Палацава-паркавы комплекс Булгакаў (Жылічы)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Палацава-паркавы комплекс
Палацава-паркавы комплекс Булгакаў
Сядзібны комплекс Булгакаў "Добасна" 2.jpg
53°09′20,76″ пн. ш. 29°41′21,4″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Вёска Жылічы
Архітэктурны стыль класіцызм
Аўтар праекта Клабукоўскі, К. Падчашынскі
Архітэктар Караль Падчашынскі
Заснавальнік І. Булгак
Дата пабудовы 1830-я
Будынкі:
палац • гаспадарчыя пабудовы • парк
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 511Г000459шыфр 511Г000459
Стан рэстаўруецца

Палацава-паркавы комплекс Булгакаў (Магілёўская вобласць)
Палацава-паркавы комплекс Булгакаў
Палацава-паркавы комплекс Булгакаў

Палацава-паркавы комплекс Булгакаў — помнік архітэктуры позняга класіцызму ў в. Жылічы (каля в. Добасна), Кіраўскі раён. Сфармаваны ў XVIII—XIX стагоддзях на беразе р. Добасна. Гісторыка-культурная каштоўнасць міжнароднага значэння[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Палац Булгакаў на малюнку Н. Орды, XIX ст.
Палац Булгакаў на малюнку Н. Орды, XIX ст.
Палацава-паркавы комплекс у другой палове XIX ст.

Рэзідэнцыя заможнага шляхціца, бабруйскага павятовага маршалка Ігната Булгака (1798—1848) у в. Жылічы пабудавана ў 1830-я гады па яго заказе[2] па праекце архітэктара К. Падчашынскага на беразе р. Добасны[1].

Палац будаваўся ў два прыёмы: спачатку быў узведзены галоўны П-падобны корпус, а пазней у 18641876 гг. да яго прыбудавалі доўгае двухпавярховае крыло з палацавай царквой і дадатковымі жылымі памяшканнямі[2]. Такое архітэктурнае рашэнне ўтварыла напаўадкрыты ўнутраны двор[2]. Паводле некаторых звестак, заходняя частка палаца была дабудавана ў 1914 годзе[1].

Першымі работамі з 1825 года кіраваў вучань Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў Клабукоўскі[3].

У 1848 пасля смерці Ігната Булгака маёнтак перайшоў да яго малодшага сына Эдгара. Пры ім быў дабудаваны палац — з'явіліся два аднапавярховыя флангі з царквой, аранжарэяй[2] і службовымі памяшканнямі, будаўніцтвам, верагодна, кіраваў Караль Падчашынскі[3][4].

Апошні уладальнік маёнтка, пляменнік Эдгара Эмануэль Булгак, памёр у Польшчы ў міжваенны час. Пасля рэвалюцыі тут размяшчаўся дзіцячы дом, у 1930-х гадах — заатэхнічны тэхнікум. Падчас Вялікай Айчыннай вайны было разабрана паўднёвае крыло пабудовы, у якім знаходзілася аранжарэя[4]. Палац ператвораны у шпіталь, а ў парку хавалі памерлых салдат[5].

У палацы пасля Вялікай Айчыннай вайны знаходзілася Бабруйская трохгадовая агранамічная школа. Пасля таго, як для яе быў пабудаваны непадалёк новы будынак, палац пачаў прыходзіць у запусценне. У палацы на першым паверсе засталася бухгалтэрыя з аддзелам кадраў[1]. У 1973 годзе архітэктарам Я. Курто распрацаваны праект рэстаўрацыі комплексу, які ў далейшым быў рэалізаваны[6]. У наш час размешчаны краязнаўчы музей і музычная школа, якія арганізавалі ў 1996 годзе[1].

Да нашага часу захаваліся палац, флігель, свіран і іншыя гаспадарчыя пабудовы, парк. Гаспадарчыя пабудовы часткова выкарыстоўваліся ў гаспадарчых мэтах, астатнія разбураліся[1].

Рэстаўрацыя Жыліцкага палацава-паркавага комплексу была распачата ў 2009 годзе, плануецца завяршыць яе да 2015 года. У палацы размесціцца музейная экспазіцыя, міні-гасцініца і сельская бібліятэка[7].

Паводле пастановы Савета Міністраў ад 3 чэрвеня 2016 года №437 Палацава-паркавы комплекс быў уключаны ў лік 27 аб'ектаў, выдаткі на захаванне якіх (у частцы капітальных выдаткаў) могуць фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту[8].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Унутраны двор палаца ў час рэканструкцыі
Унутраны двор палаца ў час рэканструкцыі

Рэзідэнцыя ўяўляла сабой даволі вялікі добра спланаваны палацава-паркавы ансамбль. У яго склад акрамя палаца з паркам уваходзілі вялікія пладовыя сады, агароды, вадаёмы, дзе вялася рыбная гаспадарка. Быў вялікі гаспадарчы двор, вадзяны млын, вінакурня, крухмальны і цукровы заводы[1].

Палац[правіць | правіць зыходнік]

Галоўны фасад палаца ў пач. XX ст.

Палац уяўляў у плане прамавугольнік з калонным порцікам на галоўным фасадзе і прамавугольным рызалітам на паркавым фасадзе. Галоўны корпус вылучаны ў цэнтры шасцікалонным порцікам карынфскага ордара[2] з франтонам, дэкараваным ляпным гербам[3], і бельведэрам над лесвічнай клеткай. Тарцы галоўнага корпуса аформлены ідэнтычнымі чатырохкалоннымі порцікамі. Па перыметры будынка праходзіць развіты карніз з фрызам, упрыгожаным ляпнымі гірляндамі і разеткамі[1].

Галоўны фасад бакавога корпуса прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі і ўпрыгожаны каланадай. Цэнтр вылучаны двухпавярховым аб'ёмам дамавой капліцы. Планіроўку палац мае змешаную — калідорна-анфіладную[1][2].

Інтэр'ер[правіць | правіць зыходнік]

Столь
Пазалочаныя капітэлі і барэльефы з антычнымі сцэнамі
Інтэр'ер залы палаца ў пач. XX ст.

Распрацоўку унутраных памяшканняў прыпісваюць таксама Клабукоўскаму[3]. Унутранае аздабленне насычана[2] ляпнінай, дробнай скульптурнай пластыкай, роспісамі, пазалотай, люстэркамі, дэкаратыўнай абіўкай. У дэкоры выкарыстаны ампірныя элементы: буйныя фрызы, панэлі з барэльефнымі антычнымі сцэнамі[1]. Прычым, кожны са 100 пакояў[3] дэкарыраваны індывідуальна. На другім паверсе паўднёвага крыла галоўнага корпуса вылучаецца прамавугольная ў плане парадная зала, расчлянёная калонамі на 3 часткі. Зала дэкарыравана шырокім шматфігурным барэльефным фрызам з сюжэтамі на тэмы палявання, бою, ахвярапрынашэння. Калоны і пілястры маюць пазалочаныя капітэлі. Асноўны пластычны эфект стварае кесаніраваная столь з багата арнаментаванай ляпнінай. Падлога паркетная, печкі абліцаваны кафляй[1].

Тадэвуш Раствароўскі па заказе гаспадароў сядзібы аздобіў плафоны(руск.) бел. залаў палаца сцэнамі з антычнымі міфалагічнымі сюжэтамі.

Парк[правіць | правіць зыходнік]

Фрагмент парку

Палац з'яўляецца цэнтрам кампазіцыі вялікага палацава-паркавага ансамбля, замкнутага ў выцягнуты з усходу на захад[4] прамавугольнік алеямі рэгулярнага парку. Плошча парку складае 18 га[2], а ўсяго комплексу з вадаёмамі, пладовымі садамі, падсобнымі збудаваннямі — каля 100 га. Раўнінную частку парку перасякае р. Добасна з маляўнічымі сажалкамі і астравамі. Захаваліся руіны павільёна-купальні, альтанак, мосцікаў. Перад галоўным фасадам палаца парк мае рэгулярны характар і партэрнае азеляненне. Астатняя частка парку мае пейзажны характар, які быў створаны ў 1830-я, з разнастайнасцю насаджэнняў, у тым ліку і экзотаў, напрыклад, хвоя веймутава (Pinus strobus), Acer saccharinum, Juglans cinerea, Tilia ×europaea і інш[1][3].

Зноскі

  1. 1,00 1,01 1,02 1,03 1,04 1,05 1,06 1,07 1,08 1,09 1,10 1,11 Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / Склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 2,4 2,5 2,6 2,7 Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 349-350. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 3,4 3,5 Палацава-паркавы комплекс Булгакаў (Жылічы) на сайце Radzima.org
  4. 4,0 4,1 4,2 Палацавая і сядзібна-паркавая архітэктура. Дваранскае памесце Жылічы
  5. Дворец Булгака
  6. Мастацтва (архітэктура, жывапіс, скульптура, графіка) ў Кіраўскім раёне
  7. Первая очередь реставрации Жиличского дворцово-паркового ансамбля открыта в Кировском районе
  8. Постановление Совета Министров от 03.06.2016 № 437 О некоторых вопросах обеспечения сохранности историко-культурных ценностей

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]