Царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базыльян (Брэст)
Славутасць | |
Царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базыльян | |
---|---|
![]() Рэканструкцыя арыгінальнага выгляду да руйнавання вежаў (І. Лаўроўская) | |
52°05′00″ пн. ш. 23°39′32″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Месцазнаходжанне | |
Канфесія | Руская ўніяцкая царква |
Епархія | Уладзімірская і Берасцейская епархія |
Ордэнская прыналежнасць | Базыльяне[d] |
Дата заснавання | XVII стагоддзе |
Будаўніцтва | 1760-я — 1774 |
Стан | Знішчана |
![]() |
Царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базыльян — уніяцкі культавы комплекс у Брэсце. Знаходзіўся на месцы старажытнага археалагічнага Бярэсця, на Базылянскай вуліцы. Помнік архітэктуры барока. Манастыр знішчаны ў 1830—40-х гадах у сувязі з будаўніцтвам Брэсцкай крэпасці, царква была перабудавана ў Белы палац і ў такім выглядзе пра існавала да 1953 года, калі была разабраная да падмуркаў.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Запрошаныя сюды уніяцкім мітрапалітам І. Руцкім манахі-базыльяне аселі ў 1629 годзе, калі пастанавілі на пятым генеральным капітуле ордэна ў Жыровічах пастанілі заснаваць у Берасці базыльянскі манастыр. Прыняты дакумент абавязваў протаархімандрыта базыльянскага закона каб той, «усмотревши, где способное мейсце, в месте Бересцейском пляц купил и потом на нем церковь и монастырок… збудовал: ажэбы зараз, прынамней иноков два там мешкало, которые её способили на материю: цэглу, вапну и дерево до выставення парадное цэркви и монастыря…»[1]. У 1629 годзе кіеўскі ўніяцкі мітрапаліт Язэп Руцкі і харунжы берасцейскі Габрыэль Яленскі зрабілі фундуш на заснаванне ў Берасці манастыра базыльянаў Святой Тройцы. Месца для яго выбралі на былым пажарышчы, непадалёку ад кафедральнай царквы Святога Мікалая, дзе ў 1596 годзе абвясцілі Брэсцкую царкоўную унію. На момант набыцця пляца пад царкву і манастыр ім валодалі два берасцейскія мытнікі — іўдзеі Шмуль Майжашовіч і Лейзер Лазаровіч. Пляц абмяжоўваўся з паўднёвага боку Кафедральнай плошчай, з усходняга — абарончым ровам і Віленскай брамай, з поўначы і захаду — вуліцамі Яўрэйскай і Базыльянскай[1]. Да 1631 года скончылася будаўніцтва драўляных царквы і манастыра[2] з П-падобным у плане 1-павярховым жылым корпусам[3]. Манастыр увайшоў у склад Літоўскай Кангрэгацыі Святой Тройцы Ордэна базыльянаў.

Першапачатковы ўклад манастыра, забяспечаны 30 тыс. злотых чынша з уладанняў Габрыэля Яленскага, у 1687 годзе на 20 тыс. злотых павялічыў Казімір Валовіч, абозны вялікі літоўскі[1]. Пры манастыры існавалі шпіталь і рэзідэнцыя епіскапа. У крыніцах захаваліся імёны ігуменаў манастыра: Нікадзім Кашыц (1711), Іасафат Рагінскі (1712), Сцяпан Ліцвінка (1723), Ян Альшэўскі (1730), Дыянізі Дамброва-Остым (1757, 1759)[4].
Будаванне новай мураваной базыльянскай царквы Святых Апосталаў Пятра і Паўла пачалося за ігуменам а. Дыянізіям Дамбровам, у 1762—1766 гадах «за кошт сродкаў і старанняў правінцыі Літоўскай». У 1774 годзе, калі ігуменам быў а. Яўхім Кучынскі, у сувязі з пачаткам палітычнага крызісу ў Рэчы Паспалітай будоўлю незавершанай (без вежаў і уласцівых для барока шчытоў[5]) мураванай царквы мусілі былі тэрмінова закансерваваць да лепшых часоў і асвяціць. Царква была сімвалічна асвячоная ў імя першых апосталаў Св. Пятра і Паўла кобрынскім архімандрытам а. Луцыдам Вейраловічам[1][5].
Манастыр неаднойчы выбіраўся месцам правядзення генеральнага капітула Ордэна базыльянаў. Такія пасяджэнні адбываліся ў Брэсце ў 1747, 1751, 1759, 1772 гадах[4].
Пасля забароны езуітаў у 1775 годзе берасцейскім базыльянам перадалі калегіум езуітаў, таксама яны апекаваліся парафіяльнай школай, якую заклалі пры спрыянні князя Адама Чартарыйскага і ўтрымлівалі за кошт горада[4]. Школа, якая дзейнічала пры манастыры, упершыню ўпамінаецца ў 1670 годзе Пахомам Агілевічам, генеральным вікарыем протаархімандрыта Ордэна базыльянаў.
Пад уладай Расійскай імперыі[правіць | правіць зыходнік]
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе царква і манастыр працягвалі дзейнічаць. У 1819 годзе правінцыял базыльянаў Цэзарый Камінскі апісваў стан святыні наступным чынам: «…фасад яе, узнесены з муру з дзвюма вежамі і чатырма пілястрамі… дасёлета незакончаны з-за сціплай фундацыі». Аднак нават у няскончаным выглядзе царкву называюць адной з найбольш цікавых базыльянскіх святыняў, збудаваных на тэрыторыі Літоўскай правінцыі Ордэна базыльянаў у трэцяй чвэрці XVIII стагоддзя[1]. У 1823 годзе ўпамінаюцца дзве вежы над царквой.
Перабудаваная царква Святых Пятра і Паўла на копіі М. Г. Жашкова карціны М. Залескага «Крэпасць Брэст-Літоўск у 1840 г.»
Пасля скасавання уніі тут месціўся праваслаўны Дабравешчанскі манастыр з аднайменнай хатняй царквой (на 3-м паверсе кляштарнага корпуса). Адзін час пасля скасавання ў 1824 г. з-за пажару тут месціўся Сімяонаўскі манастыр[3].

Кляштар знішчаны ў сувязі з будаўніцтвам у 1830—40-х гг. крэпасці[3]. Царкву перабудавалі ў 1840 годзе пад афіцэрскі клуб, які атрымаў назву «Белы палац», схаваўшы за класіцыстычным мурам хвалісты фасад, паднялі муры сакрысцій і правага бакавога неф.
Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]
У Другую сусветную вайну будынак царквы нязначна пацярпеў. У 1950-я гады савецкія ўлады разабралі помнік да падмуркаў. У 1972 годзе рэшткі падмуркаў былі закансерваваны як аб’ект, які прадстаўляе моц абароны крэпасці ў чэрвені 1941 года[5].
Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]
Касцёл — твор архітэктуры барока: 3-нефавая 2-вежавая базіліка з паўкруглай апсідай і бакавымі сакрысціямі. У адну лінію з фасадам храма быў пастаўлены мураваны 2-павярховы корпус 5-класнага вучылішча. Галоўны фасад меў хвалісты абрыс[3], які распаўсюдзіўся ў Вялікім Княстве Літоўскім ад віленскага касцёла візітак (1727)[5], дыяганальна пастаўленыя пілоны і ордарная пластыка (высокія пілястры на магутным руставаным цокалі) стваралі яго аб’ёмна-прасторавую структуру[3]. Адметна, што новую мураваную царкву, насуперак ранейшай усходняй традыцыі, арыентавалі алтаром у кірунку да Іерусаліма, у бок Магілы Гасподняй[1].
Выкарыстаныя прыёмы пабудовы прасторавай кампазіцыі царквы Св. Пятра і Паўла, пластыка яе формы сугучны пластычным фасадам сабора Св. Юра ў Львове (1744—1758), базыліянскай царквы ў Беразвеччы (1750—1767) ці касцёла Св. Яна у Вільні (1731—1748), выкананага архітэктарам Янам Крыштафам Глаўбіцам. У той жа час, у параўнанні з завершанымі (і захаванымі да сёння) сакральнымі збудаваннямі, бачна, што архітэктура берасцейскай базыльянскай царквы спалучала з экспрэсіўнасцю форм барока аскетызм і стрыманасць элементаў. Найбольш аскетычны дарычны архітэктанічны парадак, які выкарыстоўваўся менавіта для храмаў, асвячаных у імя Св. апосталаў Пятра і Паўла, падкрэсліваў памкненні базыліян да ўбоства[5].
Унутраная прастора храма, у адрозненне ад фасада была бліжэй да завяршэння[5]. Галоўны неф, вышыня якога дасягала 14,9 метраў[5], быў перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках, абапёртых на прафіліраваныя пілоны і прысценныя пілястры[3], бакавыя нефы — крыжовымі на падпружных арках скляпеннямі[6]. Кожны з апорных слупоў падзялялі 8 пілястраў складанага профіля. Царква асвятлялася праз 12 верхніх і 8 ніжніх вокнаў, адно з якіх — вялікае — мелася ў прэзбітэрыі, які быў нязначна ніжэйшы за галоўны неф[5]. Пры ўваходзе ў нартэксе былі ўстроены хоры з пластычным, хвалістага абрысу парапетам[3]. Інтэр’ер царквы, які быў цалкам атынкаваны і пафарбаваны, месцамі аздабляўся дэкаратыўнай ляпнінай. Дакладна вядома, што ляпніна падкрэслівала важнейшыя элементы галоўнага неф: музычныя хоры, размешчаныя над бабінцам, і насупраць яго — першы ярус галоўнага алтара Хрыста Збавіцеля, які дасягаў скляпення царквы[5]. Галоўны алтар 2-яруснай архітэктанічнай ордарнай кампазіцыі з’яўляўся апафеозам дэкаратыўнага ўбрання інтэр’ера[3]. Частка алтара была зроблена з дрэва і аздоблена расліннай разьбою, вазонамі і выявай Св. Духа. У ім — абраз, што меў у вышыню 1 1/4 локця і прадстаўляў Св. Тройцу з выявай Св. Духа ў выглядзе голуба ў залатых праменнях[5]. З папярэдняга драўлянага храма былі перанесены 6 драўляных кулісных алтароў[3], адзін з якіх — Дзевы Марыі — знаходзіўся ў капліцы, размешчанай пры ўваходзе, пад правай вежай[5].
Манастыр[правіць | правіць зыходнік]
Манастырскі корпус — П-падобны ў плане 1-павярховы будынак, які стаяў ззаду царквы. Меў галерэйны план.
Побач з царквой знаходзіўся 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак школы, накрыты высокім вальмавым дахам з нізкай дэкаратыўнай вежачкай у цэнтры.
Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]
Адзін з абразоў, вывезеных навуковай экспедыцыяй з пакінутай ўніяцкай царквы пад Кобрынам, прадстаўляе Тройцу (новазаветную) з выявай Св. Духа ў выглядзе голуба ў залатых праменнях. На абразе прадстаўлены выявы шэрагу цэркваў, сярод якіх верагодна тыя, што будаваліся базыліянамі ў Літоўскай правінцыі Прасвятой Тройцы: Берасцейскага, Кобрынскага і Тараканскага манастыроў[5].
Зноскі
- ↑ а б в г д е Лавровская И. Б. Монастырь оо Базилиан и церковь сс. Петра и Павла в Бресте. Фундация. Строительство. Архитектура // Могилянські читання 2005. — Кіив, 2006, С. 294—301
- ↑ ЭнцВКЛ, 2005
- ↑ а б в г д е ё ж з Касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла і кляштар базыльян // Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд.. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.
- ↑ а б в Wereda D. Bazylianie w unickiej diecezji brzeskiej w XVIII wieku Архівавана 10 студзеня 2017. // Szkice Podlaskieh. Nr. 8, 2000. S. 213—233.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л Ірына ЛАЎРОЎСКАЯ. Царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базыльян (Брэст) на сайце Radzima.org
- ↑ к // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5. С. 90.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла і кляштар базыльян // Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд.. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Габрусь Т. Брэсцкі базыльянскі манастыр // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 318. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базыльян (Брэст)
- Царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базыльян (Брэст) на сайце Radzima.org