Бандароўна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Бандароўна»
Выданне
Малюнак М. Басалыгі да паэмы Янкі Купалы «Бандароўна» (1978)
Жанр паэма
Аўтар Янка Купала
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 1913
Дата першай публікацыі 1913
Электронная версія
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

«Бандароўна» — паэма Янкі Купалы, завершаная 24 чэрвеня 1913 года. Першая з паэм, напісаных Янкам Купалам улетку 1913 года ў Акопах. Упершыню надрукаваная ў газеце «Наша Ніва» 19 ліпеня 1913 года. Чарнавы аўтограф паэмы з закрэсленым аўтарскім прысвячэннем: «Паўліне Мядзёлцы» захоўваецца ў Літаратурным музеі Янкі Купалы.[1]

Вытокі[правіць | правіць зыходнік]

У аснове сюжэту паэмы — тры варыянты народнае песні пра Бандароўну, запісаныя на Гарадзеншчыне, Ашмяншчыне і Случчыне.[2] Моцны матывамі гераізацыі, гарадзенскі варыянт твора ўяўляе сабой гістарычную песню аб пагібелі сумленнай прыгажуні Бандароўны. У ашмянскім і слуцкім варыянтах расповяд пра Бандароўну — гэта сямейна-побытавая песня маралізатарскага зместу.[1]

Асноўныя сюжэтныя звенні паэмы ўзятыя з гарадзенскага варыянту, вядомага яшчэ па запісах Я.Чачота.[3] Гродзенскі варыянт абумовіў і рытміка-інтанацыйную аснову паэмы, якая стала адным з класічных узораў засваення Купалам фальклорнае спадчыны, ідэйна-мастацкага яе асэнсавання і пераўтварэння ў новую ідэйна-эстэтычную каштоўнасць. Акцэнты асуджэння Бандароўны як нявернай палюбоўніцы пана ўзятыя з ашмянскага і слуцкага варыянтаў, як і шэраг сюжэтных элементаў і матываў, асабліва выкарыстаных для характарыстыкі вобразу пана Патоцкага.[1]

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

«Дужы ты з сваім багаццем,
А я сілы большай. —
За мной праўда і народ мой,
За табой жа — грошы!»

Я. Купала

З паэмы «Бандароўна»

Па сваёй форме паэма — гераічнае паданне, песня-сага. На аснове сюжэтных вузлоў, вобразаў і матываў усіх трох варыянтаў народнае песні Я.Купала заглыбіў пачатковы сюжэт фальклорнае першакрыніцы сацыяльна, псіхаэмацыянальна, нязмерна ўзмацніў яго экспрэсію. Паэма ўяўляе сабой нацыянальны эпас героікі з апафеозам гераічнай смерці і справядлівай помсце, з узвялічэннем і паэтызацыяй цнатлівасці і гордае непакорнасці, з услаўленнем народу-бунтара. У аснову паэмы аўтар паклаў не канфлікт паміж героямі, як у народных песнях пра Бандароўну, а канфлікт паміж народам і прыгнятальнікам, паміж тыранам і свабодай.[1]

Аўтар захаваў народна-песенны прыём зацікаўленага, але старонняга апявання падзей і лёсу. Пры гэтым Я.Купала не ўхіляўся ад увядзення ў плынь аб'ектывізаванага апявання элементаў суб'ектыўнага суперажывання з гераіняй. Эмацыянальная сіла паэмы ў багацці паэтычных фарбаў. Яна ўвабрала ў сябе як традыцыйна-народную фальклорную вобразнасць, так і арыгінальную, характэрную Купалу рамантыку. Аўтар выкарыстаў у паэме традыцыйна-народныя выслоўі, устойлівыя словазлучэнні, паэтычныя формулы, характэрныя народнай казцы або гутаркавай мове. Шырока ўведзены ў паэму прыём паралелізму.[1]

Водгукі[правіць | правіць зыходнік]

" Канчатковы вынік, які выцякае з аналізу кампазіцыйнага пабудавання і стылю… паэм [«За што», «На куццю», «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»], зводзіцца да таго, што гэтымі творамі Я. Купала ўвёў беларускую літаратуру ў галіне гэтага жанру ў агульнае рэчышча літаратуры еўрапейскай.
Андрэй Вазнясенскі[4]
"

Пераклады і мастацкія ўвасабленні[правіць | правіць зыходнік]

На рускую мову паэму пераклалі А. Пракоф'еў і С. Родаў, на ўкраінскую — А. Малышка, Т. Масэнка. Ілюстравалі паэму Ф. Бараноўскі, М. Басалыга, М. Бельскі, Ю. Герасіменка, А. Кашкурэвіч, Я. Раманоўскі, В. Шаранговіч. Паводле матываў твору Г. Гарэлава напісала сімфанічную паэму.[1] Вобразы паэмы ляглі ў аснову спектаклю «Янка Купала. Кругі раю» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

Зноскі

  1. а б в г д е Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Бандароўна (паэма)». — C. 62—63.
  2. Змешчаныя ў «Матэрыялах для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга края» П.Шэйна.
  3. «Вясковыя песенькі з-над Нёмана і Дзвіны», Вільня, 1846.
  4. Янка Купала. «Магіла льва» (з народнага падання). 1913. Праверана 3 лістапада 2012.(недаступная спасылка)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Бандароўна (паэма)» / Аўтар — А.Лойка — C. 62—63.
  • Арочка, М. Беларуская савецкая паэма. — Мн., 1979. — С.29—30.
  • Бярозкін, Р. Свет Купалы; Звенні. — Мн., 1981. — С.104—106.
  • Лазарук, М. Беларуская паэма ў другой палавіне ХІХ—пачатку ХХ стагоддзя. — Мн., 1970.
  • Лойка, А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч.2. — Мн., 1980. — С.168—173.
  • Навуменка, І. Янка Купала. — Мн., 1980. — С.86—88.
  • Ярош, М. Янка Купала і беларуская паэзія. — Мн., 1971. — С.117—120.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]