Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі (2014)
23 сакавіка 2014 года | |||
---|---|---|---|
Яўка: | 77,4 %[1] | ||
Вынікі выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў: |
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі 27-га склікання адбыліся 23 сакавіка 2014 года. На месцы ў 1328 Саветах дэпутатаў будзе абрана 18 816 прадстаўнікоў. Акрамя мясцовых выбараў, у Гомельска-Навабеліцкай выбарчай акрузе № 36 адбыліся выбары дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, бо перад парламенцкімі выбарамі 2012 года кандыдат ад улады быў зняты з выбараў, а адзіны кандыдат, які застаўся, не здолеў атрымаць неабходную колькасць галасоў[2].
Агульная інфармацыя
[правіць | правіць зыходнік]Загад пра правядзенне выбараў Аляксандр Лукашэшка падпісаў 16 снежня 2013 года[3]. 17 снежня Цэнтральная выбарчая камісія зацвердзіла каштарыс расходаў у памеры 100 мільярдаў рублёў, з якіх 60 % планавалася накіраваць на выплаты ўдзельнікам выбарчых камісій; расходы на выбары дэпутата ў Гомелі зацверджаны ў памеры 1,25 мільярдаў рублёў[4].
З 18 816 дэпутатаў 1328 мясцовых Саветаў дэпутатаў большасць прыпадала на сельскія саветы:
- Сельскія саветы — 1160 саветаў і 13 638 месцаў;
- Пасялковыя саветы — 19 саветаў і 237 месцаў;
- Саветы гарадоў раённага падпарадкавання — 14 саветаў і 248 месцаў;
- Саветы гарадоў абласнога падпарадкавання — 10 саветаў і 368 месцаў;
- Раённыя саветы — 118 саветаў і 3913 месцаў;
- Абласныя саветы і Мінскі гарадскі савет — 7 саветаў і 412 месцаў[5].
За тыдзень да зацверджання загада пра правядзенне выбараў, 8 снежня 2013 года, увайшлі ў сілу папраўкі ў выбарчае заканадаўства, і новыя выбары прайшлі ўжо у адпаведнасці з новымі правіламі. У прыватнасці, была забаронена агітацыя за байкот выбараў, а кандыдаты павінны былі друкаваць агітацыйныя матэрыялы за ўласныя сродкі, якія, аднак, абмяжоўваліся 1,3 ці 3,9 мільёнамі рублёў у залежнасці ад узроўня савета[2].
Вылучэнне кандыдатаў. Выбарчая кампанія
[правіць | правіць зыходнік]Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты пачалося 12 студзеня 2014 года і доўжылася да 10 лютага. Рэгістрацыя кандыдатаў праводзілася з 11 да 20 лютага; пасля яе заканчэння пачалася агітацыйная кампанія, якая доўжылася да 22 сакавіка. Датэрміновае галасаванне праводзілася з 18 да 22 сакавіка[6].
На 18 816 месцаў было пададзена 23 799 заяў, з якіх было ўхвалена 22 784. Такім чынам, у сярэднім па Беларусі на адно дэпутацкае месца прыпадае 1,2 кандыдата. Найменшая канкурэнцыя — на месцы ў сельсаветах і пасялковых саветах (1,1 кандыдата на месца), крыху вышэй — у саветы гарадоў раённага падпарадкавання (1,2) і раённыя саветы (1,3). У астатніх саветах канкурэнцыя значна вышэйшая: у саветы гарадоў абласнога падпарадкавання — 2,1, у абласныя саветы — 2,3. Найбольшая канкурэнцыя назіралася ў Мінску, дзе на 57 месцаў пададзена 345 заяў і зарэгістравана 270 кандыдатаў — 4,7 кандыдата на месца[7].
63,8 % кандыдатаў у дэпутаты было вылучана грамадзянамі з дапамогай збору подпісаў, 32,7 % — працоўнымі калектывамі, 3,4 % — палітычнымі партыямі. З партый больш за ўсіх вылучылі Камуністычная партыя Беларусі (277), Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі (159), Беларуская партыя аб’яднаных левых «Справядлівы свет» (119), Аб’яднаная грамадзянская партыя (111), Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (51), Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) (50) і Партыя БНФ (35)[7].
47,3 % кандыдатаў з’яўляліся дзеючымі дэпутатамі мясцовых саветаў, колькасць жанчын сярод кандыдатаў — 46,3 %, грамадзян маладзей за 30 год — 5,2 %. Найбольшая колькасць кандыдатаў працуе ў сацыяльнай сферы (адукацыя, культуры, навука, ахова здароўя) — 28,2 % і сельскай гаспадарцы — 22,7 %. У органах дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных установах працуе 11,8 % кандыдатаў, у прамысловасці, транспарце і будаўніцтве — 9,7 %. Сярод кандыдатаў у Мінскі гарадскі савет, аднак, 24,1 % прадстаўляе сацыяльную сферу, 20,7 % — прамысловасць, транспарт і будаўніцтва, 16,3 % — прадпрымальнікаў[7].
У Гомельска-Навабеліцкай выбарчай акрузе № 36 на адзінае месца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прэтэндуе 7 кандыдатаў[8].
Зноскі
- ↑ Сведения о количестве избирателей, принявших участие в выборах депутатов местных Советов депутатов двадцать восьмого созыва
- ↑ Лукашенко подписал указ о проведении местных выборов — 23 марта 2014 года
- ↑ Центризбирком утвердил смету расходов в 100 млрд рублей на подготовку и проведение местных выборов
- ↑ Сведения о количестве местных Советов депутатов и о количестве образуемых избирательных округов Архівавана 8 сакавіка 2014.
- ↑ 12 января начнется выдвижение кандидатов в местные советы
- ↑ а б в Сведения о выдвижении кандидатов в депутаты местных Советов депутатов Архівавана 8 сакавіка 2014.
- ↑ В Гомеле 7 человек идут в Палату представителей, среди них — оппозиционеры, Еврорадио (12 лютага 2014)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Выбары 23 сакавіка 2014 года на сайце Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Архівавана 8 сакавіка 2014. (руск.)
У іншым моўным раздзеле ёсць паўнейшы артыкул Мясцовыя выбары ў Беларусі 2014 году(бел. (тар.)) |