Міхась Стральцоў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Міхась Стральцоў
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння: 14 лютага 1937(1937-02-14)
Месца нараджэння:
Дата смерці: 23 жніўня 1987(1987-08-23) (50 гадоў)
Месца смерці:
Пахаванне:
Грамадзянства:
Альма-матар:
Літаратурная дзейнасць
Род дзейнасці: літаратуразнавец, перакладчык, пісьменнік, паэт
Жанр: эсэ
Мова твораў: беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у

Міхась Стральцоў (сапр. Міхаіл Лявонавіч Стральцоў; 14 лютага 1937, в. Сычын, Слаўгарадскі раён, Магілеўская вобласць — 23 жніўня 1987) — беларускі празаік, паэт, перакладчык і літаратуразнавец.

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям'і настаўніка. У 1954 г. скончыў Нова-Ельненскую сярэднюю школу і паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1954-59). Працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва» (1959-61, 1969-72), часопісах «Полымя» (1961-62), «Маладосць» (1962-68), з 1984 г. — загадчыкам аддзела мастацтва, крытыкі і бібліяграфіі часопіса «Нёман». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1962 г.

Пахаваны ў Мінску на Чыжоўскіх могілках.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Друкаваўся з 1952, першае апавяданне «Дома» надрукаваў у 1957 г. (часопіс «Маладосць»). У першым зборніку апавяданняў «Блакітны вецер» (1962) праявіў сябе тонкім псіхолагам, знаўцам побыту вёскі і горада. У зборніку «Сена на асфальце» (1966) раскрыў псіхалагічнае і эстэтычнае ўжыванне нядаўняга вяскоўца ў гарадскую стыхію, магчымасці гарманічнага спалучэння ў чалавеку эмацыянальнага і інтэлектуальнага пачаткаў. У аповесці «Адзін лапаць, адзін чунь» (1970) — фарміраванне характару падлетка ў цяжкія пасляваенныя гады. Пазней былі выдадзены кнігі прозы «Падарожжа за горад» (апавяданні, аповесць, 1986), кніг выбраных твораў «На ўспамін аб радасці» (1974), «Выбранае» (проза, паэзія, эсэ, 1987).

Акварэльнасць, тонкі псіхалагізм і лірычны роздум у зборніках вершаў «Ядлоўцавы куст» (1973), «Цень ад вясла» (1979), «Яшчэ і заўтра» (1983), «Мой свеце ясны» (1986). У вершах-споведзях, філасофскіх мініяцюрах, замалёўках і іранічных вершах-экспромтах выяўляецца душэўная чысціня і вернасць чалавечаму прызванню.

У зборніку літаратурна-крытычных артыкулаў «Жыццё ў слове» (1965) узнёсла і разважліва аналізаваў майстэрства Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, Ц. Гартнага, К. Чорнага, П. Пестрака, А. Русецкага, А. Зарыцкага. Аўтар кніг «У полі зроку» (1976), «Пячатка майстра» (1986) пра творчасць Я. Коласа, З. Бядулі, М. Гарэцкага, К. Чорнага, У. Дубоўкі, А. Куляшова, Я. Брыля, П. Панчанкі, А. Вялюгіна і інш., эсэ «Загадка Багдановіча» (1968).

Пераклаў на беларускую мову творы А. Пушкіна, Я. Смелякова, М. Браўна, Н. Гільена, П. Неруды, сучасных італьянскіх паэтаў, раман Ч. Айтматава «Буранны паўстанак» (1987), прозу Б. Пастарнака, Л. Лявонава і інш.

Прэміі і ўзнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (пасмяротна, 1986) за кнігу вершаў «Мой свеце ясны».

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • 1962 "Блакітны вецер" (проза)
  • 1965 "Жыццё ў слове" (эсэ)
  • 1966 "Сена на асфальце" (проза)
  • 1968 "Загадка Багдановіча" (эсэ)
  • 1970 "Адзіна лапаць, адзін чунь" (проза)
  • 1973 "Ядлоўцавы куст" (паэзія)
  • 1974 "На ўспамін аб радасці" (проза)
  • 1976 "У полі зроку" (эсэ)
  • 1979 "Цень ад вясла" (паэзія)
  • 1983 "Яшчэ і заўтра" (паэзія)
  • 1986 "Падарожжа за горад" (проза)
  • 1986 "Мой свеце ясны" (паэзія)
  • 1986 "Пячатка майстра" (эсэ)
  • 1987 "Выбранае" (проза, паэзія, эсэ)
  • 2005 "Ад маладзіка да поўні"
  • 2015 "Выбраныя творы" (прозы, паэзія, эсэ)

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Бугаёў Дз. Шматграннасць. Мн., 1970;
  • Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
  • Карамазаў В. I прадчуванне, і лёс // Полымя, 1987. № 2;
  • Барадулін Р. Стральцоў // БЭ ў 18 т. Т. 15. Мн., 2002.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]