Енісейскія кіргізы
Енісейскія кіргізы † | |
Агульная колькасць | |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Сібір |
Мова | енісейская кіргізская |
Рэлігія | шаманізм |
Блізкія этнічныя групы | кіргізы, хакасы |
Енісе́йскія кіргі́зы † — старажытны цюркскі народ у Паўднёвай Сібіры, продкі сучасных хакасаў і кіргізаў, стваральнікі дзяржавы Кіргізскі каганат.
Енісейскія кіргізы як этнас сфарміраваліся і развіваліся пераважна на тэрыторыі Мінусінскай катлавіны. У пачатку XVIII ст. большасць з іх была пераселена джунгарамі на раку Ілі, а землі ўключаны ў склад Расійскай імперыі.
Сярэднявечнае мастацтва енісейскіх кіргізаў адметна сувяззю з папярэднімі старажытнымі культурамі Паўднёвай Сібіры, кітайскім і іранскім уплывам.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Перыяд фарміравання енісейскіх кіргізаў атаясняюць з Таштыкскай археалагічнай культурай (канец III ст. да н. э. — V ст. н. э.), цэнтрам якой з’яўлялася Мінусінская катлавіна[1]. У канцы III ст. да н. э. яе насельніцтва было заваявана азіяцкімі гунамі. Прадстаўнікі Таштыкскай культуры з’яўляліся нашчадкамі носьбітаў папярэдняй Тагарскай культуры, а таксама качэўнікаў з больш паўднёвых стэпавых раёнаў. Пахавальныя маскі таштыкцаў сведчаць, што сярод іх былі еўрапеоіды і мангалоіды.
Таштыкцы апрацоўвалі жалеза і бронзу, займаліся пераважна жывёлагадоўляй, прычым важную ролю мела трыманне канёў. Аднак захоўваліся і земляробчыя традыцыі. На поўдні сучаснай Кемераўскай вобласці знойдзена сталае таштыкскае паселішча, жыхары якога развівалі комплексную, адначасова жывёлагадоўчую і земляробчую гаспадарку. На левым беразе ракі Абакан захаваліся рэшткі будынка плошчай 1500 м². Мяркуецца, што гэта быў палац гунскага намесніка[2].
У гісторыкаў і археолагаў няма адзінай думкі, або старажытныя кіргізы сфарміраваліся на базе Таштыкскай культуры ў выніку асіміляцыі тубыльцаў качэўнікамі, або былі адным з качавых плямён, пераселеных у Мінусінскую катлавіну гунамі. Аднак сцвярджаецца пераемнасць паміж Таштыкскай і енісейскакіргзскай культурамі, познюю Таштыкскую культуру называюць протакіргізскай. Нарэшце, частка даследчыкаў бачыць істотнае адрозненне паміж Таштыкскай і енісейскакіргізскай культурамі ў павелічэнні цюркскага элемента ў апошняй[3]. Такім чынам, фарміраванне енісейскіх кіргізаў можа быць звязана не з ранняй экспансіяй гунаў, а з больш позняй экспансіяй Цюркскага каганата. Пачатак уласна енісейскакіргызскай культуры звычайна адносяць да VI — VIII стст.[4]. Гэта культура адрознівалася формай пахаванняў, керамічнымі вырабамі, замагільнай абраднасцю.
Назва кіргізаў паходзіць з цюркскіх моў, і, як мяркуецца, утворана ад кораня кырк («сорак») або кырг («светлы», «паўднёвы») і канчатка -ыз, які можа значыць прыналежнасць да цюркаў-агузаў[5].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У сярэдзіне VI ст. землі Мінусінскай катлавіны трапілі ў склад Цюркскага каганата, дзе склалі асобнае намесніцтва, якое мела права знешніх зносін. У канцы VII ст. правадыр енісейскіх кіргізаў Барсбек здолеў выйсці з падпарадкавання цюркскага кагана і пачаў фарміраваць супраць яго кааліцыю. У 711 г. Барсбек загінуў у бітве з цюркамі[6]. Пасля таго, як Цюркскі каганат быў зруйнаваны ўйгурамі, енісейскія кіргізы доўгі час вялі барацьбу з апошнімі. У 841 г. яны дамагліся перамогі. Кіргізскі каганат ператварыўся ў адну з найбольш магутных дзяржаў Азіі.
У пачатку X ст. землі енісейскіх кіргізаў сталі ахвярай экспансіі кіданяў[7], аднак кіргізы здолелі захаваць пэўную незалежнасць, паколькі абменьвалася пасольствамі з імперыямі Ляа і Сун. У 1208 г. яны дабраахвотна падпарадкаваліся Чынгісхану[8]. Плана Карпіні паведамляў, што Чынгісхан прайшоў на Усход праз зямлю кіргізаў, але не заваёўваў іх[9]. Частка енісейскіх кіргізаў перасялілася ў Цянь-Шань, дзе з цягам часу сфарміравала этнас кіргізаў.
Да XVII ст. енісейскія кіргізы фармальна знаходзіліся ў падпарадкаванні мангольскага алтынхана, хаця імі кіравалі мясцовыя феадалы. У Мінусінскай катлавіне склалася некалькі дзяржаў — Тубінскае, Езерскае, Алтырскае і Алтысарскае княствы[10]. Насельніцтва гэтых дзяржаў было стракатым, акрамя енісейскіх кіргізаў уключала іншыя групы цюркаў, самадыйцаў і енісейцаў. Аднак насельніцтва Мінусінскай катлавіны было рэдкім[11] з-за частых ваенных канфліктаў. Асноўнымі заняткамі тубыльцаў з’яўляліся паляванне, жывёлагадоўля і земляробства. З XVII ст. значную небяспеку для іх далейшага існавання ўяўлялі з аднаго боку Джунгарскае ханства, з іншага — рускія. Вайна паміж манголамі і джунгарамі спрыяла памяншэнню ўплыву алтынхана. Яго спроба атрымаць дапамогу ад Расіі шляхам перадачы зямель енісейскіх кіргізаў выклікала незадаволенасць сярод князёў і часовы пераход некаторых з іх пад уплыў джунгараў. У 1652 г. манголы арганізавалі ваенную кампанію супраць кіргізаў, якая саслабіла іх становішча, але не прывяла да поўнага заваявання з-за смерці алтынхана.
Спробы рускіх казакаў накласці на падданых енісейскіх кіргізаў ясак прывялі да супраціўлення і паходаў на рускія валоданні ў 1678 г., 1683 г. і 1691—1692 гг. У 1692 г. казакі з Краснярска захапілі Тубінскае княства і знішчылі значную частку мясцовых кіргізаў[12]. У 1703 г. вялікая колькасць цюркскага насельніцтва Мінусінскай катлавіны была сагнана джунгарамі ўглыб іх дзяржавы да ракі Ілі. Большасць з сагнаных загінула, але пазней некаторыя здолелі вярнуцца або трапілі ў Кітай, дзе на тэрыторыі Хэйлунцзян сфарміравалася самастойная супольнасць кіргізаў[13]. Расійская адміністрацыя выкарыстала гэту акалічнасць для арганізацыі карных экспедыцый і пашырэння практыкі збору ясака[14]. У 1707 г. для кантролю Мінусінскай катлавіны была пабудавана Абаканская крэпасць. У 1727 г. быў заключаны дагавор Расіі з дзяржавай маньчжураў аб размежаванні. Паводле яго былыя землі енісейскіх кіргізаў канчаткова трапілі ў склад Расіі[15].
Нашчадкі ацалелых енісейскіх кіргізаў апынуліся ў адзіным прававым становішчы з астатнімі цюркскімі насельнікамі далучанага края, у дачыненні якога расійская імперская адміністрацыя ўжывала супольную назву «мінусінскія татары». Гэта садзейнічала інтэграцыі енісейскіх кіргізаў з астатнімі цюркскімі родамі. У 1917 г. на другім сходзе карэннага насельніцтва Мінусінскага павета была прынята яго новая назва «хакасы», што паходзіць ад слова Хягас[16], аднаго з найменняў енісейскіх кіргізаў у дакументах імперыі Тан.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Асноўнымі заняткамі енісейскіх кіргізаў здаўны былі качавая і паўкачавая жывёлагадоўля, а таксама паляванне і земляробства[17]. У XVII ст. свойская жывёла (коні, авечкі, каровы, вярблюды) з’яўлялася галоўным прадметам даніны енісейскіх кіргізаў мангольскім і джунгарскім ханам. Асабліва важную ролю адыгрывала конегадоўля. Мінусінская парода коняў была высокай і моцнай[18]. Перакачоўкі здзяйсняліся па даўно выпрацаваным маршруце і на вызначаныя пашы. Звычайна хатні скарб наўючвалі на коняў. У стэпавых раёнах быў вядомы колавы транспарт. Сена для жывёлы не касілі.
Енісейскія кіргізы і іншыя качавыя народы Мінусінскай катлавіны практыкавалі загоннае паляванне, у якім удзельнічала значная колькасць коннікаў. Земляробства вядома са старажытных часоў. У перыяд існавання Кіргізскага каганата для абрашэння палеткаў узводзіліся складаныя ірыгацыйныя збудаванні[19]. У пазнейшы час апрацоўвалі землі ў лесастэпавых раёнах на паўднёвых схілах пагоркаў, дзе абрашэнне не патрабавалася. Асноўнымі культурамі з’яўляліся ячмень і грэчка. Прылады працы для земляробства выраблялі з жалеза.
Распаўсюджаныя рамёствы: апрацоўка жалеза, драўніны і скур, выраб зброі і г. д. Асаблівую групу рамеснікаў складалі ювеліры і мастакі. Высакародныя кіргізы ахвотна карысталіся дарагім металічным посудам, залатымі і срэбнымі гарлачамі, кружкамі, падносамі. Каменячосы стваралі надмагільныя стэлы і каменныя статуі[20]. Дзякуючы развіццю сельскай гаспадаркі і рамяства енісейскіе кіргізы мелі разгаляваныя гандлёвыя сувязі з іншымі народамі, у тым ліку кітайцамі, арабамі, сагдыйцамі. У сярэднявеччы з іх краіны вывозііся зброя, золата, футра, мускус, рог, бярозавая драўніна[21].
Асноўным відам качавога паселішча з’яўляўся аал, які складаўся са скураных юрт. Былі таксама вядомы зімовыя драўляныя пабудовы. Археолагамі знойдзены мураваныя ўмацаванні. Так, у 2010 г. каля Краснаярскага вадасховішча быў выяўлены абарончы комплекс, што ўключаў мур, працяглы глыбокі роў і магутны земляны вал[22]. У сярэднявеччы і ў пазнейшы час мужчынскую і жаночую вопратку ладзілі з футра[23]. Высакародныя насілі высокія лямцавыя белыя каўпакі з загнутымі ўгару палямі. Багата ўжывалі мясную ежу, пілі кабылінае малако ці хлебнае віно.
Ужо ў старажытны перыяд грамадства енісейскіх кіргізаў было стракатым. Вылучаліся пласты арыстакратыі і простых абшчыннікаў. Арыстакратыя канцэнтравала вялікія багацці, адрознівалася пахаваннямі і нават абраднасцю[24]. У перыяд Кіргізскага каганата склаліся дзяржаўныя структуры на чале манарха ажо. У IX ст. была створана дзесятковая сістэма дзялення войска і насельніцтвы. Тры вышэйшыя пасады ў войску займалі камандзіры з тытулам бэй[25].
Пасля распада каганата кожная малая дзяржава мела сваю сістэму кіравання і войска. У XVII ст. у аснове грамадскага падзелу быў род сеок, які аб’ядноўваў сваякоў па мужчынскай лініі. Улада главы рода перадавалася па спадчыне. Землі, падначаленыя сеок, фарміравалі улус. Вылучаліся асабіста кіргізскія ўлусы і ўлусы іх даннікаў кыштым. Апошнія знаходзіліся ў залежнасці, хаця мелі пэўную аўтаномію. Большасць кіргізаў належала да простых абшчыннікаў, абавязаных несці ваенную службу. На чале грамадства стаялі спадчынныя князі. Яны валодалі рабамі, захопленымі падчас войн[26].
Для мастацтва енісейскіх кіргізаў характэрны складаныя формы арнаментавання з перавагай выяў раслін, хаця вядомы выявы людзей, сапраўдных і міфічных звяроў. Малюнкі і надпісы таксама выразалі на скалах. Так званыя «пісаніцы» енісейскіх кіргізаў знаходзяць даёка па-за межамі Мінусінскай катлавіны. У пахаваннях VI — VIII стст. знойдзены бронзавыя рэльефы са сцэнамі палявання[27]. Мастацтва гэтага часу набліжана да таштыкскага і тагарскага перыядаў. Разам з гэтым, заўважны уплыў кітайскай і іранскай традыцый.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Мова енісейскіх кіргізаў належала да ўйгурскай групы цюркскіх моў. У старажытнасці карысталіся рунічнай сістэмай пісьма[28]. У XVII ст. адукацыю атрымоўвалі на мангольскай і айрацкай мовах.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Традыцыйную рэлігію енісіейскіх кіргізаў звычайна адносяць да шаманізма. Згодна кітайскім крыніцам, шаманаў енісейскіх кіргізаў звалі гань або кам. Іранскія крыніцы называюць іх фагінун[29]. Шанавалі шматлікіх багоў і духаў. Рытуалы арганізоўваліся на адкрытай прасторы, хаця ў X ст. арабскі аўтар паведамляў пра дом для набажэнстваў[30]. Пэўны ўплыў аказвалі маніхейства, будызм і іслам.
Зноскі
- ↑ Происхождение кыргызской культуры
- ↑ Таштыкская культура
- ↑ Савинов Д. Народы Южной Сибири в древнетюркскую эпоху. — Ленинград: Из-во ЛГУ, 1984. — С. 24-25
- ↑ Культура енисейских кыргызов
- ↑ Этноним «кыргыз» и этнические корни кыргызов(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 12 верасня 2017. Праверана 17 верасня 2017.
- ↑ Барсбек — каган енисейских кыргызов
- ↑ Рахманалиев, Р. Империя тюрков. Великая цивилизация. Тюркские народы в мировой истории с X в. до н. э. по XX в. н. э. — Рипол-классик, 2009. — С. 168
- ↑ Виктор Бутанаев, Роль и значение Кыргызского Каганата в истории Центральной Азии
- ↑ Джованни Дель Плано Карпини, История Монголов, которых мы называем Татарами
- ↑ Енисейские киргизы в XVII веке
- ↑ Хакасские княжества и их население в XVII в.(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 снежня 2017. Праверана 17 верасня 2017.
- ↑ История Хакасии с древнейших времен до 1917 г.
- ↑ Краткое описание кыргызов, проживающих в уезде Фуюй провинции Хэйлунцзян Архівавана 29 жніўня 2017.
- ↑ А. Абдыкалыков, ПЕРЕСЕЛЕНИЕ ЕНИСЕЙСКИХ КЫРГЫЗОВ В НАЧАЛЕ XVIII в. И ИХ ИСТОРИЧЕСКАЯ СУДЬБА Архівавана 4 жніўня 2017.
- ↑ Пачатков К., Культура и быт хакасов в свете исторических связей с русским народом (XVIII XIX вв.) - С. 7 - 8
- ↑ Хакасы // «Историческая энциклопедия Сибири» (2009)
- ↑ В. Я. Бутанаев, Ю. С. Худяков, История енисейских кыргызов.
- ↑ Минусинская порода лошадей Архівавана 23 верасня 2017.
- ↑ Капалбаев О. Э., Хозяйство енисейских кыргызов Танского времени (VII—X вв. н. э.) Архівавана 15 снежня 2017.
- ↑ Енисейские кыргызы
- ↑ С. В. Киселёв, Древняя история Южной Сибири
- ↑ «КАМЕННЫЙ ГОРОДОК» МЕРГЕН-ТАЙШИ НА ЕНИСЕЕ (ПРЕДВАРИТЕЛЬНАЯ ПУБЛИКАЦИЯ)
- ↑ Гл: В. Я. Бутанаев, Ю. С. Худяков, История енисейских кыргызов, а таксама Кыргызы енисейские // «Историческая энциклопедия Сибири» (2009)
- ↑ П. П. Азбелев, Общество и государство енисейских кыргызов в VII—VIII вв.
- ↑ ГОСУДАРСТВО ЕНИСЕЙСКИХ КЫРГЫЗОВ
- ↑ Сибирь, история. Кыргызы енисейские // «История Сибири с древнейших времен…» (1968)
- ↑ С. В. Киселёв, Древняя история Южной Сибири
- ↑ В. Я. Бутанаев, Ю. С. Худяков, История енисейских кыргызов
- ↑ История Тувы. Т. I.
- ↑ С. В. Киселёв, Древняя история Южной Сибири
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Абдыкалыков, А. Енисейские Киргизы в XVII веке (исторический очерк). — Фрунзе: Илим, 1968
- Бутанаев, В. История енисейских кыргызов. / В. Бутанаев, Ю. Худяков. — Абакан: Из-во Хакасского государственного университета им. Н. Ф. Катанова, 2000. — ISBN 5-7810-0119-0