Каёва (народ)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каёва
(Ka'igwu)
Агульная колькасць 12000
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова каёва
Рэлігія танец сонца, анімізм, шаманізм, пеётызм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы Пуэбла (індзейцы)
Не блытаць з паўднёваамерыканскімі індзейцамі каюва

Каёва (саманазва: Ka'igwu, літаральна «высакародныя») — індзейскі народ у ЗША. Агульная колькасць (2011 г.) — 12 000 чалавек.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Лінгвістычна каёва блізкія да індзейцаў-пуэбла, якія насяляюць поўдзень ЗША на мяжы з Мексікай. Аднак самі каёва сцвярджаюць, што іх першасная радзіма знаходзілася паміж вытокам ракі Місуры і Елаўстонам. Мяркуецца, што продкі каёва перасяліліся на поўнач у сярэдзіне 1 тысячагоддзя н. э. Першапачаткова яны займалі вобласць Фрэманцкай культуры, а ў XIII стагоддзі або ў XIV стагоддзі прасунуліся далей на поўнач.

Прыкладна ў XVII стагоддзі продкі каёва раскалоліся на 2 групы. Меншая група рушыла на паўночны захад, але там загубілася. Большая група мігрыравала праз Вялікія раўніны да Блэк-Хілс, дзе замацавалася ў XVIII стагоддзі.

У ранні перыяд да каёва далучыліся раўнінныя апачы. Каёва лічаць, што яны сфарміраваліся ў выніку кантактаў саміх каёва з цуутына. Важнай падзеяй міграцыі праз Вялікія раўніны стала набыццё коней ад кроу і пачатак развіцця конегадоўлі. У 1682 г. французскія вандроўнікі паведамлялі, што ў каёва вялікія статкі гэтых жывёл.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Паміж 1730 г. і 1770 г. каёва сутыкнуліся з больш шматлікімі каманчы, якія прэтэндавалі на частку іх паўднёвых тэрыторый. У апошняй трэці XVIII ст. напружаныя адносіны ператварыліся ў адкрытую вайну. Сітуацыю пагоршыў ціск з боку шаенаў, арапаха і лакота, што прэтэндавалі на землі ў Блэк-Хілс. У 1781 г. падчас эпідэміі воспы загінула каля 2000 каёва і раўнінных апачы. У жывых засталося толькі 300 воінаў. У 1785 г. апачы і дзве траціны каёва рушылі на поўдзень Вялікіх раўнін. Астатнія імкнуліся захаваць сваё становішча, але ў 1795 г. пацярпелі жорсткае паражэнне ад лакота. У 1804 г. яны канчаткова пакінулі Блэк-Хілс.

Першая група каёва і раўнінных апачы мігрыравалі на тэрыторыю Нью-Мексіка, дзе зноў сустрэлі каманчы. Іспанскія каланісты ўпэўнілі прадстаўнікоў варожых канфедэрацый пачаць перамовы. Гікатэ, правадыр каёва, правёў сярод каманчы каля года і дамогся заключэння саюза з імі. Гэты саюз быў узаемавыгадным, паколькі абодва народы змагаліся з лакота. Ваенная дапамога адносна нешматлікіх каёва стала асабліва важнай для каманчы пасля таго, як яны пацярпелі ад эпідэміі воспы 1801 г. На поўдні каёва атрымалі магчымасць гандляваць з іспанцамі, ад якіх атрымоўвалі агнястрэльную зброю. Група каёва, што пакінула Блэк-Хілс пазней за першую, не мела агнястрэльнай зброі, а таму на некаторы час была заблакавана добра ўзброенымі лакота на захадзе Небраскі. Яна здолелі аб’яднацца з паўднёвымі суродзічамі толькі ў 1806 г.

У 1833 г. неабаронены лагер каёва быў знянацку атакаваны осэйдж, якія забілі ўсіх прысутных, пераважна старых, жанчын і дзяцей. Выжыла толькі адна дзяўчынка, якую осэйдж прадалі амерыканцам. У 1834 г. амерыканскі палкоўнік Генры Додж усталяваў першы афіцыйны кантакт з каёва, перадаў ім дзяўчынку і запрасіў да перагавораў аб міры. У 1837 г. 10 правадыроў сапраўды падпісалі дагавор з ЗША, які гарантаваў пераезд амерыканскіх гандляроў і перасяленцаў праз іх тэрыторыі. Аднак з канца 1830-х гг. сітуацыя моцна змянілася. З-за эпідэмій воспы і халеры, а таксама значнага скарачэння статкаў бізонаў, што з’яўляліся асноўнай здабычай паляўнічых, раўнінныя індзейцы былі моцна саслаблены. Узнік часовы саюз каёва, раўнінных апачы, каманчы, шаенаў і арапаха, які выступаў супраць амерыканскай палітыкі перасялення на захад іншых плямён. Каёва і каманчы рабілі напады на тэрыторыю Мексікі, у тым ліку на амерыканскіх перасяленцаў у Тэхасе. Напады працягваліся нават пасля далучэння Тэхаса да ЗША. Федэральны ўрад высоўваў новыя лагодныя ўмовы для ўсталявання міру, але амерыканскія ваенныя і добраахвотнікі парушалі заключаныя пагадненні. Палітыка індзейцаў у дачыненні да ЗША таксама адрознівалася дваістасцю. Хаця розныя правадыры каёва звычайна дзейнічалі ў згодзе, на перагаворы з амерыканцамі з’яўляліся не ўсе, таму далейшыя парушэнні тлумачылі адмовай адсутных прытрымлівацца міру.

У 1867 г. каёва, шаены, арапаха і каманчы заключылі чарговы мір і далі згоду на перасяленне ў Аклахому. Новыя паляўнічыя тэрыторыі былі беднымі, а абяцаная амерыканцамі дапамога спазнілася. Таму каманчы і каёва працягнулі рэйды на Тэхас. Каёва нават не спыніў арышт некалькіх іх правадыроў. У 1874 г. амерыканскія салдаты разбурылі зімовы лагер каёва, шаенаў і каманчы ў Тэхасе і вымусілі іх пад страхам голаду вярнуцца ў Аклахому. Для каёва і каманчы была вылучана супольная рэзервацыя. У знак пратэсту правадыры каёва адмовіліся перасяляцца ў еўрапейскія дамы, пабудаваныя для іх амерыканцамі. Імкненне захаваць свае традыцыі натыкнулася на палітыку асіміляцыі. Так, у 1888 г. быў забаронены танец сонца, які гуртаваў паляўнічых разам. Частка каёва ўдзельнічала ў рэлігійным хіліястычным руху Скокі Духу, пазней сярод іх набыў папулярнасць пеётызм.

У XX ст. сярод каёва вылучыліся 2 асноўныя фракцыі прагрэсістаў і кансерватараў. Першыя прадстаўлены пераважна тымі, хто прыняў хрысціянства, выступаў за сучасны лад жыцця. У міжваенны перыяд сфарміравалася невялікая групоўка каёва, якая атрымала вышэйшую адукацыю, стымулявала навуковае і культурнае вывучэнне мінулага свайго народа. Другія арыентаваліся на пеётызм і з насцярогай успрымалі змены. У 1936 г. аўтаномныя правы жыхароў племянных тэрыторый былі істотна пашыраны. У 1949 г. каёва аднымі з першых сярод амерыканскіх індзейцаў звярнуліся ў судовую камісію з патрабаваннем кампенсацыі за прымусовае перасяленне. У 1960 г. гэты працэс быў выйграны імі. У 1968 г. была створана племянная рада як самастойны ўнутраны ўрад. З апошняй чвэрці XX ст. актывісты каёва адыгрываюць істотную ролю ў агульным руху індзейскіх народаў за свае правы. У Аклахоме дзейнічае племянны музей, працуюць праграмы па паляпшэнню эканамічнага і культурнага жыцця.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Конныя паляўнічыя

Прыкладна ў другой палове XVII ст. у жыцці каёва адбыўся сапраўдны пераварот, звязаны з пачаткам конегадоўлі. З пешых паляўнічых і збіральнікаў яны ператварыліся ў мабільных качэўнікаў. Набыццё коней зрабіла паляванне больш прадукцыйным і бяспечным. Асноўнай здабычай стаў амерыканскі бізон, для якога былі характэрны сезонныя міграцыі. Паляўнічыя атрымалі магчымасць хутка перасоўвацца ўслед за дзікімі статкамі і такім чынам здабываць бізонаў пры першай патрэбе незалежна ад пары года.

У пэўных сітуацыях палявалі асобна, пры гэтым карысталіся архаічным метадам, калі паляўнічы неўзаметку падкрадаўся да статка і страляў з лука. Такі метад пагражаў самому паляўнічаму быць растаптаным. Часцей паляванне на бізонаў было групавой справай. Конныя паляўнічыя заганялі цэлыя статкі да стромкіх абрываў, падпальвалі траву, даганялі знясіленых жывёл і расстрэльвалі з бяспечнай дыстанцыі. Групавыя спосабы палявання з’яўляліся драпежніцкімі ў адносінах да прыроды, паколькі вялі да знішчэння вялікай колькасці жывёлы рознага ўзросту. Аднак да сярэдзіны XIX ст. паляўнічыя мала клапаціліся пра гэта. Калі пагалоўе бізонаў у адным месцы рэзка скарачалася, яны шукалі іншае для далейшага палявання.

Коннае паляванне на бізонаў забяспечвала каёва ежай, таварам для гандлю, зброяй, лекамі і матэрыяламі для вопраткі і жытла. У некаторай ступені ад яго залежала ўсё паўсядзённае жыццё. Постаць бізона адыгрывала важную ролю ў міфалогіі і рэлігійнай практыцы. Аднак конь даваў яшчэ адну важную перавагу — магчымасць весці гандаль на вялікіх дыстанцыях. У першую чаргу гандлявалі з аселымі народамі — вічыта, арыкара, мандан і іншымі, у якіх абменьвалі мяса і скуры на прадукты земляробства. У найбольш неспрыяльныя гады яны рабілі імклівыя напады і адбіралі прадукты сілком. Найчасцей іх ахвярамі былі юты, саўк, паўні, кадо, іспанскія і амерыканскія пасяленцы ў Тэхасе. Найбольш прыбытковым з’яўляўся пасрэдніцкі гандаль. Гандлёвыя групы каёва перамяшчаліся ўздоўж Вялікіх раўнін паміж Мексікай і Канадай. Конь хутка ператварыўся ў сімвал сацыяльнага статуса. Маладыя людзі выкупалі нявест коньмі. Воіны дамагаліся вышэйшых узнагарод за кошт крадзяжу коней у ворага. Багацце і сіла вызначаліся колькасцю коннага статка.

Асноўнай грамадскай адзінкай каёва была качавая група. Яна складалася са сваякоў або сяброў, налічвала ад 15 да 50 нуклеарных сем’яў, якія перасяляліся і палявалі разам. Асобныя сем’і маглі мяняць групу. Паміж групамі падтрымлівалася абавязковая сувязь з дапамогай пасланцаў. Такім чынам каёва паспяхова каардынавалі свае дзеянні. Жылі ў часовых лагерах на працягу некалькіх тыдняў. Звычайным жытлом з’яўлялася тыпі са скур бізонаў. Тыпі расстаўлялі па акружнасці вакол цэнтра. Калі тыпі было многа, стваралася некалькі акружнасцяў, што зваліся палосамі. Бліжэй да цэнтра сяліліся найбольш ганаровыя члены групы. Падчас вялікіх святаў ствараліся супольныя лагеры. Пры гэтым групы аб’ядноўваліся ў большыя па колькасці саюзы, а тыя ў сваю чаргу фарміравалі палосы. У канцы XIX ст. налічваліся наступныя саюзы-палосы:

Палосы фарміраваліся гістарычна, таму мелі ўстойлівы характар, пэўныя традыцыі і свайго правадыра.

Шчыты каёва

Грамадства было іерархічным. Вылучаўся вышэйшы сацыяльны пласт onde. У яго склад уваходзілі правадыры палос і буйных груп, найбольш адметныя воіны, захавальнікі рэлігійных прадметаў. Onde забіралі большую частку ваеннай або паляўнічай здабычы, але багацце само па сабе не давала пашану. Воіны і правадыры павінны былі дэманстраваць карысць для астатніх, выяўляць асабістыя здольнасці і гераізм. Каля 40 % грамадства складаў «сярэдні» пласт ondegup'a з меней выбітных правадыроў і воінаў. Большасць каёва былі прадстаўлены бяднейшымі пластамі kaan і dapone. У апошні ўваходзілі тыя, хто не меў сваіх коней і ваеннага вопыту. У каёва не было рабства. Ваеннапалонныя «ўсынаўляліся» асобнымі сем’ямі і набывалі іх статус.

Было магчыма перасоўванне па сацыяльнай лесвіцы як наверх, так і ўніз. Аднак прадстаўнікі вышэйшых сацыяльных пластоў імкнуліся да замацавання свайго становішча. Так, onde часцей усталёўвалі сваяцкія сувязі з іншымі onde. Адлік сваяцтва вёўся толькі па мужчынскай лініі. Другі спосаб замацавання становішча быў заключаны ў рэгуляванні ўзаемаадносінаў паміж воінамі. Яны падзяляліся на 5 таварыстваў. Ніжэйшым лічылася аб’яднанне воінаў-юнакоў polanyupтрусы»), а вышэйшым — koitsenko («чырвоныя паясы») з 10 ганаровых воінаў, якія ішлі ў бой са свяшчэннымі дзідамі. У XIX ст. важнае месца заняло таварыства воінаў-сабак. Паводле павер’яў, яго члены бачылі ў мроях сабаку, які заклікаў ісці за сабою. У паўсядзённым жыцці воіны-сабакі выконвалі функцыі паліцыі, стрымлівалі маладых воінаў ад нападаў на суседзяў. Падчас вайны яны з’яўляліся асноўнай ударнай сілай. Падчас палявання ім дазвалялася ўязджаць у статак спужаных бізонаў (іншых паляўнічых у такім разе дазвалялася забіваць).

У каёва таксама існавалі таварыствы лекараў, кожнае са сваёй спецыялізацыяй. Напрыклад, члены таварыства лекараў-бізонаў загойвалі раны. Члены таварыства Арлінага Шчыта лекавалі з дапамогай магіі. Таварыства танца сонца захоўвала рытуальныя сімвалы. Мелася вельмі замкнёнае жаночае таварыства Мядзведзяў. Лекары адначасова з’яўляліся рэлігійнымі лідарамі, таму з імі кансультаваліся па ўсіх надзённых пытаннях. Кожны член таварыства насіў асобы шчыт з намаляваным знакам свайго таварыства. У аснове народнай медыцыны каёва былі як уяўленні пра звышнатуральныя ўласцівасці лекараў, так і чыста практычныя ўменні. Меркавалася, што лекарам даступны забеспячэнне ваеннага поспеху, павелічэнне працягласці жыцця, выратаванне ад хваробы і выкліканне дажджу. Моцны лекар мог ператварыць любы прадмет у лек дзякуючы пэўным рытуалам. Таварыствы лекараў утрымлівалі 10 скарбаў такіх рытуальных прадметаў, якія збіралі на працягу дзесяцігоддзяў. Але часцей лекавалі з дапамогай лекавых раслін, хірургічнага ўмяшання, дыеталогіі.

Яднанню каёва дапамагалі супольныя святы, у першую чаргу танец сонца. Іх часткай былі спевы і танцы, раздача шчытоў з намаляванымі эмблемамі, рытуальная размалёўка цела. Мастацтва малявання было простым, але высока цанілася ў грамадстве. Многія мастакі адначасова з’яўляліся музыкантамі. Яны стваралі свае таварыствы, прычым гэта характэрна нават для нашага часу. Песні і танцы суправаджаліся акампанементам флейт, бразготак і барабанаў. Вылучаюцца такія песенныя жанры, як песні ваенных вандровак, песні перамогі або ўзвялічвання вайны, песні танца скальпаў, гімны і г. д. Народны фальклор прадстаўлены шматлікімі міфамі, казкамі, легендамі, гістарычнымі паданнямі. Папулярныя героі казак і легенд — розныя жывёлы, дзеці без бацькоў, якія здзяйсняюць подзвігі і дамагаюцца поспеху. Нягледзячы на ваенізаванасць грамадства, каёва паважалі розум, таму любілі казкі пра трыкстэраў, што дурылі неразумных воінаў.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова каёва складае асобную галіну каёва-танаанскай сям’і. У выніку моўнай асіміляцыі колькасць тых, хто стала размаўляе на ёй, скарацілася да 2007 г. да 100 чалавек. У Аклахоме працуюць курсы вывучэння мовы каёва. У 2013 г. была выдадзена першая дзіцячая мастацкая кніга на мове каёва.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйная рэлігія каёва абапіралася на веру ў звышнатуральную безаблічную сілу dwdw, якая нібы праймала сусвет, у тым ліку касмічныя аб’екты, месцы на зямлі, жывёл, нябачных духаў і г. д. Існавала пэўная іерархія аб’ектаў і істот, што маглі прымаць dwdw. Напрыклад, драпежнік заўсёды меў больш сілы, чым яго ахвяра, а сонца — больш, чым дрэва. Чалавек набываў dwdw праз мроі падчас спецыяльнага рытуалу, калі лёгка апранутыя мужчыны выпраўляліся ў прэрыю, дзе стамлялі сябе постам і малітвамі. У выніку паспяховага завяршэння ён набываў духа-апекуна, што радзіў свайму падапечнаму аб прыняцці рашэнняў, паводзінах, песнях, знешнім абліччы. Каёва сумняваліся, што нехта можа дасягнуць поспеху без духа-апекуна. Падчас рытуалу высвятлялася, кім павінен стаць мужчына — воінам або лекарам. Воіны насілі асобыя шчыты з выявамі аб мроях. Лекары выконвалі функцыі шаманаў, прытрымліваліся пэўных абмежаванняў у ежы або ў паводзінах.

Адметнай духоўнай падзеяй, у якой прымаў удзел увесь народ, быў танец сонца. Ён арганізоўваўся не ў пэўныя дні, а толькі па скліканню для дасягнення пэўных вынікаў. Пасля таго як каёва трапілі ў рэзервацыю, танец сонца ладзілі штогод у спадзяванні вярнуць былыя слаўныя часы і бізонаў. Але па рашэнню амерыканскай адміністрацыі ў 1888 г. гэты важны рытуал быў забаронены. Забарона супала з паўстаннем новай рэлігіі — пеётызму. Яе прыхільнікі дзейнічалі не толькі сярод суродзічаў-каёва, але і сярод іншых індзейскіх народаў.

З 1873 г. сярод каёва распаўсюджваннем хрысціянства займаліся квакеры, а потым прадстаўнікі і іншых хрысціянскіх канфесій. У нашы дні большасць вернікаў належаць да пратэстанцкіх цэркваў. Існуе асобная метадысцкая царква каёва, дзе падчас набажэнства карыстаюцца мовай каёва. 4 ліпеня каёва ладзяць супольную цырымонію яднання, у якой выкарыстоўваюцца элементы іх традыцыйнай рэлігіі.

Выдатныя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]