бытавыя замалёўкі («Мая хатка», «Саха», «Лапці») і краявідныя творы («Вясна», «Заход сонца», «Восень», «Зіма»). Акрамя іх, зборнік жанрава ўзбагачаюць сюжэтныя творы («Град»), балады («Канюк») і эпіграмы[2].

Вяршыняй раскрыцця вобраза народа стаў верш «А хто там ідзе?», у якім Янка Купала дасягнуў максімальнага яднання з народам, зацвердзіўшы сябе ў ролі яго песняра. Па сваёй структуры твор нагадвае антычную драму, дзе ёсць толькі адзін акцёр і хор. Воклічы народа пра сваю крыўду, гора і абуджанае жаданне «людзьмі звацца» гучаць як рэзюмэ ўсіх думак і ідэй, якія прадстаўлены ў зборніку[2]. Гэты верш на працяглы час стаў неафіцыйным беларускім гімнам[4][5] і станам на 2018 год перакладзены на 100 моў[6].

Паэзія «Жалейкі» вылучаецца наватарскім характарам, які праяўляецца ў яскрава выяўленым грамадзянскім пафасе, народнасці мастацкіх сродкаў, рэалізме і канкрэтнасці вобразаў. Сукупнасць гэтых якасцей забяспечыла твору значны грамадскі рэзананс. Адкрыта заяўленая рэвалюцыйная пазіцыя, накіраваная супраць сацыяльнай няроўнасці, стала прамым адлюстраваннем настрояў беларускага сялянства і рэвалюцыйна-дэмакратычных ідэй, якія ахапілі народ і інтэлігенцыю Беларусі падчас рэвалюцыі 1905—1907 гадоў[2].

Зборнік вершаў адразу пасля выдання знайшоў водгук у беларускім культурным асяродку[7]. Адным з першых на яго адрэагаваў Ядвігін Ш. у газеце «Минское эхо» (нумар ад 9 ліпеня 1908 года), аднак ён не змог у поўнай меры ацаніць вартасць гэтай кнігі[2].

Пазней, 15 жніўня 1908 года, у «Нашай Ніве» з’явілася рэцэнзія Уладзіміра Самойлы, у якой ён падкрэсліваў, што думкі і погляды ў «Жалейцы» цалкам адбіваюць народныя настроі, што «Песні Купалы — гэта крык, што жыве Беларусь!». У сваёй другой рэцэнзіі, апублікаванай у газеце «Минский курьер» ад 23 жніўня 1908 года, Самойла прадказаў паэту вялікую будучыню і адзначыў важную ролю яго творчасці для беларускага народа[2].

Больш глыбокі і разгорнуты аналіз зборніка прадставіў Максім Багдановіч у артыкуле «Глыбы і слаі» (1911)[2]. Адзначыўшы некаторыя недахопы літаратурнай формы, ён падкрэсліў зместавыя вартасці зборніка, у якіх адчуваўся паэтычны талент Купалы, што цалкам праявіўся ў наступных выданнях — паэме «Адвечная песня» і зборніку «Гусляр»[2][8].

Літаратурны крытык Леў Клейнбарт адзначаў, што «Жалейка» выражала ўздым тагачаснага грамадства[9].

Цікавыя факты

[правіць | правіць зыходнік]
  • Першапачаткова псеўданімам Івана Луцэвіча, пад якім павінен быў выйсці яго першы зборнік, мусіў быць «Янук Купала», але рэдактар зборніка Браніслаў Эпімах-Шыпіла падчас публікацыі памылкова напісаў яго як «Янка Купала». З таго часу Іван Дамінікавіч Луцэвіч пачаў карыстацца псеўданімам менавіта ў такой форме[4].
  1. 1 2 3 4 Янка Купала (энцыклапедыя) 2017, с. 336.
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 Янка Купала (энцыклапедыя) 2017, с. 337.
  3. ↑ Зборнік «Жалейка». www.nlb.by. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Архівавана з першакрыніцы 13 лістапада 2022. Праверана 5 лістапада 2026.
  4. 1 2 Янка Купала: асоба і творчасць(недаступная спасылка). «Архивы Беларуси». Архівавана з першакрыніцы 15 верасня 2019. Праверана 5 лістапада 2026.
  5. ↑ Складаны лёс вершаў Купалы: за што арыштавалі першы наклад "Жалейкі". bel.sputnik.by. Sputnik (30 жніўня 2018). Архівавана з першакрыніцы 14 ліпеня 2026. Праверана 5 лістапада 2026.
  6. ↑ Книга одного стихотворения Купалы "А хто там iдзе?" на 100 языках вышла в Минске (руск.). belta.by. БелТА (29 сакавіка 2018). Архівавана з першакрыніцы 2 жніўня 2018. Праверана 5 лістапада 2026.
  7. ↑ Ірына Багдановіч «Жалейка» Янкі Купалы як прадвесце маладой Беларусі // Роднае слова. — 2008. — № 3. — С. 3—6.
  8. ↑ Максім Багдановіч. Глыбы і слаі // Творы М. Багдановіча. — Менск: Выданьне Інстытуту Беларускае Культуры, 1928. — Т. II.
  9. ↑ Клейнборт, Л. М. Янка Купала // ЛМЯНК. — Фонд У. — Воп. Vp-1. — Адз. зах. 78. — 265 арк.