Яхімоўшчына (музей)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Яхімоўшчына
Месцазнаходжанне

Яхімоўшчына — філіял Літаратурнага музея Янкі Купалы ў в. Яхімоўшчына.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1959 годзе на будынку былой канторы бровара (зараз цэнтральная сядзіба калгаса «Яхімоўшчына») была ўсталявана мемарыяльная дошка. У 1982 годзе ў гонар стагоддзя з дня нараджэння Я. Купалы адбылася мемарыялізацыя і дома, дзе жыў паэт.[1] Пазней жыхары гэтага дома былі пераселены калгасам у новае жыллё, каб у мемарыяльным будынку можна было правесці рэстаўрацыйныя работы.

Філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Яхімоўшчыне ўтвораны 24 студзеня 1997 года па ініцыятыве тагачаснага дырэктара музея Жанны Дапкюнас і пры спрыянні старшыні праўлення калгаса «Яхімоўшчына» Генадзя Божкі. Рэстаўрацыя хаты, у якой жыў Я.Купала, адбылася ў 1998 годзе.[2] Пасля падрыхтоўкі экспазіцыі філіял упершыню адкрылася для наведвальнікаў 30 мая 2001 года.

Плошча экспазіцыі музея складае больш за 100 м². Аўтар літаратурна-мастацкай канцэпцыі і стваральнік экспазіцыі — мастак Г. Чысты[3]. Галоўная ідэя экспазіцыі — паказаць нараджэнне нацыянальнага літаратурнага генія, аднавіць час, калі пачынаўся і распаўсюджваўся беларускі легальны друк, вызначыць яго ўплыў на тагачаснае беларускае грамадства, адлюстраваць значнасць першага паэтычнага зборніка Янкі Купалы «Жалейка».[4]

У двух пакоях філіяла музея размяшчаюцца экспазіцыйныя залы, а трэці пакой-кабінет, дзе жыў Я.Купала, — мемарыяльны. Тут усё захавалася ў тым выглядзе, як было ў пачатку 20 стагоддзя: пісьмовы стол, побач венскае крэсла, этажэрка з кнігамі, камод, дзе зберагаўся ўвесць скарб маладога чалавека. На стале — пісьмовыя прылады высакароднай працы, падсвечнік, гадзіннік павольна адмярае час…[4]

У экспазіцыі выкарыстаныя мастацкія творы Э. Агуновіча, М. Гусева, Я. Раманоўскага, К. Харашэвіча і В. Ціхановіча, у якіх адлюстравана праца паэта на бровары.[2] Традыцыйна штогод на тэрыторыі Яхімоўшчыны ў дзень нараджэння паэта (7 ліпеня) праводзіцца Купальскае свята.[1]

Зноскі

  1. а б Філіял Літаратурнага музея Янкі Купалы «Яхімоўшчына» на сайце iatp.by Архівавана 7 мая 2008.
  2. а б Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9. — Мн., БелЭн, 1999. — С. 33.
  3. Філіял Літаратурнага музея Янкі Купалы «Яхімоўшчына» на сайце gants-region.info. Праверана 10 кастрычніка 2011.
  4. а б Яхімоўшчына на сайце iatp.by. Праверана 10 кастрычніка 2011.(недаступная спасылка)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]