Музей «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці»

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Музей «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці»
Брэст. Вуліца Леніна. Музей «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці».jpg
Профіль мастацкі
Заснаваны 1989
Падпарадкаванасць Брэсцкі абласны краязнаўчы музей
Месцазнаходжанне г. Брэст, вул. Леніна, 39, 224646
Памеры фонду 3852
Агульная плошча 570
Выставачная плошча 259
Тэлефон (+0162) 20-41-95, 20-57-08
Адкрыты 10.00–18.00, акрамя панядзелка і аўторка
values.brest.museum.by
Лагатып Вікісховішча Музей «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці» на Вікісховішчы

Музей «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці» — філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. Размяшчаецца ў гістарычным будынку XX ст. па вуліцы вул. Леніна, 39. Адкрыты 4 лютага 1989 г. у г.Брэст як пастаянная выстаўка Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, з 01.01.1998 г. яго філіял. Адзіны ў Беларусі музей, дзе экспануюцца творы мастацтва і прадметы антыкварыяту, канфіскаваныя брэсцкімі мытнікамі пры спробе незаконнага вывазу іх за мяжу.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пачатак фарміраванню «мытнай» калекцыі пакладзены ў 1953 г., калі Брэсцкі абласны краязнаўчы музей атрымаў ад мытні 30 абразоў і вырабаў меднага мастацкага ліцця. У 1976 г. у выставачнай зале адбылася выстаўка найбольш цікавых экспанатаў, галоўным чынам твораў жывапісу. У 1987 г. арганізавана новая, больш прадстаўнічая выстаўка па колькасці і разнастайнасці экспанатаў і па ўзроўні мастацкага афармлення. З улікам вялікай каштоўнасці і своеасаблівага характару калекцыі было вырашана стварыць стацыянарную выстаўку «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці». Для яе размяшчэння рашэннямі брэсцкіх аблвыканкама ад 20 мая 1985 г. і гарвыканкама ад 17 красавіка 1986 г. абласному краязнаўчаму музею быў перададзены будынак — помнік архітэктуры XX ст. (узведзены ў 1925-27 гг., архітэктар Ю. Лісецкі), адрэстаўрыраваны ў 1987 г. спецыялістамі аб’яднання «Белрэстаўрацыя». Праект экспазіцыі выстаўкі выканалі загадчыца мастацкага аддзела абласнога краязнаўчага музея І. М. Тарыма, архітэктар Ю. Ю. Шчарбакоў і мастакі Б. М. Малахаў і М. К. Канькоў. У 1989 г. яна прыняла першых наведвальнікаў. Экспазіцыя адлюстроўвае тэму аховы культурнай спадчыны ў Беларусі, адпавядае значэнню Брэста як пагранічнага горада, «заходніх варот» краіны. Загадчыца філіяла І. М. Тарыма.

Фонды і экспазіцыя[правіць | правіць зыходнік]

Аклад абраза Раство Прасвятой Багародзіцы. Майстар Іван Грыгор’еў. Масква. 1750-я гг.
Абраз Святы Мікалай. Канец XVIII ст.
Абраз Спас у сілах. XVI ст.

Асноўны фонд музея (2008) налічвае 3852 адзінкі захоўвання, навукова-дапаможны — 247 адзінак. Экспазіцыя размешчана ў 10 залах агульнай плошчай 259 м². Першая зала прысвечана дзейнасці беларускай дзяржавы, мытнай і пагранічнай службаў па папярэджанні незаконнага вывазу культурных каштоўнасцей за мяжу. Экспануюцца фотаздымкі, зробленыя пры выяўленні кантрабанды, прадметы, выкарыстаныя ў якасці сховаў для яе, абраз «Уласій Севасційскі з жыціем», распілаваны на 6 частак, каб схаваць яго ад мытнікаў. У наступных 2 залах захоўваецца частка самай вялікай і каштоўнай у зборах музея калекцыі рускіх абразоў 16 — пачатку 20 ст. Менавіта яны на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў складалі пераважную большасць сярод прадметаў кантрабанды мастацкіх каштоўнасцей. У 1-м раздзеле экспазіцыі іканапісу размешчаны старажытнарускія абразы 16 — 17 ст., сярод якіх «Спас нерукатворны», «Маці Божая Уладзімірская», «Тройца Старазапаветная» і «Тройца Новазапаветная» («Айчына»). Наступны раздзел прысвечаны рускаму іканапісу новага часу. Абразы 18 ст. вызначаюцца барочным характарам, пышнасцю і дэкаратыўнасцю. У 19 ст. асабліва цаніліся абразы, выкананыя ў мініяцюрным стылі, якімі славіліся расійскія іканапісцы з г.п. Палех Іванаўскай вобласці і пас. Мсцёра Уладзімірскай вобласці. Прадстаўлены ў экспазіцыі абраз «Шасцідзён» выйшаў з майстэрні палехскага іканапісца В. Хахлова ў 1810-я г. Трохчасткавы абраз («Нараджэнне Хрыстова», «Нараджэнне Маці Боскай», «Выбраныя святыя») належыць мсцёрскай школе. Асаблівую цікавасць уяўляе абраз «Святая Ефрасіння Полацкая» канца 19 — пачатку 20 ст. з выявай святой ахоўніцы Беларусі. У асобнай зале зберагаюцца абразы ў сярэбраных акладах 18 — пачатку 20 ст., створаныя ў ювелірных цэнтрах Расіі: Маскве, Санкт-Пецярбургу, Яраслаўлі, Казані, Калузе і інш. Яны дазваляюць прасачыць эвалюцыю і змену стыляў, нарастанне свецкіх тэндэнцый у рускім праваслаўным мастацтве новага часу. Экспануецца таксама «Евангелле напрастольнае» ў сярэбраным акладзе, выкананым у 1761 г. у Санкт-Пецярбургу майстрам Я.Шлосвігам. Дапаўняюць экспазіцыю культавага мастацгва творы дробнай пластыкі, у тым ліку меднае мастацкае ліццё 19 — пачатку 20 ст. (прадстаўлены ўсе асноўныя тыпы, формы і сюжэты таго часу), і растоўская фініфць, выдзеленыя ў асобны раздзел. Ювелірнае мастацтва свецкага прызначэння прадстаўлена вырабамі сусветна вядомай фірмы Фабержэ, сярэбранымі каўказскімі паясамі і кінжаламі ў сярэбраных аправах. У зале мастацтва Усходу дэманструюцца традыцыйны японскі жывапіс на шоўку, кітайскія вазы, дэкарыраваныя перагародачнай эмаллю, японскі фаянс з майстэрняў Сацума, будыйская скульптура канца 19 — пачатку 20 ст. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Еўропы прадстаўлена мэбляй, бронзавымі кандэлябрамі і камінным гадзіннікам 19 ст., якія ўтвараюць экспазіцыйныя ансамблі ў інтэр’еры. Невялікую цікавую калекцыю складаюць вырабы вядомых фарфоравых заводаў Еўропы: Венскага, Капо ды Монтэ, Патшапэль у Саксоніі, імператарскага фарфоравага ў Санкт-Пецярбургу, завода Таварыства М. С. Кузняцова ў Вярбілках.

Пейзаж з домікам ля ракі, Апалінарый Гараўскі, 2-я пал. XIX ст.

Большасць твораў рускага і заходнееўрапейскага жывапісу размешчана ў асобных залах, адпаведна жанравай прыналежнасці. У зале пейзажнага жывапісу зберагаюцца «Марскі пейзаж» невядомага галандскага мастака 17 ст. (з кола Вілема ван дэр Вельдэ-малодшага), творы І. К. Айвазоўскага, Р. Г. Судкоўскага, А. Д. Кіўшанкі, Р. Р. Мясаедава, С. А. Вінаградава, Ю. Ю. Клявера, А. П. Гараўскага. У партрэтнай галерэі вылучаюцца «Партрэт невядомага ў зялёным кафтане» І. Ф. А. Дарбеса, «Партрэт дзяўчыны» П. Я. Раўда. Жамчужынай залы графікі з’яўляецца эскіз М. А. Урубеля да яго карціны «Дэман зрынуты». Значная частка музейных прадметаў, у першую чаргу абразоў і карцін, патрабуе рэстаўрацыі.

Найбольш каштоўныя творы мастацтва рэгулярна экспануюцца на часовых тэматычных выстаўках, для якіх прызначана выставачная зала плошчаю 90 м². У 2000-04 гг. адбыўся цыкл выставак абразоў, прысвечаны 2000-годдзю хрысціянства. У гэтай зале таксама арганізуюцца персанальныя выстаўкі мастакоў Берасцейшчыны, замежжа, экспануюцца работы навучэнцаў мастацкіх школ і студый, праводзяцца творчыя сустрэчы з мастакамі, вечарыны, канцэрты камернай музыкі. Маюцца майстар-класы, літаратурна-музычныя і мастацкія салоны. Наладжана супрацоўніцтва музея з мастацкімі навучальнымі ўстановамі і студыямі Брэста, Брэсцкім абласным музычным таварыствам.

З 1989 г. музей наведалі больш як 1,2 млн чалавек.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Заев А. «Мы все-таки мудреем год от года» / / Советский музей. — 1989. — № 4. — С. 30-35.
  • Гойтан У. Уратаваныя каштоўнасці павінны служыць людзям і грамадству / / Звязда. — 1997. — 3 снеж.
  • Леоновец А. «Остров сокровищ» / / Советская Белоруссия. — 1989. — 26 марта.
  • Сутько Ю. Сокровища, возвращенные народу: В Бресте открылся музей спасенных ценностей / / Сельская газета. — 1989. — 12 февр.
  • Тарима И. Музей спасенных ценностей / / Сельская газета. — 1987. — 29 нояб.
  • Тарима И. М. Музей спасенных ценностей: единственный в мире и в своем роде! / / Брестский курьер. — 1994. — 26 мая.
  • Ценности, возвращенные народу: В Бресте открыт первый в стране музей таможни / / Советская Белоруссия. — 1989. — 14 февр.
  • Шипов О. Музей спасенных ценностей: единственный в мире и в своем роде / / Рэспубліка. — 1994. — 1 верас.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]