Васіль Быкаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з В. Быкаў)
Васіль Быкаў
Васіль Быкаў у Румыніі. 1944
Васіль Быкаў у Румыніі. 1944
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 19 чэрвеня 1924(1924-06-19)[1][2][…] ці 19 жніўня 1924(1924-08-19)[3]
Месца нараджэння
Дата смерці 22 чэрвеня 2003(2003-06-22)[3][5]
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік, сцэнарыст, журналіст, палітык
Гады творчасці з канца 1940-х гадоў і да смерці
Кірунак проза, пераважна ваенная
Жанр аповесць, апавяданне, публіцыстыка, эсэ
Мова твораў беларуская і руская
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі
Узнагароды
Герой Сацыялістычнай Працы
ордэн Леніна ордэн Айчыннай вайны ордэн Айчыннай вайны I ступені ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга ордэн Дружбы народаў ордэн Чырвонай Зоркі медаль «За баявыя заслугі» юбілейны медаль «50 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» юбілейны медаль «Дваццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» юбілейны медаль «Трыццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» юбілейны медаль «Сорак гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» медаль Францыска Скарыны
Народны пісьменнік Беларусі
Подпіс Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Васіль Уладзіміравіч Бы́каў (19 чэрвеня 1924, в. Бычкі, Ушацкі раён[7][8] — 22 чэрвеня 2003, в. Бараўляны, Мінскі раён, Беларусь) — беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч, удзельнік Другой сусветнай вайны, капітан. Народны пісьменнік Беларусі.

Большасць твораў — аповесці, дзеянне якіх адбываецца падчас Другой сусветнай вайны і ў якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найбольш драматычныя моманты жыцця.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Род Васіля Быкава вядомы ад Лук’яна Быка, селяніна 2-й паловы XVIII ст., імавернага першапасяленца вёскі Бычкі, назва якой фактычна перадае неафіцыйнае прозвішча яго нашчадкаў. Сем’і сыноў Лук’яна — Аўласа і Фадзея былі прыгоннымі маёнтка Слабодка памешчыка Штромберга. Унук Аўласа — Янка Мацееў Бык згадваецца ў інвентары 1845 года як лёкай[ru] (слуга пры панскім доме)[9]. Янка Мацееў Бык, напэўна, і быў бацькам Фёдара Быка, дзеда пісьменніка, якога ён згадвае ў сваёй аўтабіяграфічнай кнізе «Доўгая дарога дадому»: «Другі дзед быў селянін-адыходнік, сезонна рабіў на прамысловых прадпрыемствах у Курляндыі, там жа пад канец жыцця выбіўся ва ўпраўляючыя цагельнага завода»[10]. У канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. прозвішча сям’і пад уплывам русіфікацыі набыло цяперашнюю форму — Быкаў.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Дзяцінства і маладыя гады[правіць | правіць зыходнік]

Адноўлены інтэр’ер хаты. Музей-сядзіба Васіля Быкава

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і Уладзіміра Фёдаравіча Быкава, удзельніка 1-й сусветнай вайны, і Ганны Рыгораўны (у дзявоцтве Скрабатун), дачкі рыбака. Бацька быў ураджэнцам вёскі Бычкі, маці паходзіла з суседняга Завулка, які ў 1921 годзе апынуўся ў складзе Польшчы[11]. З дзяцінства захапляўся маляваннем. У 1939 годзе скончыў 8 класаў Кубліцкай сярэдняй школы, паступіў на скульптурнае аддзяленне Віцебскага мастацкага вучылішча. Аднак увосень 1940 года ў сувязі з пагаршэннем матэрыяльнага становішча сям’і і адменай дзяржаўных стыпендый вымушаны быў пакінуць вучобу[12]. Паступіў у Віцебскую школу ФЗН № 5, дзе вучыўся да мая 1941 года. У чэрвені 1941 года экстэрнам здаў экзамены за дзясяты клас.

Другая сусветная вайна[правіць | правіць зыходнік]

Вайна заспела яго ва Украіне, дзе ён удзельнічаў у абаронных работах. Падчас адступлення, у Белгарадзе, адстаў ад сваёй калоны, пасля быў арыштаваны і ледзь не расстраляны як нямецкі шпіён[13].

Быў мабілізаваны на абарончыя работы. У якасці байца інжынернага батальёна будаваў розныя ваенныя аб’екты ад Гомеля да Варонежа. Зімой 1941—1942 гадоў жыў на станцыі Салтыкоўка  (руск.) і ў Аткарску Саратаўскай вобласці, дзе вучыўся ў чыгуначнай школе. Улетку 1942 года быў прызваны ў Чырвоную Армію, скончыў Саратаўскае пяхотнае вучылішча (з 80 выпускнікоў у вайну ацалела толькі чацвёра). Увосень 1943 года прысвоена званне малодшага лейтэнанта. Ваяваў на 2-м і 3-м Украінскіх франтах. Удзельнічаў у баях за Крывы Рог, Александрыю, Знам’янку.

Падчас Кіраваградскай аперацыі  (руск.) паранены ў нагу і жывот (памылкова быў запісаны як загінулы); падзеі пасля ранення паслужылі асновай аповесці «Мёртвым не баліць». Бацькі Васіля Быкава атрымалі паведамленне, што іх сын мужна загінуў у баях з нямецкімі захопнікамі каля Кіраваграда (гэта было засведчана на абеліску).

У пачатку 1944 года тры месяцы знаходзіўся ў шпіталі.

Васіль Быкаў выжыў і ваяваў далей, удзельнічаў у Яска-Кішынёўскай аперацыі, вызваленні Румыніі. 3 дзеючай арміяй прайшоў Румынію, Балгарыю, Венгрыю, Югаславію, Аўстрыю — старшым лейтэнантам, камандзірам узвода палкавой, потым армейскай артылерыі. Служыў ва Украіне, у Беларусі, на Далёкім Усходзе. Пра вайну ў кнізе «Доўгая дарога дадому» (2003) успамінаў так:

" Прадчуваю сакраментальнае пытанне пра страх: баяўся ці што? Вядома, баяўся, а, можа, часам і збаяўся. Але страхаў на вайне шмат, і яны ўсе розныя. Страх перад немцамі — што маглі ўзяць у палон, застрэліць; страх з-за агню, асабліва артылерыйскага або бамбёжак. Калі выбух побач, так, здаецца, цела само, без удзелу розуму, гатова разарвацца на кавалкі ад дзікіх пакут. Але быў жа і страх, які ішоў з-за спіны — ад начальства, усіх тых карных органаў, якіх у вайну было не менш, чым у мірны час. Нават больш.[13] "

Гродзенскі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Пасля дэмабілізацыі з 1947 года Васіль Быкаў у Гродне, працаваў мастаком у гродзенскіх майстэрнях, у рэдакцыі абласной газеты «Гродзенская праўда» (1947—1949). У 1949—1955 гадах зноў служыў у Савецкай Арміі. Канчаткова дэмабілізаваўшыся (маёр запаса), працаваў літаратурным супрацоўнікам, літаратурным кансультантам газеты «Гродзенская праўда» (1956—1972). Агулам Васіль Быкаў пражыў у Гродне 25 гадоў — 1947—1949 і 1955—1978 гады. Менавіта у Гродне напісаў «Мёртвым не баліць», «Жураўліны крык», «Альпійскую баладу», «Сотнікава», «Пайсці і не вярнуцца»[14].

Жыў на Вялікай Траецкай, 28 і Свярдлова, 18, Парыжскай камуны, 9. Паводле мясцовых жыхароў, у садзе ў двары дома па Вялікай Траецкай, 28 ёсць дрэвы, якія саджаў Быкаў. У двары дома на Свярдлова, 18 расце дуб, які, па сведчанні ўнука пісьменніка, некалі пасадзіў Быкаў[15]. На Дамініканскай, 5 размяшчалася мастацкая майстэрня, дзе ён працаваў у першыя гады гродзенскага перыяду. На левым беразе Нёмана меў гараж, дзе захоўваў тэхніку, у тым ліку маторную лодку, на якой любіў вандраваць па рацэ.[14]

Пасляваенныя гады[правіць | правіць зыходнік]

Васіль Быкаў у час гутаркі з Аляксеем Гардзіцкім успамінаў, што «на пачатку літаратурнага шляху мяне вельмі падтрымаў, проста сказаў, што я павінен пісаць, Георгій Шчарбатаў. Я не ведаю, што ён заўважыў, але ён так сказаў. Прынамсі, я яму абавязаны, што стаў пісьменнікам, бо мог бы ім і не стаць.»[16].

Міхась Лісоўскі. Шарж на Васіля Быкава.

Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1959 года (Гродзенскае аддзяленне). Выступаў як журналіст. У абласным і рэспубліканскім друку пачалі з’яўляцца яго замалёўкі, фельетоны, нарысы. Быў абраны сакратаром Гродзенскага аддзялення СП БССР (1972—1978). У 1978 годзе пераехаў на сталае жыццё ў Мінск. 3 гэтага часу займаўся выключна творчай працай.

Уваходзіў у склад праўлення СП СССР, Рады СП БССР, рэспубліканскага Савета Фонда міру. Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна.

У 1988 годзе стаў адным з заснавальнікаў Беларускага народнага фронту.

Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1978—1989). Народны дэпутат СССР (1989).

Бескампраміснасць прозы Быкава часта станавілася прычынай нападаў савецкай крытыкі, якая абвінавачвала пісьменніка ў ачарненні савецкага ладу.

Быў прэзідэнтам Беларускага ПЭН-цэнтра  (руск.). У 1990 годзе абраны прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», заставаўся на гэтай пасадзе да 1993 года[17].

У кастрычніку 1993 года падпісаў адкрыты «Ліст сарака двух  (руск.)».

Перад першымі прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі (чэрвень 1994 года) быў даверанай асобай кандыдата Зянона Пазняка, выступаў у гэтай якасці ў час паездак па Беларусі і на тэлебачанні[18].

У лістападзе 1994 года наведаў Ізраіль і падзяліўся сваімі ўражаннямі ў нарысе для зборніка «Поклон тебе, Иерусалим» (1996)[19].

Нападкі на Васіля Быкава, якія зноў пачаліся на радзіме ў сярэдзіне 1990-х гадоў, і стан здароўя сталі прычынай выезду за мяжу.

Магіла Быкава на Усходніх могілках Мінска.

У пачатку 1998 года Васіль Быкаў на запрашэнне Фінскага ПЭН-цэнтра вырашыў пажыць у Фінляндыі, куды і пераехаў разам з жонкай у чэрвені таго ж года[20]. У снежні 2002 года Васіль Быкаў пасяліўся ў Чэхіі, перад гэтым пэўны час жыў у Германіі. У 2002 годзе апублікаваў кнігу ўспамінаў «Доўгая дарога дадому». У Чэхіі перанёс аперацыю, пасля пагаршэння здароўя вярнуўся на Беларусь. Памёр 22 чэрвеня 2003 года ў 20 гадзін 30 хвілін у рэанімацыйным аддзяленні анкалагічнага шпіталю ў Бараўлянах, пад Мінскам[21].

Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках. Падчас пахавання быў адпеты ўніяцкімі святарамі, труну пісьменніка накрылі бел-чырвона-белым сцягам[22].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Стэнды з чарнавікамі, Музей-дача Васіля Быкава

Творчая біяграфія пісьменніка пачынаецца ў пасляваенныя гады. Першыя апавяданні Васіля Быкава былі надрукаваны ў часопісе «Вожык» (1947, «Дапякло»), газеце «Гродзенская праўда» (1949, «У першым баі»).

Тэматыка ранніх апавяданняў, як і многіх далейшых твораў Васіля Быкава, прысвечана падзеям вайны.

Сам Васіль Быкаў свой пісьменніцкі лёс адлічвае з 1951 года, калі на Курылах, дзе ў той час служыў, напісаў апавяданні «Смерць чалавека» і «Абознік». Іх ён паслаў на водгук М. Лынькову. Нягледзячы на ўвогуле ўдалы творчы дэбют, Быкаў не быў перакананы ў тым, што літаратура — яго жыццёвае прызванне. 3 героя апавядання «У першым баі» Мікалая Беражнога пачаліся быкаўскія героі — маладыя афіцэры і салдаты з трагічным франтавым лёсам.

Першы зборнік «Ход канём» (1960) раскрывае пасляваеннае жыццё савецкіх людзей, іх узаемаадносіны ў працы, побыце, паказвае нараджэнне новых якасцей у характары чалавека, асабліва моладзі.

Канец 1950-х — пачатак 1960-х гадоў для Быкава — час пошукаў самога сябе. Ён піша сатырычныя мініяцюры, гісторыка-прыгодніцкую аповесць «Апошні баец», серыю навел на маральна-этычныя тэмы, другі цыкл ваенных апавяданняў, нарысы, рэцэнзіі. Гэтыя творы сведчаць пра тое, што іх аўтар ішоў да свайго адкрыцця свету, да аналітычнага даследавання чалавечага быцця, рашуча адмаўляючыся ад дробнатэмнасці, апісальнасці. Кожны твор быў для яго своеасаблівай школай майстэрства, пяро пісьменніка сталела, почырк набываў большую індывідуальную афарбоўку, мова — выразнасць і дакладнасць. Васіль Быкаў набліжаўся да раскрыцця тых трагічных падзей 1941—1945 гадоў, з якімі сутыкаецца галоўны герой яго аповесцей.

У «Жураўліным крыку» (1959) пісьменнік звярнуўся да ваеннай тэмы, каб застацца ёй верным амаль увесь час. Паводле зместу, шэсць ваенных, кожны з якіх — жывая чалавечая індывідуальнасць, гінуць у барацьбе з фашысцкімі захопнікамі. У наступных яго аповесцях паўстае перад чытачом гранічна праўдзівае адлюстраванне вайны. Яго творы нязменна нясуць у сабе моцны зарад маральнай энергіі, неабходнай чалавеку сёння.

Шырокая вядомасць прыйшла да Быкава пасля публікацыі аповесці «Трэцяя ракета» (1961).

Тэма чалавека на вайне таксама праходзіць праз аповесці «Пастка» (1962), «Альпійская балада» (1963), «Праклятая вышыня» (1968).

Аднак у застойныя гады афіцыйная крытыка непрыймальна ставілася да бескампрамісных аповесцей Васіля Быкава пра вайну. Адзін з самых вострапраўдзівых яго твораў «Мёртвым не баліць» (1965) убачыў свет на той час толькі ў часопісах «Маладосць» і «Новый мир  (руск.)», дзякуючы грамадзянскай мужнасці іх рэдактараў П. Панчанкі і А. Твардоўскага. Быкава абвінавачвалі, што ён не з тых пазіцый піша пра вайну, скажае праўду, ачарняе гераічных савецкіх воінаў. Па камандзе галоўных тады партыйных ідэолагаў (М. Суслава, М. Зімяніна і так званага «спецыяліста» па беларускай літаратуры ў Аддзеле прапаганды ЦК КПСС У. Сяўрука) былі арганізаваны калектыўныя пісьмы «незадаволеных» быкаўскім адлюстраваннем падзей вайны. Нягледзячы на тое, што многія творчыя саюзы, выдавецтва «Мастацкая літаратура» і яго дырэктар М. Дубянецкі, шматлікія чытачы патрабавалі ўключыць «Мёртвым не баліць» у збор твораў Васіля Быкава, М. Суслаў, а пасля М. Зімянін загадалі ніколі яе не друкаваць і ўсякія размовы пра выданне спыніць, хоць у многіх краінах гэты твор ужо тады выйшаў асобнай кнігай. I ўсё ж грамадская думка перамагла: аповесць была ўключана ў 4-ы том збору твораў пісьменніка.

У 1970-я гады Быкаў працягвае цыкл аповесцей на ваенную тэму: «Сотнікаў» (1970), «Абеліск» (1971), «Дажыць да світання» (1972), «Воўчая зграя» (1974), «Яго батальён» (1975).

Ваенныя аповесці Быкава — высокамастацкія творы, з якіх складаецца гераічны эпас пра Вялікую Айчынную вайну. У іх аўтар сцвярджае выпрабаваныя ў полымі барацьбы з фашызмам ідэйныя і маральныя якасці: вернасць адвечным агульначалавечым каштоўнасцям, інтэрнацыяналізм, любоў да роднай зямлі, высокую годнасць чалавека-працаўніка і воіна. У творчасці Быкава прасочваюцца ідэйна-эстэтычныя пошукі савецкай літаратуры апошняга часу, далейшае развіццё такіх яе неад’емных якасцей, як філасафічнасць, аналітычнасць, псіхалагізм, глыбокае раскрыццё ўнутранага свету чалавека, яго паводзін у экстрэмальных умовах ваенных гадоў. У партызанскім цыкле аповесцей («Круглянскі мост» (1968), «Пайсці і не вярнуцца» (1978), «Знак бяды» (1982) з асаблівай сілай выявілася праблема трагічнага, адвечная тэма выбару ў складаных умовах акупіраванай тэрыторыі і партызанскай барацьбы народа супраць фашыстаў. Не менш востра паказаў пісьменнік і падзеі калектывізацыі, да якіх упершыню звярнуўся ў аповесці «Знак бяды». У беларускай літаратуры ніхто так аголена-праўдзіва, з болем, абгрунтавана не паказаў бессэнсоўнасць, жорсткасць сталінскіх метадаў абагульнення сялянскіх гаспадарак, вытручвання ў селяніне-працаўніку любові да зямлі-карміцелькі, вынішчэння яго гаспадарчых традыцый. Гэту тэму пісьменнік працягвае даследаваць і ў аповесці «Аблава», дзе, асвятляючы падзеі калектывізацыі, упершыню ў беларускай літаратуры паказвае спецперасяленца, працавітага, гаспадарлівага селяніна Хведара Роўбу, які быў высланы з сям’ёй на Поўнач, а потым, пры спробе вярнуцца ў родную вёску, загінуў пакутніцкай смерцю.

Міхась Скобла расказвае, як Рыгор Барадулін за пераклад на беларускую мову паэтаў Каўказа (Дагестана, Чачні і інш.) атрымаў у падарунак бурку, папаху і сертыфікат на валоданне пляцам зямлі ў вёсцы (ауле) Карата Ахваскага раёна Рэспублікі Дагестан, а таксама пра лісты Барадуліна да Васіля Быкава ў Германію. 28 сакавіка 2014 г., Мінск

Пераасэнсаванне мінулага стала галоўным напрамкам, па якім рухалася быкаўская думка ў 1980-я гады. Пісьменнік пераасэнсоўвае і прыкметна ўдакладняе многае з таго, што ўпэўненна сцвярджаў у сваіх творах. У рамане «Кар’ер» (1985) паяднаны сучаснасць і вайна. Складаны лёс чалавека ва ўмовах фашысцкай акупацыі пісьменнік паказвае ў аповесці «У тумане» (1988). «Аблава» (1989) мае рэальную жыццёвую аснову. Васіль Быкаў акцэнтуе ўвагу на злавесна-разбуральнай сутнасці часу і гаворыць пра катастрафізм духоўнага быцця ў цэлым. З суровым рэалізмам у адлюстраванні падзей напісана быкаўская «Сцюжа» (1969, 1991).

У 1990-я гады Быкаў бярэ на ўзбраенне апавяданне. «На чорных лядах», «Бедныя людзі» (абодва — 1994), «Жоўты пясочак», «Зенітчыца», «Палкаводзец», «Палітрук Каламіец», «Падоранае жыццё» (усе — 1995).

Аповесць «Пакахай мяне, салдацік» (1996) тэматычна звязана з цыклам «ваенных» апавяданняў. Аповесць «Афганец» (1998) расказвае пра салдата-«афганца», які, расчараваўшыся ў жыцці, вырашае забіць тырана. Аповесць «Ваўчыная яма» (1999) расказвае пра жыццё ў чарнобыльскай зоне. Надзвычай складаныя рэаліі ваеннай рэчаіснасці паўстаюць з аповесці «Балота» (2001).

Яшчэ адна іпастась пісьменніка — аўтар «баек жыцця» з філасофска-алегарычным зместам: «Сцяна» (1995), «Музыка», «Народныя мсціўцы» (абодва — 1997), «Ваўчыная яма», «Мальбара», «Тры нявымаўленых словы», «Труба» (усе — 1998), «Галоўны крыгсман», «Хутаранцы», «Апалагетыка „нагана“», «Кошка і мышка» (усе — 1999). Выходзяць кнігі прозы «Сцяна» (1997), «Пахаджане» (1999). Быкаўскія прыпавесці ўвайшлі ў супольную кнігу Рыгора Барадуліна і Васіля Быкава «Калі рукаюцца душы» (2003). Працягвае тэму сяброўства кніга «Дажыць да зялёнай травы» (2008). Кнігу пад такой назвай Быкаў і Барадулін пісалі 43 гады. Складаецца яна з сяброўскага ліставання двух выдатных творцаў, якое пачалося ў 1960 годзе.

У гады перабудовы Быкаў актывізаваўся як грамадскі дзеяч, публіцыст. Яго выступленні, артыкулы, інтэрв’ю склалі зборнікі «На крыжах» (1992) і «Крыжовы шлях» (1998). Пісьменнік падсумаваў вынікі свайго жыцця і творчасці кнігай успамінаў «Доўгая дарога дадому» (2002).

Адной з апошніх прац Быкава сталі аповеды Барыса Кіта, запісаныя Васілём Быкавым улетку 2001 года «Цярновы шлях», якія пазней увайшлі ў кнігу «Грамадзянін свету» (2004). Кожны з 12 аповедаў пачынаецца лірычна-белетрыстычным уступам самога Быкава, які пры гэтым каларытна характарызуе нямецкія рэаліі і апавядальніка.

Але і пасля смерці Васіля Быкава з’яўляюцца на старонках друку невядомыя беларускаму чытачу творы. У кнігу «Бліндаж» (2007) увайшлі аповесці «Бліндаж» (1987) і «Апошні баец» (1958), якія раней не ўключаліся аўтарам у ніводзін свой зборнік.

У 2020 годзе знайшлі арыгіналы чатырох апублікаваных у 1970 годзе франтавых малюнкаў Васіля Быкава, зробленыя яго рукой. Яны захоўваліся ў асабістым архіве Івана Глухава, гродзенскага журналіста і ветэрана вайны.[23]

Экранізацыі і інсцэнізацыі твораў[правіць | правіць зыходнік]

Па творах Быкава пастаўлены кінафільмы «Трэцяя ракета» (1963), «Альпійская балада» (1966), «Дажыць да світання» (1975), «Воўчая зграя» (1976), «Абеліск» (1977), «Узыходжанне» (1977, паводле «Сотнікава», рэжысёр Ларыса Шапіцька  (руск.)) «Знак бяды» (1985), «У тумане» (2012), кароткаметражны фільм «Пастка  (руск.)», тэлефільм «Доўгія вёрсты вайны» (1976, паводле аповесці «На ўсходзе сонца»). В. Дашуком створаны фільм пра Быкава «Узыходжанне» (1985). У 1981 годзе быў зняты фільм «Фруза  (руск.)», а ў 1989 годзе — фільм «Круглянскі мост». У 2008 годзе выйшаў фільм «Асуджаныя на вайну  (руск.)» паводле аповесці «Пайсці і не вярнуцца». У 2019 годзе зняты фільм па «неваеннаму» апавяданню — «Народныя мсціўцы». Дарэчы, на беларускай мове з ўсіх экранізацый твораў Быкава зняты толькі два фільмы — «На чорных лядах» (рэж. Валерый Панамароў, 1995) і «Народныя мсціўцы» (рэж. Аляксандар Меліхавец, 2019).

П’еса «Апошні шанц» ставілася ў тэатрах. Былі інсцэніраваны яго аповесці «Абеліск», «Альпійская балада», «Дажыць да світання» (усе — Масква), «Знак бяды» (Гомель, Ленінград, Мінск), «Пайсці і не вярнуцца» (Кастрама, Масква, Чарнігаў), «Сотнікаў» (Ленінград, Магілёў), «Трэцяя ракета» (Кіеў, Масква) і інш. У 1990 годзе пастаноўка радыёспектакляў па аповесцях Быкава «У тумане» і «Кар’ер» адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР.

Балет «Альпійская балада» (1967) напісаў Яўген Глебаў, на яго ж аснове стварыў «Сюіту з балета „Альпійская балада“». Оперу «Сцежкаю жыцця» (1980, паводле «Воўчай зграі») стварыў Генрых Вагнер. Да творчасці пісьменніка звярталіся мастакі А. Кашкурэвіч, I. Немагай.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Герой Сацыялістычнай Працы (1984). Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа (1964, за аповесць «Трэцяя ракета»), Дзяржаўнай прэміі СССР (1974, за аповесці «Абеліск», «Дажыць да світання»), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа (1978, за аповесці «Воўчая зграя», «Яго батальён»), Ленінскай прэміі (1986, за аповесць «Знак бяды»). У 1980 годзе атрымаў званне Народнага пісьменніка Беларусі. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі.

Лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» (2003, пасмяротна).

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

У гонар пісьменніка названы вуліцы ў Гродне, Лельчыцах, Ждановічах, Смалявічах, Фаніпалі.

У горадзе Віцебску ўсталявана мемарыяльная дошка па вуліцы Суворава, 15, на будынку дзіцячай мастацкай школы № 1 (у гэтым будынку з 1923 па 1941 год знаходзілася Віцебскае мастацкае вучылішча, дзе з 1939 па 1940 год вучыўся Васіль Быкаў)[12]. Мемарыяльная дошка вырабленая з бронзы і ўяўляе сабой стылізаваную рамку ў выглядзе аркі, усярэдзіне якой змешчаны партрэт пісьменніка і бусел, як сімвал Беларусі. На дошцы надпіс на беларускай мове: «У гэтым будынку з 1939 па 1940 год вучыўся народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў». Аўтарамі кампазіцыі з’яўляюцца віцебскія скульптары, члены Беларускага саюза мастакоў Валерый Магучы і Аляксандр Гвоздзікаў[24].

У 2016 годзе Індурскае лясніцтва высадзіла недалёка Гродна лес імя Васіля Быкава. На раздвоенным дрэве, якое мусіць сімвалізаваць пісьменніцкае пяро, усталявалі памятны знак у гонар творцы. Аўтар — разбяр Іосіф Сідаркевіч.[25]

9 верасня 2020 года ў Мінску на доме па вул. М. Танка, 10, дзе Быкаў жыў з 1978 па 2003 год, устаноўлена мемарыяльная дошка (скульптар Ігар Засімовіч)[26].

У кастрычніку 2020 года ва ўкраінскай вёсцы Вялікая Севярынка з’явілася мемарыяльная дошка Васілю Быкаву[27].

15 чэрвеня 2021 года ва Ушачах паставілі помнік Васілю Быкаву[28], побач — помнік Рыгору Барадуліну. Аўтар помнікаў — беларускі скульптар Ігар Засімовіч. Помнікі зроблены на народныя грошы, ахвяраваныя сотнямі людзей, — паведаміў Глеб Лабадзенка, які займаўся вырашэннем арганізацыйных пытанняў, звязаных з устаноўкай помнікаў[29].

Музей-сядзіба Васіля Быкава[правіць | правіць зыходнік]

Музей-сядзіба Васіля Быкава

Адкрыты ў 2004 годзе ў адноўленай хаце, дзе пісьменнік жыў да 1940 года. Знаходзіцца ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Дзейнічае як філіял Ушацкага музея народнай славы.

Музей-дача Васіля Быкава[правіць | правіць зыходнік]

Музей-дача Васіля Быкава

Адкрыты ў чэрвені 2014 года на базе дачы пісьменніка, размешчанай у пасёлку Ждановічы-6 Мінскага раёна. Дзейнічае як філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Музейная экспазіцыя ў Гродне[правіць | правіць зыходнік]

У Гродне на Савецкай, 31, у офісе ветэранскай арганізацыі, з 2003 па 2018 гады размяшчаўся музейны пакой, прысвечаны Васілю Быкаву. У экспазіцыі была вялікая калекцыя кніг Быкава, асабістыя рэчы, рэдкія здымкі пісьменніка. У 2019 годзе калекцыя музейнага пакою пераехала у Дом-музей Максіма Баглановіча.[30]

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Быков Василь Владимирович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 27 верасня 2015.
  2. Wassili Wladimirowitsch Bykow // Brockhaus Enzyklopädie / Hrsg.: Bibliographisches Institut & F. A. Brockhaus, Wissen Media Verlag
  3. а б Русская литература XX века. Прозаики, поэты, драматурги / под ред. Н. Н. Скатов — 2005. — ISBN 5-94848-245-6
  4. выгрузка даных FreebaseGoogle.
  5. ПроДетЛит — 2019.
  6. LIBRIS — 2012. Праверана 24 жніўня 2018.
  7. Василь Владимирович Быков на сайце Вялікай Савецкай Энцыклапедыі. (руск.)
  8. У некаторых крыніцах памылкова пазначана в. Чарапоўшчына Віцебскай вобласці.
  9. Вадзім Урублеўскі. Кубліцкі праваслаўны прыход Лепельскага павета Віцебскай губерні ў метрычных кнігах сярэдзіны ХІХ ст. (да гісторыі малой радзімы і генеалогіі роду Васіля Быкава) // Герольд Litherland. № 22. — С. 63-69
  10. Васіль Быкаў. Доўгая дарога дамоў. — Мінск, 2004. — С. 12.
  11. Васіль Быкаў. Доўгая дарога дамоў. — Мінск, 2004. — С. 11-13
  12. а б Пётр Тузков.. «Василь Быков - писатель с мировым именем, мог стать великим скульптором» (руск.)(недаступная спасылка) (23 кастрычніка 2008). Архівавана з першакрыніцы 27 жніўня 2011. Праверана 11 жніўня 2011.
  13. а б Василь Быков. Долгая дорога домой. Отрывки из книги. С белорусского. Перевод и вступительная заметка Натальи Игруновой // Дружба народов  (руск.). — 2003. — № 8. (руск.)
  14. а б Да 99-годдзя Васіля Быкава: мапа гродзенскіх мясцінаў пісьменніка . Hrodna.life - навіны Гродна (28 лютага 2024). Праверана 28 лютага 2024.
  15. Дуб Быкава. Якія нестандартныя месцы паказваюць гродзенскія экскурсаводы? . Hrodna.life - навіны Гродна (28 лютага 2024). Праверана 28 лютага 2024.
  16. Поўны збор твораў у 14 тамах. Том 10. Кніга 1. — Мн., 2005. — С. 86.
  17. https://gazetaby.com/cont/art.php?&sn_nid=93192
  18. http://krytyka.by/by/page/ideas/hramadstva-idei/12019 Архівавана 2 ліпеня 2017.
  19. http://belisrael.info/?p=11330
  20. http://90s.by/years/1998/bykau.html Архівавана 2 ліпеня 2017.
  21. Газета «Витебский проспект», № 25(314) от 19.06.08(недаступная спасылка) (руск.)
  22. Государство ушло с похорон Быкова (27.06.2003) (руск.)
  23. "Гэта здаецца неверагодным". У Гродне знайшлі франтавыя малюнкі Васіля Быкава . Hrodna.life - навіны Гродна (28 лютага 2024). Праверана 28 лютага 2024.
  24. Мемарыяльная дошка Васілю Быкаву ў Віцебску (фота)
  25. Лес імя Васіля Быкава і памятны знак у гонар пісьменніка з’явіліся ў Індурскім лясніцтве – Твой стыль  (25 красавіка 2016). Праверана 28 лютага 2024.
  26. Памятная дошка на доме ў Мінску, дзе жыў Васіль Быкаў (фота)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 12 верасня 2020. Праверана 9 верасня 2020.
  27. Ва ўкраінскай вёсцы адкрылі мемарыяльную дошку Васілю Быкаву
  28. Помнік Васілю Быкаву ва Ушачах
  29. У Вушачы паставілі помнікі Васілю Быкаву і Рыгору Барадуліну // svaboda.org 15 чэрвэня 2021
  30. Кулевіч, Руслан. Музей Быкава закрыўся: экспазіцыя пераязджае ў музей Багдановіча . Hrodna.life - навіны Гродна (4 лютага 2019). Праверана 28 лютага 2024.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • С. А. Андраюк. Быкаў Васіль Уладзіміравіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — С. 371. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
  • Афанасьеў, І. Будзем садзіць сад: літаратурна-крытычныя артыкулы. — Мн., 1994. — 92 с.
  • Бугаеў, Д. Я. Праўда і мужнасць таленту: Выбранае: Кніга пра Васіля Быкава. Артыкулы. Дыялог. — Мн., 1995. — 415 с.
  • Быкаў, В. Пункціры жыцця: далітаратурная біяграфія // Дзеяслоў. — 2005. — № 2—5.
  • Васіль Быкаў // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік. — Мн., 1994. — С. 77—78.
  • Залоска, Ю. І. Дыялогі з Васілем Быкавым: Інтэрв’ю, эсэ. — Мн., 1995. — 95 с.
  • Корань (Сінькова) Л. Д. Цукровы пеўнік: літ.-крыт. арт. — Мн.: Маст. літ., 1996. — С. 114—142; 180—190.
  • Локун, В. І. Васіль Быкаў у кантэксце сусветнай літаратуры. — Мн., 2005. — 227 с.
  • Лявонава, Е. «Не адзінокі востраў…» // Полымя. — 2005. — № 8. — С. 166—182.
  • Наш Быкаў: Кніга ўспамінаў / уклад. Г. Бураўкін. — Мн., 2004. — 496 с.
  • Скурко, А. Як Быкаў стаў Быкавым // Наша гісторыя. — 2018. — № 4. — С. 4—12. — ISSN 2617-2305.
  • Шапран, С. Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах. У 2 ч. Частка II. — Мінск-Гародня, 2009. — 774 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

У Вікіцытатніку ёсць старонка па тэме Васіля Быкава