Перайсці да зместу

Мікалай Мікалаевіч Новік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мікалай Новік
Род дзейнасці прафсаюзны і грамадскі дзеяч
Дата нараджэння 18 красавіка 1950(1950-04-18)
Месца нараджэння
Дата смерці 14 верасня 2020(2020-09-14) (70 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Узнагароды і прэміі

Ордэн Дружбы народаў

Новік, Мікалай Мікалаевіч (анг. Mikalay Novik; 18 красавіка, 1950, Вялікая Альшанка, Чырвонаслабодскага раён, Бабруйскай вобласці, БССР — 14 верасня 2020 г. Мар’іна Горка, Мінская вобласць, Рэспубліка Беларусь) — беларускі прафсаюзны дзеяч, першы кіраўнік Першаснай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Беларуськалій» Беларускага Незалежнага прафсаюза, віцэ-старшыня БНП, дэпутат Салігорскага гарадскога савета, грамадскі дзеяч.[1][2]

Нарадзіўся 18 красавіка 1950 года ў вёсцы Вялікая Альшанка, Чырвонаслабодскага раёна, Бабруйскай вобласці, БССР у сям’і Новіка Мікалая Баніфатавіча і Саханчук Марыі Максімаўны. У сям’і было пяцёра дзяцей. Бацька, ветэран Другой сусветнай вайны, падчас баёў быў паранены і атрымаў інваліднасць. Працаваў настаўнікам пачатковых класаў у мясцовай школе.[1]

Прадзед Ціхан Калацкі (1866 г.н.) быў настаўнікам царкоўнай школы, дыяканам Свята-Петрапаўлаўскай царквы, якая засталася пасля скасавання Старчыцкага Петрапаўлаўскага мужчынскага манастыра, цяпер вёска Акцябр Салігорскага раёна.

Дзед па матчынай лініі Максім Раманавіч Саханчук быў арыштаваны ў лістападзе 1937 года і расстраляны «тройкай» НКУС у Слуцкай турме 11 снежня 1937 года, пазней рэабілітаваны.

Адукацыя і працоўная дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

У 1957 годзе Мікалай пайшоў у пачатковую школу вёсцы Мазалі, а апошнія два класа вучыўся ў Акцябрскай вясковай школе. У 1967 паступіў у Салігорскі горна-хімічны тэхнікум імя Марыса Тарэза. З 1968 па 1970 служыў у ГДР у Савецкай Арміі, звольнены ў запас у званні сяржанта.

З 1971 года працуе на 2 рудаўпраўленні ВА «Беларуськалій» падземным навальшчыкам на вытворчай практыцы, у 1972 годзе завяршае адукацыю. Праз год быў прыняты на працу падземным шырмоўшчыкам на 2 рудаўпраўленне, з 1973 займае пасаду горнага майстра таго ж 12-га ўчастка. Пазней пераводзіцца на працу падземным горнарабочым. З 1978 года працуе машыністам горных вымальных машын, абіраюць брыгадзірам.[1]

На працягу перыяда з 1996 года па 2002 год вучыцца ў Беларускім недзяржаўным інстытуце правазнаўства, у якім атрымлівае прафесію правазнаўца.

Прафсаюзная дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Прафсаюзны актывіст

[правіць | правіць зыходнік]

Аляксандр Доўнар уцягвае яго ў вір падзеяў, што адбываліся ў красавіку-траўні 1991 (Палітычная стачка ў БССР). Ён быў знаёмы з Мікалаем Новікам па камсамольскай рабоце, ведаючы яго, як актыўнага чалавека і які мае аўтарытэт на 2 рудаўпраўленні. Са словаў самога Мікалая Новіка, папераджальны страйк нізкіх лаў 3 РУ і 4 РУ на ВА «Беларуськалій» у жніўні 1990 года, была чымсьці неверагодным: «Памятаю, як мы спалохана, але з захапленнем назіралі за Юргевічам і Доўнарам, быўшы на той момант зусім пацанамі ў параўнанні з ім».[3]

У 1990—1991 гадах удзельнічае ў стварэнні салігорскай арганізацыі «Рабочага саюза»[4] і выбарчай кампаніі Салігорскага гарадскога савета разам з дэпутатамі, аб’яднанымі вакол дыскусійнага клуба «Пошук».[5] Разам з двума дзясяткамі іншых новаабраных дэпутатаў уваходзіць у «Дэмакратычны клуб дэпутатаў», які ўзначальвае Аляксандр Клішэвіч.

Старшыня першаснай арганізацыі БНП на ААТ «Беларуськалій»

[правіць | правіць зыходнік]

27 снежня 1991 годзе на Устаноўчай канферэнцыі рэгіянальнай арганізацыі Незалежнага прафсаюза гарнякоў ВА «Беларуськалій» быў абраны старшынёй арганізацыі. 21 мая 1993 цалкам пераходзіць на прафсаюзную працу старшыні Незалежнага прафсаюза гарнякоў. У якасці намеснікаў старшыні з ім працуюць Аляксандр Паўлавіч Каралёў і Юры Адольфавіч Красоўскі.[3]

У 1992 годзе, актыўна ўдзельнічае ў красавіцкім страйку на ВА «Беларуськалій», па выніку якога былі павялічаны заробкі шахцёраў у 3,4 разы, павялічаны адпачынак для забойшчыкаў да 66 дзён, скарочаны працоўны дзень на 1 гадзіну для шахцёраў. Адным з патрабаванняў страйкоўцаў было звальненне генеральнага дырэктара Анатоля Падлеснага, на змену якому быў абраны галоўны інжынер Пётр Калугін.[6][2]

Пасля заключэння першага калектыўнага дагавора НПГ у 1992 годзе, у каштарысе расходаў было прадугледжана прэміраванне вызваленых прафсаюзных работнікаў. Аднак кіраўніцтва НПГ прыняла рашэнне адмовіцца ад атрымання прэмій са сродкаў прадпрыемства і запатрабаваць пераводзіць гэтыя грошы на рахунак бухгалтэрыі НПГ. На працягу трох гадоў гэтыя сродкі акумуляваліся, а ў далейшым яны пайшлі на адкрыццё персаніфікаваных рахункаў членаў незалежнага прафсаюза, якія працавалі на ААТ «Беларуськалій», на іх дадатковую пенсію.[7][3]

У 1994 годзе Мікалай Новік і НПГ ААТ «Беларуськалій» актыўна ўдзельнічаюць у выбарах Прэзідэнта Беларусі. На выбарах прафсаюз адкрыта падтрымліваў кандыдатуру Зянона Пазняка.[2]

У жніўні 1995 года падчас страйку работнікаў Мінскага метрапалітэна Мікалай Новік і салігорскія шахцёры заяўляюць аб падтрымцы страйкоўцаў.

17 кастрычніка 1996 прымае ўдзел у другім паходзе шахцёраў на Мінск. Быў затрыманы разам з кіраўніцтвам БНП супрацоўнікамі міліцыі пры выхадзе з Салігорска і крыху пазней аштрафаваны:

«Пры арганізацыі другога пешага паходу на Мінск мы нават не здолелі выйсці за межы горада Салігорска, а толькі змаглі крануцца з месца (ад кальца на праспекце Міра) і дайшлі разам з Віктарам Бабаедам да шыльды „Салігорск“, а гэта ўсяго толькі каля 200 метраў, як адразу ж з’явіліся машыны з супрацоўнікамі міліцыі і нас „павязалі“. Загрузілі ў „козлік“ і павезлі ў аддзяленне міліцыі. Тры гадзіны мы прабылі ў пастарунку, пакуль на нас складалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Назаўтра раніцай адбылося судовае паседжанне, на якім мы былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці».[3]

Шэсце гарнякоў па Салігорску 1998 г. Калону ўзначальвае М. М. Новік. Газета «Салідарнасць»

У якасці арганізатара праводзіць 4 кастрычніка 1998 шэсце гарнякоў у Салігорску. Каля 600 членаў НПГ прайшліся па горадзе, нагадаўшы ўладам аб пачатку 90-х. Роўна праз месяц, 4 лістапада, на стадыёне «Будаўнік» прафсаюзы сабралі 3000 пратэстуючых. У лістападзе 1998 выступае ў якасці арганізатара трэцяга паходу на Мінск, гэтым разам — «Паход за шахцёрскай пенсіяй». Па аналогіі з 1996 годам людзей затрымлівалі супрацоўнікі мясцовых РАУС. У аддзяленнях іх прыніжалі, абшуквалі і распраналі. Калі гарнякі дайшлі да Мінска, усю групу шахцёраў атачыў АМАП і затрымаў паўторна. Аднак праз некаторы час пенсія для забойнай групы была павялічана ў 2 разы, як і патрабавалі гарнякі.[2][3]

Лічыў, што асноўнай памылкай працоўнага калектыву ААТ «Беларуськалій» была адмова ў 1998 годзе ад акцый прадпрыемства за фінансавую кампенсацыю. Урад канфіскаваў долю працоўнага калектыву ў 26 % акцый з трактоўкай, што такія прадпрыемствы павінны знаходзіцца ва ўласнасці дзяржавы. Тады дэлегацыя НПГ апынулася ў меншасці і дэманстратыўна, на чале з Новікам, пакінула канферэнцыю працоўнага калектыву прадпрыемства, дзе прымалася гэтае рашэнне.[8]

12 красавіка 2000 года НПГ на чале з Новікам праводзіць у Салігорску мітынг для прыцягнення ўвагі ўрада да зніжэння жыццёвага ўзроўню працоўных. Каля 3,5 тысячы працоўных падтрымалі патрабаванні, падпісаўшыся пад імі.[3]

У 2002 годзе прафсаюз праводзіць інфармацыйную кампанію па інфармаванні работнікаў «Беларуськалія» аб наступствах пераходу на кароткатэрміновую кантрактную сістэму найма, якая масава пачалася сёлета:

«Усё гэта супакойвала прафсаюз, што ўсё пад кантролем. Але мы памыляліся! Недапрацоўка прафсаюза ў гэтым пытанні была відавочная, ды і час быў страчаны. Неабходна было раней рыхтавацца да такіх пытанняў і растлумачваць, што згубнасць такіх рашэнняў, як падпісанне кантрактаў, — відавочная!»

Пасля таго, як Віктар Бабаед датэрмінова пакідае пасаду старшыні Беларускага Незалежнага прафсаюза, Мікалаю Новіку прапанавалі ўзначаліць БНП. Але ён адмаўляецца, а ў якасці кандыдатуры прапануе свайго намесніка — Корабава Васілія Сямёнавіча, якога і абіраюць на VI з’ездзе старшынёй БНП.[2]

Віцэ-старшыня БНП

[правіць | правіць зыходнік]

VII з’ездам БНП яго абіраюць віцэ-старшынёй прафсаюза. Пасля рэзкага пагаршэння стану здароўя, 3 лістапада 2007 Мікалай Мікалаевіч датэрмінова сыходзіць з пасады старшыні НПГ ААТ «Беларуськалій». Іван Пермінаў змяняе яго на гэтай пасадзе.[9]

Нягледзячы на сур’ёзныя праблемы са здароўем, ён у 2009 годзе прымае актыўны ўдзел у стварэнні прафсаюзнай арганізацыі на швейным прадпрыемстве ТАА «Дэльта-стыль» і кіруе прафсаюзнай кампаніяй па іх рэгістрацыі.[10]

Па выніках VIII з’езду БНП, які прайшоў у 2010 годзе, ён канчаткова сыходзіць на пенсію і больш не вылучаецца на выбарныя пасады ў прафсаюзе.

Нягледзячы на тое, што ён адышоў ад актыўнага грамадскага жыцця, час ад часу прымае ўдзел у апазіцыйных і прафсаюзных мерапрыемствах. Актыўна ўдзельнічаў у працы ветэранскай арганізацыі Незалежнага прафсаюзу гарнякоў ААТ «Беларуськалій».[11] У 2011 годзе выдае манаграфію «НПГ: Права „людзьмi звацца“», якая закранае дзейнасць прафсаюзнай арганізацыі з 1992 па 2008 гады.[12]

27 снежня 2018 на канферэнцыі НПГ ААТ «Беларуськалій» у разгар ціску на сябраў прафсаюза пярвічкі «Раммантажбуд» і «Беларуськалій», ён выступае са словамі падтрымкі. Гэта было яго апошняе публічнае выступленне:

Мікалай Новік «Ганаровы сябра БНП»

«Усе акцыі пратэсту, якія адбываліся ў нас, яны спрыялі развіццю прафсаюза. Кожная акцыя пратэсту — гэта рост. Калі я ўбачыў ваш пікет на стадыёне „Будаўнік“ і там было пад 80 чалавек, я ўбачыў, што вы выдатныя людзі і можаце арганізавацца. Адзінае, што мне не падабаецца, гэта паліванне брудам адзін аднаго. Гэта не ўласціва прафсаюзу. Я пераканаўся, што ў нас дастойная змена і вы здольныя на нармальныя дзеянні, абараняючы свае інтарэсы і інтарэсы работнікаў, і адстойвання сваіх правоў, і годнае жыццё. Можа гэта арганізацыя не столькі нам патрэбна, з-за ўзросту, колькі яна патрэбна нашым дзецям і ўнукам. Дапамажыце ім, хлопцы!»

У разгар падзей беларускага пратэсту ў жніўні 2020 года ён захварэў на COVID-19 і быў шпіталізаваны ў Салігорскую ЦРБ.[13] Праз некалькі тыдняў яго пераводзяць у ЦРБ Мар’інай Грокі, дзе пасля паляпшэння стану 14 верасня ён памірае.[14] Пахаваны Мікалай Новік на Салігорскіх гарадскіх могілках «Дубеі».

Палітычныя погляды

[правіць | правіць зыходнік]

Мікалай Новік не быў сябрам партый, аднак меў выразныя палітычныя погляды. Асноўнымі палітычнымі каштоўнасцямі, пра якія ён пастаянна адзначаў у інтэрв’ю і выступах, былі: незалежнасць і суверэнітэт Беларусі; дэмакратычная палітычнай сістэма і абавязковы прынцып падзелу ўладаў; змяняльнасць ўлады праз выбарчую сістэму; падтрымка беларускай мовы і беларускай культуры.[1][3]

Быў сябрам непалітычнага грамадска-патрыятычнага руху 90-х гг. Беларускае згуртаванне вайскоўцаў і грамадскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

За сваю працоўную дзейнасць неаднаразова становіцца пераможцам сацыялістычных спаборніцтваў на рудаўпраўленні. Узнагароджаны ганаровымі граматамі, змешчаны на дошку пашаны. Крыху пазней быў узнагароджаны Знакам Шахцёрскай славы 3-й ступені, 1977 годзе Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, у 1984 годзе Ганаровай граматай ЦК прафсаюзаў БССР, Ганаровай граматай «Фонду міра»]]. У 1985 годзе ўзнагароджаны знакам «Ударнік 11-ай пяцігодкі», а ў 1986 Ордэнам Дружбы народаў. 6 кастрычніка 2019 годзе яму было узнагароджаны званнем «Ганаровы сябр Беларускага Незалежнага прафсаюза».

Асабістае жыццё

[правіць | правіць зыходнік]

Жанаты, мае дачку і сына. У вольны час, на сваёй малой радзіме ў вёсцы Мазалі, захапляўся пчалярствам.

Зноскі

  1. а б в г Інтэрв’ю М.Новіка на юцюб-канале БНП: https://www.youtube.com/watch?v=K6bDzhrQMag
  2. а б в г д Сборник материалов по истории НПГБ. Довнар А., Ерошеня Р, Мн, «Зималетто». 2011, 340 с. — https://belnp.org/storage/app/media/Files/Doc_tu/SbornikNPGB.pdf Архівавана 14 мая 2021.
  3. а б в г д е ё НПГ — права «людзьмі звацца», Н.Новик. Мн.2013. 218 с. — https://belnp.org/storage/app/media/Files/Doc_tu/Novic_prava_ludzmi.pdf Архівавана 14 мая 2021.
  4. «Рабочы саюз Салігорска», Р.Ерашэня. — https://belnp.org/be/news/open/nam-30-god-rabochy-sayuz-saligorska(недаступная спасылка)
  5. «Пошук»: гісторыя Салігорскага дыскусійнага клуба. Р.Ерашэня. — https://belnp.org/be/news/open/poshuk-gistoryya-demakratychnaga-kluba-saligorska(недаступная спасылка)
  6. Белорусский независимый профсоюз отметил двадцатилетие - https://ex-press.by/rubrics/obshhestvo/2011/11/26/belorusskij-nezavisimyj-profsoyuz-otmetil-dvadczatiletie-foto Архівавана 2 чэрвеня 2021.
  7. Голубев В. Ф. (научный руководитель), Китурко И. Ф., Хадыко А.Ю, Зимницкая В. К., Ивашкевич В. А. ПРОФСОЮЗНОЕ ДВИЖЕНИЕ БЕЛАРУСИ в 1990—2004 гг. (рус.) // Профсоюзный проект. — 2004. — С. 16. — https://web.warwick.ac.uk/russia/Intas/Belaruskarotki.doc Архівавана 11 снежня 2018.
  8. Николай Новик: Сегодня мы против такой приватизации на все 100 %, Gazetaby.com (01/07/2010) — https://belaruspartisan.by/economic/162908/ Архівавана 26 мая 2021.
  9. Николай Новик уходит в оставку, Naviny.by.- https://naviny.online/rubrics/society/2007/10/09/ic_news_116_278319 Архівавана 26 мая 2021.
  10. «Лидеры независимых профсоюзов потеряли самое главное — солидарность», БСДГ (24.11.2013) - http://www.bsdp.org/naviny/gramadstva/24-10-2013/nikolay-novik-lidery-nezavisimyh-profsoyuzov-poteryali-samoe-glavnoe Архівавана 26 мая 2021.
  11. Л.Насанович. Пенсионеры «Беларуськалия» намерены протестовать без разрешения властей, «Товарищ» (9.04.2014) - https://soligorsk-info.ucoz.com/news/2014-04-09-2730
  12. Экс-председатель Независимого профсоюза горняков Николай Новик презентовал свою книгу "НПГ. Право «людзьмi звацца» - http://www.bkdp.org/news/1/1747/eks-predsedatel-nezavisimogo-profsoyuza-gornyakov-nikolai-novik-prezentoval-svoyu-knigu-npg-pravo-lyudzmi-zvatstsa/print.html Архівавана 26 мая 2021.
  13. Умер бывший председатель Независимого профсоюза горняков Николай Новик — https://gazetaby.info/post/umer-byvshij-predsedatel-nezavisimogo-profsoyuza-g/168956/
  14. Зыйшоў з жыцця першы старшыня НПГ — Мікалай Новік, Сайт НПГ (15.09.2020). — http://npg.by/archives/4644 Архівавана 26 мая 2021.