Эрык XII

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Эрык XII Магнусан
шведск.: Erik Magnusson
кароль Швецыі
(сумесна з Магнусам Эрыксанам)
17 кастрычніка 1356 — 21 чэрвеня 1359
Папярэднік Магнус Эрыксан
Пераемнік Магнус Эрыксан

Нараджэнне 1339(1339)
Смерць 21 чэрвеня 1359(1359-06-21)
Род Фолькунгі
Бацька Магнус Эрыксан
Маці Бланка Намюрская
Жонка Беатрыса Баварская
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Эрык XII Магнусан (шведск.: Erik Magnusson; 1339 — 21 чэрвеня 1359) — кароль Швецыі ў 1356—1359 гадах, спачатку як прэтэндэнт, а затым як суправіцель свайго бацькі Магнуса Эрыксана.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў 1339 годзе, быў старэйшым дзіцем караля Швецыі і Нарвегіі Магнуса Эрыксана і яго жонкі Бланкі Намюрскай. Каралю Магнусу даводзілася ісці на саступкі знаці і духавенству сваіх каралеўстваў, таму ў 1343 годзе ён вымушаны быў абвясціць свайго малодшага сына, Хокана, каралём Нарвегіі, а старэйшы сын, Эрык, быў названы спадчыннікам прастола Швецыі.

Да 1355 года абвастрыліся супярэчнасці караля Магнуса з духавенствам і Папам Рымскім, які пагражаў Магнусу адлучэннем ад царквы за прысваенне часткі дзесяціны. У той жа час, у краіне згуртавалася групоўка апазіцыйных феадалаў на чале з Нільсам Турэсонам, які раней займаў пасаду дротса Швецыі. Адначасова, малодшы брат прынца Эрыка, 15-гадовы Хокан, атрымаў рэальную ўладу ў Нарвегіі.

Схема падзелу Швецыі паміж Магнусам і Эрыкам у 1357 годзе

Усе гэтыя падзеі падштурхнулі Эрыка на паўстанне супраць свайго бацькі, яно пачалося ў 1355 годзе (ці ў кастрычніку 1356 года). Эрыка падтрымлівалі феадалы Фінляндыі і паўднёвай Швецыі (вобласць Сконэ). У красавіку 1357 года паміж Магнусам і Эрыкам было заключана пагадненне ў Ёнчэпінгу, паводле якога яны абодва прызнаваліся каралямі і Швецыя дзялілася на дзве часткі, пад уладай Эрыка аказалася Сконэ, амаль уся ўсходняя частка Швецыі і Фінляндыя. У студзені 1359 года, з прычыны пагрозы з боку дацкага караля Вальдэмара Атэрдага, які хацеў захапіць Сконэ і Готланд, пагадненне было перагледжана. Цяпер Магнус і Эрык былі абвешчаны каралямі-суправіцелямі адзінай Швецыі.

21 чэрвеня 1359 года Эрык Магнусан памёр. Выказваліся здагадкі пра яго атручванне, бо ён сам перад смерцю вінаваціў сваю маці Бланку Намюрскую ў гэтым. Таксама існуе версія, што ён памёр ад чорнай смерці.

Сям'я[правіць | правіць зыходнік]

Эрык Магнусан быў з 1356 года ў шлюбе з Беатрысай Баварскай (1344—1359), дачкой імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Людовіка Вітэльсбаха. Яна памерла праз некалькі месяцаў пасля Эрыка, у снежні 1359 года, перад гэтым нарадзіўшы мёртванароджанага сына.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Svensk uppslagsbok, Malmö 1931.
  • Sveriges medeltida personnamn, Upppslagsordet «Erik» s. 8
  • Eldbjørg Haug: Margrete. Den siste Dronningen i Sverreætten. Oslo 2000. (Margrete. Die letzte Königin des Sverre-Geschlechts)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]