Касцёл Ісуса і Святога Казіміра і калегіум езуітаў (Брэст)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Славутасць
Касцёл Ісуса і Святога Казіміра і калегіум езуітаў
Касцёл Ісуса і Святога Казіміра і калегіум езуітаў
Касцёл Ісуса і Святога Казіміра і калегіум езуітаў
52°04′55,60″ пн. ш. 23°39′23,33″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Месцазнаходжанне
Дата заснавання 1620
Будаўніцтва 16531659 гады
Стан Знішчаны

Касцёл Ісуса і Святога Крыжа і калегіум езуітаў — культавы комплекс каталіцкага ордэна езуітаў, які дзейнічаў у Берасці з 1620-х гадоў да канца XVIII стагоддзя. Знаходзіўся ў цэнтры Старога горада, на рагу Рынка і вуліцы Кавальскай[1]. Помнік архітэктуры віленскага барока. Пры будаўніцтве Брэсцкай крэпасці будынак калегіума быў прыстасаваны пад канцылярыю каменданта і ваенную казарму; касцёл зруйнаваны ў 1840-я гг., захаваліся падмуркі[2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вялікае Княства Літоўскае[правіць | правіць зыходнік]

Езуіты з’явіліся ў горадзе ў 1615 г. (па іншых звестках у 1609) па запрашэнні луцкага біскупа Паўла Валуцкага[2], у горадзе існавала іх місія[3]. Езуіты пачалі актыўную прапаганду ідэй каталіцтва на заходніх землях Беларусі, асабліва на Палессі[4]. У 1618 годзе пры падтрымцы Л. І. Сапегі, які выдзеліў на заснаванне калегіума маёнтак Дзераўная з вёскамі Мальткі і Менявеж (Берасцейскі павет), езуітаў паўторна запрасіў у Берасце біскуп Андрэй Ліпскі[3].

У 16191633 гадах існавала езуіцкая рэзідэнцыя[3]. Спачатку ў 1620 годзе заснавалі рэзідэнцыю ў падараваным берасцейскім ваяводам А. Валовічам фальварку Адамкава[2]. У 1623[5][2][3] ці 1629[6][2] годзе суперыёр А. Макоўскі пабудаваў для берасцейскай рэзідэнцыі будынак[3], таксама была пабудавана капліца[3]. Пры рэзідэнцыі існавала школа. Каля 1630 года працавала музычная бурса. У 1633 годзе рэзідэнцыя пераўтворана ў калегіум[3].

Выгляд цэнтра Берасця з бастыённымі ўмацаваннямі ў XVII ст. (фрагмент гравюры Э. Дальберга) Умоўныя пазначэнні: A. Castellum — Замак; B. Templum Iesuilarum — Касцёл езуітаў; C. Templum Parochiale — Фарны касцёл; D. Templ. Graco-rum — Грэка-каталіцкая царква; E. Templ. Dominicanorum — Дамініканскі касцёл; F. Coenob. Bernhardinorum — Кляштар бернардзінцаў; G. Synagogux Iudcorum — Сінагога.
Выгляд цэнтра Берасця з бастыённымі ўмацаваннямі ў XVII ст. (фрагмент гравюры Э. Дальберга)
Умоўныя пазначэнні: A. CastellumЗамак; B. Templum IesuilarumКасцёл езуітаў; C. Templum ParochialeФарны касцёл; D. Templ. Graco-rumГрэка-каталіцкая царква; E. Templ. DominicanorumДамініканскі касцёл; F. Coenob. BernhardinorumКляштар бернардзінцаў; G. Synagogux IudcorumСінагога.


У фундацыі кляштара, надзяліўшы яго зямлёй, прымаў удзел віленскі ваявода Л. Сапега (1653[7])[8][2], які купіў для езуітаў фальварак і в. Паніквы (цяпер Камянецкі раён)[4].

Манументальны мураваны касцёл Ісуса і Св. Казіміра быў узведзены ў 16531659 гадах[3][кам. 1][кам. 2] па фундацыі К. Л. Сапегі, які ахвяраваў кляштару 30 тыс. злотых на будаўніцтва мураваных касцёла і калегіума. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў у 1659 годзе касцёл спалены расійскімі войскамі[3].

Праект касцёла і калегіума, 1692 г.

3 1676 года пачала фарміравацца бібліятэка, першыя кнігі падараваў В. Лахоўскі[3]. Прыблізна з таго ж года працавала аптэка[3]. У 16831692 гадах касцёл адбудаваны па фундацыі Б. Сапегі як 3-нефавая базіліка з трансептам і 2-вежавым галоўным фасадам, які быў насычаны архітэктурнай пластыкай і завяршаўся трохвугольным франтонам з валютамі, інтэр’ер размаляваны ў 16921702, меліся 13 алтароў, арган[3]. У 1669 годзе кароль Міхал Вішнявецкі[11][2] перадаў езуітам в. Плоска з землямі ў Прылуках[3]. Грунты вызваляліся ад усіх падаткаў за выключэннем агульных для Рэчы Паспалітай[12]. У распараджэнні езуітаў быў цагельны завод[12], заснаваны для ўзвядзення езуіцкіх пабудоў, які ў 1713 годзе ўжо заняпаў[10].

Каля 1727 года побач з касцёлам пабудавана вежа-званіца[3]. 3 пачатку 18 ст. да 1755 вялося будаўніцтва новага будынка для калегіума[3]. У 16961760-я гг. пры калегіуме дзейнічаў школьны тэатр, мелася вялікая бібліятэка[2], у 1731 годзе значны кнігазбор у 300 тамоў падараваў Ян Фрыдэрык Сапега[3]. У 17721773 навучальным годзе ў берасцейскім калегіуме было 28 выкладчыкаў. У XVIIXVIII стст. калегіуму належалі вёскі Ляскавічы, Машковічы, Паніквы, Слаўкі, Студзіловічы і інш[3]. Езуіты набывалі новыя землі з вескамі, аддаючы грошы пад залог маенткаў. Праз некаторы час яны ператварыліся ў буйнога ліхвяра і арганізатара па эксплуатацыі промыслаў[4].

Пасля скасавання ордэна езуітаў у 1773 годзе будынкі перададзены базыльянам[3]. Пасля 17731774 гг. касцёл быў адрэмантаваны зноў: зроблены новыя свінцовыя вітражы і дзевяць разных алтароў з пазалотай[12].

У калегіуме вучыліся вядомы беларускі мысліцель-атэіст Казімір Лышчынскі, знакаміты польскі пісьменнік і гісторык Юльян Урсын Нямцэвіч[2][3].

Пад уладай Расійскай імперыі[правіць | правіць зыходнік]

Падчас знаходжання з палком у Брэсце ў 1813 г. кляштар наведаў рускі пісьменнік Аляксандр Грыбаедаў (граў на аргане)[13][2].

Пры будаўніцтве Брэсцкай крэпасці будынак калегіума быў прыстасаваны пад канцылярыю каменданта і ваенную казарму; касцёл зруйнаваны ў 1840-я гг., захаваліся падмуркі[2].

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

У 1920-я гады ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі рэканструявалі будынак калегіума. Будынкі комплексу езуітаў выкарыстоўваліся да 1939 г[12]. Пасля Другой сусветнай вайны ў 19451946 гадах разабраны для гаспадарчых патрэб ваеннага гарнізона. Падмуркі комплексу закансерваваны[12].


Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл[правіць | правіць зыходнік]

План і галоўны фасад касцёла і калегіума езуітаў у Брэсце. Абмерныя чарцяжы 1833 г. На гэты час было знішчана ўсходняе крыло калегіума, разбураны дах і скляпенні галоўнага нефа, завяршэнні вежаў і франтона[10].

Берасцейскі езуіцкі касцёл пабудаваны пазней за касцёлы ў Вільні (XV — першая палова XVI ст.) і Горадні (15951618), але ён яскрава адлюстроўвае тэндэнцыю да «кампраміснай архітэктуры». Тагачасныя пабудовы ў Вялікім Княстве Літоўскім, захоўваючы асноўныя традыцыйныя прыёмы каталіцкай архітэктуры, перанімалі традыцыйныя формы і пластыку уніяцкіх, каталіцкіх і праваслаўных сакральных забудоў. Берасцейскі ансамбль езуіцкага комплексу адлюстроўвае гэтую тэндэнцыю[12].

План касцёла, каля 1788 г.

Касцёл з’яўляўся творам архітэктуры барока. Меў класічную для «езуіцкага» барока архітэктоніку[10] і быў вырашаны 3-нефавай 2-вежавай крыжова-купальнай базілікай з выразным трансептам і паўкруглай развітой апсідай[2], схаванай звонку дзвюма сіметрычнымі сакрысціямі[12]; над сяродкрыжжам узвышаўся купал. У «Інвентары люстрацыйным брэсцкай калегіі» за 17731774 гг. паведамляецца, што «касцёл мураваны, у даўжыню каля 70 крокаў у сабе мае, на філярах і аркадах, з дахам пад гонтай, патрабуе рэпарацыі… купал мае адзін дужы, драўляны на самай сярэдзіне касцёла з сігнатуркай, белай бляхай пакрыты»[10].

Насычанай архітэктурнай пластыкай вылучаўся галоўны фасад[2], аздоблены карынфскім ордарам[10] і завершаны высокім 2-ярусным шчытом з бакавымі валютамі[2][3], які быў упрыгожаны дэкаратыўнымі гірляндамі на фрызе[12]. Фасад уяўляў сабою аб’ёмную пласціну, шырыня (глыбіня) якой абумоўлівалася параметрамі чацверыковых вежаў з вітымі ўсходамі ўнутры, што часткова выступалі за межы базілікі. Увядзенне ў структуру фасада невялікіх чацверыковых вежаў (усяго адзін ярус над бакавымі нефамі) рабіла рытм вертыкальных і гарызантальных чляненняў больш энергічным, вытанчаным, надавала дадатковую экспрэсію валютам атыкавага франтона, вытрыманага ў стылістыцы ранняга барока з уплывам італьянскага. На адной з вежаў размяшчаўся гадзіннік, на другой — звон «сярэдні»[10].

Вежа-званіца[правіць | правіць зыходнік]

Абмеры званіцы, 1838 г.

З паўднёва-заходняга боку касцёла і з усходняга боку гарадскога рынку пабудавана (16921750) вялікая вежа-званіца[3], якая надала яшчэ большую прасторавую разгорнутасць фасаду, верхні чацверык яе быў крыху большы за суседнюю фасадную вежу і змяшчаў звон «вялікі»[10]. Над званіцай была ўстаноўлена вялікая статуя Святога Юзафа[12]. Пластычная аздоба вежы-званіцы мела ідэнтычны характар з дэкорам уваходнага рызаліта двухпавярховага калегіума[10].

Інтэр’ер[правіць | правіць зыходнік]

Інтэр’ер размаляваны ў 16921702 гадах[3] іспанскім архітэктарам Адамам Казімірам Дэламарсам-старым[12]. У афармленні касцёла ўдзельнічалі польскі дэкаратар І. Барч, які служыў пры калегіуме ў 17251728 гг., а потым афармляў Віленскі езуіцкі калегіум[2]. Над паўднёвай сакрысціяй размяшчаліся эмпоры («хорак з вокнамі»), з другога боку ад вімы прэзбітэрыя — «ізба з комінам і печам зялёным, а наверсе скарбец»[10].

Інтэр’ер меў алтарны ансамбль (13 алтароў[3]), амбон, арган, спавядальні высокамастацкага выканання; пад 6удынкам мелася крыпта з ганаровымі пахаваннямі[2]. Так берасцейская шляхцянка Марыяна Грушэўская-Яльцова, якая падарыла ў 1689 годзе езуіцкаму калегіуму вёску Машковічы, у сваім тастаменце дае запавет пахаваць яе каля свайго сына ў грабніцы езуіцкага касцёла. У самім касцёле былі сямейныя магільныя склепы — у 1767 г. у капліцы Св. Фларыяна быў пахаваны дзед Юліяна Нямцэвіча[12].

У 17731774 гг. былі зроблены новыя свінцовыя вітражы і дзевяць разных алтароў з пазалотай[12].

Калегіум[правіць | правіць зыходнік]

2-павярховы корпус калегіума паўтараў лінію вуліцы Кавальскай[3] і быў далучаны на паўночнага фасада касцёла, ствараючы з ім адзіны мастацкі ансамбль[10]. Першы паверх калегіума меў уваход з Кавальскай вуліцы, праз яго можна было трапіць у аптэку. Школьныя памяшканні мелі асобны ўваход, аздоблены рызалітам, дэкарыраваным у стылі позняга барока[12]. У корпусе знаходзіліся аптэка, трапезная, студэнцкі парлаторыум[3], 6 вучэбных класаў плошчай прыблізна 24—25 кв. метраў, пакоі рэктара і прарэктара (рэктар калегіума ў гэты час Марцін Ракоўскі), бібліятэка (чытальная зала, сховішча і працоўны пакой), пакоі прафесараў[12]. Супрацьлеглы ад касцёла бок калегіума завяршаўся перпендыкулярным крылом тэатра[2]. Планіровачнае рашэнне калегіума не было кампазіцыйна закрытым. Прадугледжвалася магчымае пазнейшае далучэнне набытых пабудоў і тэрыторый[12].

Планіроўка зямельнага ўчастка езуіцкага калегіума мела функцыянальнае заніраванне і была падпарадкавана існуючай гарадской забудове[12]. Тэрыторыя калегіума была абнесена сцяной і падзелена на гаспадарчы двор (уключаў кухню, свірны, бровар, стайню і інш.), невялікі аптэчны агарод для забеспячэння фармакалагічных патрэб аптэкі і 2 сады[3]. Езуіцкі сад меў рэгулярную планіроўку з традыцыйнымі для 17—18 ст. алеямі, фантанам і альтанкамі. Кветкавую кампазіцыю саду забяспечваў спецыяльны кветкавы сад, размешчаны за апсідальнай часткай касцёла.

Зноскі

  1. Цяпер пляцоўка галоўнага мемарыяла крэпасці
  2. 2,00 2,01 2,02 2,03 2,04 2,05 2,06 2,07 2,08 2,09 2,10 2,11 2,12 2,13 2,14 2,15 2,16 Касцёл Ісуса і Святога Крыжа і калегіум езуітаў // Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008.— 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.
  3. 3,00 3,01 3,02 3,03 3,04 3,05 3,06 3,07 3,08 3,09 3,10 3,11 3,12 3,13 3,14 3,15 3,16 3,17 3,18 3,19 3,20 3,21 3,22 3,23 3,24 3,25 Берасцейскі езуіцкі калегіум // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
  4. 4,0 4,1 4,2 Брэсцкі езуіцкі калегіум // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
  5. Марат Я. Н. Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569—1795). Мн., 1971. С. 103.
  6. Марат Я. Н. Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569—1795). Мн., 1971. С. 103.
  7. або 1650. Брэсцкі езуіцкі калегіум // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
  8. Грыцкевіч А. Казімір Леў Сапега // Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Мн., 2000. С. 145.
  9. Квитницкая Е. Д. Белорусские коллегиумы XVIII в. // Архитектурное наследство. 1972. № 19. С. 16.
  10. 10,00 10,01 10,02 10,03 10,04 10,05 10,06 10,07 10,08 10,09 10,10 Тамара Габрусь. НАША «ЕЗУІЦКАЕ» БАРОКА
  11. Грыцкевіч А. Казімір Леў Сапега // Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Мн., 2000. С. 145.
  12. 12,00 12,01 12,02 12,03 12,04 12,05 12,06 12,07 12,08 12,09 12,10 12,11 12,12 12,13 12,14 12,15 І. Б. Лаўроўская. Памяць. Брэст. т. І. Мінск. Белта. 1998
  13. Букчин С. …Народ, издревле нам родной: Рус. писатели и Белоруссия. Очерки. Мн., 1984. С. 49.
Каментары
  1. паводле А. Квітніцкай у 16561713 гг.[9]
  2. Паводле Т. Габрусь гэта малаверагодна з прычыны самага разгару казацкіх войнаў, ад якіх найбольш цярпелі езуіты, яна датуе ўзвядзенне храма паміж 1665 (дата выдзялення езуітам пляца, на якім размешчана найбольш старая частка калегіума) і 1692 гадамі, калі пачалося ўзвядзенне званіцы, што далучалася да галоўнага фасада касцёла з боку рынкавай плошчы[10]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]